Астраханскiя кавуны
«Рэперы, якія граюць панк-рок», «гікі з гітарамі ў руках», «іранічныя нёрды, якія не цураюцца мацюка» – у свой час на Anaсondaz спрабавалі павесіць столькі ярлыкоў, што ўсе і не пералічыш з ходу. Журналісты лічылі сваім прафесійным доўгам нарэшце разабрацца, што ж гэта за «рэпарок» такі, засунуць яго ў скрыначку, наклеіць этыкетку і забыцца да лепшых часоў. Але гэты астраханскі кавун не прымае клішэ. Ён і сам не ведае, які ў яго сорт, але яго гэта абсалютна не парыць.
Сакавіты паласаты паўзэрн-плод проста добра ведае сваю справу: катаецца сабе па дарожках СНД турамі ў 40 гарадоў запар; здымае кліпы-мільённікі; запісвае альбомы, якія потым тыднямі вісяць на першым месцы ў рускім айцюнс; часам збірае клубы, памерам з самалётныя ангары, – і ўсё гэта ціха і мірна, без лішняй мішуры. Anacondaz не ўбачыш на Versus (хіба што ў ролі суддзяў), затое лёгка можна адшукаць і ў пабітым плэеры твайго малодшага брата, і ў новым айфоне твайго начальніка. А калі першы і другі сустракаюцца на канцэрце ў цэнтры кола – пачынаецца поўны «хаос-злаві-перадай-хвалю»! Усё таму, што пацешныя песенькі пра «члены і дыназаўраў» на справе не такія простыя, як здаецца.
«Anacondaz не ўбачыш на Versus (хіба што ў ролі суддзяў), затое лёгка можна адшукаць і ў пабітым плэеры твайго малодшага брата, і ў новым айфоне твайго начальніка»
Anacondaz непрыкметна і без лішняга пафасу выхавалі цэлае пакаленне іранічных і думаючых разбойнікаў. Можа быць, яно не такое шматлікае, як у статусных рэпераў, але «натоўпу верных янотаў» рабятам з лішкам хапае і для таго, каб забіць самы буйны клуб СНД, і для таго, каб сабраць на краўдфандынгу больш за мільён рублёў. Пры гэтым астраханцы як былі, так і застаюцца альтэрнатывай усяму агульнапрынятаму рэп-гейму, працягваючы класці болт на яго ўнутраныя звадкі. Як у іх гэта атрымліваецца? Арцём і Сега адкажуць нам на ўсё!
Выходзь за мяне, Anacondaz
Чарга да дзвярэй любімага Re:public ужо загарнула за рог, хоць да канцэрта яшчэ мінімум гадзіна. Прабіраемся праз яе, як праз густыя зараснікі. Ужо праз некалькі хвілін мне трэба будзе браць інтэрв'ю ў людзей з постара, які раней вісеў над маім ложкам. Памятаю, як у першы раз пайшоў на канцэрт Anacondaz у 2013 годзе і атрымаў па твары ў слэме пад песню «Мой муж». Прадчуваю, як зноў мне ляснуць недзе праз гадзіну і, магчыма, нават пад той жа трэк.
У зносінах Сяргей і Арцём вельмі падобныя да сваіх песень. Яны дзіўна спалучаюць хуліганскі гумар і «салёнае слоўца» з зусім не павярхоўнымі развагамі пра складаныя і неадназначныя рэчы. Калі ж судзіць чыста па знешнасці, то з агульнага ў хлопцаў толькі мяшкі пад вачыма і спецыфічны астраханскі гумар, які як бы намякае, што ўнутраных падабенстваў у іх значна больш. Хлопцы міла павіталіся, селі на скрыні для інструментаў і пачалі травіць «інсайдарскія байкі».
– Вы часта хваліце менскую публіку і тутэйшыя канцэрты. Ці памятаеце, як прыехалі сюды ў першы раз?
Сяргей: Так! Гэта быў ужо сталы класічным менскі трэш і ўгар.
Арцём: Як з першага канцэрта павялося, так і працягвае несціся, не збаўляючы абароты.
– А самі Anacondaz моцна змяніліся з тых часоў? Вы ўсё тыя і за тыя ж ідэалы?
С: Думаю, што нейкіх кардынальных змен у нашым выпадку не адбылося. Мы ніколі не тапілі за радыкальныя рэчы, каб потым ад іх адмаўляцца.
А: Мы сталі старэйшымі, вопытнейшымі, разумнейшымі або тупейшымі, каму як зручней лічыць. Але наш светапогляд не мяняецца. Змяняецца гучанне песень, з'яўляюцца новыя вобразы, якія раней былі нам не ўласцівыя, але агульны канцэпт па-ранейшаму такі ж.
– Сёння вы прэзентуеце свой пяты альбом «Выходи за меня». Адкуль такая назва? Хтосьці з каманды зрабіў так сваёй дзяўчыне прапанову?
С: Дарэчы, падчас напісання гэтага альбома ажаніўся Яўгей, наш басіст, так што гэта недалёка ад праўды. У гэты раз мы напісалі шмат брутальных трэкаў і падумалі, што добра было б прыдумаць да іх якую-небудзь цукровую антытэзу.
А: Плюс на гэтым альбоме мы ўпершыню закранаем лірычныя тэмы, звязаныя з адносінамі. У нас па-ранейшаму няма артадаксальных песень пра каханне, хоць мы ўжо запісалі пяць з паловай альбомаў, аднак нейкія рамантычныя ноткі сталі вымалёўвацца.
– Альбом атрымаўся больш цяжкім і панкавым, чым папярэднія. Вы заўсёды хацелі пісаць такую музыку ці гэта эксперымент?
С: Насамрэч ён не нашмат цяжэй гучыць, справа ў звядзенні і расстаноўцы трэкаў. Там роўна напалову атрымалася: шэсць песень – класічныя рэп-баевічкі, а іншыя шэсць – месіва з перагружанымі гітарамі і жывымі барабанамі.
А: На гэты раз мы максімальна наблізілі альбомнае гучанне да канцэртнага. Наведвальнікі нашых канцэртаў часам дзівяцца, што песні, якія гучаць у альбоме як артадаксальныя рэпакі, жыўцом нясуцца чыста па року. Вось мы і вырашылі аб'яднаць адно з другім.
– Грошы на альбом вы збіралі пры дапамозе краўдфандынгу. Мэтай праекта было сабраць 400 000 рублёў (BYN 13 400), але фаны накідалі вам у скарбонку больш за мільён. У вас такія ўдзячныя і спагадлівыя прыхільнікі?
С: Думаю, гэта звязана з тым, што многія нашы фаны дарослыя. На канцэртах, можа быць, школьнікаў больш, але калі браць ахоп паблікаў у сацсетках, то працэнт дарослай аўдыторыі відавочна пераважае.
А: Дарэчы, гэта выдатна, што на нашы канцэрты ходзяць школьнікі. Прайшло ўжо восем гадоў, а маладыя людзі ў нас усё яшчэ нешта знаходзяць. Значыць, мы яшчэ актуальныя.
Нi слова пра палiтыку
– Ёсць адчуванне, што ваша даўняя запаведзь «Не пісаць пра каханне і палітыку» патроху парушаецца. Пра лірыку ў новым альбоме вы сказалі самі, але і палітычных тэм стала больш.
А: Мы дагэтуль разважаем пра палітыку чыста на побытавым узроўні. Заганяць пра будучыню Расіі і нешта навязваць мы не збіраемся. У нас часцей сталі з'яўляцца рэакцыйныя штукі, тыпу «Смотри на меня» [песня, якая саркастычна высмейвае «пакет Яравой». – 34mag], але на барыкады мы па-ранейшаму нікога не клічам.
С: Мы і раней закраналі сацыяльныя моманты ў трэках. Той жа « Привет, Гитлер» – цалкам канкрэтны антыфашысцкі маніфест. Ці там сацыялачка ў песнях «Флаг» і «Поколение». Проста мы ніколі не перагібалі палку.
– Тэксты на новым альбоме атрымаліся яшчэ больш дзёрзкімі і з'едлівымі, чым раней. Ці не баіцеся, што які-небудзь «паехаўшы» дэпутат Мілонаў можа падаць на вас у суд за, умоўна, «Ангела»?
С: Выпускаючы такія песні, мы разумелі, што бярэм на сябе адказнасць. Інцыдэнты ўжо былі...
– Раскажыце, што здарылася?
С: Ёсць такі персанаж Энтэа – адзін з ідэолагаў усяго гэтага праваслаўнага вар'яцтва. Ён прычапіўся да песні «Мама, я люблю» нібыта за прапаганду наркотыкаў. Але хутка адчапіўся. Напэўна, яму патлумачылі, што ёсць больш відавочныя персанажы для такіх абвінавачванняў.
А: Выдатна, што ён да гэтага часу не чуў песню «Ангел». Тут ён бы ад нас не адліп! А так – абмяняліся парай колкасцяў у твітары і забыліся. Мне здаецца, важна не дазваляць раздзімаць хайп вакол такіх сітуацый, каб гэтыя пі*арасы не атрымалі ніякай інфармацыйнай агалоскі. Гэта адзінае, для чаго яны ўсё гэта ладзяць. І калі мы не дазволім ім хайпіць – у іх хутка знікне жаданне з намі я*ацца і ўступаць у нейкія юрыдычныя цяжбы. Наогул у выпадку чаго мы «вывезем» суд. Але гэта запатрабуе шмат сіл, часу і грошай, якія нам і так ёсць куды выдаткоўваць.
– Часта ваш сарказм прымаюць за чыстую манету?
А: Вельмі часта! Аж да таго, што нам нядаўна намякнулі, што барацьбіты з наркотыкамі хочуць нас прыціснуць за тую ж «Мама, я люблю». Па-мойму, гэта сінонім неразумення іроніі і сарказму.
«Мы ніколі не тапілі за радыкальныя рэчы, каб потым ад іх адхрышчвацца»
Хасл Anacondaz
– «Мы хаслим от рассвета до заката/ И не нуждаемся ни в чей никчемной помощи». Ваша творчасць сапраўды дазваляе вам жыць на годным узроўні і не задумвацца ні пра што, акрамя песень і канцэртаў?
С: Я стаў задумвацца пра дзяцей... (паўза) Мне проста яны пачалі падабацца (смяецца).
А: Наша стаўленне да музыкі не змянілася з тых часоў, калі ў нас у кішэні было 100 рублёў. Цяпер там крыху больш, але мы сапраўды гэтак жа рэпетуем, працуем і не задумваемся пра наш узровень дастатку або славутасці.
– У вас ёсць выдатная песня «Узор», у якой вы разважаеце пра тое, як проста рабіць ўсярэдненую ху*ню ў музыцы і зарабляць на ёй грошы. У вас ніколі не закрадаўся ў галаву прусачок, які шаптаў бы ў вуха: «А давайце таксама напішам песню пра сучак і паедзем касіць кэш, як Pharaoh»?
С: Тут патрэбны комплексны падыход. Я ўжо стары і ўкормлены, каб пісаць такія песні. Для таго каб рабіць такое музло, ты павінен быць свежым і разумець прыкол. Я не разумею прыкол, для мяне гэта пі*дзец...
А: Гэта працуе, калі ты школьнік і пішаш для школьнікаў. Я 30-гадовы мужык. Калі я буду спяваць: «Я я*аў тваю сучку ў рот», мяне дакладна не зразумеюць. Я не тое каб не ўсякаю ў метафару такога рэпу і таму не разумею яго. Проста перада мной пустата, і я не бачу, над чым мне тут наогул можна падумаць. Добра, я ўсведамляю, як яны гэта могуць пісаць, але не разумею, як гэта можа слухаць хтосьці старэйшы за 15 гадоў. Калі ты старэйшы за 15 і лічыш, што гэта крута, – у мяне ёсць да цябе пытанні.
«Важна не дазваляць раздзімаць хайп вакол такіх сітуацый, каб гэтыя пі*арасы не атрымалі ніякай інфармацыйнай агалоскі»
– У песні «Во что бы то ни стало» вы апісваеце сітуацыю, калі ваш самалёт церпіць крушэнне, а вы думаеце толькі пра тое, што не дапісалі новы альбом. Ці былі ў вас падобныя сітуацыі ў рэальнасці?
С: Так, у мяне было такое. Мы ляцелі кудысьці, і ў галаве ўжо было шмат ідэй для класных песень, якія яшчэ не тое каб не былі запісаныя, яны нават у выглядзе дэмак яшчэ не існавалі. Самалёт нават не трэсла, нічога такога, проста я сядзеў і думаў: «Б*я, калі мы зараз разаб'емся, то апошняе, што пасля нас застанецца, – наш апошні на той момант альбом «Байкі інсайдара», які нават для нас ужо не актуальны. Мы ж можам лепш!» Многія дэталі ў гэтай песні рэальныя. Напрыклад, мы неяк ляцелі з адным вельмі крутым папсовым гуртам у самалёце і абмяркоўвалі, што калі зараз упадзем, то напішуць пра іх, а не пра нас.
– Вы напісалі рэкламную песню для Xzibit'а і «Клінскага». Як так атрымалася наогул?
С: Да нас звярнулася «Клінскае» з просьбай паўдзельнічаць у рэкламным праекце. Мы сказалі, што не будзем удзельнічаць, але можам напісаць песню.
А: То-бок мы сказалі, што самі спяваць не будзем, таму што гэта крыху супярэчыць нашай філасофіі, але напісаць можам.
– Атрымалася не тое каб сорамна, проста вас звычайна не чакаеш убачыць у такіх праектах...
С: А нас і не відаць у такіх праектах, мы не палімся, проста робім сваю працу.
А: Для Wargaming песню «Танк» нядаўна напісалі. Выйшаў нетыповы, вядома, трэк для нас, але...
С: Так сабе песня. Лайно, калі шчыра. Мне зусім не падабаецца.
А: Мы стараліся, але там было шмат усякіх абмежаванняў, так што як выйшла, так выйшла. Зашкварнага тут нічога не бачу. Напрыклад, на ўсе грошы, якія мы атрымалі ад «Клінскага», мы знялі два кліпы. Адзін з іх, «Мотоципл», на той момант быў самым дарагім нашым кліпам. Мы самі знялі яго без крэдытаў і іншай фігні. Мне здаецца, гэта крута.
Мой рок-н-ролл
– У вас ёсць унутраны мем у гурце: калі вы не можаце прыйсці да кампрамісу па нейкай песні, хтосьці з вас кажа: «Пакіну гэта для свайго сольнага альбома!» Шмат ужо песень у гэтым «альбоме»?
С: Ха! Так, ёсць нейкія рэчы... Але гэта не самы добры альбом, павер!
А: Лепшае ўсё-ткі для Anacondaz стараемся зберагчы.
– А калі без жартаў, ці задумваліся калі-небудзь пра сольнікі, сайд-праекты?
С: У нас ёсць ідэя для сайд-праекта, але ён таксама гуртавы і некамерцыйны. Ёсць нават некалькі варыянтаў назвы для яго: «Унтибиргенова Айгирим», «God Is Not Timoshka», «As, If U Had Balls»...
А: Яшчэ «While She Drinks» і «Костя, The Sailor».
– «Костя, The Sailor» наогул хэдлайнер! Раскажыце гісторыю яшчэ аднаго свайго мема – песні «Саня, вызывай полицию».
А: У нас ёсць у туравай камандзе хлопец Саша. Калі адбываецца якая-небудзь дробная бытавая фігня, напрыклад знікла банка піва, ён заўсёды кажа нешта тыпу: «Блін, не магу знайсці піва... Выклікай мусароў!» Гэта моцна прыжылося ў гурце. Мы пастаянна ходзім такія: «Сука, дзе скотч? Саня, выклікай мусароў!» А потым усё перарасло ў песню.
«Мы неяк ляцелі з адным вельмі крутым папсовым гуртам у самалёце і абмяркоўвалі, што калі зараз упадзем, то напішуць пра іх, а не пра нас»
– У адным з нядаўніх інтэрв'ю Арцём распавёў, што калісьці спрабаваў кокс з салістам групы Hollywood Undead. Якія самыя клішаваныя рок-подзвігі рабіў ты, Сяргей?
С: Першыя туры, вядома, былі рок-н-рольнымі. Разнеслі пару нумароў у гасцініцах, пілі страшна, але так каб прама нешта жорсткае...
А: Гэта ў фільмах і дайджэстах усе змантавана так, што здаецца: «Ух, я*аць! Рок-н-рол – гэта крута!» А калі за два тыдні ты праязджаеш 15 тысяч кіламетраў у аўтобусе, то ў цябе адзінае жаданне – схадзіць у душ і не памерці.
С: Пазаўчора мы ехалі на цягніку ў Пскоў на фестываль мастацтваў імя Сяргея Даўлатава ў адным вагоне з тэатральнай тусоўкай: акцёры, рэжысёры, мастакі. Яны бухалі ўсю дарогу, а я не мог заснуць, варочаўся і думаў: «Хм, можа, мусароў выклікаць?» Усё, што я магу сказаць пра рок-н-рол. Ужо па прыездзе на фестываль да нас у рэстаране падсела дама ва ўзросце. Я думаю: «Блін, зараз будзе нязручна: у нас тут мат-перамат, сальныя жарты...» Але вось што значыць тэатральная тусоўка: дама не разгубілася, узяла на сябе ініцыятыву і пачала жартаваць паболей нашага.
– Сяргей Міхалок гэтак жа пазнаёміўся са сваёй жонкай-актрысай: бухія «Ляпісы» пабіліся ў цягніку з у вусцілак п'янай акцёрскай трупай.
А: Вооось! Паказальная, добрая гісторыя!
С: Не тое што песні гурта Brutto... А ваша СМІ, дарэчы, не належыць Міхалку?
Занадта рок-стар
– У вас няма, дарэчы, адчування, што рэп ужо ўсіх за*баў і вось-вось з'явіцца які-небудзь добры рок-гурт, які пераверне гульню?
А: Рэп цяпер становіцца якасней па прадакшне, жанр расце. Тут прыкол у тым, што рэп ты можаш нават дома запісаць і крута звесці. Але я не ведаю ніводнага рок-гурта, які б прыйшоў у гараж і запісаў геніяльны альбом.
– А як жа Бледны з «Пошлой Молли»?
С: Мне падабаецца «Пошлая Молли», але я не сказаў бы, што яны прама перавярнулі ігру.
А: Бачна, што, у адрозненне ад усякіх «Фараохаў», «Фэйсаў» і іншай лухты, гэта абсалютна шчырая падлеткавая гісторыя. Бледны рэальна весяліцца і кайфуе ў гэтых песнях. Я такую музыку наогул не слухаю, але іх магу часам уключыць і з задавальненнем паслухаць у плэеры. Там слабыя тэксты і запісана «на ад*біся», але затое сумленна і прэ.
«Яны бухалі ўсю дарогу, а я не мог заснуць, варочаўся і думаў: “Хм, можа, мусароў выклікаць?” Усё, што я магу сказаць пра рок-н-рол»
С: А яшчэ мне «Пионерлагерь Пыльная Радуга» падабаецца. Таксама не мой жанр, вельмі гранжавае музло, але што тычыцца вершаў – гэта проста геніяльна.
– Што адчулі, калі сабралі Stadium? Гэта ж велізарны васьмітысячны клуб.
С: Кайф! Цалкам выпадкова атрымалася там выступіць. Зачыніўся клуб Arena на 4000 месцаў, у якім у нас павінен быў быць канцэрт, і нам прапанавалі перанесці яго ў Stadium. Мы спачатку засцалі, калі шчыра. Але ўсё прайшло крута. Быў не солд-аўт, але для нас гэта было вельмі маштабна.
– Як вы ўяўляеце сваю рок-старасць?
С: Да таго часу, пакуль перад вачыма ёсць ролевыя мадэлі адэкватнага старэння накшталт тых жа Басты і Уладзі, я спакойны. У сваім узросце яны застаюцца актуальнымі. Мы хочам працягваць збіраць на сваіх канцэртах школьнікаў «з галавой» і знаходзіцца з імі на адной хвалі. Ну і атрымліваць задавальненне ад сваёй музыкі, вядома, – гэта самае галоўнае.
***
Праз 15 хвілін хлопцы ўжо былі на сцэне і валілі свой бескампрамісны «паузэрн-рэп». Раз-два-тры – па нырках, раз-два-тры – па печані – так выглядае слэм на канцэртах «Анакондаз» знутры. У клубе біток, народ танчыць і шалее ў сёркл-піце, пакуль у паветра з гармат вылятаюць канфеці. Тэксты спяваюць хорам. Арцём дае нырца ў натоўп і «вынырвае» ўжо на балкончыку, працягваючы чытаць свой тэкст. Поўнае вар'яцтва. Сяргей бярэ ў рукі мікрафон:
– Чувакі, у мінулым годзе на нашым канцэрце хлопец зрабіў прапанову сваёй дзяўчыне. Вы цяпер у зале?
Над натоўпам падымаюцца дзве рукі з кольцамі на пальцах.
– Ого! Вось гэта рэальна крута! Так, каб на наступны канцэрт ужо з папаўненнем прыходзілі.
Па зале пракацілася хваля замілавальнага «оооўўў», якую ўжо праз некалькі імгненняў заглушыў роў «гібсана». Здаецца, на падыходзе яшчэ адно пакаленне, якое выхаваюць Anacondaz...
Пагутарылі з маладым навукоўцам Цімам Падвіцкім пра тое, як навука зараз змагаецца са старэннем, і да якіх змен у грамадстве гэта прывядзе.
Як падзеі на Пушкінскай ляглі на палатно, а таксама іншыя важныя гісторыі з жыцця беларускага мастака.
Распыталі заснавальніка «Улея» і MolaMola пра карані беларускай талакі і ідэі, якія выстрэльваюць.
Дыскусіі, прэзентацыі, інтэрактыў.
Холад прыроды і цяпло людзей.