Беларусы тусаваліся ў Вільні яшчэ да таго, як гэта стала модным, – сцены горада дасюль захоўваюць байкі пра вясёлыя пахаджэнні Купалы, Караткевіча і Міцкевіча. Мы натхніліся досведам папярэднікаў і даследавалі барную індустрыю літоўскай сталіцы, каб прапанаваць табе чатыры пабкроўл-маршруты.
З бацькамі
Veranda – Snekutis – Busi Trecias – Alaus biblioteka – King & Mouse – La Boheme
Пачні сваю вандроўку з бацькамі з аднаго з самых утульных куткоў Вільні – Жвярынаса. Гэтыя землі калісьці належалі Радзівілам, якія палявалі тут на дзікіх жывёлаў (адсюль і назва). Нагуляўшыся сярод драўляных дамоў пачатку мінулага стагоддзя, завітайце ў адзін з іх – гасцёўню-бар Veranda (Kęstučio g., 39). Тут можна сесці на прасторнай тэрасе з келіхам добрага віна і паслухаць жывы джаз альбо проста добра пад’есці з півам (15 гатункаў!). Не скнарнічай і набудзь старым бутэльку віна ў тутэйшай краме.
Бацькоўская кампанія – выдатная нагода ўспомніць смак старога-добрага цэпеліна і сапраўднага вясковага піва ад дзядзькі Шнякуціса («Балбатун»). Гісторыя бровара Snekutis (Šv. Stepono g., 8; Šv. Mikalojaus g., 15; Polocko g., 7A) пачынаецца яшчэ ў 1995 годзе, калі сям’я Валентаса Вашкявічуса пачала варыць піва не толькі для сябе, але і для ўсёй навакольнай вёскі, а неўзабаве адкрыла тры карчмы ў Вільні. Калі пашанцуе, келіх непаўторнага салодка-горкага напою вам наліе сам Валентас.
Дарэчы, добрыя дэгустацыі, не толькі піўныя, арганізуе агенцыя Вільнюс Рэлакс. Калі ў Вільню ты прыехаў з бацькам, абяры іх дэгустацыю сінгл-молт віскі ў King & Mouse (Trakų g., 2) ці рому ў кубінскім гастрапабе Rhum Room (Vilniaus g., 39).
Працягнуць вечар з нацыянальным каларытам можна ў яшчэ адной традыцыйнай карчме – Busi Trecias (Totorių g., 18). Гэта адна са старэйшых пітных устаноў у Вільні – існуе ўжо 20 год! Распавядзі бацькам пра назву, што перакладаецца як «Будзеш трэцім» і адсылае да часоў, калі бутэлька гарэлкі каштавала тры рублі. Тут вараць тры гатункі ўласнага піва і прапануюць розныя піўныя кактэйлі – самы запатрабаваны з вішнёвым сіропам. Можна дамовіцца і трапіць на экскурсію непасрэдна ў бровар.
Калі ж захочацца чагосьці больш адпаведнага сучаснасці, наведайце Alaus biblioteka (Trakų g., 4). Інтэр’ер стылізаваны пад старую бібліятэку і нават меню зроблена ў выглядзе кніг. Калі разгубіцеся з выбарам, можна запытаць парады ў бармэна альбо замовіць дэгустацыю.
Калі сярод іншых напояў твае бацькі аддаюць перавагу віну, адвядзі іх у La Boheme (Šv.Ignoto g., 4/3). За савецкім часам тут быў рэстаран Bočių, дзе любіў прапусціць келіх Уладзімір Караткевіч. У «Багеме» вы знойдзеце 137 відаў найлепшага віна і 40 варыянтаў смачных тапасаў да іх.
З сябрамі/сяброўкамі
Peronas – Bukowski baras – Portobello – Nisha – Prohibicija – Marsas
Калі ў свае наступныя выходныя ў Вільні ты думаеш добра пакуціць з кампаніяй старых сяброў, пачынай маршрут непасрэдна на вакзале. На першай платформе выпіце па піўку ў трэвэл-бары Peronas (Geležinkelio g., 6). У пятніцу ці суботу трапіш яшчэ і на тусоўку з лепшымі мясцовымі дыджэямі.
Працягніце вечар у Bukowski baras (Visų Šventų g., 7) – у трох памяшканнях і на вялікай тэрасе лёгка знойдзецца месца нават для сустрэчы выпускнікоў. Вялікі выбар мясцовага і замежнага крафту, фанк і дыска, хот-догі і кікер – весялуха забяспечана.
Ва ўнутраным дворыку непадалёк ад Вострай Брамы знойдзеце брытанскі паб Portobello (Aušros vartų g., 7) з класічным трыа «піва-fish&chips-футбол».
На дэгустацыю крафтавага завітайце ў Nisha (L. Stuokos-Gucevičiaus g., 9) і Prohibicija (Arklių g., 6). А каб даведацца пра тое, як насамрэч правільна дэгуставаць, звяртайся да Вільнюс Рэлакс, у іх прафесійны дэгустатар ідзе ў камплекце.
Для манеўру «апошні шот (ці два) і дадому» няма лепшага месца за Marsas (Traku g., 15). Бар для сапраўдных сучасных цынікаў (прыхаваных рамантыкаў) – гэта выяўляецца і ў знарочыста хуліганскай эстэтыцы, і ў постаці бармэна, які выглядае так, быццам можа лёгка пакласці спаць трох буяных, але замест гэтага ставіць музло, якое дастае з цябе душу. Да ўсяго працуюць яны літаральна да апошняга ацалелага (да 4 ці 5 раніцы), а раней туды можна проста не трапіць з-за натоўпу.
З каханым/каханай
Paviljonas – In Vino – Alchemikas – Salionas
Вечар з другой палавінкай адкрывайце ў Paviljonas (Pylimo g., 21B) – джаз-бары, які ўжо некалькі год працуе ў былым павільёне савецкай крамы кветак у адным з невялічкіх віленскіх сквераў. Вазьміце па келіху віна, а месца з гісторыяй і незвычайным інтэр’ерам і жывы джаз зададуць патрэбны тон вашаму спатканню.
Вільня – не менш рамантычны горад за Парыж (кажуць, шматлікія шыльды «Тут жыў Міцкевіч» адсылаюць да месцаў спатканняў паэта з яго сяброўкамі), а ў самым яе сэрцы знаходзіцца адна з найбольш утульных вінарняў – In Vino (Aušros Vartų g., 7). Тут не сорамна зрабіць прапанову, паклаўшы заручальны пярсцёнак у келіх чырвонага бургундскага, а калі вы разам ужо шмат гадоў – адзначыць гадавіну бутэлькай выкшталцонага шампанскага.
Дадаць кроплю алхіміі ў вашы адносіны дапамогуць бармэны ў Alchemikas (Islandijos g.,1). Папрасіце змяшаць вам кактэйль ці шот на аснове абсэнту.
Salionas (K. Sirvydo g., 6) – яшчэ адзін невялікі кактэйль-бар з характарам. Ён знаходзіцца ў неабарочным палацы Саюза пісьменнікаў Літвы. Арыстакратычны інтэр’ер, інтымная атмасфера, уважлівыя бармэны і смачныя напоі зробяць вечар асаблівым.
Без кампаніі
Gringo – Pianoman – Cafe de Paris
Калі так сталася, што ў чарговую вандроўку ў Вільні ты адправіўся(-лася) сола, кампанію знойдзеш у двух самых сацыяльных барах горада – Gringo pub (Vilniaus g., 31) і Piano Man bar (Islandijos g., 1). Гаваркія і сяброўскія бармэны, нязменна мультынацыянальная тусоўка і піва ракой. Заўсёды можна далучыцца да каго-небудзь за гульнёй у кікер, праглядам англійскай «Прэм'ер лігі» ці гамонкай пра звычайны для гэтых месцаў брытанскі рок.
У Cafe de Paris (Didžioji g., 1) таксама будзе нескладана знайсці новых сяброў – гэтаму спрыяе сама прастора кафэ-бара, вузкая і выцягнутая ўздоўж барнай стойкі, дзе пад сэты мясцовых дыджэяў танчыць вясёлы натоўп.
За падтрымку ў падрыхтоўцы матэрыялу дзякуем Вільнюс Рэлакс. Чувакі ведаюць, як зладзіць адпачынак у Літве.
ООО «Ирвинга группа»
УНП 191751509
Магчымасць для НДА, грамадскіх ініцыятыў, медыя.
Тэматычныя медыя і першыя лэйблы.
Псіхадэлічная музыка з глыбокай лірыкай.
Паменшыць шкоду, падвысіць карысць.