Як адзначыць стагоддзе БНР?
- 22.03.2018
- 9178
25 сакавіка – Дзень Волі. 25 сакавіка 2018 года – стагоддзе з дня абвяшчэння незалежнасці Беларускай Народнай Рэспублікі. У сваіх лепшых традыцыях 34mag прапаноўвае табе варыянты святкавання.
Варыянт 1. Стрыманая павага
Сядзі дома і чытай кнігу Сяргея Шупы «Падарожжа ў БНР»
Сяргей Шупа – журналіст Радыё Свабода. Як далікатна сказаў ён на прэзентацыі кнігі, «гэта не навуковая праца і не мастацкі твор. Хутчэй, нешта сярэдняе – "гісторыя для чайнікаў"».
Паглядзі цыкл відэасюжэтаў «Гісторыя пад знакам Пагоні»
Гэта цыкл праграм тэлеканала «Белсат» пра знакавыя гістарычныя падзеі і асобы беларускай гісторыі. Усё, аб чым табе было сорамна спытаць і лянота шукаць, даведаешся ад пісьменніка Уладзіміра Арлова і доктара гістарычных навук Аляксандра Краўцэвіча.
Купі білет на канцэрт Лявона Вольскага
Гомель, Барысаў, Віцебск, Берасце, Магілёў, Горадня, Бабруйск, вам хутка пашчасціць ужывую ўбачыць і пачуць дрэдастага Лявона! А калі ты жывеш у іншым горадзе, рэкамендуем зладзіць бас-тур – гэта заўсёды бадзёрыць.
Свабоду не стрымаць!
Варыянт 2. Выпіць-закусіць
Зрабі бел-чырвона-белыя шоты
Глеб з бара «Карма» прапісаў: «Першы пласт – звычайны цукровы сіроп. Другі – лікёр Кампары. Трэці – гарэлачка. Шот лёгкі, але горкі, як наша доля». Мы дамовіліся, што 25 сакавіка ў «Карме» можна будзе перакуліць гэты б-ч-б дрынк.
Звары хатнюю крамбамбулю
Моцная, пякучая, хуткая. Ідэальны напой для таго, каб сабрацца з бацькамі за святочным сталом. Рэцэпт знойдзеш тут.
Схадзі ў чабурэчную на Валадарскага
Калі ты не ведаеш, то менавіта ў гэтым будынку ў 1918 годзе і падпісалі Устаўную грамату, якая абвясціла незалежнасць БНР. Хутчэй за ўсё, там будзе не праціснуцца. Але перафразуем прыказку і скажам, што лепш цесната ў чабурэчнай, чым у аўтазаку.
Варыянт 3. Выхад у народ
Зрабі б-ч-б макіяж
Аня Жданава падказвае, як схаваць свайго ўнутранага партызана: «Як схаваць сінякі пад вачыма і пры гэтым выглядаць нетрывіяльна? Чырвоная памада – гэта тое, што прыйдзе вам на дапамогу. У нашай справе галоўнае – дзёрзкасць, смеласць і адрывістасць мазка. Чым менш часу, тым эфектней вынік. Рэкамендую выходзіць так на месцы масавых зборышчаў у вашым горадзе і выклікаць уражанне».
Прайдзіся па месцах, звязаных з БНР
Калі ў цябе Android, пампуй дадатак «BNR 100», апранай навушнікі і ідзі ў цэнтр Менска. Аўдыягід раскажа табе пра знакавыя месцы, звязаныя са станаўленнем беларускай нацыянальнай дзяржаўнасці.
Схадзі «паганяцца» ў конны клуб
І сфоткайся, тыпу ты вершнік(-ца) на «Пагоні».
Затусі ля Вялікага тэатра оперы і балета
Канцэрты, вулічная ежа, кірмаш – усё як на звычайным фестывалі, толькі ў міжсезонне і пры паўсюднай сімволіцы БНР. Праграму глядзі тут. Абяцалі без затрыманняў, але яны ўжо пачаліся. У Берасці і Горадні таксама будзе легальны гарадскі дзвіж.
Праспявай у гей-караоке «Мы выйдзем шчыльнымі радамі»
Рубяжоў свядомасці, як ты разумееш, шмат.
Варыянт 4. Сумнеўны
Набудзь асабісты аўтазак і арганізуй тур з поўнай інсцэніроўкай «хапуна»
Хто праспявае «25 сакавіка – лезе ў аўтазак нага», будзе вызвалены.
Вiзуал: tut.by, symbal.by, bnr100.by