Open сall: «Паўночнае ззянне» збірае праграму беларускага кіно

Беларускія кінатворцы могуць пашукаць шчасця і даслаць свае работы на open call фестывалю «Паўночнае ззянне». Фільмы, што пройдуць сіта адбору, пакажуць анлайн у Беларусі і па ўсім свеце.

Да таго ж на фестывалі можна адчуць смак спаборніцтва: міжнароднае журы абярэ найлепшага з найлепшых.

Якія фільмы падыходзяць для ўдзелу:

1 / Знятыя беларускамі і беларусамі ў 2023–2024 гадах.

2 / Створаныя ў любой краіне.

3 / Кароткі ці поўны метр – любы хронаметраж.

4 / Без абмежаванняў па жанрах: дакументальныя, гульнявыя, гібрыдныя, анімацыйныя, якія заўгодна.

Заяўкі чакаюць да 1 жніўня 2024 года ўключна. Трэба толькі запоўніць адмысловую форму на сайце «Паўночнага ззяння». Па ўсіх пытаннях запрашаюць грукацца на пошту support@northernlightsff.com.

Сёлета «Паўночнае ззянне» пройдзе з 4 па 21 лістапада. Гэта будзе ўжо дзясятая эдыцыя фэсту. Варта нагадаць, што фестываль пачынаўся як пляцоўка для кіно Паўночнай Еўропы, але з цягам часу канцэпцыя пашырылася: гледачы і глядачкі «Паўночнага ззяння» атрымалі магчымасць знаёміцца не толькі з фільмамі з Паўночнай Еўропы і краін Балтыі, а таксама з Беларусі і Украіны.

Падтрымаць фэст любой манетай можна праз Donorbox. А паглядзець фільмы некаторых творцаў-удзельнікаў мінулых гадоў, у тым ліку заснавальніцы і дырэктаркі «Паўночнага ззяння» Волі Чайкоўскай, можна на платформе Vodblisk.