Як лечаць псіхічныя захворванні ў Беларусі?
- Рубрыка: ПРАЦЭС
- 29.08.2019
- 7968
Расказваем, як уладкаваныя псіхіятрычныя лякарні ў Беларусі, якія ў цябе ёсць варыянты лячэння, калі едзе дах, і што за наступствы могуць быць, калі ты добраахвотна здаешся ў рукі мазгаправаў. Спойлер: усё не так страшна, як у фільмах пра электрашок і стальныя краты, не хвалюйся задарма.
Першае, што запытае доктар: «Вы жадаеце лячыцца пад сваім імем ці ананімна?» Ведай, што ты можаш абраць любы з варыянтаў і ніхто не ў праве прымусіць цябе даць свае дадзеныя, калі ты звярнуўся(-лася) сам(-а).
Выключэнне – сітуацыі, калі да цябе выклікалі хуткую, якая цябе агледзела і прывезла ў шпіталь. Згодна з законам № 349-З «Аб аказанні псіхіятрычнай дапамогі», ананімная псіхіятрычная дапамога не будзе аказаная ў выпадках, калі стан і дзеянні чалавека могуць быць небяспечнымі для самога чалавека і для другіх людзей, а таксама, калі захворванне чалавека патрабуе дыспансернага нагляду. Дыспансерны нагляд патрабуецца, калі твой стан можа пагоршыцца з цягам часу без аказання сістэматычнай дапамогі. Тады на цябе завядуць картку, дзе пазначаць твае дадзеныя.
Калі ты лечышся ананімна, ты маеш права атрымаць такую ж дапамогу і лекі, як і неананімны пацыент, а твая гісторыя хваробы будзе проста пазначаная асабістым нумарам.
Можаш выбраць і лячэнне пад сваім імем. Пры гэтым на любыя твае дадзеныя дзейнічае медычная таямніца.
Паводле закона, дадзеныя пра твой стан, лячэнне і лекі могуць быць данесеныя ў даступнай форме табе, прызначанаму табой чалавеку ці законнаму(-ай) прадстаўніку(-цы).
У большасці выпадкаў не раскажуць. Твой стан – медычная тайна. Згодна з законам, гэтыя дадзеныя могуць запрасіць іншыя арганізацыі аховы здароўя ці, напрыклад, ДАІ – па пісьмовым запросе і ў выключным выпадку, скажам, на вадзіцельскай камісіі ці пры крымінальным доследзе.
Калі твая хвароба можа быць небяспечнай для другіх, ліст усё ж дашлюць. Дэпрэсія ці трывога – твая справа, але, калі ты бегаў(-ла) голы(-ай) з нажом у руцэ, выбачай: гэта трэба ведаць тым, хто мае з табой стасункі.
Калі будзеш прымаць лекі, якія могуць пагоршыць тваю рэакцыю ці выклікаць, скажам, галавакружэнне, а таксама калі ў цябе вызначаць хваробу, якая вызывае некантраляваныя прыступы, то на час лячэння і ў залежнасці ад стану табе прыйдзецца часова развітацца з вадзіцельскім пасведчаннем.
А на дзяржаўную ці небяспечную службу возьмуць?
У большасці выпадкаў табе могуць на пяць гадоў абмежаваць такую магчымасць. Але праз пяць год абавязкова збіраецца камісія – і яна можа гэтае рашэнне змяніць.
Што расказваць доктару(-цы)?
Усё, што маеш сказаць. Толькі калі ты раскажаш пра ўсе думкі, дзеянні і адчуванні, ён/яна зможа паставіць правільны дыягназ і назначыць лячэнне.
Калі ты думаў(-ла) пра тое, каб звесці рахункі з жыццём, раскажы і пра гэта. Доктар(-ка) абавязкова гэта занатуе і можа папрасіць цябе падпісаць дакумент пра тое, што ў цябе былі такія думкі. Гэта робіцца для перасцярогі: некаторыя лекі могуць на пачатку лячэння выклікаць жаданне здзейсніць самагубства, таму цябе возьмуць на асабісты кантроль. Нічога такога, проста будзеш прыходзіць часцей.
Калі ты п’еш якія-небудзь лекі самастойна – нават просты карвалол, – таксама не забудзься расказаць, бо гэта можа паўплываць на лячэнне.
Чым мяне будуць лячыць?
Стандартны падыход да лячэння сумяшчае псіхатэрапію і лекі, але ў паліклініцы назіраецца шмат людзей і ў псіхіятра ёсць хвілін пятнаццаць – не разгуляешся. Таму лекар(-ка) у паліклініцы назначыць табе антыдэпрэсанты, нармацімікі, супрацьсутаргавыя ці транквілізатары альбо яшчэ шэраг лекаў у залежнасці ад твайго стану.
Частку лекаў можна купіць без рэцэпту, частку – са звычайным рэцэптам, а некаторыя – толькі з жоўтым рэцэптам на лекі, якія патрабуюць спецыяльнага ўліку.
Лекі дапамагаюць аблегчыць стан. Напрыклад, калі ў цябе абвастрэнне трывогі і фізічна табе цяжка нават выйсці з дому, не кажучы пра тое, каб хадзіць на працу, лекі могуць знізіць трывогу, ты вернешся да звыклага ладу жыцця і зможаш у больш спакойным тэмпе хадзіць на асабістыя сеансы і працаваць са сваімі праблемамі.
Магчымасць індывідуальнай тэрапіі ў паліклініцы абмежаваная, таму раім запасціся грашыма і пашукаць сабе псіхатэрапеўта(-ку). На жаль, гэтае лячэнне неабходнае, але патрабуе ў сярэднім ад 10 да 50+ даляраў за сеанс.
Некаторыя праблемы можна высветліць і прапрацаваць за 2-3 сеансы, у больш цяжкіх выпадках спатрэбіцца год-два. Звычайная формула – хадзіць па рэцэпты, чэкініцца ў доктара ў паліклініцы раз на месяц-два і самастойна хадзіць да прыватнага(-ай) псіхатэрапеўта(-кі).
Дзённы стацыянар – гэта нешта сярэдняе паміж шпіталем і паліклінікай. У Менску ён знаходзіцца на вуліцы Мендзялеева, 4. Там ёсць і псіхолаг, і сэксолаг, і псіхатэрапеўт.
На лячэнне ў дзённы стацыянар трэба прыходзіць а 10-11-й гадзіне, ісці да доктара, прымаць таблеткі і наведваць неабходныя працэдуры, напрыклад групавую тэрапію, а вечарам ісці дадому. Як бонус: табе дадуць лісток часовай непрацаздольнасці, таму сумяшчаць паходы да доктара з працай ці вучобай не спатрэбіцца.
Пасля курсу лячэння неабходна будзе працягваць паказвацца свайму(-ёй) доктару(-цы) у паліклініцы.
Лячыцца тут можна таксама як ананімна, так і пад сваім імем.
Калі цябе кладуць у шпіталь, значыць, амбулаторна разабрацца будзе складана. У нас проста так у шпіталь не кладуць – месцаў там няшмат.
Расказваем табе, як гэта адбываецца.
– Доктар(-ка) выпісвае табе накіраванне – ліст, у якім пазначае шпіталь, дыягназ і твае дадзеныя (у шпіталь можна легчы і ананімна, калі ты назіраўся ананімна, але за твае асабістыя грошы).
– Далей у цябе будзе некалькі дзён, каб у сваёй паліклініцы зрабіць выпіску з неабходнымі дадзенымі: ЭКГ, кроў, флюараграфія, гінеколаг для жанчын і некаторыя іншыя спецыялісты ў залежнасці ад тваёй гісторыі.
– Цябе могуць пакласці ў шпіталь толькі з твайго пісьмовага дазволу ці з дазволу апекуна. Больш ніякім іншым чынам, акрамя выключных выпадкаў з прымусовай шпіталізацыяй. Табе гэта не пагражае, калі ты прыйшоў/прыйшла самастойна.
– З дакументамі – накіраваннем, пашпартам, выпіскамі – і асабістымі рэчамі ты прыязджаеш у прыёмны пакой.
– Там цябе афармляюць і вядуць да доктара(-кі), які(-ая) пасля агляду і размовы з табой вырашае, у якое аддзяленне і якую палату цябе пакласці.
У Менску ёсць два асноўныя шпіталі: Гарадскі клінічны псіхіятрычны дыспансер на Бехцерава, 5, а таксама Рэспубліканскі навукова-практычны цэнтр псіхічнага здароўя, гэта Даўгінаўскі тракт, 152 (у народзе – «Навінкі»). Тут ёсць свае асаблівасці.
На Бехцерава звычайна кладуць людзей з памежным разладам асобы – трывожныя разлады, неўрозы, панічныя атакі, абсесіўна-кампульсіўныя псіхозы – ці людзей з лёгкімі формамі больш сур’ёзных захворванняў. У Навінкі звычайна трапляюць, калі дыягназ не вельмі просты.
Бехцерава
– Першы паверх шпіталя – гэта дыспансер, куды прыходзяць наведвальнікі з вуліцы, нават па даведкі для ДАІ, другі – стацыянарнае аддзяленне памежных разладаў, трэці – больш сур’ёзнае аддзяленне для людзей з адносна небяспечнымі захворваннямі.
– Тут ёсць асаблівы рэжым, але да ложка цябе ніхто не прывяжа. Згодна з арт. 40 закона «Аб аказанні псіхіятрычнай дапамогі», ты маеш права карыстацца тэлефонам, чытаць, мець пры сабе грошы і дакументы, звяртацца да кіраўніцтва шпіталя і свайго доктара па неабходнасці, хадзіць у краму і рабіць тое, што пажадаеш, але ў рамках распарадку дня.
– Тут можна гуляць колькі захочаш, але кожныя 30 хвілін неабходна прыходзіць у аддзяленне і распісвацца ў журнале.
– Гэта зроблена для бяспекі пацыентаў і дзеля іх уліку.
– У палатах на другім паверсе ёсць разеткі, на вокнах няма кратаў, у холе стаяць тэлевізар і лядоўня, ёсць нармальны душ і прыбіральня. На трэцім – так, на вокнах стаяць краты і выходзіць з аддзялення можна не ўсім. Калі твой стан нармальны, у цябе няма слабасці і не кружыцца галава – табе дазволяць выйсці і пагуляць. У самім аддзяленні таксама чалавечыя ўмовы.
– Яшчэ ў шпіталі ёсць пакой для наведвальнікаў, а звонку – вялікі прыгожы парк.
Навінкі
– Тут ёсць сумна вядомае аддзяленне з кратамі і калючым дротам, але там, насуперак жахалкам, ляжаць толькі тыя, каго ўзялі на лячэнне з турмы.
– Звычайныя аддзяленні прымаюць пацыентаў з псіхічнымі захворваннямі, хлопцаў з ваенкамата на камісію ці людзей, якія прыехалі на медыцынскі агляд.
– Тут вызначаныя тры рэжымы знаходжання ў шпіталі: А – калі ты не можаш выходзіць з аддзялення – у цяжкіх выпадках, Б – можна выходзіць з медсястрой ці медбратам, В – гуляй дзе хочаш, але вяртайся своечасова.
– Расклад дня такі: ранні пад’ём, сняданак, агляд, працэдуры, абед, дзённы сон, свабодны час, вячэра, зноў свабодны час і адбой.
– У Навінках насамрэч ёсць такі варыянт, як фіксацыя ці ізаляцыя пацыента з асаблівых прычын. Але гэта датычыцца людзей з вельмі сур’ёзнымі разладамі, якіх у цябе, хутчэй за ўсё, няма.
У чым плюсы шпіталя?
У цябе будзе свой(-ая) доктар(-ка), які(-ая) амаль кожны дзень праводзіць асабістыя сеансы.
Таксама ў шпіталі ёсць магчымасць наведвання групавой тэрапіі. Гэта добры варыянт: часта менавіта падзел праблем з другімі дапамагае зразумець некаторыя свае станы і асэнсаваць жыццёвы вопыт. Групавыя тэрапіі цягнуцца гадзіны тры – паспееш і другіх паслухаць, і сам(-а) гісторыі распавесці. Групы ўключаюць у сябе арт-тэрапію, гульнявую тэрапію, сеансы рэлаксацыі і нават ларпы.
Таксама твой(-ая) доктар(-ка) выпіша табе працэдуры. Звычайна гэта прыемныя рэлаксовыя штукі: ванны, масаж, элекрасон, элекрафарэз, ароматэрапія ці ЛФК.
І, канешне, ты будзеш піць лекі. Іх выпісвае доктар(-ка), а на пасту выдаюць дзяжурныя. Усё бясплатна. Некаторыя лекі на пачатку лячэння могуць выклікаць незвычайныя станы, таму іх і назначылі ў шпіталі, а не дома, каб доктар(-ка) быў(-ла) побач. Напрыклад, можа знізіцца ціск ці трохі падванітоўваць – не саромейся сказаць пра гэта дзяжурнаму(-ай).
А як хутка мяне выпішуць?
Гэта залежыць ад твайго стану і ад рашэння доктара(-кі). Выпісваюць тады, калі хвораму значна палепшала. Памятай: калі цябе паклалі не прымусова, то ў любы час ты можаш напісаць заяву (арт. 44, абзац 2), і цябе павінны выпісаць.
Звычайна з памежнымі разладамі трымаюць 3-4 тыдні, пакуль выберуць неабходныя лекі і яны пачнуць дзейнічаць.
Калі падчас твайго добраахвотнага лячэння ў цябе ўзнік стан, які пагражае твайму жыццю ці бяспецы людзей, цябе могуць трымаць больш за чатыры тыдні, але гэта праз рашэнне суда: лячэбна-кансультацыйная камісія зробіць агляд і вынесе сваё рашэнне, якое потым адправяць у суд, і толькі з яго дазволу цябе змогуць трымаць да паляпшэння небяспечнага стану.
А што будзе пасля выпіскі?
Ты будзеш назірацца ў доктара(-цы) у паліклініцы, піць лекі і, пажадана, хадзіць на псіхатэрапію.
Твой ліст часовай непрацаздольнасці закрыюць, у ім не будзе пазначана ўстанова, дзе ты ляжаў(-ла), а дыягназ будзе надзейна зашыфраваны – так, што не даведаецца нават твой агульны тэрапеўт.
Ты зможаш вярнуцца на працу ці звольніцца, пайсці вучыцца ці ўзяць акадэмічны адпачынак, а то і проста рвануць на мора. І гэта, беражы сябе.
Што яшчэ трэба ведаць?
Будзе нялішнім пачытаць той самы закон «Аб аказанні псіхіятрычнай дапамогі» і ведаць свае правы. Не забывай, што праўда на тваім баку: адказныя за спробу лячыць чалавека, які не мае псіхічнага захворвання, рызыкуюць трапіць у турму.
Тэлефоны даверу і адрасы шпіталяў у абласных гарадах Беларусі:
352-44-44 – тэлефон даверу;
304-43-70 – тэлефон даверу;
Iлюстрацыя: Sheeborshee