11 маладых беларускіх рэжысёраў, якія робяць новы тэатр
- Рубрыка: ЗA KIM САЧЫЦЬ?
- 10.05.2019
- 9103
Сабралі спіс маладых (па мерках прафесіі) беларускіх тэатральных рэжысёраў, за якімі варта сачыць, каб не прапусціць значныя падзеі з жыцця сучаснага тэатра.
Тэатр лялек не сінонім тэатра для саплякоў. Зараз самыя прагрэсіўныя, сучасныя, вострыя, актуальныя пастаноўкі ладзяцца на перакрыжаванні лялечнага і драматычнага тэатраў. Ігар Казакоў працуе менавіта на гэтым полі.
Пляцоўка Ігара – Магілёўскі абласны тэатр лялек. З яго апошніх спектакляў тут варта глянуць «Кандыд, або Аптымізм» паводле Вальтэра. «Кандыд» – пра тое, навошта нам гэтае жыццё, і пра тое, што паміраць таксама трэба ўмець. Дачакайся, калі цябе накрые чарговы экзістэнцыяльны крызіс, і адразу хапай квіток сюды. Інсцэніроўку вальтэраўскага тэксту, дарэчы, пісаў Дзмітрый Багаслаўскі, пра якога будзе далей.
Рух у любы бок ад акадэмічнасці ўспрымаецца як нешта скандальнае нават у 2019-м. Але Юра – хутчэй пра сучаснасць і асабістасць, чым пра скандальнасць. Калі хочаш нешта з гульнёй на кантрастах і з пярэваратнямі сэнсу, абавязкова зазірні ў яго сусветы.
Тры гомельскія тэатры, дзе даюць Дзівакова, – важкая нагода зганяць у Гомель. Што тут глядзець? «Плих и Плюх» – спектакль для дзяцей, якія выраслі, а таксама «Fable» паводле баек Лафантэна (тут ты будзеш слухаць французскую мову, але ўсё цалкам зразумела). Варты тваёй увагі «OEDIPUS», гэта гісторыя цара Эдыпа, якая ўжо не пра замшэлую Грэцыю з мужыкамі ў хітонах, а пра блізкае нам сёння, дзе Эдып арганічна аказаўся на прыёме ў псіхатэрапеўта. Таксама не прапусці «Павятовы лекар» – спектакль паводле Франца Кафкі, на які рэжысёра натхнілі... «Зорныя войны», «Гары Потэр» і «Тор». Не абмінем увагай і «ГОГОЛЬ. FATUM.» – музычна-пластычную летаргію, натхнёную творчасцю Гогаля.
У Менску можаш завітаць на пляцоўку ОК16, каб паглядзець дзівакоўскія «КРЕСТОВЫЙПОХОДДЕТЕЙ» і «Песнь Песней».
Калі ж наступным разам паедзеш у Кіеў, дык бяры квіткі на спектакль «Містобогів» у кіеўскі тэатр «Золоті ворота». Дарэчы, вось табе прыклад годнага культурнага абмену: рэжысёр гэтага кіеўскага тэатра Стас Жыркоў плённа папрацаваў у нас – рэкамендуем яго «Паляванне на сябе» (асцярожна: тут шмат пра хатні гвалт) і «ГЭТАМЫ» (як мядок зойдзе фанатам Андруся Горвата).
Калі табе да душы спектакль «Ілюзіі», на які варта ісці дзеля акцёрскіх работ, эмоцый, гуку, табе спадабаецца і «НеСпектакль» «Про это» – чытанне вершаў Маякоўскага, Мандэльштама, Бродскага, Высоцкага, Акуджавы пад гітарны акампанемент. У адваротным парадку гэта таксама працуе.
Увогуле варта сачыць за навінамі на старонцы НЦСМ: там час ад часу мільгае спектакль «Фантомныя болі» Антаніны Аляшкевіч, да якога Таццяна таксама мае непасрэднае дачыненне.
Зараз рэжысёрка рэпетуе спектакль «Сіртакі» па п’есе Вольгі Прусак.
Аляксандр Янушкевіч – беларускі рэжысёр, які раней быў мастацкім кіраўніком Пермскага тэатра, дзе паспеў папрацаваць з Яўгенам Карнягам – беларускім рэжысёрам тэатра лялек, які ў тыя часы працаваў з харэаграфіяй.
Пастаноўкі Аляксандра ў Берасцейскім абласным тэатры лялек – нагода зганяць у паўднёвы горад-герой. Зараз варта ўзяць плацкарту дзеля прадметна-пластычнага бясслоўнага «Боскага адбітку» з неверагоднай сцэнаграфіяй Таццяны Нерсісян. Увогуле калі бачыш, што мастачкай была яна, – трэба браць.
У Менску можна злавіць спектакль Янушкевіча «Вартавыя Тадж-Махала» у культурніцкім хабе «Ок16». Тут два вартавыя стаяць каля сценаў Тадж-Махала і жывапісна размаўляюць пра прыгажосць.
Яўген – яшчэ адзін круты беларускі лялечнік, які працуе на перакрыжаванні розных тэатральных практык. Можна паглядзець яго «Інтэрв’ю з вядзьмаркамі», аздобленае прывабным чорным гумарам. Калі ў Тэатр лялек не хочаш, ідзі ў РТБД на спектакль «Бетон», мастачкай якога выступіла славутая Таццяна Нерсісян. Жанр гэтай пастаноўкі пазначаны як «візуальная паэзія» – тут убачыш неверагодную пластыку напаўаголеных целаў. Амаль без словаў – толькі музыка і целы пяюць пра адзіноту, боль, страту некага, нечага і сябе.
Калі будзеш у Маладзечна і захочаш падсілкаваць не адно страўнік, але і сэрца, глянь на працу Яўгена Карнага ў тэатры «Батлейка». «Сёстры Граі» гарантуе міфалагічны транс.
А намылішся на Піцер – дык паглядзі «Сад наслаждений» у тэатры перфарматыўных мастацтваў Karlsson Haus.
Аляксандр займаецца рэжысёрскай і куратарскай працай. Ён з'яўляецца кіраўніком тэатральных праектаў Цэнтра візуальных і выканальніцкіх мастацтваў «АРТ Корпорейшн», які ладзіць для цябе фэсты «Лістапад», «ТЕАРТ» ды іншыя цікавосткі па-за фестывальным варушняком.
Гэта Аляксандр Марчанка паставіў гучны спектакль «Опіум» пра жыццё ў маленькім беларускім горадзе і не менш гучны «С училища» пра жыццё ў горадзе вялікім.
Валянціна з лабараторыяй сацыяльнага тэатра ECLAB зрабіла дакументальныя спектаклі «11 красавіка» пра тэракт у менскім метро і «Родныя людзі?» пра гвалт у сям’і. Спектаклі заснаваныя на інтэрв’ю з людзьмі, якія здолелі распавесці пра тое, што адчувалі і бачылі. Калі ты гатовы(-ая) сутыкнуцца з лёсамі сапраўдных людзей – табе сюды. З цяжкімі тэкстамі-дакументамі працавалі Лёха Чыканас («Родныя людзі?») і Канстанцін Сцешык («11 красавіка»).
Зараз у межах праекта ECLAB ідуць рэпетыцыі дакументальнага спектакля пра няроўнасць. Там будзе пра булінг, харасмент, эйджым і сацыяльную інклюзію. Прэм’ера – у чэрвені.
У тэатральных колах больш вядомы як драматург. Дзмітрый курыруе лабараторыю «Открывачка» ад Цэнтра беларускай драматургіі. Сачы за сёлетнімі вынікамі (напрыканцы верасня будуць чыткі) і падавайся ў наступным годзе, калі марыш напісаць п’есу, якая ўзарве падмосткі любой краіны, а то і свету.
У Маладзёжным тэатры, дзе Дзмітрый Багаслаўскі таксама актор, ідуць пастаўленыя ім спектаклі «Саша, вынеси мусор», а таксама «Чалавек з Падольска». Абавязкова паглядзі: нешта накшталт катарсісу з табой дакладна здарыцца.
З самага свежага – трагікамедыя «З жыцця выкапняў» у Новым драматычным тэатры, дзе гутарка ідзе пра старасць і пра смерць, але гутарка гэтая смешная.
Калі «Гражданская Оборона» – твая тэма, у цябе ёсць яшчэ адна нагода з’ездзіць у Гомель: каб паглядзець трагічную камедыю «Ляцелі арэлі», дзе творчасць Ягора Летава – сюжэтаўтваральная рэч. Калі не даедзеш, хаця б чытні п’есу беларускага драматурга Канстанціна Сцешыка, паводле якой спектакль створаны.
Таксама рэкамендуем яшчэ адзін беларускі road play – «Нічыпар» у Маладзёжным па п’есе Дзмітрыя Багаслаўскага.
Цвікі праграмы Гомельскага моладзевага тэатра – офісны трылер «Метад» і кухонны баявік «Каралева прыгажосці» ад Віталя Краўчанкі.
У Менску можна схапіць яго «Метод Гронхольма» – камерцыйны спектакль у камерцыйнай прасторы КЗ «Мінск» пра заўсёды актуальнае – суразмоўе. Пастаноўка зробленая па той жа п’есе, што і яго гомельскі «Метад», але інакш. Цікава параўнаць.
Калі ўсе гэтыя метады цябе стамілі, выпраўляйся ў Нацыянальны тэатр імя Янкі Купалы па «класіку»: тут ідуць краўчанкаўскія «Вешальнікі». Варта прыхапіць праграмку: і для інстаграма – прыгажосць, і ўся інфа пра спектакль быццам бы на той самай газеце, пра якую ідзе гаворка на сцэне.
Мо і дзіўна, але факт: часам у нас здараюцца крутыя рок-мюзіклы. З апошняга гучнага варта паглядзець і пачуць працу Анастасіі Грыненка «Недалёка ад нормы» – рок-мюзікл пра сямейныя стасункі, з драйвам і простай бытавухай адначасова. Гэта сапраўдны, ліцэнзаваны брадвейскі мюзікл на беларускай сцэне: за падрыхтоўкай спектакля пільна сачылі амерыканскія партнёры.