На VODBLISK цяпер можна бясплатна глядзець дакументальныя фільмы з розных краін

Анлайн-кінатэатр VODBLISK пашырае геаграфію фільмаў: цяпер на платформе можна паглядзець не толькі беларускае кіно, але і дакументальныя фільмы з розных краін. Гэта бясплатна для ўсіх, трэба толькі залагініцца.

Спецпраект DOC:DOC ужо прапануе паглядзець пяць фільмаў тэлевізійнага фармату пра жаночую салідарнасць, грамадскі патэнцыял мастацтва, штучны інтэлект, камп’ютарную рэчаіснасць і праблемы сучаснасці.

Напрыклад, стужка «Disco Elysium: бітва за сцэнай» распавядае пра закуліссе фінансавых скандалаў вакол папулярнай эстонскай камп’ютарнай гульні. А фільм «Я, ты і ШІ» паказвае будучыню, якая ўжо адбылася: людзі звяртаюцца да ШІ-ботаў праз адзіноту, страту ці немагчымасць адшукаць рамантычных партнёраў у рэальным жыцці. У цэнтры ўвагі – тры рэальныя гісторыі стасункаў з віртуальнымі каханымі ці блізкімі.

 

 

Фільмы транслююцца з англійскімі і беларускімі субцітрамі. Абраць гісторыю на вечар можна па спасылцы.

Каманда VODBLISK заклікае беларускіх аматараў кіно падтрымаць існаванне платформы капейчынай, каб была магчымасць развівацца і паказваць новыя фільмы анлайн, цераз межы і адлегласці.