Аўкцыён дня: аўтапартрэт Юрыя Стыльскага і гітара Ігара Варашкевіча
- Рубрыка: УЛОЎ
- 04.11.2020
- 6046
Музыкі Ігар Варашкевіч («Крама) і Юрый Стыльскі («Дай Дарогу!») прадаюць з малатка рарытэтную гітару і аўтапартрэт. Мэта – патрымаць культурную супольнасць Беларусі, якая цяпер напоўніцу адчувае ціск рэпрэсіўнага прэсу.
Ігар набыў гэтую майстравую гітару яшчэ ў 80-я гады. Менавіта на гэтым акустычным інструменце былі прыдуманыя мелодыі да трэкаў «Бяжы, бяжы, хлопец», «Камендант» ды «Чыкага найтс». Цяпер яе прапануюць набыць за 1100 рублёў. Сваю стаўку можна зрабіць тут.
Ігар Варашкевіч: «У гэты складаны для Беларусі перыяд, час выпрабаванняў, многім людзям патрэбная падтрымка. Я спадзяюся, што грошы, атрыманыя ад продажу гітары, дапамогуць тым, хто пакутуе за сваю грамадзянскую пазіцыю».
Карціна Юрыя Стыльскага мае памеры 100*65 см, яна напісаная алеем на палатне. На аўтапартрэт зробленыя ўжо тры стаўкі, перабіць іх сваёй можна па спасылцы.
Юрый Стыльскі: «Я напісаў яго два гады таму. Не хацеў сябе ўвекавечваць, а намаляваў, таму што натхненне прыйшло, а натуршчыка побач не было. Я ўклаў у гэтую працу ўсё, што мог. Хачу выказаць сваю павагу і падтрымаць усіх, хто змагаецца за праўду і справядлівасць. Я заклікаю ўсіх дапамагаць адно аднаму. Давайце нарэшце зробім гэта разам!»
Аўкцыён скончыцца праз тыдзень. Усе атрыманыя з яго сродкі пойдуць у Фонд культурнай салідарнасці – «філіял» агульнага фонду #BYSOL. Аб’яднанне #BY_CULTURE дапамагае дзеячам культуры, якія пацярпелі за сваю грамадзянскую пазіцыю.