Праваабаронца Алена Танкачова вярнулася ў Беларусь
- Рубрыка: УЛОЎ
- 22.02.2018
- 9271
Сёння, 22 лютага 2018 года, праваабаронца Алена Танкачова вярнулася ў Беларусь пасля трох гадоў дэпартацыі.
У 90-х Алена Танкачова стварыла Цэнтр прававой трансфармацыі Lawtrend. Галоўная мэта – аказанне прафесійнай юрыдычнай і экспертнай падтрымкі некамерцыйным арганізацыям Беларусі, а таксама дапамога пры парушэнні правоў чалавека. Таксама Алена прымала ўдзел у радзе «Зялёнай сеткі», Нацыянальнай платформе Форуму Усходняга Партнёрства і міжнародных гуманітарных ініцыятывах.
У лютым 2015 года Алену дэпартавалі з Беларусі з забаронай на наведванне краіны на працягу трох гадоў. Танкачова – грамадзянка Расіі, аднак да гэтага жыла ў Беларусі на працягу 30 гадоў. Афіцыйная прычына высылкі – парушэнне ПДР, аднак праваабарончая суполка лічыць дэпартацыю Алены помстай за яе актыўную прафесійную дзейнасць. Яе калегі неаднаразова падавалі звароты ў МЗС і МУС з патрабаваннем адмяніць або скараціць тэрмін забароны Танкачовай на ўезд у Беларусь, але кожны раз атрымлівалі адмову.
На працягу трох гадоў Алена жыла ў Вільні. Там яна атрымала дыпламатычны статус амбасадоркi Рэспублікі Ужупіс з правам адкрыцця рэзідэнцыі Рэспублікі ў беларускай вёсцы Каптаруны. Зараз Танкачова збіраецца атрымаць грамадзянства Беларусі.
«Для маёй сям’і высылка была выпрабаваннем, усе перажывалі, але падтрымлівалі. Некаторых сваіх сяброў у Вільні часцей бачыла, чым у Менску. Пакуль ты дома і ўсё добра, то часам забываеш патэлефанаваць ці сустрэцца. А калі ёсць цяжкасці, робіцца зразумела, хто побач, хто не», – кажа Алена пасля вяртання.
Першае інтэрв'ю Алены Танкачовай пасля вяртання чытай на Радыё Свабода.
Вiзуал: tut.by