Вяроўкі, кантроль, дамінаванне і падпарадкаванне мужчынскай сіле – аўтарка 34mag у менскіх рэаліях даследуе старажытнае японскае мастацтва шыбары.
Падпарадкаванне
Я вішу пад столлю ў палоне ільняных вяровак. Цела паралізаванае, варушыць магу хіба што пальцамі. Унутраны голас надрываецца ў галаве: «Я ніколі не думаў, што ты гэта зробіш». Спрабую адключыць яго і расслабіцца. Распазнаю словы з рэмікса на песню No You Girls ад Franz Ferdinand, што даносіцца з калонак. Хутчэй бы перапынак. Раптам я зрываюся ў пустэчу, ад нечаканасці зажмурваюся і апускаюся ў абсалютнае нішто. Тут добра і ўтульна. Кроў прылівае да галавы, якая цяпер апусцілася амаль да падлогі. Расплюшчваю вочы і бачу сцёгны майго рыгера.
Гэта Арцём. Яму 34 гады, на жыццё ён зарабляе фарбаваннем машын. Ужо 14 гадоў ён усур’ёз цікавіцца шыбары – японскім мастацтвам звязвання жанчын. Уласна, «шыбары» з японскай і значыць «звязваць».
З’явілася яно з ходзе-дзюцу – асаблівай тэхнікі звязвання палонных. Вузлы павінны былі трапляць на пэўныя кропкі цела, каб не даць праціўніку магчымасці рухацца. З часам гэта мастацтва перайшло ў японскія дамы і зрабілася часткай эратычных узаемаадносін – жанчына нічога не кантралюе і застаецца ва ўладзе свайго «гаспадара». Цяпер шыбары лічыцца не толькі эстэтычным звязваннем, але і духоўнай практыкай.
«Лепш без станіка. Так я буду бачыць вашу рэакцыю»
«Мне падабаецца сам працэс звязвання. Гэта не было крокам у BDSM, мне цікава менавіта пазбавіць здольнасці рухацца – напэўна, засталося пасля 15 гадоў заняткаў дзюдо», – распавядае Арцём і капае мне на нагу трохі гарачага парафіну. «Гэта ж прыемна, так? – пытае рыгер. – Дык чаму б і не?» Воск расцякаецца тонкім струменьчыкам і застывае ля самай шчыкалаткі.
Мы ў аўтамайстэрні Арцёма непадалёк ад вуліцы Казлова. У цэнтры памяшкання – падвес для кальца на двух слупах і лёгкі зялёны плед на падлозе. Паўгадзіны таму ў невялікай падсобцы, застаўленай фарбамі, эмульсіямі і аўтамабільнымі дэталямі розных колераў і памераў, я пераапранулася ў майку і шорты (менавіта такое адзенне лепш за ўсё пасуе для мадэлі-пачаткоўцы, патлумачыў майстар), каб спасцігнуць «нешта важнае».
«Лепш без станіка, – кажа Арцём, зашпільваючы чорнае кімано. – Так я буду лепш бачыць вашу рэакцыю».
Сітуацыя мяне напружвае. Але назад дарогі няма, і я падпарадкоўваюся.
Давер
Першае звязванне адбываецца як у тумане. Мы сядзім на падлозе. Я сапраўды крыху нервуюся: малазнаёмы, але прывабны мужчына сядзіць за маёй спінай і робіць нешта, чаго я не бачу і не катралюю. Уладнымі, хай і акуратнымі рухамі перахапляе запясці, перавязвае грудную клетку і спіну. У полі зроку толькі яго чыстыя рукі з укаранёнымі ў скуры слядамі фізічнай працы. Праносіцца думка, што, здаецца, мне ўсё ж пашанцавала: мой рыгер дзіка сексуальны і ад яго смачна пахне.
«Паміж шыбары і сексам мяжа вельмі тонкая, – разважае Арцём. – Магчыма, гэта адхіленне ад нейкай умоўнай нормы, я ведаю. Які нармальны чалавек будзе звязваць іншага нармальнага чалавека, і абодвум гэта будзе падабацца? Не, адназначна ў нас з вамі нешта не тое адбываецца ў галаве. Але я да гэтага стаўлюся спакойна. Тут пытанне ў тым, звязваю я мадэль ці сваю жанчыну. Таму што калі гэта мая жанчына, то можна яе звязаць, заняцца з ёй сексам – і ўсё будзе цудоўна. А калі гэта мадэль, то важна заставацца ў рамках. Інакш атрымаецца, што ты звязаў чалавека і скарыстаўся яго безабароннасцю. Так што з мадэлямі я не сплю».
Арцём прыцягвае маю спіну да сябе, працягваючы абвязваць. Мадэлі, якія ўпершыню перажываюць такі вопыт, звычайна кажуць пра пачуццё залежнасці, мяне, аднак, накрывае хутчэй каласальнае адчуванне абароненасці. Сачу за кожным рухам – звязвальнік вельмі дакладна адгадвае, куды сапраўды варта накласці вяроўку. Яна шчыльная і прыемная, насычаная пчаліным воскам і маслам пачулі. Не заўважаю, як, звязаная ў літаральным сэнсе па руках і нагах, апынаюся дзесьці пад столлю. Ад нервовага напружання цяжка дыхаць.
– Балюча? – пытаецца майстар.
– Так.
– Дзе?
– Не ведаю. Усюды.
– Менавіта балюча ці пачуццё, што вас сцягвае? – пасля яго пытання я разумею, што, здаецца, гэта не адзінае адчуванне, якому без падказкі не знайшлося б вызначэння. Рыгер пастаянна сочыць, каб шыбары не нанесла шкоды: перыядычна правярае адчувальнасць рук і папярэджвае, што спыніцца можна ў любы момант. Да таго ж побач ёсць спецыяльны нож, дзякуючы якому ў выпадку чаго вяроўкі імгненна апынуцца на падлозе.
«Мой рыгер дзіка сексуальны і ад яго смачна пахне»
Павісеўшы ўніз галавой, апынаюся на зямлі. Прыемна адчуць пад сабой падлогу. Чамусьці я працягваю сядзець у той жа позе, з якой мы пачалі. Перапынак.
Арцём адыходзіць і запальвае: «Хтосьці кажа, што шыбары – гэта акт кахання. Але ты можаш звязаць тысячу жанчын, і яны не будуць цябе кахаць. І ты можаш звязаць тысячу жанчын, але яны будуць табе давяраць. То бок шыбары – гэта давер».
Рыгер распавядае, што звязаў больш за 50 мадэляў (некаторыя прасілі рабіць гэта за грошы), а цяпер у Арцёма 4–5 сталых «кліентак». Усе яны знайшлі яго праз знаёмых: адкрытых абвестак у нас даваць не прынята (сама я даведалася пра рыгера ад сяброўкі, якая паспрабавала шыбары і бесперапынна дзялілася атрыманым вопытам некалькі дзён). Адной мадэлі звязвацца больш за два разы на тыдзень нельга – застаюцца сінякі і сляды ад вяровак. Усведамляю, пра што гаворка, калі заўважаю такія на сваіх перадплеччах і шчыкалатках. Назаўтра яны знікнуць.
Арцём аднойчы звязваў і мужчыну, свайго таварыша, але кажа, што «гэта было не тое». Быў у яго і асабісты вопыт у якасці мадэлі, аднак звязваць самому рыгеру прыемней, чым адчуваць гэта на сабе.
Прыгажосць
Разумею, што хачу яшчэ. Звязвацца можна не толькі ў падвесе, але і на падлозе, таму вырашаем паспрабаваць. «Падвес – гэта відовішча, а зрабіць прыгажосць на падлозе – майстэрства», – кажа Арцём, планамерна сцягваючы мае рукі і абмотваючы вяроўкай верхнюю частку цела. Грудзі аказваюцца ў цісках. Гэта балюча, але чым менш напружання, тым менш гэта мае значэння. Адчуваю звонку сілу, якая спрабуе накіроўваць. З ёй хочацца змагацца з усёй дуры. «Гэта называецца “павады каня”. Бачыш, я магу рабіць з табой усё, што захачу», –дражніць мяне рыгер, перакідваючы маё несамастойнае тулава з аднаго боку ў другі.
Супакоіўшыся, ён уважліва разглядае маю спіну: «Хм, ты нават сядзіш, як японка, праўда, для Японіі карціна павінна быць вось такая, – ён апускае шлейку, агаляючы маё плячо. – Навошта паказваць больш?»
Як высвятляецца, у Японіі вялікіх майстроў і знатакоў жаночых плячэй усяго каля 12 чалавек. У Еўропе гранд-майстроў шыбары, прызнаных японцамі, усяго двое: Асада Стыў і Філіп Ан. Арцём ужо некалькі месяцаў вучыцца ў апошняга. У Беларусі ж рыгераў няшмат, звязваннем адкрыта займаюцца ўсяго пару чалавек.
«Для мяне самае галоўнае – гэта вынік, магчымасць назіраць такую прыгажосць. Аднойчы на вуліцы ішоў дождж, а я звязваў мадэль прама каля брамы. Гэта было ўзрушвальна. Проста сеў і любаваўся», – распавядае Арцём, развязваючы частку вузлоў і перакідваючы вяроўку праз кальцо. За мной пачынаецца рух. Левая галёнка прывязваецца да сцягна, для правай нагі знаходзіцца апора, якой я не бачу. Зноў я ў паветры, але цяпер гэта нават прыемна. Супакаенне расцякаецца па целе. Унутры ўздымаецца хваля зусім новай, не падобнай на сексуальную, узрушанасці.
«Гэта называецца “павады каня”. Бачыш, я магу рабіць з табой усё, што захачу»
– А ты што-небудзь адчуваеш цяпер, калі звязваеш? – цікаўлюся я.
– А ты вось цяпер?
– Так.
– Значыць у нас адбыўся абмен важнымі пачуццямі.
Якія менавіта гэта пачуцці, мой рыгер не прызнаецца, зноў пераходзіць на «вы» і прапаноўвае ўзяць вяроўку ў зубы, каб я сама кантралявала нацяжэнне. Я пагаджаюся. «Вяроўкі – гэта фікцыя. Вы думаеце, што вы супербезабаронныя і нічога не можаце зрабіць. Але паглядзіце, тут ля кожнага вузла можна два пальцы прасунуць. Вы не “не можаце”, вы “не хочаце”. Галоўнае тут я і вы, тое, як мы з вамі маем зносіны, і што, як вы думаеце, я з вамі раблю. І вы вырашаеце, ці адчуваць гэта».
Прыходжу ў сябе, ужо седзячы на падлозе. Я адчуваю нешта кшталту лёгкай эйфарыі. Левая рука здранцвела – гэта часам здараецца, асабліва з худымі мадэлямі. З цяжкасцю ўсведамляю, што канкрэтна адбывалася апошнія дзве гадзіны. Развязаўшы ўсе вузлы, Арцём рэзкім рухам зграбае ўсе вяроўкі і засоўвае мне да грудзей у футболку: «Гэта вам». «Назаўсёды?» – удакладняю. «Не, але іх можна памацаць, магчыма, яшчэ нейкія адчуванні ўзнікнуць». Я зарываюся пальцамі ў вяроўкі. Насамрэч я не ведаю, як далёка магу зайсці ў пошуках адчуванняў, назвы якіх пакуль не магу вызначыць. Але дзякуй, што менавіта ад мяне залежыць, калі і як рухацца ў глыб сябе, калі – атрымліваць новы вопыт, а калі – час штосьці зразумець і спыніцца.
Што ты можаш ведаць пра сябе, калі ніколі не біўся? Кантрыбутару 34mag разбілі твар на сустрэчы менскага «байцоўскага клубу».
Дзевяць менскіх бамжоў распавядаюць пра сваё штодзённае адзенне, якое яны знайшлі, скралі, здабылі ў бойцы або неяк купілі.
Наш кантрыбутар Алег Гарус знайшоў у Канадзе сляды свайго родзіча, які знік пасля Другой сусветнай вайны.
Мы сабралі і прадэгуставалі 7 відаў якаснага беларускага сэму з розных рэгіёнаў краіны. Пі сваё!
Каб зрабіць упрыгожанне на ялінку ці звязаць шопер.
І не забываем перадаваць веды новым пакаленням.
Росквіт размаітасці і крызісны заняпад.
Адсочвай маніфлоў, адкладай на мару, пампуй добрыя звычкі.
Пра дом, пра памяць, пра боль, у якім усе роўныя.
КАМЕНТАРЫ (3)
Давненько не читал настолько чувственных текстов про шибари. Просто вау.
Фота, дзе за адну нагу падымае - колер шкiры жах
сосочки супер