«Паўлінку» пакажуць анлайн
- Рубрыка: УЛОЎ
- 26.03.2020
- 6852
Выдаляй з закладак стрымы Венскай оперы – 27 сакавіка ў 19:00 анлайн пакажуць легендарны спектакль Купалаўскага тэатра «Паўлінка»! Самы папулярны спектакль Беларусі будзе транслявацца ў прамым эфіры на ўвесь свет пры падтрымцы відэасэрвісу VOKA.
«Паўлінку» паставіў Леў Літвінаў у 1944 годзе на базе Томскага драматычнага тэатра ва ўмовах эвакуацыі. Менавіта гэтым спектаклем пачынаецца кожны сезон, а сама пастаноўка застаецца неад’емнай часткай рэпертуару тэатра ўжо амаль 80 гадоў. У 2019-м «Паўлінка» Купалаўскага прызнаная нематэрыяльнай гісторыка-культурнай каштоўнасцю Беларусі.
Прамы эфір 27 сакавіка ў 19:00 будзе даступны ў мабільным дадатку VOKA ці на сайце voka.tv з любой прылады і ў сетцы любога аператара Беларусі ды іншых краін свету нават без аўтарызацыі. Здымка будзе шматкамернай, у высокай якасці і з розных ракурсаў – так што ўбачыш усе дэталі сцэны. Для спектакля будуць даступныя субцітры на рускай мове, так што смела запрашай сваіх небеларускамоўных сяброў пазнаёміцца са скарбам нашай культуры.