Куды пайсці ў Менску ў лістападзе?

  • 30.10.2019
  • Аўтар: 34mag
  • 5223

У гэтым месяцы будзем слухаць пра падкасты, падаць у транс пад новыя этна-электра-трэкі Shuma і, канешне, бясконца глядзець на «Лістападзе» фестывальнае кіно з усяго свету (з асаблівай ахвотай – беларускае).

 

«ЗМЕНА». СЯРГЕЙ БРУШКО

 Калі:  да 19 лістапада

 Дзе:  Палац мастацтва, прастора ZAL#2

 Кошт:  бясплатна

Да сярэдзіны месяца будзе доўжыцца выстава аднаго з самых вядомых фотажурналістаў Беларусі – Сяргея Брушко. ZAL#2 упрыгожаць шчырыя здымкі беларусаў эпохі перамен: канца 1980-х – пачатку 1990-х. Героі гэтых фота – людзі ў незвычайных абставінах: іх «гартуе» эканамічны крызіс, мітынгі, забастоўкі рабочых, наступствы аварыі на Чарнобыльскай АЭС. На адкрыцці выставы 31 кастрычніка адбудзецца прэзентацыя шыкоўнай фотакнігі.

«ІРЖЫ СУХІ – ЛЯГЧЭЙ ПА ЖЫЦЦІ!»

 Калі:  1 лістапада, 19:00

 Дзе:  Silver Screen в Galileo

 Кошт:  6 або 14 BYN

Хочаш навучыцца жыць як сапраўдны бунтар, а не абмяжоўвацца паходамі ў «Хуліган» і тусамі «Басоты»? Тут прапануюць моцны прыклад вольнага чалавека. Рэкамендуем дакументалку пра легенду чэшскай культуры – пісьменніка, кампазітара, сцэнографа Іржы Сухі. Рэдкі тып – ён змагаецца з рэжымам, не губляючы запальнага пачуцця гумару, аптымізму, самаіроніі. І назіраць за гэтым вельмі цікава.

BELARUS PODCAST DAY

 Калі:  2 лістапада, 11:00–15:00

 Дзе:  культ. цэнтр «Корпус»

 Кошт:  бясплатна, рэгістрацыя тут

Падкасты ў 2019-м – ці то новы чорны, ці то новы сэкс. Гэты факт не выслізнуў з-пад увагі рабят з «Цэнтра новых ідэй», і яны сабралі самы сок у адзін трохлітровік: 2 лістапада аўтары(-кі) падкастаў пра Беларусь, адукацыю, фемінізм, сэкс, ментальнае здароўе збяруцца ў адным месцы, каб падзяліцца досведам. Там будзе і тваё ўлюбёнае Radio Plato, і твой дарагі часопіс 34mag. Нашы падкасты, дарэчы, вось тутачкі.

 

«АСЦЯРОЖНА: ДЗЕЦІ!»

 Калі:  2 лістапада, 20:10

 Дзе:  кінатэатр «Цэнтральны»

 Кошт:  6 BYN

Нават калі ў тваёй школе і здараўся такі трэш, як у гэтым скандынаўскім кіно, мы ўсё роўна лічым, што яно здольнае цябе здзівіць. Сюжэт стартуе са смерці вучня, а пасля яе школа пераўтвараецца ў экзістэнцыйнае поле бойкі. Не абыходзіцца і без канфлікту паміж дарослымі: тыя ніяк не могуць разгрэбці свае пачуцці. Адначасова школа становіцца метафарай сённяшняй Еўропы. Прыходзь даць нырца ў жорсткую рэальнасць.

SHUMA

 Калі:  2 лістапада, 19:00–22:00

 Дзе:  Ок16

 Кошт:  35–45 BYN

Этна-электронны праект прэзентуе новы альбом «Me, Mother», куды ўвайшлі старажытныя беларускія песні, што выкарыстоўваліся жанчынамі ў розных рытуалах. Цікава, што абедзве вакалісткі запісвалі альбом падчас цяжарнасці, а пазней саўнд-прадзюсар Alexis Scorpio зрабіў з акустычнага альбома электронны. За рэпост івэнта на FB кожнага(-ую) чакае падарунак на ўваходзе.

WORLD VEGAN DAY

 Калі:  3 лістапада, 12:00–21:00

 Дзе:  культ. цэнтр «Корпус»

 Кошт:  бясплатна

1 лістапада – міжнародны Дзень вегана. Адзначыць яго можна праз пару дзён у «Корпусе». Будуць лекцыі па тэме адказнага і этычнага спажывання, фудкорт з чыста раслінных інгрэдыентаў, маркет экалагічных тавараў, урокі кулінарыі, дэгустацыя, і ўсё гэта – на фоне дакументалак з прыроднымі пейзажамі. Закупішся ежай, з-за якой ніхто не памёр, і пагутарыш за жыццё з аднадумцамі(-камі).

 

«ГАЛАСЫ»

 Калі:  4, 5, 10, 17, 24 лістапада

 Дзе:  Ок16

 Кошт:  free donation

(Не)псіхіятрычны фестываль «Галасы» аб'яднае ўсіх, хто ставіцца неабыякава да тэмы ментальнага здароўя. Спецыялісты «па мазгах і душы» распавядуць пра важныя моманты ў псіхіятрычнай сферы і адкажуць на твае пытанні.

Праграма вельмі насычаная. Акрамя лекцый і кансультацый запланаваныя трэнінгі, арт-тэрапія, музыка. Магчыма, гэта стане для цябе салодкай пілюляй напярэдадні зімы.

НАЦКОНКУРС «ЛІСТАПАДА»

 Калі:  5–7 лістапада

 Дзе:  кінатэатр «Беларусь»

 Кошт:  5 BYN = 1 сеанс

«Нэтфлікс» «Нэтфліксам», але цікавей за ўсё глядзець, што здымаюць сучаснікі і суайчыннікі. Сёлетняя падборка «Лістапада» вельмі разнамасная, але гэта па-ранейшаму пра нас з табою. Хочацца чагосьці кранальнага, ідзі на стужку «Мая бабуля з Марсу», у якой рэжысёр зняў сваю бабулю. Жадаеш паэтычна паглядзець на Менск – вось табе «Апошні дзень гэтага лета». «1986» раскрые крымінальны бок тыповай студэнткі беларускай ВНУ: тут гераіня бярэцца за нелегальны бізнэс бацькі, звязаны з Чарнобыльскай зонай. А постапакаліптычны фільм «Хронікі ртуці» зацягне цябе ў трагедыю ізгояў і прапануе незвычайны погляд на рэальнасць.

«ДАВАЙПАКА»

 Калі:  5 лістапада, 19:00–20:30

 Дзе:  кафэ «Грай»

 Кошт:  бясплатна, рэгістрацыя тут

Нарэшце лепшыя анекдатычныя гісторыі пра персанажаў беларускай палітыкі, якія ты бачыў(-ла) у Facebook пад тэгам #давайпака, апынуліся пад адной вокладкай. Журналіст Алесь Пілецкі прэзентуе кніжку «Казкі па целефоне».

Усім, хто прыйдзе на івэнт, абяцаюць экзэмпляр з аўтографам. А калі ісці некуды лянота, можаш хоць зараз спампаваць кніжку-пэдээфку тут.

 

PODPOLIE WEEKEND

 Калі:  8–9 лістапада

 Дзе:  Lo-Fi Social Club

 Кошт:  бясплатна

Суполка андэграўнднага арту Podpolie вязе ў Менск шмат работ французскіх артыстаў. Падчас уік-энду пакажуць некалькі новых відэапрац, прадставяць новы выпуск часопіса Podpolie Magazine Styles і паразважаюць пра графіці ў межах сучарту. Цвік праграмы – легенда еўрапейскай сцэны Sonik (PAL): ён аформіць сценку, і ты зможаш паназіраць за яго тэхнікай.

LITVAK KLEZMER FEST

 Калі:  7–8 лістапада

 Дзе:  Ок16

 Кошт:  бясплатна

Litvak Klezmer Fest – гэта фестываль яўрэйскай народнай музыкі. Музыка клезмераў прызнаная ва ўсім свеце, але ў Беларусі пра яе чулі, бадай, толькі аўдыягурманы. Нарэшце справядлівасць аднаўляецца: прастора Ок16 два дні будзе дрыжаць так, быццам там адбываецца вялікае яўрэйскае вяселле. У лайнап памясцілася больш за дзясятак выканаўцаў і бэндаў з ЗША, Германіі, Польшчы, Украіны і Аўстрыі. Дарэчы, фэсту патрэбныя валанцёры: упісвайся тут.

 

LOQIEMEAN

 Калі:  28 лістапада, 19:00

 Дзе:  клуб Re:Public

 Кошт:  60–70 BYN

Гэтага артыста Booking Machine, які пачынаў з EDM і хіп-хопа, а цяпер усё больш збліжаецца з рок-эстэтыкай, у Беларусі зачакаліся. Нарэшце запаветная гастролька атрыманая, і Менск трапіў у тур «Зомби Надо Хоронить, Part 2». 28 лістапада «зграя» збярэцца ў правераным клубе, каб добра растрэсціся. Увага: продаж квіткоў знаходзіцца на стадыі «вось-вось – і салдаўт».

ЦІМА БЕЛАРУСКІХ

 Калі:  29 лістапада, 19:00

 Дзе:  Falcon Club

 Кошт:  37–77 BYN.

Верым, што да канца 2019-га ў беларусаў такі атрымаецца падэнсіць пад «Незабудку» Цімы Беларускіх, канцэрт якога ў Палацы спорту закансэліўся ў сакавіку з тэхнічных прычын. З таго часу мы паспелі напісаць прыкладна тысячу навін пра новыя трэкі-відосы Цімы, так што тваё чаканне, напэўна, гарачае, як імбрык моцнай гарбаты. Пш-ш-ш!

Менск – горад жывы. Кожны дзень тут здараецца штось карыснае, цікавае ды прыгожае. Каб не прапусціць самы тлушч – тэрмінова джойн наш  тэлеграм-канал Lost in Minsk