Наста Балотнікава

  • 02.09.2016
  • 2517

Пагутарылі з адной з арганізатарак віцебскага фэсту «Барадулінкі» Настай Балотнікавай пра поспехі, траблы і тое, як шукаць партнёраў ды сумяшчаць выступ Марціновіча з фры-маркетам.

 

 Гераіня:  Наста Балотнікава, 23 гады. Дызайнерка. Ілюстратарка. Выпускніца кафедры дызайну Віцебскага дзяржаўнага тэхналагічнага ўніверсітэта..

Арыгінальная дата публікацыі – 02.09.2016. Матэрыял выходзіць з невялікімі праўкамі, якія дазваляюць зразумець, як мянялася гераіня і яе актывізм праз гады.

 

 

«Захар Шлімакоў сваім расповедам пра Jam Market натхніў мяне паспрабаваць зрабіць нешта падобнае ў Віцебску»

Гісторыя Насты

– У 2013-м я ўдзельнічала ў адукацыйным курсе для менеджараў культуры Lumini, які праводзілі vitebsk4.me. Падчас заняткаў да нас прыязджалі розныя клёвыя выкладчыкі. Захар Шлімакоў сваім расповедам пра Jam Market натхніў мяне паспрабаваць зрабіць нешта падобнае ў Віцебску. Так, дзесьці праз паўгода, 24 снежня 2014-га, я з дапамогай сяброў зладзіла Зімовы маркет у бітлз-клубе «Паддашак». Уладальнік Гарык задарма даў нам памяшканне, мы арганізавалі працоўныя месцы для майстроў, фотасушку, была дэгустацыя гарбаты і шмат іншага.

На курсах нам таксама распавядалі, як шукаць партнёраў і спонсараў. Напрыклад, калі вам патрэбны тэлевізар, схадзіце ў LG і прапануйце выкарыстаць іх лога ці іншую рэкламу на мерапрыемстве, а за гэта папрасіце тэлек на некаторы час. 

Я пачала думаць, з кім можна супрацоўнічаць у Віцебску, і ўспомніла, што ў нас ёсць прыўкрасная «Віцьба». Зайшла на сайт, знайшла кантактны нумар, патэліла. Далей напісала ліст і даслала па факсе. Апошняе было самым складаным, я цэлы дзень шукала, дзе б адаслаць, а потым яго доўга не прымалі. А ў выніку праз пару дзён мне патэлілі з камбіната, запыталі, колькі прыкладна чалавек мы чакаем, дзе будзе праходзіць івэнт, і самі прывезлі нам вялікую колькасць розных слодычаў.

 

 

«Па аўтограф стаяла чарга, гэта, я лічу, поспех, бо такое рэдка здараецца ў горадзе»

Па накатанай

– Праз паўгода, улетку, мы вырашылі правесці яшчэ штосьці. Звярнуліся з ідэяй да аддзела ідэалогіі і культуры аблвыканкама, яны адразу далі згоду і самі прапанавалі нам зрабіць свята падчас Дня горада. Мы рабілі два мерапрыемствы – фэст «Барадулінкі» ў цэнтры горада, у арт-прасторы на Талстога, і фэст паветраных змеяў «Свята Ветру» недалёка ад Віцебска. Супрацоўнічалі з Віцебскім цэнтрам сучаснага мастацтва і Гарадскім цэнтрам культуры, якія выдзелілі свае пляцоўкі. На «Барадулінках» зноў быў маркет, а яшчэ выступы Андрэя Хадановіча, TonqiXod і кінапаказ Cinema Perpetum Mobile. А яшчэ мы збіралі грошы на мемарыяльную шыльду Рыгору Барадуліну, які за тры месяцы да гэтага памёр.

Зразумела, адкуль бярэцца назва фэсту, але выбіралі мы яе вельмі доўга, нічога не прыходзіла да галавы. Потым Рома Воранаў прапанаваў гэты варыянт, усім спадабалася.

У 2016-м да нас прыехалі музычныя гурты «Ілюжан» і Martin S., Андрусь Такінданг з «Рэхам», «Цень». Былі прэзентацыі новага рамана Віктара Марціновіча «Возера радасці» і праекту знакамітага гісторыка Мікалая Півавара – «50 музеяў Віцебска». А яшчэ «Мова Нанова», лекцыя Віталя Рыжкова пра сучасную беларускую паэзію і вечаровы кінапаказ.

На Марціновічы не было дзе прысесці (і гэта ў вялікай зале!), людзей прыйшло шмат. Па аўтограф стаяла чарга, гэта, я лічу, поспех, бо такое рэдка здараецца ў Віцебску.

 

 

«Мы збіралі грошы на мемарыяльную шыльду Рыгору Барадуліну, які за тры месяцы да гэтага памёр»

Радасці і траблы

– Акрамя першага мерапрыемства, мы заўсёды супрацоўнічалі з уладамі. 

Нашымі партнёрамі былі «Мова Нанова», «Будзьма Беларусамі» і Саюз беларускіх пісьменнікаў, які дапамог з арганізацыяй літаратурнай часткі. Атрымалася нават невялічкая міжнародная кааперацыя: ішоў польска-беларускі праект Polis(h) Photo Lab, і калі фатографы з Польшчы прыязджалі ў Віцебск, мы арганізоўвалі іх выступы падчас Вясновага маркета.

На «Барадулінках» 2016-га цікавасць жыхароў стала меншай. Напэўна, адбіваўся крызіс, бо не ва ўсіх ёсць магчымасць набыць вырабы ручной працы: гэта зусім не танна. Плюс мы былі ўжо не адныя, хто арганізуе падобныя актыўнасці. А можа, публіка перасыцілася.

Асноўная праблема арганізатараў, на мой погляд, − недахоп часу. Хаця мы і спрабавалі ўсё рабіць загадзя, чамусьці ў апошні момант штосьці ішло не так, і нам катэгарычна не ставала часу.

Навошта было рабіць такі варушняк? Віцебску не хапае «двіжа». І калі ты яго ініцыюеш, то ўзнікае адчуванне, што ты робіш штосьці такое, што, магчыма, спадабаецца не толькі табе. І гэта прыемнае пачуццё. Над «Барадулінкамі» мы працавалі зранку да вечара два дні, але я зусім не стамілася. Гэтыя дні былі вялікім скопішчам усяго такога рознага.