+1 магчымасць для тых, хто марыць зрабіць нешта карыснае
- Рубрыка: УЛОЎ
- 08.08.2023
- 3168
Да 20 жніўня можна падавацца на восеньскі паток «Майстэрні карысных праектаў». Гэты анлайн-курс – цудоўная магчымасць выбудаваць уласны сацыякультурны праект ад ідэі да першых вынікаў.
Навучэнцы і навучэнкі «Майстэрні» пад пільным, але ненавязлівым наглядам ментараў і ментарак пераадолеюць шлях ад стварэння прататыпа праекта да яго тэставання і пітчынгу. То-бок ты можаш прыйсці з «голай» ідэяй (але ідэя павінна быць), а скончыць курс, маючы ўяўленне, куды рухацца далей.
Якія праекты пасуюць?
Што заўгодна: кіно, арт, музыка, медыя, урбаністыка, плэйсмэйкінг, стварэнне супольнасцяў. Гэта могуць быць афлайн-штукі і анлайн-імпрэзы. Падкасты, фільмы, кнігі, фестываль. Адзіная ўмова: каб гэта не была «рэч у сабе», чысты геданізм, – праект павінен быць карысным для грамадства і прыцягваць увагу да актуальных праблем.
Напрыклад, ідэя «Майстэрні карысных праектаў» прыйшла да яе стваральніцы Надзеі Ількевіч пасля таго, як яна з уласнай ініцыятывы стварыла паблік-спэйс з муралам у адным амерыканскім горадзе – пры актыўнай падтрымцы мясцовых жыхароў, уладаў і нават бізнэсоўцаў. Спэйс той працуе і цяпер. Дарэчы, праекты па добраўладкаванні тэрыторыі – гэта тое, што больш-менш рэальна зрабіць у родным беларускім мястэчку, быў бы імпэт. Суботнікі ў нас традыцыйна паважаюць.
Якія ўмовы навучання?
«Майстэрня» працуе з 31 жніўня па 23 лістапада. Усе актыўнасці адбываюцца ў анлайнах. Кошт навучання – 0,00. Гэта цалкам бясплатная для ўдзельніц і ўдзельнікаў ініцыятыва.
У чым цымус?
Выпускнікі ды выпускніцы іншых патокаў кажуць, што тут шмат практыкі, віруе нэтворкінг, узаемападтрымка працуе напоўніцу. А яшчэ, акрамя ментарскага суправаджэння, табе прапануюць псіхалагічную падтрымку: ёсць магчымасць наведаць індывідуальныя і групавыя сустрэчы з прафесійным псіхолагам. «Справа ў тым, што людзі часам робяць нешта таму, што грамадства іх аб гэтым “папрасіла”, а не таму, што самі гэтага хочуць, – кажа Надзея. – І мы вырашылі зрабіць такі курс, дзе можна было зразумець, што ты хочаш сам рабіць. З дапамогай псіхалогіі ты вучышся выбудоўваць свае межы, разумець, што “а вось гэтую мэту мне напэўна настаўніца ў школе навязала, я наогул хачу іншага”».
Усе падрабязнасці і расклад – на сайце праекта.