Ты і так ведаеш: Вільня – гэта не толькі бары і гандлёвыя цэнтры. Калі падумаць, Літва – наогул terra incognita, хоць здавалася б. Кірыл Атаманчык і Дар’я Трус з Vilnius Relax амаль «на каленцы» стварылі турыстычны праект з мэсэджам «мы робім гэта па-іншаму» і дасягнулі поспеху. Мы пагутарылі з кіраўніком праекта Кірылам Атаманчыкам пра стартавы капітал у 500 еўра, маркетынг уражанняў і пра тое, як прадаваць непапсовы адпачынак у Літве.
З чаго ўсё пачалося?
Паклаўшы руку на сэрца скажу: мала хто ў 17 гадоў ведае, чым хоча займацца ў жыцці. Тады мне падабаліся падарожжы, гісторыя і ўсё, што з гэтым звязана. Таму я паступіў у ЕГУ на праграму «Культурная спадчына і турызм».
Як стаць рэзідэнтам Еўрасаюза?
Калі ты не зусім бездар, то няма вялікай праблемы знайсці працу ў Еўрасаюзе. Стаць рэзідэнтам нескладана, калі ты ведаеш, чым хочаш займацца і рэальна жадаеш працаваць.
Як з’явілася ідэя?
Да нас часта прыязджалі сябры і знаёмыя з Менска і пыталіся: «Кірыл, чым заняцца ў Вільні? Ну, так, мы можам схадзіць кудысьці выпіць і зганяць па шмоткі ў “Акропаліс”. А што яшчэ тут рабіць?»
У гэты момант у нас загарэлася лямпачка – з'явілася ідэя паказаць горад з розных бакоў. Мы захацелі зрабіць гэта па-іншаму. Бо Вільня – гэта не толькі вялікі бар або гандлёвы цэнтр. Гэта шырэй і цікавей, чым усе прызвычаіліся думаць.
«Мы не класічны прыклад турфірмы з пуцёўкамі, кавамашынай і пячэнькамі»
Як адкрыць фірму ў Літве?
Гэта нескладана. Зможа любы. Падводныя камяні ў гэтай справе залежаць ад патрэбаў. Адна справа, калі трэба проста зарэгістраваць кампанію. Іншая – калі хочацца атрымаць і кампанію, і від на жыхарства – такі бізнэс у эміграцыі. Гэта дзве розныя стратэгіі. Але ўсё вырашальна і рэальна, нягледзячы на высокі ўзровень бюракратыі ў Літве. У Беларусі ён вышэйшы.
Для каго вы гэта робіце?
Мы – анлайн-агенцтва для людзей, якія не хочуць замарочвацца арганізацыяй уласнага вольнага часу. Будзем шчырыя: мы ніколі не прадавалі пуцёўкі і не пазіцыянавалі сябе як турыстычнае агенцтва. Мы арганізоўваем адпачынак, як быццам для сяброў. Таму нам не цікава працаваць з шырокай аўдыторыяй і з тымі, хто выбірае, як зэканоміць: заплаціць два еўра або адзін.
Але бюджэтныя прапановы ў нас усё ж такі ёсць. Напрыклад, для тых, хто хоча зганяць у Вільню на ўік-энд, у нас ёсць шатл-бас. Мы пускаем яго раз на месяц, і ён каштуе танней звычайнага рэйсавага аўтобуса. Паездка абыдзецца ўсяго ў 15 еўра туды-назад.
Хто ў камандзе?
У нас невялікае агенцтва. Касцяк – чатыры чалавекі. Мы не класічны прыклад турфірмы з пуцёўкамі, кавамашынай і пячэнькамі, куды прывыклі прыходзіць людзі па квіткі. Мы – анлайн-сэрвіс. 90% заявак да нас прыходзіць праз сайт. Нават офіс не патрэбны – 21-е стагоддзе ж! Мы стэлефаноўваемся па Skype, Viber, потым сустракаем кліента – і наперад, у бой!
Як вы раслі?
У нас быў стартавы капітал – 500 еўра. Дзякуй богу, падзенняў не было. Спачатку мы арыентаваліся на рускамоўную публіку. Да крызісу ў Беларусі і Расіі мы змаглі дыверсіфікаваць прапановы: зрабілі англамоўную версію сайта і пераарыентаваліся на Заходнюю Еўропу.
Пасля ўсіх крызісаў беларускіх кліентаў у нас няшмат. У асноўным мы працуем з турыстамі з Заходняй Еўропы, Расіі і Украіны з сярэднім даходам і вышэй за сярэдні.
«Так склалася, што папса дамінуе, але падарожнічаць можна не толькі па раскручаным месцах»
Што прапануеце?
У нас на сайце каля 70 варыянтаў актыўнасцяў. Можна выбраць на любы густ – пра ўсё паклапоцімся мы. Кліенты з Заходняй Еўропы часта просяць нас дапамагчы з арганізацыяй хлапечнікаў і дзявочнікаў. Пішуць у немудрагелістым фармаце: «Нас 10-15 чалавек, мы прыязджаем у Літву на ўік-энд. Як вы можаце арганізаваць наш час? Што можаце нам прапанаваць?»
Насамрэч людзі не хочуць бегаць, абзвоньваць фірмы, шукаць. У Заходняй Еўропе людзі прывыклі да добрага сэрвісу. Ніхто не хоча замарочвацца наконт дробных пытанняў, хочуць адпачынку без натугі.
Як прасоўваеце?
Сацыяльныя сеткі – гэта, хутчэй, іміджавы элемент прасоўвання. У сацсетках мы асабліва не прадаем. Так, у сацсетках у нас стаіць таргетынг на рускамоўную публіку, але гэта не асноўны наш кліент. Паколькі ў асноўным мы працуем з Заходняй Еўропай, то на продаж працуюць SEO-аптымізацыя сайта, рэклама ў Google і, вядома, сарафаннае радыё.
Як адпачываеце самі?
Мы шмат вандруем. За апошнія паўгода я двойчы быў у Нямеччыне, у Паўночнай Італіі на возеры Кома і ў Швейцарыі. Зусім нядаўна вярнуўся з Грэцыі. Каб ведаць, што прапаноўваць кліентам, мы стараемся самі шмат ездзіць па Літве, вывучаць наваколлі, шукаць новыя класныя месцы.
Немэйнстрымавая Літва
Калі турыст ужо пабываў у Вільні, Троках і Паланзе, то гэта не ўсё, вядома. Так склалася, што папса дамінуе, але падарожнічаць можна не толькі па раскручаным месцах.
Нават у радыусе 15 кіламетраў ад Вільні процьма класных месцаў. Напрыклад, нядаўна мы ездзілі з сябрамі ў рэгіянальны парк Нерыс – важнае гістарычнае месца, адно з першых паселішч у Літве. Курганы, жывапісныя старыя гаі – прыгожа!
А ці многія заязджалі ў Мядзінінкай? Там прама на мяжы з Беларуссю можна паглядзець на Медніцкі замак – менш раскручаны, чым Тракайскі. Ці, напрыклад, у Нарвілішкі? У ста метрах ад замка – калючы дрот і ходзяць беларускія памежнікі.
Напрыклад, у маленькім гарадку Анікшчай будзе чым заняцца і аматарам SPA, і аматарам актыўнага адпачынку.
Нарэшце, можна ўзяць у арэнду ровар і паехаць у нацыянальны парк каля Аўкштадварыса паесці чарніц. І ўсё вельмі інстаграбельна!
Пра маркетынг уражанняў
Вільня – адна з нямногіх сталіц у Еўропе, дзе прама ў цэнтры горада можна палётаць на паветраным шары, нікому не замінаючы. Праўда, трэба памятаць, што ўсім патрэбныя розныя ўражанні. Напрыклад, не ўсе любяць лятаць. Шмат у каго жыццё праносіцца фрагментамі перад вачыма, калі яны вісяць у кошыку на вышыні аднаго кіламетра. Гэта не для ўсіх.
Тыя, хто ўсё-такі не хоча вісець у паветры, а хоча чагосьці сухапутнага, могуць выбраць джып-сафары, пакатацца на квадрацыклах па нацыянальных парках. Гэта даступна і не супердорага.
Вільня невядомая
Напэўна, усе фланёрылі па Старым горадзе Вільні. Аднак, напэўна, мала хто фланёрыў пад Старым горадам. Мы прапануем прагулкі па падзямеллях Вільні, пра якія мала хто ведае. Гэта не нейкае сталкерства і лазанне па катакомбах: усё цывілізавана. Разам з гідам мы спускаемся ў падзямелле Кафедральнага сабора, галерэй, сярэднявечных дамоў і глядзім, як гэта выглядала раней. А яшчэ можна адправіцца на начную экскурсію па старажытнаму некропалю – могілкам Расу.
Увогуле наша задача – ператвараць у рэальнасць любыя ідэі. Нават самыя смелыя.
Пагутарылі з маладым навукоўцам Цімам Падвіцкім пра тое, як навука зараз змагаецца са старэннем, і да якіх змен у грамадстве гэта прывядзе.
Вялікае інтэрв'ю з гуртам пра хасл, продакт-плэйсмент і рок-н-рол (+ фота і відэа з менскага канцэрта).
Схапіць мару за хвост, нават калі бачыш яе адным вокам на дзве сотыя.
«Сапраўднае чалавечае будзе шанавацца нашмат больш».
Каб зрабіць упрыгожанне на ялінку ці звязаць шопер.
І не забываем перадаваць веды новым пакаленням.
Росквіт размаітасці і крызісны заняпад.
КАМЕНТАРЫ (1)
У компании за 2016 год оборот от 5 до 10 тыс евро - это бизнес? Сомневаюсь, что это можно так назвать.