25813 0

Вольга Каскевіч

Заснавальніца арганізацыі «Багна» і актывістка «Зялёнай сеткі» Вольга Каскевіч распавядае пра тое, як змагацца з дзяржавай за свае правы, чаму трэба захоўваць багну і як выхоўваць эка-сумленных грамадзян.

 

Чым займаюцца: Праблемамі экалогіі, захавання беларускіх балот і дзікай прыроды.

Дата заснавання: «Зялёная сетка» – 2007 год; bezbolot.net – 2012 год; «Багна» – 2014 год.

Структура: «Зялёная сетка» – 12 таварыскіх арганізацый і 32 індывідуальныя фізічныя асобы; bezbolot.net – 150 чалавек; «Багна» – 8 чалавек.

Факты: За час сваёй працы «Зялёная сетка» выпусціла 780 актывістаў, якія рэалізавалі каля 40 экалагічных стартапаў. У выніку працы «Багны» было захавана 7 заказнікаў і асабліва каштоўных тэрыторый. Дзякуючы намаганням арганізацыі было абаронена 1950 га балот ад асушэння – гэта па памерах як 121 «Мінск-Арэна». Актывісты руху арганізавалі першы арт-фестываль на балоце ды знялі дакументальную стужку «Подых балот».

Кантакты:

«Зялёная сетка»  |  FB   |   «Багна»   |  
FB   |   Кампанія «Восем балот»

З кім гутарым: Вольга Каскевіч, 28 гадоў. З першай адукацыі – выкладчыца нямецкай мовы. Скончыла ЕГУ па спецыяльнасці «Тэорыя і практыка сучаснага мастацтва». Заснавальніца арганізацыі «Багна», лідар ініцыятывы bezbolot.net, менеджар аддзела грамадскіх кампаній у таварыстве «Зялёная сетка».


 

Гісторыя Вольгі

– Калі я вярнулася з Вільнюса пасля ЕГУ, то думала, чым заняцца. Спачатку спрабавала займацца бізнэсам і перакладамі, але мне не ставала духоўнасці ў гэтых занятках. Потым сябры пазнаёмілі мяне з Ірынай Сухій, і я пачала ўключацца ў экалагічны рух. Мне вельмі спадабаліся гэтыя людзі ды іх дзейнасць, я падзяляю іх каштоўнасці, напрыклад, прынцыпы ўстойлівага развіцця. Мне падабаецца жыць і ведаць, што вакол ёсць адзінства людзей, якія мяне падтрымліваюць.

Людзі ў грамадскіх арганізацыях рэдка працуюць на поўную занятасць, яны альбо сумяшчаюць гэта з асноўнай працай, альбо курыруюць некалькі праектаў. Наогул грамадская дзейнасць пабудавана не на зараблянні грошай, а на вырашэнні сацыяльна значных праблем, так адбываецца ва ўсім свеце. Іншая справа, што наша дзяржава фінансава нам ніяк не дапамагае, а ў Еўропе ўсе грамадскія арганізацыі спансуюцца афіцыйнымі ўладамі.

На нейкія праекты мы шукаем гранты і атрымліваем спонсарскую падтрымку. У асноўным гэта вельмі малабюджэтныя кампаніі або праекты, для рэалізацыі якіх на патрэбныя буйныя грошы, кшталту арт-фестываля «Багна» альбо стужкі «Подых балот». Цяпер мы плануем з ПРААН сумесны праект па васьмі заказніках і ўстойлівым развіцці гэтых тэрыторый. Гэта будзе восем асабліва ахоўных прыродных тэрыторый, на якіх прысутнічаюць водна-балотныя ўгоддзі. Зараз гэты праект знаходзіцца на стадыі абмеркавання.

 


Што такое «Зялёная сетка»?

– «Зялёная сетка» – гэта таварыства арганізацый і індывідуальных фізічных асоб. Можна сказаць, гэта такі саюз сяброў і партнёраў, якія прытрымліваюцца аднолькавых пазіцый па многіх экалагічных пытаннях у нашай краіне. Адна з асноўных экалагічных праблем Беларусі – гэта знішчэнне прыродных рэсурсаў. У нас планавая эканоміка, таму, напрыклад, з балот бесперапынна выцягваюць торф для заводаў. Гэта падаецца нормай, але ж насамрэч існуюць альтэрнатыўныя спосабы выкарыстання балот. 

Дзікая прырода – гэта не толькі тое, што мы абавязаны захоўваць, гэта таксама тое, чым мы можам рацыянальна і ўстойліва кіраваць: развіваць экалагічны турызм і праводзіць даследаванні. У Беларусь прыязджаюць нямецкія навукоўцы і студэнты вывучаць нашы балоты, бо ў Еўропе ў мінулым стагоддзі ўсе натуральныя багны былі знішчаныя, там не захавалася натуральнага асяроддзя. Дзякуй богу, у нас засталося яшчэ шмат дзікіх тэрыторый.

«Гэты поспех даў нам шмат сілаў, бо раней падавалася, што перамагчы дзяржаву ў нейкіх пытаннях абсалютна нерэальна»

Таксама «Зялёная сетка» заснавала Школу экалагічнага актывіста – гэта доўгатэрміновая адукацыйная праграма, якая праводзіцца штогод. У асноўным да нас прыходзіць моладзь 20-30 гадоў, тыя, хто яшчэ вызначаюцца па жыцці. Звычайна людзі ідуць да нас з уласным экалагічным пытаннем альбо сітуацыяй, якую яны хочуць вырашыць у сваім асяроддзі. На першым этапе праграмы мы даем базавыя веды пра экалогію ў побыце. На другім, інтэнсіўным, мы адвозім вучняў у лес на восем дзён, каб яны разам з экспертамі працавалі над сваімі ідэямі, развівалі іх у стартап ці міні-праект. Таксам на гэтым этапе мы стараемся пазнаёміць студэнтаў з усім беларускім экалагічным рухам і з экспертамі з бліжэйшых краін. 

На трэцім этапе адукацыі вучні рэалізуюць свае ідэі. З аднаго такога праекта ўласна і паўстала арганізацыя «Багна». Сярод іншых паспяховых праектаў можна назваць дзіцячыя экалагічныя майстэрні ў Галерэі «Ў», бясплатны пракат ровараў, праект эка-ліхтарыкаў Slow Glow. Таксама ў рамках навучання ў нашай школе мы арганізоўваем адукацыйныя візіты ў Чэхію для нашых вучняў, каб паказаць, як у эка-галіне працуе Захад. Пасля заканчэння курса народ у асноўным застаецца ў эка-руху: альбо развівае свой стартап і ідзе далей, альбо прымыкае да блізкіх па духу ініцыятыў. Ва ўсялякім выпадку, нашы студэнты пачынаюць думаць у экалагічна прыязным напрамку.

 

 

Што такое «Багна»?

– Каманда грамадскай арганізацыі «Багны» вось ужо чатыры гады працуе над стварэннем іміджу беларускіх балот як унікальнай і каштоўнай з’явы. Ужо бачны вынік – тэма балот фігуруе ў мастакоў, у праектах дзяржаўных структур і СМІ. У 2014 годзе ўпершыню ў Беларусі быў праведзены арт-фестываль «Багна» на балоце, дзе было створана 12 zero-waste аб'ектаў. З іншых дасягненняў – «Багна» зняла першы дакументальны фільм пра беларускія балоты «Подых балот», які ўжо прыняў удзел у фестывалі Febiofest у Браціславе.

Наш першы вялікі поспех у абароне багнаў – гэта захаванне Вецярвiцкага заказніка ў сваіх межах, насуперак жаданню мясцовых уладаў. Пры рэарганізацыі гэтых тэрыторый было парушана заканадаўства, таму што не праводзілася навукова-тэхнічнае абгрунтаванне. Мы падалі скаргу ў суд, і пракурор пагадзіўся, што дзеянні райвыканкама былі неправамоцнымі. Гэты поспех даў нам шмат сілаў, бо раней падавалася, што перамагчы дзяржаву ў нейкіх пытаннях абсалютна нерэальна.

«Хтосьці кінуў недакурак, багна загарэлася – і шмат звяроў апынулася ў вогненным коле і не здолела выбрацца з агню. Ад гэтых уражанняў мужчыны потым проста напіліся ўвечары»

Іншая вялікая справа тычыцца заказніка «Азёры» на балоце Святое ў Гарадзенскай вобласці, якое хацеў забраць сабе мясцовы торфаздабывальны завод. Мы дапамаглі паспяхова правесці грамадскія слуханні сумесна з Мінпрыроды. На гэтых сустрэчах прысутнічала больш за 300 чалавек, прыязджалі акадэмікі і навукоўцы, было вельмі шмат арганізацый і мясцовых жыхароў. Лакальныя бізнэсоўцы распавядалі, якія ў іх ёсць планы па развіцці гэтых тэрыторый, напрыклад, эка-турызм. Выказваліся нават рыбакі і дзевяностагадовыя дзядулі, гэта было так душэўна! Мясцовыя так эмацыйна распавядалі свае гісторыі, што супрацоўнікі завода нават нічога не былі здольныя сказаць. Далейшы лёс заказніка зараз вызначаецца.

Іншы наш праект – ахова васьмі ўнікальных балот, адно з іх – Марочна на Палессі. Там такія яркія бабулі! Яны распавядалі, як сем’ямі хадзілі па журавіны і голасна спявалі, каб чуць адна адну і не згубіцца. Таксама яны прыгадалі, як аднойчы балота гарэла. Хтосьці кінуў недакурак, багна загарэлася – і шмат звяроў апынулася ў вогненным коле і не здолела выбрацца з агню. Ад гэтых уражанняў мужчыны потым проста напіліся ўвечары. Вельмі жаласна гэта ўсё было... Калі мы здымалі кіно «Подых балот», то хацелі зняць найстарэйшых зборшчыц журавін. На жаль, некаторых ужо падводзяць ногі, і яны не могуць наведваць сябровак, бо вёскі знаходзяцца ў некалькіх кіламетрах адна ад адной. Мы змаглі арганізаваць сустрэчу дзвюх жанчын, якія не бачыліся ўжо дваццаць гадоў, – і яны зноў спявалі свае песні разам.

 

Тэкст & фото by Таня Капітонава


ВЫШЭЙ
ЗГАРНУЦЬ КАМЕНТАРЫ

Пакуль няма ніводнага каментара

Напісаць каментар

альбо аўтарызацыя
Неадэкватныя па меркаванні рэдакцыі каментары могуць быць выдаленыя.