Мастак Андрэй Бусел: «Калі ўсё чэзне – гэта адстой»
- Рубрыка: ІНТЭРВ'Ю
- 17.02.2021
- 5778
У студзені па загадзе МНС прыпыніў працу менскі культурны хаб Ок16, а ў ДФР з'явіліся пытанні да «Прасторы КХ» у Берасці – свежую выставу прыйшлося закрыць, толькі адкрыўшы. У сувязі з гэтым мы ўспомнілі восеньскі арт-івэнт, на якім красаваўся аб'ект, вельмі падобны да аўтазака «МАЗ-Купава», і наведвальнікі бесперашкодна ў ім фатаграфаваліся. Ці атрымалася б такая выстава сёння? Мы звярнуліся з пытаннем наўпрост да аўтара – мастака і дызайнера Андрэя Бусла, якога многія ведаюць па праектах арт-групы Hutkasmachnaa. Атрымалася займальная размова аб пратэсным мастацтве, памірашках і пра тое, хто мастака пакрыўдзіць можа.
Пра галоўныя экспанаты
– Нядаўна ты напісаў у Facebook пост пра тое, што вы страцілі грошы на праекце на «Вулеі» і да гэтага часу чакаеце міласці КДБ. Растлумач, што ты меў на ўвазе.
– Мы хацелі друкаваць цішоткі і задзейнічалі «Вулей» як рэсурс. Цяпер рахункі платформы заблакаваныя, і некаторым аўтарам паспяхова завершаных праектаў аддалі грошы, а некаторым – не. Наш краўдфандынг ішоў падчас пачатку перадвыбарнай кампаніі, мы збіралі не так шмат грошай – каля 1000 рублёў. Сабралі суму і выканалі ўсе абавязацельствы, але нашы грошы ўжо паўгода замарожаныя ў банку. Вядома, па цяперашніх часах гэта не самая вялікая праблема, хоць яна адлюстроўвае становішча спраў у сферы крэатыўнага бізнэсу.
– У верасні вашу выставу «Рэчы без нагляду і падазроныя прадметы» ў галерэі «Арт-Беларусь» наведала больш за 4 тысячы чалавек, пра яе шмат пісалі. Ці пракаціла б выстава такога фармату цяпер?
– Перад пачаткам выставачнага праекта людзям было наогул не да выстаў. Цяпер не ведаеш, чаго чакаць, але месцамі працягваецца ціхае культурнае жыццё – і даволі паспяхова. З іншага боку, улады цяпер закручваюць гайкі. Многія мастакі з'ехалі за мяжу, адседзелі свае суткі ці знаходзяцца пад следствам, затое тыя, хто раней быў убаку, пачалі рэагаваць на актуальныя праблемы. Мастацкіх выказванняў становіцца больш.
У адрозненне ад тэатра ці рок-канцэртаў, галерэі і выставы прыцягваюць не так шмат увагі. Калі «чорны спіс музыкаў» – гэта традыцыя з савецкіх часоў, то пра «чорны спіс мастакоў» я не чуў.
«Усім спадабаўся міліцыянт, які ахоўваў карціны, наведвальнікі думалі, што ён частка экспазіцыі»
– Вядомым сімвалам Hutkasmachnaa сталі магніты-аўтазакі, а адной з самых заінстаграмаваных работ з выставы стаў «аўтазак з Lego». Ці быў страх, што вамі зацікавяцца ўлады?
– Страх быў у звычайным фонавым рэжыме. Мы планавалі зрабіць выставу яшчэ год таму, то-бок наўпрост з падзеямі жніўня яна не звязаная. Усё атрымалася іншасказальна. Чалавек мог убачыць адсылкі, калі наладжваў мозг, а калі не – проста прыйшоў на выставу паглядзець на пацешныя штуковіны. У нас не было ярка выяўленага пратэсту. Некаторыя людзі нават не бачылі аўтазак. Яны бачылі машыну з кубікаў. А калі заўважалі аўтазак – значыць, пераходзілі на іншы ўзровень і адкрывалі для сябе праекты з іншага боку.
– Мяркую, выстава тады пачыналася зноўку.
– Так, для многіх людзей галоўным экспанатам наогул сталі дзверы ў галерэі [апячатаныя дзверы, што вядуць у сховішча, дзе знаходзяцца арыштаваныя палотны з карпаратыўнай калекцыі Белгазпрамбанка. – заўв. 34]. Усім спадабаўся міліцыянт, які ахоўваў карціны, наведвальнікі думалі, што ён частка экспазіцыі, падыходзілі, задавалі пытанні: «Вы сапраўдны?», «А калі сапраўдны – чаму такі добры?»
«У Хрыста інсталяцыя плавала ў Гайд-парку, у нас – у басейне каля лазні з мужыкамі»
Пра памірашак
– Пратэсты паўплывалі на тваю творчасць?
– Асабіста мне не блізкі тэрмін «пратэснае мастацтва». У мяне нічога не перашчоўкнула ў жніўні або ў верасні – я і да гэтага ведаў, у якой краіне жыву. Дзяржава ўмее здзівіць, але летам наступіў апафеоз. Калі мы рабілі арт-аб'екты, я разумеў, што ў гэтым ёсць палітычны складнік, але людзі, публіка, усе былі настолькі на іншай хвалі, што не заўважалі гэтага раней. Калі мы зрабілі выставу ў «Арт-Беларусі», мы зразумелі, што гледачы ўжо думаюць інакш і інакш успрымаюць нашы працы.
– Раскажы пра «Never A.Г.ain».
– Я вырашыў зрабіць слоган на тэму пратэстаў, у якасці прыкладу быў «Black Lives Matter». «Never A.Г.ain» нарадзілася з фразы «НіКолі зноў». Я ўяўляў, што ўвесь наш палітычны лад ідзе да таго, што, калі я выйду на пенсію, Коля стане прэзідэнтам. Мы прызвычаіліся, але не хочацца, каб нашы дзеці і ўнукі жылі ў гэтай сістэме.
Цікава, што куча народа не ўрубаецца ў англійскую мову, мяне шмат разоў прасілі перакласці надпіс і растлумачыць сэнс: «"Нэвар" мы ведаем, а што такое "эгейн"?».
– Раз ужо пра Колю, то і пра шпіцаў: што за прыкол з «памірашкам»?
– Была смешная гісторыя: мы рабілі інсталяцыю з чаротам, усталёўвалі яго на мосце, і ад чароту было шмат пуху. І вось з пуху выбягае маленькі камячок – як дух з моста. Мы спыталі ў гаспадыні, што за парода, а яна такая: «Гэта памярашка». Я ведаў, што ёсць памяранскія шпіцы, а Тарас [Тарас Пашчанка, калега Андрэя па праектах арт-групы Hutkasmachnaa. – заўв. 34] не зразумеў і вырашыў, што гэта ад слова «памерці» – быццам беднаму шпіцу нядоўга засталося. Цяпер памірашка – наш талісман. Мы сустракаем іх кожны раз, калі ідзём на важную справу. І ўсе нам гэтых памірашак дасылаюць.
«Адзін чувак пачаў пісаць, што цяпер ідзе нераст і нельга перашкаджаць рыбам займацца сэксам»
– Калі і якія праекты вы ўзгаднялі?
– Узгадняем мы там, дзе не атрымаецца прыцягнуць, паставіць і збегчы. З аднаго боку, узгадненне адштурхоўвае, з іншага – ты разумееш, што вынік застанецца надоўга. Руціна кампенсуецца масавым эфектам. Мы ўзгаднілі цягнік на Куйбышава [мурал паміж карпусамі завода «Гарызонт». – заўв. 34], але прыйшлі ледзь не вясной, а скончылі ў кастрычніку, вось увесь гэты час узгаднялі. Атрымалася прышпільна.
Ёсць самая вялікая скульптура ў свеце, Хрыста і Жанна-Клод рабілі – бочкі такія, а ў мяне заставаліся нудлы для плавання, і я вырашыў зрабіць паменшаную копію. У іх інсталяцыя плавала ў Гайд-парку, у нас – у басейне каля лазні з мужыкамі. Затое я вывучыў, як уладкаваныя скульптуры Хрыста.
– Узгадніць або зрабіць хуліганскую вылазку? Выбірай.
– Мне падабаецца і тое, і тое. Руціннае ўзгадненне можна параўнаць са спартыўнымі трэніроўкамі і выступленнем на Алімпіядзе: нікому не хочацца кожны дзень уставаць і бегаць. Калі ў цябе незалежнае выкананне ў духу Бэнксі – ок, супер, але гэта для невялікага маштабу, мэта – за 15 хвілін данесці свой мэсэдж.
Пабегаўшы па кабінетах, ты можаш пагрузіцца ў кантэкст, убачыць, што за людзі там працуюць, і, можа, нешта зменіш. Калі мы рабілі кійшэрынг на Камароўцы [мастакі размясцілі ў публічнай прасторы кіі для дапамогі ў хадзе. – заўв. 34], мне і ў галаву не прыходзіла ўсё ўзгадняць: складана растлумачыць, што за трызненне ты прыдумаў і навошта, – а ў выніку там апынуліся класныя людзі, яны самі гэтыя палачкі кожны вечар прыбіралі, каб іх ніхто не выкінуў, клапаціліся.
– Наколькі хутка кіі разышліся?
– Не хутка. Многія не зразумелі, што гэта было хутчэй выказванне, чым функцыя. Мы яшчэ рабілі шэрынг венікаў каля лазні, яны проста там стаялі, але іх ніхто не браў. Ёсць у людзей недавер. Як зубныя шчоткі ці бутэрброды раздаваць – можа, яны табе і патрэбныя, але ты не возьмеш іх бясплатна ў рандомнага мінака. З кіямі тое ж самае: калі ты дзядуля, ты не разлічваеш на такі падгон.
Пра тое, калі мастаку крыўдна
– Ці няма ў цябе затоенай крыўды на камунальнікаў, бо яны патэнцыйна могуць зачысціць вашу гісторыю?
– Наадварот, калі ўсё чэзне і старэе, застаецца незаўважаным – гэта адстой. Я доўга збіраў аб'явы з вёскі, тыпу «прадаюцца парасяты», «куплю кірзавыя боты, рогі аленя, лася...», і перадаваў сябрам, якія ехалі ў Аўстралію ці Новую Зеландыю, яны там іх расклейвалі. А аднойчы ў Мюнхене я павесіў сваю калекцыю аб'яў, і праз гадзіну іх заляпілі афішамі, ніхто не заўважыў – вось гэта адстой. А калі хтосьці абарве, забярэ, панясе – супер.
– А якія штукі кралі? Люстэркі?
– Так, іх забіралі. У мяне быў аднойчы значок папераджальны «Асцярожна, кракадзіл». У маленькую брудную лужыну ўваткнулі. Потым таблічку пацягнуў сусед .
– Літары, што плавалі падчас Minsk Design Week у 2018-м, можна было прачытаць дваяка: Design або Resign. Якая літара там была насамрэч?
– Яна была абрэзаная: якую хочаш, такую і падстаўляй. Арганізатары потым ад нас адхрысціліся, калі зразумелі, што ім за гэта можа ўляцець. Літары паплавалі пару дзён, а потым адзін чувак пачаў пісаць, што цяпер ідзе нераст і нельга перашкаджаць рыбам займацца сэксам. Нам далі невялікі штраф, і было нават рамантычна.
– Ці ёсць у цябе цяпер асцярогі з нагоды сваёй дзейнасці?
– Я б сказаў, ёсць асцярогі з нагоды жыцця ў РБ, але тут я не зраблю ніякага адкрыцця. Нядаўна пісаў палітвязням лісты, вырашыў напісаць тым, каго асабіста ведаю, палічыў. Было восем, стала дзесяць. Гэта, вядома, прымушае лішні раз падумаць.
Фота выставы: Максім Шумілін для Chrysalis Mag