Краўдфандынг дня: альбом чорна-белых здымкаў пра Беларусь 80-90-х
- Рубрыка: УЛОЎ
- 21.02.2019
- 7103
На краўдфандынгавай платформе Ulej збіраюць грошы на выданне фотаальбома легенды беларускай фотажурналістыкі Сяргея Брушко. Ён працаваў фотакорам газеты «Чырвоная Змена» і пакрокава фіксаваў, як БССР пераўтваралася ў Рэспубліку Беларусь.
Здымкі, сабраныя ў альбом, зроблены падчас перабудовы і ў перыяд станаўлення беларускай незалежнасці. «У Беларусі гэты час апісаны ў мастацкіх кнігах Святланы Алексіевіч і нядаўнім фільме Дар'і Жук "Крышталь". Але да гэтага часу не выдаваўся ні адзін візуальны праект, які задакументаваў бы жыццё беларускага грамадства ў часы перабудовы і гады станаўлення незалежнасці. Праз 30 гадоў тыя падзеі абраслі легендамі і здагадкамі, мы сталі забываць тое, што адбылося, і тое, як выглядала краіна і людзі мінулай эпохі. У фотаальбоме "Змена" мы адновім дух перабудовы і першых гадоў незалежнасці краіны», – фармулюе галоўную мэту выдання ініцыятар праекта Дзмітрый Брушко, сын Сяргея Брушко.
У аб’ектыў фотакора, які «апынуўся ў патрэбным месцы ў асаблівы час і раскрыў свой талент», трапілі наступствы выбуху на ЧАЭС і эканамічнага крызісу, забастоўкі рабочых, побыт салдатаў тэрміновай службы, зняволеных, а таксама звычайных людзей. Акрамя больш чым сотні фатаграфій, у кнігу ўвайшлі ўспаміны Валянціна Акудовіча, Уладзіміра Коласа, Мікалая Халезіна, Анатоля Гуляева, Андрэя Вардамацкага, Валерыі Касцюговай і іншых вядомых беларусаў.
Ты можаш проста падтрымаць праект грашыма, атрымаць у якасці падзякі плакат ці паштоўкі з фотаздымкамі, а таксама зрабіць перадзамову фотаальбома за 60 BYN.