У «Арт-Беларусі» ладзяць выставу арт-групы Hutkasmachnaa
- Рубрыка: УЛОЎ
- 08.09.2020
- 6836
З 10 па 27 верасня ў галерэі «Арт-Беларусь» экспануюць вядомыя менчукам работы Hutkasmachnaa і новыя артэфакты пра мастацтва ды горад.
Калі: з 10 па 27 верасня ўключна, аўторак–нядзеля з 11:00 да 20:00.
Дзе: «Арт-Беларусь», Казлова, 3.
Колькі: 6 BYN – стандартны квіток, 3 BYN – ільготны.
Выстава называецца «Рэчы без нагляду і падазроныя прадметы», а прысвечаная яна ўзаемасувязі арту, гарадскога асяроддзя і ўласна гледача. Залу напоўняць арт-аб'екты ды фатаграфіі ранейшых праектаў, а таксама інсталяцыі, якія ўбудуюць у прастору горада потым.
Сярод іншага тут пабачыш падсвечаныя ў медыя люстэркі, чырвоныя парасоны, гіганцкія літары са Свіслачы, лятаючае метро, кійшэрынг і супергероя ЖЭСмана. Вядома, усё гэта можна пабачыць і ў інсце, але выстава – вопыт цэльнага асэнсавання праектаў і своеасаблівы таймлайн развіцця арт-групы, якая асацыюецца ў першую чаргу з імёнамі Андрэя Бусела, Тараса Пашчанкі і Сяргея Краўчанкі.
Галерэя анансуе: «Арт-група падзеліцца сакрэтамі Каштанеды, навучыць адрозніваць чарот ад трыснягу і мячэўніку, дапаможа зазірнуць у будучыню беларускага аўтапрама і раскажа пра феномен вулічнага мастацтва ў сучасным свеце».
Экспазіцыя прадстаўленая ў рамках праекта культурнай ініцыятывы «Восеньскі салон з Белгазпрамбанкам: новыя імёны».