Анастасія Рыдлеўская возьме ўдзел у Warsaw Gallery Weekend

Беларуская артыстка Анастасія Рыдлеўская з выставай «Veiling / Unveiling» бярэ ўдзел у Warsaw Gallery Weekend – штогоднім вернісажы, на якім можна пазнаёміцца з сучасным мастацтвам.

Тэмы, якія даследуе ў сваёй творчасці Анастасія, – псіхічная нестабільнасць, небінарная самаідэнтыфікацыя, паганская міфалогія, траўмы і памяць. Усё гэта скрозь прызму ўласнага досведу.

На выставе можна будзе пабачыць аўтарскія маскі, якія ёсць не проста аб’ектам цікавасці, але багатым культурным сімвалам. Маска – шматгранная метафара важных чалавечых патрэбаў. За маскай мы хаваемся і пераўтвараемся, праз маскі мы нешта транслюем і паведамляем, дзякуючы ім абараняемся і захоўваемся. Таксама маскі выконваюць рытуальную функцыю: часта яны азначаюць пераход у іншы стан свядомасці.

Акрамя масак, экспазіцыю «Veiling / Unveiling» складуць фотаздымкі і відэа, скразной тэмай якіх выступае даследаванне ідэнтычнасці мастачкі.

Warsaw Gallery Weekend пройдзе з 19 па 21 верасня ў розных прасторах польскай сталіцы. Поўны спіс удзельнікаў і лакацый можна знайсці на сайце мерапрыемства. Выстава Анастасіі Рыдлеўскай ладзіцца ў Biuro Wystaw (Krakowskie Przedmieście 16/18 lok.4), графік працы – штодзень з 11:00 да 19:00. Экспазіцыя адкрыецца падчас галерэйнага ўік-энду, але будзе доўжыцца да 31 кастрычніка.