Чаму пратэстуюць супраць расізму ў Нідэрландах – краіне ліберальных скрэпаў? Даведаліся ў Ёрыса Ханзэ, актывіста арганізацыі Doorbraak, якая выступае супраць капіталізму, патрыярхату і расізму.
З кім гутарым?
Ёрыс Ханзэ вучыцца ва ўніверсітэце і каля сямі гадоў удзельнічае ў працы групы актывістаў Doorbraak («прарыў»), якія называюць сябе «базавай арганізацыяй супраць капіталізму, патрыярхату і расізму».
За што змагаюцца?
За дасягненне роўнасці і свабоды на ўсіх франтах. Doorbraak – частка традыцыі барацьбы і салідарнасці «знізу». Яны працуюць з людзьмі, дзеля якіх пратэсты арганізуюцца, каб ведаць, чаго гэтыя людзі сапраўды хочуць і што ім трэба. Актывісты змагаюцца з расізмам і прымусовай працай. Напрыклад, у Нідэрландах людзі з дапамогай па беспрацоўі часта вымушаныя выконваць працу, якая не аплачваецца.
Пратэстуюць і за скасаванне нацыянальнага каляднага персанажа – Чорнага Піта (мясцовая версія памочніка Санта-Клаўса), бо гэта расісцкая карыкатура. Характэрныя прыкметы Чорнага Піта: чорны або карычневы твар, шаравары і берэт з пяром.
Расізм, патрыярхат, капіталізм: якая сувязь?
– Як доўга існуе Doorbraak і з чаго ўсё пачыналася?
– Doorbraak існуе з 2007 года і склалася з дзвюх груп. Адной была група, якая працуе з 1990 года, – De Fabel van de illegaal. Назва перакладаецца як «гісторыя нелегалаў». Яны дапамагалі людзям без дакументаў атрымаць дазвол на знаходжанне ў краіне і вырашыць праблемы з сістэмай аховы здароўя. De Fabel van de illegaal выконвае прынцып «арганізацыі знізу ўверх», бо немагчыма арганізавацца супраць расізму, калі ўсе белыя.
Іншая група – маладыя людзі з турэцкімі каранямі Aksi (перакладаецца з турэцкага як «насуперак», «супярэчлівы(-ая)». Гэтыя людзі – мігранты з Турцыі ў другім або трэцім пакаленні. Іх бацькі прыехалі ў Нідэрланды ў якасці працоўных, і гэтыя сем'і па-ранейшаму занятыя выключна турэцкім парадкам дня. Таму моладзь Aksi хацела ствараць нешта важнае ў Нідэрландах, каб выйсці з «турэцкага гета».
Дзве гэтыя групы сутыкнуліся адна з адной у сувязі з «інтэграцыйным абавязкам»: нікому не падабаліся патрабаванні, што прад'яўляюцца Нідэрландамі да тых, хто нядаўна прыехаў. Як правіла, ім трэба вывучаць усе віды бескарыснай лухты, і вынікі гэтага вывучэння жорстка кантралююцца дзяржавай.
Назва Doorbraak азначае перш за ўсё выхад з зоны сацыяльнага камфорту. Гэта гісторыя пра тое, каб даць людзям магчымасць здзейсніць гэты прарыў, знайсці адно аднаго, каб разам змагацца супраць расізму, патрыярхату, капіталізму за нешта лепшае.
«Калі справядлівасць не для ўсіх, то гэта справядлівасць ні для каго»
– Растлумач для пачаткоўцаў, як звязаныя расізм, патрыярхат і капіталізм?
– Ты просіш мяне ўвесь свет апісаць, ці што?! Калі мы глядзім, як развіваецца капіталізм, то бачым, што яго сучасная форма была прычынай і вынікам заходняга каланіялізму. Заходнія краіны адправіліся за мора, а расізм быў па дэфолце часткай гэтай сістэмы. Яны імкнуліся каланізаваць, каб атрымаць новыя рынкі збыту і развіваць новую эканоміку. Але ўсё, на жаль, зроблена так: хочаш нешта захапіць – прыйдзецца забіць шмат людзей. У такой сітуацыі забываюць, што гэта таксама людзі, ненавідзяць іх, думаюць толькі пра эфектыўнасць.
Патрыярхат нашмат старэйшы. Часта яго выкарыстоўвае капіталізм для атрымання выгады. У гэтым выпадку – ад прыгнёту жанчын. Наўрад ці можна аналізаваць гэтыя формы прыгнёту асобна адна ад адной: яны ўзаемазвязаныя. Калі ты ўспрымаеш толькі адну форму прыгнёту і змагаешся толькі з ёй, то абавязкова сутыкнешся з сур'ёзнымі праблемамі. Напрыклад, калі ты змагаешся супраць расізму, але не супраць патрыярхату, што тады? Мужчыны з цёмным колерам скуры змогуць эмансіпавацца, а жанчыны з такім жа колерам скуры – не? Папросту нелагічна ж.
Ёсць лозунг пра гэта: «калі справядлівасць не для ўсіх, то гэтая справядлівасць ні для каго». Калі толькі некаторыя людзі могуць быць свабоднымі, што гэта за свабода такая? Думаю, вельмі крывадушная свабода.
– Ці яшчэ не цалкам дасягнутая свабода?
– Мы, вядома, не чакаем, што зменіцца ўсё адразу. Але нам важна, каб не выйшла так: мы змагаемся за правы адной групы, прыгнятаючы пры гэтым іншую.
«Мужчыны з цёмным колерам скуры змогуць эмансіпавацца, а жанчыны з такім жа колерам скуры – не? Папросту нелагічна ж»
Blackface-традыцыя з Чорным Пітам
– Вы актывісцкая група. Як гэта працуе і што вы робіце?
– У нас няма адной стандартнай мадэлі дзеянняў. Ідэя, якая аб'ядноўвае, – заўсёды арганізоўвацца «знізу». Мы ўсё робім з людзьмі, якіх гэта тычыцца. Акцыі супраць расізму – абавязкова арганізуем з людзьмі розных рас. Працу з праблемамі людзей з сацыяльнай дапамогай – разам з тымі, хто атрымлівае гэтую дапамогу. Мы не хочам гаварыць пра людзей за іх спінай. Няма сэнсу ісці біцца за кагосьці, калі яны самі ў гэтым не ўдзельнічаюць. Людзі сапраўды лепш за ўсё самі ведаюць, якія ў іх праблемы. Нам не трэба нічога за іх прыдумляць.
Што менавіта мы робім – залежыць ад канкрэтнай тэмы. У барацьбе з Чорным Пітам мы ладзім шмат дэманстрацый, таму што гэта эфектыўна, асабліва ў дзень Святога Мікалая. Нам важна аказваць людзям практычную дапамогу. Напрыклад, калі чалавеку трэба схадзіць у сацыяльную службу, мы можам пайсці разам з ім, даць кантакт тых, хто зможа дапамагчы.
– Часта лічаць, што грамадства ў Нідэрландах эмансіпаванае і цярпімае. І ўсё ж, аказваецца, галандцы моцна прывязаныя да расісцкіх стэрэатыпаў і традыцый. Хаця б на прыкладзе з Чорным Пітам: маса людзей не хоча адмаўляцца ад гэтай традыцыі, нават ведаючы, што робіць іншым балюча. Як так?
– У большасці галандцаў пазіцыя такая: мы не расісты, не сэксісты, мы эмансіпаваныя і па гэтых пытаннях у авангардзе. Але ўсё не так проста. Ёсць акадэмічная кніга Глорыі Векер «Белая нявіннасць» пра самаацэнку галандцаў і пра тое, што рэальнасць не адпавядае гэтаму малюнку. Пра тое, што мы, галандцы, не здольныя ўбачыць уласную каланіяльную гісторыю, не жадаем глядзець гэтай праўдзе ў вочы і ў нейкі момант адмаўляемся ад яе наогул.
Векер піша: «Нідэрланды былі каланізатарамі 400 гадоў: эксплуатавалі людзей, рабілі іх рабамі, забівалі і тлумачылі ўсё гэта расісцкімі ідэямі. І гэта складана: калоніі пазбавіліся ад нас прыкладна паўстагоддзя таму. А калі вы былі расістамі 400 гадоў, як вы зможаце пазбавіцца ад гэтых ідэй за нейкіх гадоў 50? Гэта немагчыма».
Праблема часткова ў тым, што ў белых галандцаў ёсць вобраз саміх сябе, не па-расісцку настроеных. Ты кажаш ім: «Пачакайце, ды мы расісты, у нас ёсць blackface-традыцыя з Чорным Пітам, мы этнічна прафіліруем людзей, а людзям з іншым колерам скуры цяжэй атрымаць працоўнае месца». Белыя галандцы ў адказ на гэта рэагуюць абражана: «Ды не можа быць такога!» З-за гэтага адмаўлення часам складана пазначыць праблему.
– Атрымліваецца, белых людзей вашы дзеянні абражаюць: у рэшце рэшт, вы хочаце скасаваць старую-добрую традыцыю. Вам нармальна крыўдзіць гэтых белых людзей?
– Вядома, ёсць людзі, якія кажуць, што мы занадта радыкальныя, ладзім дэманстрацыі. У Нідэрляндах Чорны Піт абмяркоўваецца як абразлівая традыцыя ўжо гадоў 70. У апошні час супраціў гэтай традыцыі рос, усё больш людзей прымалі ўдзел у пратэстах, дэманстрацый станавілася больш. Сёння рух супраць Чорнага Піта стала немагчыма ігнараваць, мы заўважаем змены.
Мы сутыкаем людзей тварам да твару з рэчаіснасцю, і не так важна, калі пры гэтым пара белых хлопцаў пакрыўдзіцца. Добра, калі белыя людзі змагаюцца за антырасісцкія ідэалы. Гэта важна. Але яны павінны даваць людзям іншага колеру магчымасць вырашыць, за што менавіта змагацца. Менавіта людзі іншага колеру ведаюць, што такое расізм, і яны мусяць вызначаць мэты барацьбы і сродкі, а не мы
Камуністычны ідэал
– Якія мэты і планы ў Doorbraak?
– Нам важна быць часткай грамадскага руху, які становіцца ўсё большым. Хочацца, каб больш людзей цікавіліся тымі ж пытаннямі.
Добра было б, каб традыцыя з Чорным Пітам знікла, – працэс ужо адбываецца. І я б хацеў, каб больш груп прыходзіла ў «сумежныя сферы»: барацьбу з этнічным прафіляваннем і дыскрымінацыяй на працоўным месцы.
«Наш ідэал камуністычны, у стылі: “ад кожнага па здольнасцях, кожнаму паводле патрэбаў”»
Доўгатэрміновыя мэты, вядома, грандыёзныя: знікненне капіталізму, падзенне патрыярхату, ніякага расізму. Але гэта адбудзецца не заўтра. Мы больш думаем пра тое, як менавіта мы дабяромся да гэтага цудоўнага моманту.
Наш ідэал – свет для ўсіх, свайго роду камуністычны ідэал у стылі «ад кожнага па здольнасцях, кожнаму паводле патрэбаў». Для нас важна, каб людзі маглі жыць у згодзе адно з адным, не адчуваць няроўнасці, быць каштоўнымі адно для аднаго, знаходзіцца ў гармоніі з прыродай (дарэчы, так, экалогія таксама важная). Мы стараемся кіравацца гэтымі ідэаламі ўнутры арганізацыі: падтрымліваць адно аднаго, быць салідарнымі, клапаціцца пра тое, каб адносіны ў групе былі збалансаваныя.
– Ці ёсць месца парламенцкай палітыцы ў вашай барацьбе? Ці вы ад палітычнай сферы нічога не чакаеце? Вы калі-небудзь спадзеяцеся, што палітыкі вам дапамогуць, ці яны больш замінаюць вашай працы?
– Доўга праца палітыкаў была для нас контрпрадуктыўнай. Узяць хаця б дыскусіі вакол Чорнага Піта. Гадамі палітыкі нічога не казалі пра гэта, а калі і гаварылі, то толькі што гэта важная традыцыя, якую трэба захаваць. Не было палітычнай партыі, якая б сказала: «Сапраўды, гэта глупства нейкае». У лепшым выпадку некаторыя палітыкі выказвалі лёгкую крытыку традыцыі ад уласнага імя. Так што да гэтага часу мы нічога ад палітыкаў не чакалі і не прасілі.
Зараз палітычная сцэна трохі змяняецца, але толькі дзякуючы ціску з нізоў. Тое, што палітыкі цяпер зацікавіліся дыскусіяй, – вынік працы людзей, якія не маюць з палітыкай нічога агульнага. З-за сацыяльнай значнасці гэтай тэмы палітыкі сталі разглядаць яе як адну з тых, што дапамогуць атрымаць вялікую падтрымку – і ў гэтым сэнсе я скептычна настроены. Ініцыятыва адназначна не ў руках палітычных партый, а ў руках людзей, якія выступаюць супраць усялякага прыгнёту. А што палітыкі робяць і кажуць – гэта мінімум намаганняў, які дае мінімум выніку.
– Якія вынікі вашай працы ўжо бачныя?
– Калі зноў звярнуцца да тэмы з Чорным Пітам, то бачна, што ўсё больш людзей прызнаюць гэтую традыцыю абразлівай. Пару гадоў таму 90% насельніцтва краіны хацелі захаваць Чорных Пітаў. Цяпер такіх – усяго 65%. Для некалькіх гадоў гэта вялікая змена. Калі так і далей пойдзе, праз тры гады палова людзей тут не будзе больш хацець бачыць Чорнага Піта. Гэтыя вялікія перамены адбыліся часткова дзякуючы нам.
«Калі вы былі расістамі 400 гадоў, як вы зможаце пазбавіцца ад гэтых ідэй за нейкіх гадоў 50? Гэта немагчыма»
Калі мы глядзім на антырасісцкія акцыі ў цэлым, заўважна, што апошняя хваля дэманстрацый супраць расізму дала штуршок сур'ёзным зменам: многія тэмы сталі больш абмяркоўвацца. У нас шмат падстаў для дыскусій: каланіяльнае мінулае краіны, звязанае з ім рабства, дэкаланізацыя (у нашай культуры, у адукацыі, у музеях), дыскрымінацыя на працоўным месцы. Пра ўсё гэта проста прыйдзецца пагаварыць, і дзякуючы дыскусіі пра Чорнага Піта такія тэмы падымаюцца ўсё часцей.
Заснавальніца руху Марта Лемпарт – пра тое, як польскія пратэсты супраць забароны абортаў сталі паспяховымі.
Актывістка руху Ne da(vi)mo Beograd Люба Слаўковіч – пра тое, як вывесці тысячы людзей на вуліцы.
Як мясцовыя жыхары ў Кіеве ператварылі пустку ў месца для прагулак.
Ніка Водвуд – пра тое, як уладкаваны кіберактывізм.
«Выйдзі і зайдзі нармальна».
Каб зрабіць упрыгожанне на ялінку ці звязаць шопер.
І не забываем перадаваць веды новым пакаленням.
Росквіт размаітасці і крызісны заняпад.