Анансаваная выстава Сяргея Брушко пра Беларусь 80-90-х
- Рубрыка: УЛОЎ
- 14.10.2019
- 7140
31 кастрычніка ў прасторы ZAL#2 адкрываецца выстава аднаго з самых вядомых фотажурналістаў Беларусі – Сяргея Брушко. Прыходзь паглядзець на чэсныя (і вельмі прыгожыя) здымкі беларусаў эпохі пераменаў: канца 1980-х – пачатку 1990-х.
Фотавыстава «Змена» – дакументальнае адлюстраванне перыяду, калі ўсё ў краіне падавалася магчымым, перыяду свабоды і адкрытасці. Працуючы фотакарэспандэнтам, Сяргей Брушко пранізліва і непаўторна фіксаваў час першых гадоў незалежнасці, а таксама людзей у гэтым часе.
Героі яго фота не ўласна эканамічны крызіс, мітынгі, забастоўкі рабочых ды наступствы аварыі на Чарнобыльскай АЭС, а звычайныя людзі ў незвычайных абставінах. Работы Сяргея Брушко адносяць да традыцыі гуманістычнай дакументальнай фатаграфіі, што для беларускага культурнага ландшафту – з'ява ўнікальная.
Увесну 2019-га сын і прадаўжальнік дзейнасці бацькі Дзмітрый Брушко краўдфандынгам сабраў грошы на выданне фотаальбома Сяргея Брушко. Альбом, у які, акрамя здымкаў Сяргея, увайшлі ўспаміны дзесяці зорных сведак таго часу, падтрымалі амаль 300 чалавек. Фотакнігу прадставяць шырокай публіцы на адкрыцці фотавыставы ў ZAL#2.
Дзмітрый Брушко
«Быць фатографам у смутны час было няпроста, часам небяспечна. Краіна складалася практычна з адных калгасаў і ваенных баз, таму фатографа маглі і за шпіёна прыняць. З'явіўся на вуліцы з фотаапаратам – лічы, адразу стаў цэнтрам увагі. За недастаткова патрыятычныя здымкі маглі адчытаць "зверху". Пайсці паздымаць Менск было няпроста. Ты павінен быў прадстаўляцца, паказваць пасведчанне. Ды і здымаць можна было толькі тое, што сказалі, і з пэўнага вугла, а не ўсякую "непатрэбшчыну". Для бацькі ж здымка заўсёды была чымсьці большым, чым проста рэпартаж».
Даведка: Сяргей Брушко нарадзіўся ў сям’і рабочых, рос і вучыўся ў пасёлку Гарадзея. Пасля арміі ён падаў дакументы ў ПТВ на фатографа і, хоць бацька не разумеў выбар сына, упарта ішоў да сваёй мэты: адпрацаваў па размеркаванні ў Салігорскім фотаатэлье, паздымаў для «раёнкі», а пазней пераехаў у Менск, дзе ўладкаваўся фотакарэспандэнтам у моладзевую газету «Чырвоная змена». У гэтым выданні і выйшлі сакавітыя рэпартажы фотамастака, якія прадставяць менчукам на выставе «Змена». Прызнанне аўтар атрымаў яшчэ пры жыцці. Яго выставы, акрамя Беларусі, праходзілі ў Германіі, Швейцарыі, Ірландыі. Памёр Сяргей Брушко ў 2000 годзе.
Калі: адкрыццё – 31 кастрычніка ў 19:00, далей выстава будзе працаваць з 11:00 да 20:00 (акрамя панядзелка) да 16 лістапада. 14 лістапада ў 18:30 Дзмітрый Брушко правядзе бясплатную эскурсію па выставе свайго бацькі.
Дзе: Палац мастацтва (вул. Казлова, 3), прастора ZAL#2.
Кошт: бясплатна.