8 канцэпт-мастакоў, пра якіх ты яшчэ пачуеш
- Рубрыка: ЗA KIM САЧЫЦЬ?
- 03.06.2020
- 6294
Разам з нашымі сябрамі, якія робяць часопіс пра беларускі сучарт Chrysalis Mag, працягваем радаваць твае вочы эфектнымі і глыбокімі малюнкамі. Сёння паказваем працы канцэпт-мастакоў – рабят, якія па большай частцы занятыя ў гульнявой індустрыі, але таксама візуалізуюць ідэі для коміксаў, фільмаў, кніг. Глядзі: у кожным малюнку – цэлая гісторыя.
Света – self-made artist: мастацкай адукацыі, за выключэннем анлайн-курсаў, яна не мае, вучылася на праграміста. Аднак гэта ніяк не перашкодзіла ёй рэалізавацца ў мастацтве.
Сфера інтарэсаў Светы разнапланавая: рэалізм, семі-рэалізм, графіка ў стылі манга. У сваіх працах акцэнтуе ўвагу на эмоцыях і гісторыях персанажаў, раскрываючы іх унутраны свет праз знешнасць. Таксама цікавіцца тэмай чалавечых узаемаадносін, у асноўным цёмным іх бокам: гвалт у сям'і, булінг, грамадская няроўнасць, ціск соцыуму. «Натхненне» чэрпае са стужкі навін і падзей, што адбываюцца вакол.
Аляксандр перайшоў у геймдэў некалькі год таму, падчас навучання ва ўніверсітэце. Цяпер працуе ў розных фарматах – пачынаючы з адмалёўкі карыстальніцкіх інтэрфейсаў (UI) і заканчваючы 3D-анімацыяй. Актыўна асвойвае тэму дызайну персанажаў.
Спачатку мы паспрабавалі абагульніць працы Аляксандра словам «фэнтэзі», але сам ён гаворыць, што трэба, каб прайшоў час, перш чым можна будзе казаць пра наяўнасць пэўнай стылістыкі. Паколькі ў канцэпт-арце важна ўмець хутка данесці ідэю, Аляксандр імкнецца намацаць залатую сярэдзіну паміж якасцю і хуткасцю. Цяпер мастак спрабуе быць розным, эксперыментуе.
Аляксей скончыў каледж імя А.К. Глебава па спецыяльнасці «графічны дызайн». Працуе пераважна ў лічбавай графіцы, спрабуе сябе ў алейным жывапісу. Фрылансер. Асноўныя напрамкі творчасці – кінапостары і рэкламная ілюстрацыя. Сярод яго герояў – персанажы «Зорных войнаў», «Cамай п'янай акругі на свеце», «Авіятара», «Хмарнага атласа».
Максім прыцягнуў нашу ўвагу працамі на гарадскую тэматыку: аўтар сумяшчае жанры кіберпанк, стымпанк, дызельпанк, занураючы іх у архітэктурную стылістыку розных культур свету. Дэталізацыя і скрупулёзнасць, з якой мастак падыходзіць да стварэння вобразаў, уражваюць.
Канон «класічнага» кіберпанка-дызельпанка Максім паспрабаваў разнастаіць у серыі, прысвечанай розным гарадам. Адной з першых работ у серыі стаў Будапешт. Сталіца Венгрыі – дом для многіх народаў, а Макс якраз цікавіцца праявамі эклектыкі і змяшэння культур. У планах на гэты праект – яшчэ мноства пунктаў на мапе.
Выпускнік кафедры графічнага дызайну БДАМ, Аляксандр займаецца выкладчыцкай дзейнасцю: прымае ўдзел і праводзіць майстар-класы ў рамках міжнароднай канферэнцыі па камп’ютарнай графіцы CG EVENT.
Ён стварыў часопіс пра лічбавае мастацтва «Magic CG» і кампанію Asterman, якая займаецца вытворчасцю анімацыі, ілюстрацыі і мабільных гульняў. Сярод кейсаў вылучым, напрыклад, праект «Сцежка анёлаў» – гэта медытатыўная анімацыя на базе работ літоўскага мастака Мікалоюса Чурлёніса, якую паказвалі на Венецыянскім кінафестывалі 2018 года.
Асноўныя героі Аляксандра – жывёлы і мультыплікацыйныя персанажы. Ён працуе ў рэалістычнай стылістыцы з ухілам у cartoon-стыль.
Сама Юлія вызначае свае працы так: «змрочная сюррэалістычная штодзённасць», «страшная казка на ноч». Акрамя містычных гісторый, стварае калягістарычныя скетчы.
Творчы шлях мастачкі мудрагелісты: пачынала з раскадроўкі для рэкламных ролікаў, пасля працавала з помнікамі, уручную выбіваючы партрэты на граніце, далей вучылася на факультэце тэлерэкламы ў БДАМ, потым прыйшла ў вялікія геймдэў-кампаніі і супрацоўнічае з прыватнымі заказчыкамі. Яна прыдумала, напрыклад, вокладкі для комікса па гульні Dishonored для Titan Comics.
Яшчэ адзін прадстаўнік класічнай мастацкай адукацыі, Улад заўсёды імкнуўся да рэалізму, а ў лічбавае маляванне трапіў амаль выпадкова. Цяпер працуе ў геймдэў-кампаніі, паралельна займаецца жывапісам, выстаўляецца. Стараецца акуратна падзяляць сферы працы і жывапісу: спрабуе ў лічбе тое, што не можа дазволіць сабе ў жывапісе, і наадварот.
Нядаўна паказаў сябе ў ролі кніжнага ілюстратара: стварыў ілюстрацыі да першай кнігі Анджэя Сапкоўскага пра Ведзьмака, выдадзенай на беларускай мове. Дарэчы, хутка выйдзе другая.
Пра працу ў гейм-індустрыі марыў з дзіцячых гадоў: натхняўся кінематографам і відэагульнямі, спрабаваў узнавіць шарыкавай асадкай на паперы батальныя сцэны з «Уладара пярсцёнкаў» і «Зорных войнаў», прыдумляў сваіх персанажаў.
У працэсе навучання на графіцы ў Акадэміі мастацтваў пачаў лавіць флэшбэкі з дзяцінства і зразумеў, што камп’ютарная графіка – гэта яго. Цяпер працуе канцэпт-мастаком у кампаніі з гейм-індустрыі.
У працах Юры пераважаюць вобразы зладзеяў, змрочныя і містычныя тэмы. Цяпер у яго няма мэты данесці нейкі мэсэдж гледачу, хочацца, хутчэй, даследаваць самога сябе. У гэтым Юра бачыць магчымасць сыходу ад рэальнасці, хоць ён не адмаўляе ў сімпатыях і рэальнаму жыццю.
Аўтары: Юрый Хлапонін, Надзея Макеева (Chrysalis Mag)