У Беларусі прэзентавалі першыя агучаныя маршруты для невідушчых людзей

У Менску і Віцебску з'явіліся першыя агучаныя маршруты для невідушчых людзей. У іх аснове ляжыць навігацыйная сістэма са спецыялізаванымі інфарматарамі, якія дапамагаюць зразумець, дзе ты знаходзішся цяпер і як прайсці да патрэбнага табе аб'екта. 

 

Менскі маршрут пачынаецца ад будынка Цэнтральнага праўлення ГА БелТІЗ і ГА «Паралімпійскі камітэт Рэспублікі Беларусь» (вул. Амуратарская). Ён пралягае праз сацыяльна значныя аб'екты: аддзяленні банкаў, пошты, аптэкі, крамы, пункты грамадскага харчавання. Усяго – 15 аб'ектаў. У Віцебску маршрут пралягае ад унітарнага прадпрыемства «Элект» ГА БелТІЗ да ТЦСАН Чыгуначнага раёна.

 

 

Уласна сістэма «Крокі на гукі» складаецца з бясплатнага мабільнага дадатку BuzzPoint і інфарматара. Калі інфарматар злучаецца з дадаткам BuzzPoint на смартфоне, ён выдае гукавы сігнал, і невідушчы чалавек можа ўпэўнена адчуваць сябе ў прасторы. Дадатак падгружае поўнае апісанне аб'екта і навакольнага ландшафту, у якім карыстальнік(-ца) знаходзіцца. Дадатак BuzzPoint можна бясплатна спампаваць у Play Market або App Store.

 

 Як гэта наладзіць: 

  Усталёўваем дадатак BuzzPoint на смартфон.

  Рухаемся. Калі апынемся ў 50 метрах ад інфарматара, BuzzPoint падключыцца да яго праз Bluetooth і пакажа спіс даступных кропак з інфарматарамі.

  Каб даведацца больш пра аб'ект і навакольны ландшафт, заходзім у «Дадатковую інфармацыю». Там жа пазначаныя прыступкі, бардзюры, дзверы і г.д.

  Выбіраем на смартфоне неабходны аб'ект – слухаем гук інфарматара і вызначаем, ці слушнай дарогай ідзём.

 

 

Маршруты створаныя пры падтрымцы брэнда Volkswagen у Беларусі сумесна з установай рэабілітацыі «Цэнтр паспяховага чалавека» і кампаніяй BELHARD. Iх з'яўленне – гэта наступны крок у падтрымцы невідушчых людзей, якую аказвае брэнд Volkswagen. У 2018 годзе мы пісалі пра цікавы праект «Інтуітыўны футбол Беларусі», ключавой падзеяй якога стаў першы ў Еўропе турнір па інтуітыўным футболе Volkswagen Cup. У ім прынялі ўдзел больш за 150 спартсменаў.