Свет таго і глядзі накрые чацвёртай хваляй фемінізму, але ў беларускіх медыя жанчыны ўсё яшчэ чэзнуць у цяні «моцнага пляча». Прытым не зусім апранутыя. Якія формы прымае сэксізм у СМІ і рэкламе і чаму мы ўсе павінны яму супрацьстаяць – мы абмяркоўвалі гэтыя пытанні на ток-шоу 34 Media Days: рэпрэзентацыя жанчын у медыя. Цяпер падсумоўваем інфу ў новым матэрыяле рубрыкі Mediascape.

Што такое сэксізм
Сэксізм – прадузятае стаўленне да чалавека і дыскрымінацыя па прыкмеце полу або гендара. Голая сутнасць сэксісцкага мэсэджа: адзін гендар чамусьці лепшы за іншы, і гэтым «чамусьці» можа быць што заўгодна: розум, сіла, улада, багацце. Такую пазіцыю падсілкоўваюць гендарныя стэрэатыпы – трывалыя ўяўленні пра тое, як належыць сябе паводзіць, калі ты дзяўчынка, і якім, у сваю чаргу, павінен быць хлопчык. Маецца на ўвазе, што сацыяльныя ролі абумоўлены матухнай-прыродай: з Y-храмасомай, маўляў, зручней сядзець у крэсле дырэктара, ну а X-храмасома гарантуе геніяльнасць у пляценні макрамэ.

Супраць каго накіраваны сэксізм
Звычайна, калі кажуць пра сэксізм, маюць на ўвазе тэорыі і практыкі прыгнёту жанчын. Сам тэрмін «сэксізм» быў уведзены феміністкамі другой хвалі для абазначэння механізмаў падтрымання мужчынскага панавання, чытай: патрыярхату. Спроба пашырыць паняцце за кошт уключэння так званага «адваротнага сэксізму» (aka шкоды, ад якой пакутуюць мужчыны) не знаходзіць шырокай падтрымкі, таму што з’явы не суадносныя: дыскрымінацыя мужчын не мае сістэмных наступстваў і не ўключаная ў кантэкст шматвяковай гісторыі.
Мужчыны таксама могуць быць ахвярамі гендарных стэрэатыпаў: грамадства крытычна ставіцца да хлопцаў, якія плачуць на «Ла-Ла-Лэндзе», гуляюць са сваімі малымі ў лялькі і не ведаюць, што робіцца сёлета ў Бундэслізе. Але патрабаванні да мужчын не такія зневажальныя, як патрабаванні да жанчын, якіх, напрыклад, прымушаюць адпавядаць вельмі жорсткім «канонам прыгажосці». Сэксізм і «адваротны сэксізм» асіметрычныя. І гэта робіцца відавочна ў любой клініцы пластычнай хірургіі.

«Ж» vs. «М»
Медыя ахвотна выкарыстоўваюць і рэпрадуктуюць дрымучыя гендарныя стэрэатыпы – канструююць жаночыя і мужчынскія вобразы па кальцы бінарных апазіцый: адны катэгорыі штучна суадносяцца з феміннасцю, іншыя – з маскуліннасцю.

Характарыстыкі злева традыцыйна прыпісваюць жанчынам, характарыстыкі справа – мужчынам. Актыўная, фінансава незалежная жанчына, якая захапляецца амерфутам, не ўпісваецца ў шаблон, таму становіцца «сапраўдным мужыком». Субтыльнага і ўразлівага мужчыну, які прысвяціў сябе дамаводству, злыя языкі назавуць «бабай». Не складана адчуць розніцу ў ацэначных адценнях паміж «бабай» (зневажальнае) і «мужыком» (паважлівае).
Кожны раз, калі ты падкрэсліваеш незвычайнасць таго факта, што жанчына валодае характарыстыкай з «мужчынскага» слупка – яна кіруе кампаніяй, загадвае лабараторыяй, пакарыла Анапурну, выйграла мільён на турніры па кіберспорту, часта мяняе сэксуальных партнёраў etc., – ты сэксіст(-ка).

Як выяўляецца сэксізм
Сэксуальная аб’ектывацыя. Асоба апрадмечваецца да абстрактнага вобраза або частак цела, штучна надзеленых сэксуальнымі характарыстыкамі. Жанчына падаецца як тавар або забаўка. Яна слабая, пакорлівая, даступная; яна прапануе сэкс за грошы ці іншыя даброты; яе адкрыта ацэньваюць у плане прывабнасці; ёй рэкамендуюць павялічыць грудзі, адпампаваць тлушч са сцёгнаў; і таму падобная бязглуздзіца. Дарэчы, сэкс прадае не ўсім.
Адсутнасць сувязі паміж мэсэджам і тым, як паказаны чалавек. Па меркаванні шматлікіх дызайнераў, жаночыя вобразы падыходзяць для чаго заўгодна: распіярыць стаматалагічную клініку, прадаць кававарку, сабраць народ на івэнт і падняць клікальнасць артыкула пра космас. Такі збіты, але эфектыўны ход замацоўвае за мужчынам статус галоўнага ўладальніка рэсурсаў: паколькі нібы менавіта ён спажывае тавары, паслугі і інфармацыю, значыць, і мэсэдж адрасаваны яму. Жанчына – усяго толькі інструмент дасягнення мэты.
Наяўнасць сэксісцкіх фраз. Любыя фразы, якія падтрымліваюць гендарныя стэрэатыпы, – сэксісцкія. Нават калі на першы погляд так не падаецца. Сэксізм можа прымаць розныя формы.



Чаму сэксізм = зло
І «варожы», і «добразычлівы» сэксізм у СМІ лье вадзіцу на адзіны млын. Ён планамерна адбірае ў жанчын голас: абясцэньвае іх меркаванне, апраўдвае дыскрымінацыю, стварае ілюзію адсутнасці якіх-небудзь праблем. Сэксісцкая пазіцыя такая моцная, што самі жанчыны нярэдка вераць у «прыроднае прызначэнне», якое заключаецца ў гатаванні і дзетараджэнні. «Моцныя і незалежныя» (выраз, які СМІ звычайна падаюць пад соусам іроніі), якія адмовіліся ад такога «прызначэння», часцяком зазнаюць пачуццё віны.
Прамое следства сэксісцкай ідэалогіі – памяркоўнае стаўленне да сэксуальнай аб’ектывацыі, гендарна-абумоўленага гвалту, дыскрымінацыі ў сямейных адносінах, адукацыі, працоўнай сферы. «Слабаму полу» можна плаціць менш, «па сіле»: усё роўна сыдзе ў дэкрэтны адпачынак пячы рататуі.
Сэксізм робіць людзей менш шчаслівымі, а грамадскі лад – несправядлівым.



Лілія Воліна, заснавальніца «Цэнтра па прасоўванні правоў жанчын – Яе правы», юрыстка, экспертка ў галіне правоў жанчын і гендарнай палітыкі.
Вось толькі некалькі парад, як не паддацца сэксізму, калі вы крэатывіце над тэкстам або візуалам.
Больш рэалізму, больш хуткасці, больш спакусаў.
Хто галоўны спецыяліст па коціках, каго варта любіць СМІ і што будзе далей – распавядае Гжэгаж Пяхота ў сваёй лекцыі.
Беларускія мэтры (і не толькі) фатаграфіі разважаюць пра тое, як іх праца змяняе рэальнасць і яе насельнікаў.
У новым выпуску 34 Media Day абмеркавалі, чаму сэкс больш не прадае, а жаночыя смочкі ў сацсетках – табу.
Калі гастраномія выходзіць за межы кухні.
Пераслухаем разам.
КАМЕНТАРЫ (3)
I wonder does sexism still exist... or are people just living in old memories.
Браво! Отличная статья
Спасибо!