Як купіць мастацкі твор і не аблажацца?
- 17.12.2019
- 6371
Ты прайшоў(-ла) усе пачатковыя стадыі ўпрыгожвання асабістых сцен – ад постараў з HIM да прынтоў з IKEA – і хочаш цешыць позірк па-даросламу: прыглядаешся да арту самых розных мастакоў. Вось тут і вымалёўваецца складанасць: як вызначыцца з тым, мастацтва гэта ці нечая прэтэнзія на тое, каб мастацтвам звацца? І колькі грошай рыхтаваць? Па просьбе 34 піяршчыца галерэі «Арт-Беларусь» Ліза Маслёнчанка падрыхтавала мануал пра тое, як закруціць доўгайгральны раман з выяўленчым мастацтвам.
На якую суму патрашыць скарбонку?
Твор мастацтва можа каштаваць колькі заўгодна. Тыражная графіка і фатаграфія абыдуцца танней, таму што мастак(-чка) прадае не адзін асобнік. На скульптуру, бронзавае ліццё кошты будуць ужо зусім іншага парадку.
Прайс твора аўтар(-ка) прызначае сам(-а). Кошт у мастацтве – гэта цана актыву, які ўяўляе сабой праца, а актыў складаецца з некалькіх крытэраў: гэта імя мастака(-чкі), унікальнасць твора, колькасць карцін аўтара(-кі) на рынку, год стварэння. Кошт актыву залежыць ад таго, наколькі мастак(-чка) папулярны(-ая), запатрабаваны(-ая), раскручаны(-ая) і прызнаны(-ая).
Да прыкладу, некаторыя творы на сайце Artcenter абыдуцца табе ў $10–15. Гэта графіка, акварэль або акрыл аўтараў-пачаткоўцаў. Пры жаданні ў Беларусі можна набыць нешта і за $100 000 – ні мастак(-чка), ні калекцыянер(-ка) супраць не будуць.
Куды ісці і з кім раіцца?
Для пачатку вызначся, навошта табе патрэбны прадмет мастацтва.
Ты шукаеш працу ў інтэр'ер, не хочаш пераплачваць экспертам і баішся памыліцца. Тут паставім у прыклад калекцыянера Паўла Траццякова: не маючы спецыялізаванай адукацыі, мецэнат скупляў творы рускіх мастакоў, якія не каціраваліся. Купляць «айчыннае» лічылася тады благім тонам – горш, чым у нашы дні купіць кітайскі джып. Траццякову казалі: «Навошта ты збіраеш гэтыя працы? Ёсць жа нармальныя французы». Але Павел Міхайлавіч падыходзіў да куплі свядома – браў працу на тыдзень з умовай: калі карціна яму спадабаецца, ён яе выкупляе, не – пакідае аўтару сімвалічную суму за «пракат». Траццякоў прыносіў карціну дадому, вешаў у спальні насупраць ложка і жыў з ёй. (Лаві параду па метадзе Траццякова: сфатаграфуй працу і пастаў яе на застаўку тэлефона; калі праз сем дзён не захочаш памяняць малюнак – бяры арыгінал, гэта не мімалётны парыў пачуццяў.)
Ты разглядаеш куплю арту як варыянт укладання грошай. У гэтым выпадку лепш сфакусавацца на працах аўтараў старэйшых. Звярніся па дапамогу да спецыяліста(-кі) і зноў-такі давярай уласным адчуванням.
А што, калі твор мастацтва прыляцеў да цябе з ніадкуль? Напрыклад, ты знайшоў(-ла) старое палатно, разбіраючы завалы на гарышчы. Каб высветліць, ці не належыць праца пэндзлю Фердынанда Рушчыца, звяртайся па экспертызу ў Нацыянальны мастацкі музей. Тут табе спатрэбіцца толькі пашпарт і канкрэтная мэта. Калі хочаш павесіць карціну ў гасцёўні – гэта будзе адзін від даследавання, калі хочаш на ёй зарабіць – іншы: перад заключэннем аб сапраўднасці працы твор пройдзе хімічнае даследаванне, рэнтгенаграфію і мастацтвазнаўчую ацэнку.
Фота з выставы Non-fashion
У мяне «лішніх» усяго $100. Я магу разлічваць на нешта цікавае?
Можаш. На нешта маленькае ці штосьці ад маладога(-ой) аўтара(-кі). На арт-маркетах можна знайсці добрую графіку, акварэль або працы ілюстратараў за $20–30. Яшчэ $30-40 адслініш багетнай майстэрні за афармленне ў раму. А за $100 можна здабыць і эскізы вядомых беларускіх мастакоў.
А да каго з беларускіх мастакоў(-чак) варта прыгледзецца?
Калі ты нічога не ведаеш пра лакальных мастачак і мастакоў, зазірні хаця б у спісы ўдзельнікаў і ўдзельніц «Восеньскага салону з Белгазпрамбанкам» або Міжнароднага фестывалю мастацтва Art-Minsk. Творы гэтых аўтараў ужо прайшлі фільтры арт-крытыкаў, мастацтвазнаўцаў і куратараў.
Звяртай увагу на выставы, якія праводзяць невялікія прыватныя галерэі, напрыклад «Артпорт», AV і DK, зазірай у галерэю сучаснага мастацтва «Ў».
Таксама рэкамендуем сачыць за івэнтамі нефармальнага аб'яднання мастакоў Karma Crew – рабяты нядрэнна змешваюць мастацтва з кактэйлямі. Наогул, калі недзе ў менскім бары або кавярні табе спадабалася якое-небудзь палатно, не саромейся распытаць персанал: цалкам верагодна, што праца прадаецца. Напрыклад, у кавярні «Зерне» амаль год выстаўляліся работы мастака Юры Вінаградава, а цяпер праходзіць выстава Надзі Бука.
Хачу даверыцца эксперту(-цы). Колькі гэта каштуе?
Кошт паслуг мастацтвазнаўцаў, куратараў і галерыстаў вар'іруецца ў залежнасці ад запытаў. Адна справа, калі ты хочаш, каб эксперт(-ка) падабраў(-ла) сотню работ у пэўным коштавым дыяпазоне і пэўнага жанру. Іншая – калі табе патрэбны «поўны пакет»: каб эксперт(-ка) распавёў(-ла) пра перспектывы росту мастакоў, асабіста прадставіў(-ла) табе аўтараў і правёў(-ла) здзелку ад пачатку да канца.
Fix price няма. Рыхтуйся заплаціць працэнт ад здзелкі. Звычайна гэта 5–15%. Дамовіцеся пра гэта на беражку.
Творы Вікторыi Савенковай
Лепш купляць у галерэях або наўпрост у аўтара(-кі)?
Хочаш зэканоміць – звяртайся да мастакоў. Патрэбныя імідж і гарантыі – ідзі ў галерэю.
За прададзены твор галерэя просіць 20–30% кошту. Нацэнка ўжо закладзеная ў прайс.
Нярэдка пакупнік(-ца), каб абысці нацэнку, наведвае выставы, але купляе карціну наўпрост у мастака(-чкі). Май на ўвазе, што ў такім выпадку галерэя мае права скасаваць дамову з аўтарам(-кай) і больш яго(яе) не выстаўляць.
Калі ты проста таварыскі чалавек і хочаш не толькі купіць працу, але і пазнаёміцца з яе стваральнікам(-льніцай) – не трэба саромецца: пішы мастаку(-чцы) у Facebook.
Некаторыя творцы ладзяць дні адчыненых дзвярэй, і гэта супермагчымасць прычасціцца да працэсу стварэння, удыхнуўшы пах алейнай фарбы і пагрузіўшыся ў атмасферу майстэрні.
Хачу, каб карціна расла ў цане. У каго ўкладвацца?
Праз пяцьдзясят гадоў усё становіцца антыкварыятам. Таму чым старэйшая рэч, тым больш яна каштуе. Улічвай, наколькі аўтар пладавіты: кошт твораў на аўкцыёнах зніжаецца прапарцыйна іх колькасці.
Звяртай увагу на візуальнае адрозненне работ аўтара ад работ астатніх мастакоў. Калі не можаш сказаць, што бачыў(-ла) нешта падобнае раней, – тады ўвага: на гэтым можна зарабіць. Але памятай, што ніякіх гарантый у мастацтве няма. Поспех і пачуццё рынку – галоўныя фактары ўкладання ў ноўнэймаў.
А хто з беларускіх мастакоў самы дарагі і запатрабаваны?
Самы дарагі – жывапіс Хаіма Суціна і Марка Шагала. Кошт іх твораў на сусветных аўкцыёнах дасягае $30 млн. Арыгіналы ёсць і ў Менску: яны належаць Белгазпрамбанку і выстаўляюцца ў галерэі «Арт-Беларусь».
Калі мільёнаў у цябе няма, то на аўкцыёне Artcurial ты можаш па цане «макбука» купіць літаграфію Марка Шагала. Літаграфія – складаная тэхналогія, у працэсе якой атрымліваюць адбітак. Такіх адбіткаў можна зрабіць абмежаваную колькасць, і чым больш копій у творы, тым ніжэйшы яго кошт на рынку.
Немагчыма сказаць, хто з сучасных мастакоў «самы»: многія аўтары прадаюць свае карціны не ў Беларусі і лічаць за лепшае не распавядаць ні пра колькасць прададзеных работ, ні пра атрыманыя за іх сумы.
Адназначна можна сказаць, што запатрабаваны Сямён Маталянец. Мастак беларускага паходжання, які даўно жыве ў Санкт-Пецярбургу, увайшоў у адпаведную пяцёрку Forbes у 2017 годзе.
З маладых аўтараў папулярная Алеся Скарабагатая – безумоўная фаварытка ў наведвальнікаў «Восеньскага салону», сёлета мастачка атрымала прыз глядацкіх сімпатый пяты раз.
Цэняцца работы сям'і Шапо: творы Уладзіміра, Аляксандра, Паўла, Антона знаходзяцца ў прыватных калекцыях па ўсім свеце.
Карціны сучасных беларускіх мастакоў калекцыянуе прадпрымальнік Алег Хусаенаў: у актыве XO gallery ужо каля 500 работ. Сярод персон, чые працы прадстаўленыя ў калекцыі, – Аляксандр Даманаў, Андрэй Смаляк, Жанна Капуснікава, Уладзіслаў Стальмахаў, Руслан Вашкевіч, Сяргей Грыневіч і той самы Захар Кудзін, герой айчыннага фільма «Чыстае мастацтва» рэжысёра Максіма Шведа.
На галоўнай: твор Алесi Скарабагатай