«Агульная дыктоўка» пройдзе цалкам анлайн
- Рубрыка: УЛОЎ
- 21.05.2020
- 9791
Акцыя ў падтрымку беларускай мовы «Агульная дыктоўка» пройдзе 6 чэрвеня цалкам дыстанцыйна – праз YouTube. Сёлета ўдзельнікі не толькі змогуць бяспечна расставіць усе галкі над «ў», але і паспрыяць барацьбе з эпідэміяй COVID-19.
Арганізатар праекта ААТ «Лідскае піва» плануе пералічыць на дабрачынны рахунак Міністэрства аховы здароўя па 5 BYN за кожнага(-ую) удзельніка(-цу) дыктоўкі плюс загадкавую суму зверху за тых, хто атрымае 9 або 10 балаў.
Каб узяць удзел у арфаграфічна-пунктуацыйным чэленджы, трэба да 4 чэрвеня зарэгістравацца на сайце арганізатара, а потым дачакацца спасылкі на трансляцыю (яе дашлюць на e-mail).
Сэнс праекта «Агульная дыктоўка» – папулярызацыя і ўшанаванне роднай мовы. Упершыню дыктоўку зладзілі ў 2017 годзе ў Нацыянальнай бібліятэцы. Тэму ў розныя гады сапорцілі Naviband, Shuma, акцёры Купалаўскага тэатра, рэжысёр Іван Пінігін, пісьменнікі Андрэй Горват і Людміла Рублеўская. У 2019-м дзякуючы радыётрансляцыі праверыць свае веды змаглі не толькі беларусы ў Беларусі, але і тыя, хто знаходзіўся ў ЗША, Польшчы, Расіі, Украіне. У 2020-м праект стаў яшчэ і дабрачынным.