Ягор Свірскі: «Мне не цікавая палітыка. Мне цікавы сельдэрэй»
- Рубрыка: ІНТЭРВ'Ю
- 30.03.2020
- 5462
Многія з гледачоў стэндап-выступаў у Менску не задумваюцца пра тое, як нараджаецца камедыя. Між тым гатовы стэндап-маналог – гэта вынік штодзённай працы коміка, безлічы адкрытых мікрафонаў і бясконцых праверак матэрыялу.
18-гадовы Ягор Свірскі – самы малады з дзейных комікаў менскай сцэны, але ўжо досыць вопытны. За два гады ў камедыі ён паспеў «схадзіць у тэлевізар», стаць членам каманды адзінага беларускага лэйтнайт-шоу і навыступацца на разагрэвах у маскоўскіх комікаў. Яшчэ да «каранакрызісу» мы пагутарылі з Ягорам пра цяжкую публіку, чыт-коды менскай камедыі і стэндап на «Макаёнка, 9». Атрымалася аптымістычна.
Ягор Свiрскi:
– Нядаўна ездзіў у тур з Віктарам Камаровым. Не так крута гучыць. Лепш проста: ездзіў у тур. За разагрэў заўсёды плацяць, гэта вялікія залы, гэта знаёмствы. З мінусаў – не заўсёды лаяльны глядач. Юру Кірдуну на разагрэве ў Вані Усовіча крычалі: «Дзе Усовіч?» А пасля Кірдуна яшчэ Максім Заяц выступае, а толькі потым Усовіч. На канцэрце Славы Камісаранка выступаць было прасцей: быццам гэта проста стэндап-вечар, дзе ён хэдлайнер, але будуць яшчэ іншыя крутыя комікі, і людзі думаюць: «Авохці, усё добра. Слава будзе, мы расслабіліся. Спачатку будуць яшчэ рабяты, і мы пасмяёмся».
Разагрэў – гэта этап. Я выступлю на 500 чалавек, калі пяці спадабаюся – ужо крута. Два разы выступіў у Нурлана Сабурава на 1300 чалавек, і мне чалавек дваццаць напісалі ў Instagram. Дзесяць з іх прыйшлі на канцэрт нашага аб'яднання Stand-Up Minsk. Далучылі дзесяць чалавек да беларускай камедыі.
Пра беларускі стэндап-клуб
– У параўнанні з тым, што было тры гады таму, – велізарны прарыў. Можна жыць на стэндапе. Платных выступаў цяпер хапае. Калі з'явіўся клуб у Маскве, ён жа таксама не быў такім вядомым. Патрэбны час, таму што жанр у нас у краіне малады. Мы адстаём ад Масквы, але ўжо наперадзе Кіева. У нас больш адкрытых мікрафонаў. У іх больш платных выступленняў, але яны і плацежаздольнейшыя.
«Разагрэў – гэта этап. Я выступлю на 500 чалавек, калі пяці спадабаюся, ужо крута»
Пра публіку
– Была прастора «Мёд», куды маладыя рабяты хадзілі. Яны бралі піва ўнізе, у «Рублёўскім», і прыходзілі паслухаць стэндап. Зараз у розных барах па-рознаму, але зборны вобраз гледача ёсць: хлопец гадоў 25-ці. Альбо з дзяўчынай, альбо з кампаніяй сяброў. Працуе на нейкай пастаяннай працы. Прыйшоў паслухаць, але можа і выпіць.
Тыя, хто пастаянна ходзяць, у душы, магчыма, хочуць выступаць самі. Памятаю хлопца, які наведаў амаль усе вечарынкі на працягу года. Тры разы выступіў, дрэнна выступіў – і хадзіць перастаў.
Вельмі загартоўваюць опен-майкі, дзе цябе хтось можа бачыць упершыню ў жыцці. За першыя 30 секунд трэба даказаць, што ты смешны. У Менску, калі ты першую хвіліну не рассмяшыў людзей на опен-майку, яны думаюць: «Ай, усё! Будзем паміж сабой размаўляць». Другіх шанцаў у нас не даюць.
Сваімі жартамі ты разумееш аўдыторыю. У мяне ёсць жарт, які я заўсёды распавядаю на важных мерапрыемствах, калі патрэбны бэст. Я распавёў яго на першым выступе, і лепш, чым ён, амаль нічога не заходзіць. Калі гэты жарт не заходзіць, то зала наогул не настроеная цябе слухаць.
А мне гэты жарт не падабаецца, таму што ён нявытанчаны. Няма ў ім стыльнай фармулёўкі і думкі. Гэта проста смешная гісторыя, я мог яе выдумаць, а мне ў стэндапе не вельмі падабаецца выдуманае. Комік распавядае гісторыю, як быццам з ім гэта здарылася, а я думаю: «Такога не бывае, браценік, ты гэта прыдумаў». Ёсць тыя, хто накручвае абсурд, і гэта смешна. У Луі Сі Кея ёсць біт, як яму патэлефанаваў Абама, з апошнім панчам, дзе ён кажа: «А хто табе паверыць, што гэта праўда?» Тут мы разумеем правілы гульні.
Пра стыльныя жарты
– Мы з комікамі шмат размаўлялі пра стыльныя фармулёўкі ў стэндапе. Гэтае паняцце ўжо як быццам расцяклося, але гады два таму для мяне ў напісанні яно вяршэнствавала. У мяне ёсць стыльны жарт пра сельдэрэй. Ты знаходзіш абсурд у маленькай рэчы і раскручваеш яго. Нястыльны жарт – гэта стэрэатып. Рускія футбалісты дрэнна гуляюць у футбол. Калі твой жарт у тым, што яны дрэнна гуляюць у футбол, – гэта не стыльна. Калі з жарту можна зрабіць мем, то ён нястыльны. Мем – форма, а стыльны жарт прадугледжвае, што ты па-за формамі. Калі няма «гэта тое ж самае як...», «а ў вас было такое...» і гэтак далей.
Жарты пра Лукашэнку
– Стыльна можна пажартаваць пра што заўгодна, нават пра Лукашэнку. У Менску гэта такі чыт-код: ты проста пагаварыў смешным голасам. Быў у серыяле «Луі» смешны момант, дзе ў хлопца нічога не атрымлівалася ў стэндапе, і ён падышоў да Луі спытаць, што яму рабіць. Галоўны герой кажа: «Паспрабуй смешны голас». Канец эпізоду: Луі глядзіць шоу Джымі Фэлана, і там выступае гэты хлопец са сваімі жартамі, але кажа іх смешным голасам. А Луі ж сказаў яму пра голас, каб той проста адчапіўся.
Дарослая аўдыторыя любіць пра Лукашэнку. Ты кажаш яго голасам – яны ў экстазе. Яны думаюць, што ты смелы. У мяне няма пра гэта матэрыялу, але я імправізаваў на гэтую тэму. Мне проста нецікава: палітыка, прэзідэнт. Мне цікавы сельдэрэй.
«Калі ты першую хвіліну не рассмяшыў людзей на опен-майку, яны думаюць: "Ай, усё! Будзем размаўляць паміж сабой”»
Пра «Макаёнка, 9»
– Я выдатна разумею, што многія хэйцяць шоу, але склалі ўражанне толькі па першым выпуску. У цэлым ёсць рэчы, якімі я ганаруся. Пранк з Ягудзіным на YouTube набраў 4 мільёны праглядаў. Новы год па водгуках добры атрымаўся. Тое, што наогул гэты праект ёсць, – вельмі выдатна ў плане нашых рэалій, але глабальна вельмі дрэнна, што ў нас толькі адно вячэрняе шоу і яно так позна з'явілася. Я рады, што маю дачыненне да гэтага.
Прэзідэнт Літвы кінуў шпільку ў наш бок, што Беларусь моцна залежыць ад Расіі, і мы вырашылі пажартаваць. Зрабілі імперскі прагноз надвор'я: у Менску +10, у беларускім горадзе Вільні +5, у Бранску +5, у Смаленску +10, у Беластоку +12. На беларускім тэліку гэта прыкольна.
Мы канкуруем з велізарнай краінай, у якой нашмат больш кантэнту на той мове, на якой мы размаўляем. Але за кошт «Макаёнка, 9» на беларускім тэлебачанні пабывала велізарная колькасць блогераў: Лера Яскевіч, Дзіма Ермузевіч, Юля Гадунова. Калі б не шоу, тут быў бы вакуум. Мы, маладыя, дадаём маладога на тэлік. Іншае пытанне, што тэлік памірае.
«Надыдзе момант, калі будзе іранічна, што ты звычайныя жарты распавядаеш без нейкага прыколу»
Пра стэндап на тэліку
– Я хачу, каб на «Макаёнка, 9», як ва ўсіх лэйтнайт-шоу, былі спецыяльныя слоты ў канцы, дзе будуць выступаць маладыя комікі. Мы здымаем іх у дзень, калі выходзіць шоу. Максімальна хутка, нават на YouTube так хутка ролікі не выходзяць, а ў нас прама ў эфір. Мы думаем пра тое, калі гэта зрабіць і дзе лепш запісаць. Такія амбіцыі дакладна ёсць.
Зараз надыходзіць эра самастойных комікаў. Ужо не будзе такога, што комік прывязаны да нейкага праекта. Сам хачу быць такім. Дзесьці паўдзельнічаць, але не на пастаяннай аснове. У цябе ёсць сэт на дзесяць хвілін, і ты думаеш, куды зліць матэрыял. Новае шоу з'явілася – паспрабуем там.
Калі комік займаецца кантэнтам самастойна, у яго павінен быць густ ва ўсім, нават у вопратцы. Не можа быць такога: «Ну, гэты момант мы праяб*м, але на YouTube здымем стыльна». У нас як быццам бы не ўмеюць здымаць, хоць у краіне шмат топавых блогераў. Гэта праблема. Хоць у параўнанні з тым, што было, «Свой стэндап» зняты няблага.
Пра мат
– Фармат для тэліка – без мата і пахабных тэм. У чым плюс такога стэндапу? Яго можна паказаць бацькам, і жарты па-іншаму зайграюць. Калі не кажаш мат са сцэны, то іншае слова з той жа эмацыйнай афарбоўкай працуе па-іншаму. Трэба ўмець вар'іравацца. Калі ў цябе жарты на маце завязаныя і яны працуюць за кошт мата, гэта вельмі дрэнна. Як голасам Лукашэнкі гаварыць. Гэта таксама чыт-код.
Пра альтэрнатыўную камедыю
– Калі ты не заходзіш на людзей, але ў цябе ёсць нейкая ідэя, можна зняць у інтэрнэт. Я, Андрэй Райн і Сяргей Гарох так абмяняліся сэт-лістамі. Гарох адбіваў яшчэ: «Цяпер чытаю лісток, быццам нейкі 17-гадовы п*здзюк пісаў». Утрох запар выступалі. Для нас гэта было вельмі смешна, але людзі не зразумелі. А здымі мы гэта на відэа – зразумелі б. Гледачы яшчэ не разумеюць такога, бо ў нас няма імёнаў.
У нас наогул розныя комікі былі. Быў чувак з біятлоннымі жартамі з КВЗ: «Маленькі хлопчык зразумеў, што бацькі...» – і гэта была не постыронія.
Ёсць тыя, хто ўвогуле ў першы раз прыйшоў на стэндап, а ты вырашыў прыкалоцца. І яны наогул не зразумеюць: «Хадзілі мы на гэты ваш стэндап...». А мы такія: постыронія, метаіронія. Мне здаецца, надыдзе момант, калі будзе іранічна, што ты звычайныя жарты распавядаеш без нейкага прыколу.
«Калі з жарту можна зрабіць мем, то ён нястыльны»
Пра набор аўдыторыі
– У нейкі момант стэндап стаў модным сярод моладзі. На ТНТ гэта было нешта новае, але там аўдыторыя за дваццаць. Сярод маіх аднагодкаў быў папулярным Даніла Папярэчны, а са з'яўленнем Stand-Up Club №1 аўдыторыя прыкладна майго ўзросту пачала падцягвацца.
У наборы аўдыторыі стэндап круцейшы за музыку. Скрыптаніт укладвае свой сэнс, але людзям падабаецца, што гэта модна. Проста музыка падабаецца. У яго з аўдыторыяй могуць быць зусім розныя погляды. І ён робіць яшчэ адзін праект спецыяльна, каб набіраць аўдыторыю на свой густ. Нам пашанцавала, бо нашы гледачы – першапачаткова нашага светапогляду.
«Комікі і рэп-выканаўцы – яны пра рэальнае жыццё, пра вуліцы»
Пра рэпераў і комікаў
– Гістарычна так склалася, што комікі і рэперы сябруюць. Стэндап і рэп падобныя тым, што яны праўдзівыя. Гэта не эстрада. Комікі і рэп-выканаўцы – яны пра рэальнае жыццё, пра вуліцы.
Мяне звязвае з рэпам толькі тое, што мне часта кажуць, што я падобны да Цімы Беларускіх. Я быў на мерапрыемстве, дзе быў самым невядомым. Афіцыянт быў папулярнейшы за мяне. Куча зорак, а я там быў Ягор Свірскі. Мяне ратавала толькі тое, што я падобны да Цімы Беларускіх. Але цяжка пераблытаць мяне з Цімам Беларускіх, калі побач сапраўдны Ціма Беларускіх. Сышоў хвілін праз пяць.
Мэта майго жыцця – гэта стаць папулярнейшым за Ціму Беларускіх, каб хоць адзін чалавек у свеце да яго падышоў і спытаў: «Ты Ягор Свірскі?» Каб ён хоць на хвіліну адчуў сябе мной. Тады я буду шчаслівы.
Фота: Юля Волкава