Архіў дня: «Сталоўка», у якой больш няма адраса

Каманда «Сталоўкі XYZ» нарэшце абагульніла вопыт існавання альтэрнатыўнай пляцоўкі ў анлайн-архіве. Па адзінай спасылцы сабраная фота-, відэа- і тэкставая фіксацыя падзей, якія нельга ігнараваць у размове пра Менск культурны.

 

У 2016–2018 шмат якія андэграўндныя падзеі Менска адбываліся па адрасе Фабрыцыуса, 4 – у будынку завода «Калібр», а дакладней у яго экс-сталоўцы. У прасторы «Сталоўка XYZ» праходзілі выставы, квір-фестывалі, фрымаркеты і сацыяльна-адказныя флэшмобы. Але ў адзін вясновы дзень ананімныя «хрысціяне Магілёва» пры падтрымцы чыноўнікаў сарвалі фестываль DOTYK, і праект надоўга сышоў у анабіёз, пасля – закрыўся фізічна. Аднак застаўся ў памяці датычных і на фотакартках.

Над ідэяй стварэння архіва куратарка Ганна Лактыёнава стала думаць яшчэ ў верасні 2018 года, калі з прасторай на Фабрыцыуса давялося развітацца. Ганна прыдумала асноўны каркас – «прастора – супольнасці – камунікацыя». Аўтары(-кі) былі вольныя самі выбіраць зручныя для іх фарматы і ў выніку нанізалі на каркас тэхнічныя апісанні, міні-даследаванні, артыкулы, (фота)эсэ. З дызайнам дапамагаў Сяргей Шабохін, з рэдактурай – Аляксандра Савініч. Прастору для працы над ідэяй прадаставіў Пражскі Грамадзянскі Цэнтр.

34mag пацікавіўся ў стваральнікаў архіва, навошта спрабаваць задакументаваць тое, што заточанае на адчуванні «тут і цяпер»: ці няма рызыкі атрымаць бессэнсоўнае, прывіднае адлюстраванне таго, што адбывалася ў рэале?

 

 

  Павал Няхаеў, аўтар:  

«У Беларусі кепска з памяццю – асабліва з культурнай. Дзясяткі людзей, сотні культпраектаў сыходзяць у нябыт, нібыта іх не было ніколі. Усё гэта жыве насуперак рэчаіснасці, таму мала ў каго стае сіл, каб не толькі зрабіць, але і захаваць. Функцыі аўтасэйва ў жыцці няма. Кожная новая хваля энтузіястаў перастварае ўсё наноў ды растварае рэшткі былых успамінаў. Таму любая спроба захавання слядоў такіх “часовых утопій” неверагодна каштоўная. Заўжды імкнуся ўдзельнічаць у такіх штуках. “Сталоўка” – адно з нямногіх месцаў, якія прыцягвалі смеласцю. Мне пашчасціла пачытаць там лекцыю – вельмі важную для мяне і, спадзяюся, для каго-небудзь яшчэ. Таму я не паленаваўся, запісаў яе для тых, хто не дайшоў у “Сталоўку” ў той ледзяны вечар студзеня 2018-га».

  Святлана Станкевіч, аўтарка:  

«У асабістым вопыце мы любім збіраць фота, раней гэта рабілася ў форме альбомаў, цяпер можна весці своеасаблівы архіў свайго жыцця ў Instagram. Пагадзіцеся, прыемна пагартаць часам сваю старонку і ўспомніць падзеі. За гэтымі малюнкамі – асабістыя перажыванні і асабісты вопыт. Вядзенне архіва падзей і выстаў – гэта рэфлексія над падзеямі, рэфлексія над культурным полем і агульным станам кам'юніці і актуальных для яго тэм, ды і для грамадства ў цэлым».

 

 

  Сяргей Шабохін, дызайнер:  

«“Прывіднае адлюстраванне” – добры лірычны тэрмін, і ён цалкам адлюстроўвае характар дакументацыі. Вядома, любая дакументацыя не здольная паўнавартасна перанесці цябе ў падзею. Сайт створаны ў тым ліку і таму, каб у далейшым развіваць вопыт дакументавання мерапрыемстваў».

  Аляксандра Канончанка, аўтарка:  

«Памяць вельмі ненадзейная. Яна распадаецца з часам, аскепкі змешваюцца і ствараюць нешта новае альбо знікаюць. Калі ты глядзіш на выставу ўжывую, усё суб'ектыўна: падабаецца / не падабаецца, а калі фатаграфуеш – гэта ўжо нешта трэцяе, нейкі новы свет».

 

 

  Пётр Маркелаў, аўтар:  

«Гэты лічбавы праект распавядае гісторыю, якая скончылася для "Сталоўкі XYZ" як фізічнай прасторы, але працягваецца для супольнасцяў, якія мелі да яе адносіны. Мінулае існуе ў сучаснасці і ўплывае на яго ў выглядзе памяці і сведчанняў».

  Kenni, аўтарка:  

«За кожным праектам "Сталоўкі" – праца, час, шмат важных слоў, хвалюючыя моманты, часта – бяссонныя ночы, часам – пагроза зрыву. Гэта частка культурнага жыцця ўсяго горада і частка яго гісторыі тэрмінам у два гады – цэлых або ўсяго».

 

 

  Аляксандра Савініч, рэдактарка:  

«Я б хацела, каб мае дзеці ці дзеці маіх сяброў, унукі ведалі, што наша грамадства складаецца з розных рэальнасцяў і магчымасцяў. "Сталоўка" была адной з альтэрнатыўных магчымасцяў, якую можна захаваць, толькі заархіваваўшы. У нашым жыцці толькі так: няма гісторыі (архіва) – няма рэальнасці».

  Багдан Хмяльніцкі, аўтар:  

«Архівацыя такіх хуткаплынных з’яў дапамагае зафіксаваць канкрэтныя падзеі, трэнды і дзейнасць асоб у хранатопе, спрыяе пераемнасці і ўрэшце творчаму руху надалей. Гэта нагадвае падвядзенне вынікаў за год перад новым годам, дапамагае пабачыць, што ўжо зроблена (нямала), дае неабходную валідацыю».

 

 

 Глядзець архіў 

 

 

 

Што далей?

Ганна Лактыёнава з камандай працуе над адкрыццём новай культурна-адукацыйнай прасторы. «Мой папярэдні вопыт дазволіў мне авалодаць бізнэс-ведамі і навыкамі, але не забіў летуценнасць», – кажа яна.

Архіў «Сталоўкі» плануюць перакласці на англійскую мову і пашырыць. У ідэале яшчэ і прадставіць у фармаце друкаванага каталога. Цяпер праекту патрэбныя далікатныя рукі карэктара і не толькі. Хочаш паўдзельнічаць – пішы Ганне на analoktionova@gmail.com.

 

 

«Сталоўка XYZ» на старонках 34mag:

Фотарэпорт са Stolovka Fest

«Дай Дарогу!» выконвае ў прасторы песню «Выходи»

Рэпорт з творчага вечара ØNULL