Чым чапляе Clubhouse і што з ім будзе заўтра?
- Рубрыка: MEDIASCAPE
- 18.02.2021
- 5112
Усе пішуць пра Clubhouse, з кожным днём у модную сетку прыходзяць новыя селебы, а вэб-ашуканцы ўжо наладзілі бізнэс па продажы інвайтаў «у туды». Што далей? Ці будзем мы ў захапленні ад Clubhouse, напрыклад, да канца гэтага года? Ці не перастануць камунікаваць з простымі смяротнымі багі ўзроўню Ілан Маск? І ці не звядзецца хараство жывых размоў да затраўкі для продажу інфапрадуктаў? Паразважаем пра трэнды і брэнды.
Чаму Clubhouse стрэліў?
Прычына №1: Вядома, пандэмія. Clubhouse здарыўся ў сакавіку 2020-га, калі кампаніі актыўна асвойвалі дыстанцыёнку. Экс-супрацоўнікі Google Пол Дэвідсан і Рохан Сэт, па сутнасці, прыдумалі яшчэ адзін варыянт мэсэнджара для каманднай камунікацыі, а той у выніку вырас у паўнавартасную сацыяльную сетку для людзей, якія знудзіліся па размовах на кухні. Сэнс Clubhouse мінімалістычны, як і яго дызайн: ёсць карыстальнікі, ёсць «пакоі» для іх гутаркі, а магчымасці запісаць гутарку – няма (за гэта бан). Камфортна і як быццам нават інтымна – можна не нацягваць маскі.
Прычына №2: Чалавеку патрэбны чалавек. Адчуванне пачаткоўца ў Clubhouse лепш за ўсё апісвае слова «ўзрушанасць», прычым узрушанасць гэтая не падобная да ажытацыі, яна скрозь пазітыўная: вось я слухаю нейкіх вялікіх разумнікаў, наразаючы гародніну ў салату, размова ліецца тут і цяпер, яна сыдзе вадою ў пясок, як толькі спікеры развітаюцца, і ніколі не паўторыцца кропля ў кроплю, да таго ж яе нельга пераслухаць.
Каб зразумець, дзе тут галоўны цымес, дастаткова параўнаць узровень уласнай уцягнутасці ў прамы эфір, які можна будзе даглядзець або перагледзець у запісе, і ў эфір, які дакладна не захаваюць. Менавіта эфект «тут і цяпер» – тое, што трымае на кручку, і трымае тым мацней, чым даўжэй мы знаходзімся ў ізаляцыях. Мы шчыра пераелі анлайн-кантэнту, які можна адкласці, і завісаем у Clubhouse, які адкласці немагчыма. Ён нечым нагадвае нам рэальнае жыццё з рэальнымі людзьмі. Зрэшты, гэтак жа яго нагадваюць тэлефонныя размовы, але ў тэлефонных размовах даводзіцца размаўляць усім, а хома сапіенс апошнім часам часта аддае перавагу назіральнай пазіцыі.
Прычына № 3: Мы ўсё яшчэ любім рэаліці-шоу. У 2001 годзе рускамоўнае ТБ парвала шоу «За шклом», якое дазваляла ў прамым эфіры тэлевізара ці проста каля акна гасцініцы ў Маскве назіраць за жыццём некалькіх чалавек. За дваццаць гадоў этычныя рамачкі перакраіліся – падобныя шоу здаюцца не зусім ок. Затое мы не адліпаем ад стрымаў. Можна абурыцца, маўляў, гэй, стрым з месца важных падзей – гэта табе не пацешка ўзроўню рэаліці-шоу, аднак, паклаўшы руку на сэрца, фармальных адрозненняў у пазіцыі гледача амаль няма: не важна, рэжысуе трансляцыю само жыццё або хітры прадзюсар, глядач паводзіць сябе аднолькава – назірае, суперажывае, ацэньвае, але пры гэтым застаецца ўбаку. Нават самы эмацыйны камент да стрыму не мяняе яго змест.
Прычына №4: Нам важна прычасціцца. Нягледзячы на тое што і ў Clubhouse мы таксама ніяк не мяняем рэальнасць, гэтая сацыяльная сетка дапамагае з закрыццём важнай патрэбы – адчуваць сябе датычным(-ай) да нечага важнага. Ці да кагосьці важнага. Закрытасць Clubhouse – які і цяпер знаходзіцца ў стадыі тэставання – спрацавала яму ў плюс. Калі ў клуб можна трапіць толькі па запрашэнні, ты мімаволі хочаш туды яшчэ больш, а калі трапляеш, то адчуваеш сябе абраным(-ай). Адчуванне падмацоўваецца наяўнасцю ў сацсетцы зорак рознай велічыні. Калі б мы жылі ў эпізодзе «Чорнага люстэрка» пра сацыяльны рэйтынг праз апку, то наведванне «пакоя» Clubhouse з якім-небудзь лідарам меркаванняў значна б гэты рэйтынг павысіла.
Плюсы-мінусы новага фармату
+ Усе пішуць аб тым, што аўдыя – новы чорны ў медыя. Інтэрнэт паскараецца (не ўсюды, але ўсё ж), жыццё паскараецца таксама – навошта нешта чытаць, калі можна паслухаць? Новыя аўдыяфарматы, па водгуках, заходзяць нават тым, хто ненавідзіць падкасты і аўдыякніжкі, а спосабаў выкарыстання аўдыясацсетак – процьма: можна даваць у іх майстар-класы або замуціць цэлую галіновую канферэнцыю, можна рабіць інтэрв'ю ў прамым эфіры, праводзіць планёркі або сумоўі, можна задаволіць клуб абмеркавання серыялаў або разам прапампоўваць беларускую мову, стэндаперам там падабаецца тэставаць на людзях свае жарты, а паэтам – вершы.
+ Clubhouse – ідэальная цацка для адэптаў мультыфункцыянальнасці. У адрозненне ад іншых сацсетак, ён не патрабуе пастаяннага глядзення ў экран: бла-бла-бла пра айці, маркетынг ці ўрбаніз можна слухаць дзе заўгодна і займацца паралельна чым заўгодна. Нават зачыніўшы акно апкі. Нават заблакаваўшы экран.
+ Галасавымі чатамі можна карыстацца разам з іншымі функцыямі сацыяльных сетак. Напрыклад, у кітайскіх карыстальнікаў TikTok такая магчымасць ужо ёсць. Пра запуск уласных галасавых чатаў паведамляюць і Twitter, і Facebook.
+ Трэнд на дыстанцыёнку захоўваецца, і ў сувязі з гэтым новыя платформы могуць служыць трывалай сацыяльнай мыліцай для людзей, лад жыцця якіх будзе ўсё больш пахадзіць да ладу жыцця японскіх пустэльнікаў хікікаморы.
- Аўдыясацсеткі пажыраюць тону часу. Раптам ты выйдзеш з пакоя, а ў гэты момант там скажуць нешта суперважнае? Акрамя таго, жывыя зносіны наогул штука вельмі рэсурсаёмістая. Цяжка ўявіць сабе спікера, які стане дзяліцца карыснасцямі штодня, ды яшчэ і бясплатна (ага, зараз).
- Як толькі сетка стане «для ўсіх», яе каштоўнасць рэзка ўпадзе. Успомнім, як першыя карыстальнікі Instagram перажывалі выхад праграмы на Android: сярэдні здымак на айфон відавочна выйграе ў якасці ў сярэдняга здымка на нешта іншае, а значыць, сацсетку чакаюць вялікія перамены. Тое ж з Clubhouse: цяпер ты можаш апынуцца ва ўтульным «пакоі» з зоркай, заўтра – хто яго ведае. Удзельная вага інфлюэнсераў у сетцы з яе ростам, вядома ж, будзе падаць. І іх «якасць» таксама.
- Тое, што кантэнт не мадэруецца, з аднаго боку, кайф: можна абмеркаваць хоць палітыку, хоць порнафільмы. Адваротны бок гэтага медаля: цябе могуць захэйціць – і каму ты пра гэта паплачашся? Зразумела, дзяржаўныя машыны непакояцца больш з нагоды адсутнасці цэнзуры: у Кітаі сацсетку ўжо заблакавалі, у Расіі – прыглядаюцца. Што да булінгу, дык непакоіцца пра яго – традыцыйна справа саміх грамадзян.
Куды прывядзе нас Clubhouse?
Як і што заўгодна з Крэмніевай даліны – на жаль, у краму. Відавочна, сетка будзе нейкім чынам манетызавацца. Стваральнікі Clubhouse паведамілі, што пратэсцяць некалькі мадэляў: а-ля Patreon, платная падпіска і продаж квіткоў на івэнты. У манетызацыі няма нічога благога. Іншая справа, што крама ў XXI стагоддзі – гэта не фермерскі шапік ля дома, а гіпермаркет. Так што, яшчэ чаго добрага, Clubhouse з'есць нехта вялікі і важны на літару F. Аўдыягісторыя цалкам можа ўдыхнуць новае жыццё ў Instagram, бо «сторыз» (якія, дарэчы, былі скапіяваныя ў Snapchat – памятаеш такую праграму?) ужо не наўё.
Як бы там ні было, з моманту вынаходкі інтэрнэту чалавецтва ўсё больш аддаляецца ад таго стану, калі карыстальнікі былі ў сеціве вольнымі фланёрамі і маглі здзіўляцца ўласным знаходкам. Новыя праекты накшталт Clubhouse дапамагаюць на нейкі час вярнуць гэта раскошнае адчуванне: вакол цябе няма інфабурбалкі, разумныя машыны не падсоўваюць кантэнт, апіраючыся на «базу», якую яны на цябе сабралі, ты хаатычна рухаешся туды і сюды, насалоджваючыся поўнай свабодай выбару. Парада тут усяго адна: тэрмінова кайфані ад Clubhouse, пакуль капіталізм не зрабіў з яго сваю шасцярэньку, а аўтарытарызм не падкруціў гаечкі.