У Monkey Food размясцілі карціны Гены Грышаля аб праблемах клімату

З 23 снежня ў веган-кавярні Monkey Food (вул. Кастрычніцкая, 16) выстаўляюцца карціны «мастака, які заўсёды смяецца»: жыхар псіханеўралагічнага дома-інтэрната Гена Грышаль напісаў серыю палотнаў, прысвечаных кліматычным зменам.

 

Мастак звярнуўся да вобразаў выміраючых жывёл. «Пакуль адны плачуць, ён смяецца над тымі, хто не ведае, што рабіць. Ён ведае – і распавядае нам праз простыя вобразы: рыбы, арангутан, алень», – тлумачаць канцэпцыю арганізатары выставы ў кавярні.

Дар'я Ескевіч, сузаснавальніца ЗБОР (Беларускага Збору Дэвіянтнага Мастацтва), пазнаёмілася з Генай Грышалем 10 гадоў таму. Той ўразіў яе малюнкамі з наіўнымі выявамі хатак, жывёл і сутнасцяў. Геній Гены заключаецца ў здольнасці ператвараць складаныя вобразы ў лаканічныя, тым самым выкрышталізоўваючы самую сутнасць рэчаў.

 

Гена Грышаль уваходзіць ў творчую групу «Арт "Ну-во!"» (назву групе дэвіянтных мастакоў дала Геніна звычка характарызаваць сваю творчасць выклічнікам «ну-во!»). Зараз мастак працуе з вялікімі палотнамі, і ў яго актыве – тры персанальныя выставы, а таксама ўдзел у дзевяці выставах у Беларусі, Нарвегіі, Германіі і Польшчы.

Карціны з Monkey Food праз нейкі час таксама адправяцца гастраляваць па выставах або хутка стануць часткай прыватных калекцый. Так што – спяшайся бачыць! Веган-кавярня працуе штодня з 11:00 да 23:00.