Як правільна дапамагаць? 5 пытанняў пра дабрачыннасць

  • 05.02.2019
  • Аўтар: 34mag
  • 6273

Сабралі для цябе невялікі мануал аб тым, як правільна дапамагаць людзям, жывёлам і цэлым арганізацыям. Канвертуем добрыя намеры ў рэальную карысць! Ніжэй – карткі па асноўных пытаннях дабрачыннасцi і меркаванне людзей, якія займаюцца ёй знутры.

 

 ПЫТАННЕ: У мяне сваіх праблем навалам, як мне 

 яшчэ займацца дабрачыннасцю? 

 ПАДКАЗКА:  Насамрэч дабрачыннасць вельмі часта пачынаецца якраз тады, калі чалавек вырашае стварыць для сябе менавіта такія ўмовы, якія падабаюцца яму самому – і такім жа людзям. Хтосьці не хоча ладзіць пікнік на прыродзе пасярод смеццевай палянкі – і прыдумляе рух па добраахвотных прыборках на некалькі мільёнаў чалавек. А нехта мяняе сістэму аховы здароўя толькі таму, што ў сям'і ёсць пэўнае захворванне. І гэта – цалкам дастатковыя ўмовы для дзейснай дабрачыннасці.

 

Марыя Лысенка

арганізатарка праекта па безбар'ерным асяроддзі ў спорце:

«Пра заезджаны канцэпт “дапамагаць іншым = тварыць дабро” час забыць. Ён належыць тым класава непрыязным часам, калі багатыя белыя дамы цешылі сваё багатае белае самалюбства і зараблялі ачкі на кірмашы ганарыстасці. Праўдзівая і дзейсная дабрачыннасць тая, у якой ёсць асабісты, эгаістычны матыў. Калі ўсвядоміць, што цябе ад інваліднага вазка аддзяляе застыглая прыступка або мокрая падлога ў ваннай – жаданне стварыць інклюзіўныя ўмовы для сябе адразу ставіць усё на правільныя месцы. Дапамагаючы “іншым”, мы застанемся ў суперпазіцыі да іх, ніколі так і не пераадольваючы бар'ер чужасці».

 

 

 ПЫТАННЕ: Дастаткова раз у год з'ездзіць у дзіцячы дом 

 павіншаваць дзяцей? 

 ПАДКАЗКА:  Гэта спосаб, з якога пачынаюць многія, але наўрад ці самы лепшы. У выпадку з дзецьмі значна важней навучыць іх таму, што спатрэбіцца ім у будні, чым зладзіць месяц бясконцага свята ў снежні. Больш падрабязна пра гэта можна пачытаць тут.

 

Вікторыя Онахава-Жураўлёва

прыёмная маці і апякунка:

«Перад Новым годам многія людзі хочуць парадаваць не толькі сваіх самых блізкіх, але і тых, хто пазбаўлены сямейнага цяпла, – дзяцей у дзіцячых дамах. Выдатная ідэя, калі не ўлічваць, што такіх жадаючых менавіта перад святамі – процьма, і навагоднія ялінкі пачынаюцца ў дзяцей у першыя дні снежня і валяць да старога Новага года. Дзеці сустракаюць тры-чатыры валанцёрскія групы ў дзень (з цукеркамі, мп3-плэерамі і калонкамі), не паспяваючы прыгледзецца ў твары дабрачынцаў і адчуць нейкія эмоцыі: радасць, падзяку, весялосць. Так дзеці зноў адчуваюць сябе выкарыстанымі дарослымі, якія хочуць паправіць сваю карму або прычыніць крыху дабра гэтаму свету.

Не дапамагаць зусім? Дапамагаць, але ў залежнасці ад патрэбаў і ўзросту дзіцяці – аплаціць рэпетытара, артадонта, стаць старэйшым таварышам, настаўнікам, навучыць дзіця хадзіць у краму, аплачваць святло і запытваць неабходныя дакументы ў розных інстанцыях. Але гэта немагчыма зрабіць за адзін прыезд, а значыць, трэба прыязджаць да вызначанага дзіцяці часта і рэгулярна. Не заўсёды на гэта ёсць рэсурс у дабрачынцаў».

 

 

 ПЫТАННЕ: А калі я хачу дапамагаць жывёлам? 

 ПАДКАЗКА:  Галоўнае правіла – браць адказнасць на сябе. Патэлефанаваць валанцёрам з расповедам пра тое, што дзесьці каля метро ты бачыў(-ла) сабаку, вельмі падобнага да хатняга, – дрэнная ідэя. Узяць сабе на ператрымку ці пакінуць назаўжды – добрая, нават калі ты зробіш гэта толькі адзін раз.

 

Анастасія Жаўрыд

дырэктарка Цэнтра па абароне жывёл «Анімалекс»:

«На жаль, у Беларусі няма службы, якая прыедзе па званку і забярэ ў цябе знойдзеную жывёлу (няма розніцы, гэта маленькае кацянятка ці вялікі алабай). Ператрымка – гэта часовы дом да канчатковага прыстройства жывёл. Яна бывае платнай ці бясплатнай (у сябе, знаёмых ці тых, хто адгукнецца ў інтэрнэце).

Калі ты тэлефануеш у таварыства абароны жывёл – калі ласка, памятай, што на тым канцы дроту валанцёр. Гэта значыць, што ў чалавека таксама ёсць асабістае жыццё, сям'я і праца, а ў дадатак да іх яшчэ грамадская нагрузка ў выглядзе дапамогі жывёлам. І не, ён або яна не абавязаны выехаць на тваю просьбе або забраць у цябе жывёлу. Усе валанцёры бачаць жывёл на вуліцы і робяць што могуць, шмат у каго дома на ператрымцы ўжо некалькі жывёл. “Убачыў і патэлефанаваў” – гэта не дапамога. З чым патэлефанаваць у таварыства абароны жывёл можна? Спытаць, што рабіць са знойдзенай жывёлай; куды падаваць аб'явы аб прыстройстве; чым карміць.

Перад тым як забіраць жывёлу дадому або на ператрымку, абавязкова пакажы яе ветэрынару, нават калі вонкава яна выглядае здаровай. Ёсць шмат хвароб, якія будуць бачныя толькі спецыялісту. Тут важна адзначыць, што, напрыклад, мікраспарыя (лішай) не з'яўляецца падставай для таго, каб усыпіць жывёлу. І ўвогуле, калі ветэрынар раіць усыпіць жывёлу, я рэкамендую спачатку параіцца з валанцёрамі.

Калі жывёла з відавочнымі прыкметамі траўмы (пераломы, збітая машынай і г.д.), рыхтуйся, што гэта будзе каштаваць вельмі дорага. Часам кошт аперацый і лячэння даходзіць да 1000-2000 BYN. Добрая навіна ў тым, што можна звярнуцца ў тэматычныя групы дапамогі жывёлам і гэтыя грошы рэальна сабраць.

На этапе пошуку дома для жывёлы можна прасіць дапамогі ў валанцёра. Прыстройства – цэлае мастацтва, бо трэба праверыць праз размову патэнцыйных гаспадароў. Я рэкамендую задаваць такія пытанні: хто будзе даглядаць за жывёлай? Ці ўсё члены сям'і згодныя завесці жывёлу? Якія жыллёвыя ўмовы, куды бярэцца жывёла: дом, кватэра, двор? Чым новыя гаспадары збіраюцца карміць гадаванца (каб загадзя выключыць ежу “са стала”). Ці былі ў іх жывёлы раней і што з імі здарылася? Напрыклад, калі выпускалі жывёлу на самавыгул, такая ж доля можа чакаць і твайго падапечнага (і тады сэнс у папярэдняй дапамозе губляецца).

Лепш за ўсё спачатку зладзіць сустрэчу-знаёмства і аддаваць жывёлу праз суткі пасля яе, калі рашэнне саспела канчаткова. Лепш (і больш адказна), калі новыя гаспадары самі прыязджаюць за сваім новым гадаванцам і ў іх ужо гатова ўсё неабходнае (пераноска, павадок і г .д.). Таксама раю падпісаць дамову перадачы жывёлы (можна знайсці ў інтэрнэце), куды ўпісаць пашпартныя дадзеныя новага ўладальніка(-цы), а таксама ўмову аб тым, што пры немагчымасці далей трымаць жывёлу новы ўладальнік абавязваецца вярнуць яе вам. Сачы за лёсам жывёлы праз фота і паведамленні ад новых гаспадароў.

Адэкватнасць дапамогі жывёлам заключаецца ў тым, каб не браць на сябе больш, чым можаш вынесці. Часам лепш прайсці міма ці абмежавацца сасіскай для бяздомных катоў, чым, напрыклад, выклікаць адлоў (а ў некаторых гарадах адстрэл) або трымаць 30 катоў у сваёй кватэры. Ва ўсім важная мера, адэкватнасць і цвярозая адзнака сваіх сіл».

 

 

 ПЫТАННЕ: Як дапамагчы, калі я ведаю 

 ахвяру хатняга гвалту? 

 ПАДКАЗКА:  У гэтай сітуацыі на першым месцы – здароўе і бяспека.

 

Вольга Ланеўская

трэнерка па самаабароне і асертыўнасці для жанчын і дзяўчынак Wen-Do (ГА «Радзіслава»):

«Калі ты ведаеш, што тая, каго ты хочаш падтрымаць, знаходзіцца ў небяспечнай сітуацыі для свайго здароўя ці жыцця, прапаную засяродзіцца на тым, каб паклапаціцца пра яе бяспеку і яе патрэбы. Удакладні, што ты можаш зрабіць, каб яна адчула сябе лепш.

Вельмі важна дапамагчы аднавіць пачуццё ўлады і кантролю над уласным жыццём. Гвалт – гэта сітуацыя, у якой хтосьці забірае ў нас магчымасць распараджацца ўласным целам, не дае нам прымаць рашэнні, знішчае магчымасць быць сабой. Нават калі табе здаецца, што для пацярпелай будзе лепш менавіта так, як ты лічыш, гэта ўсяго толькі твае адчуванні. У яе ёсць свае, і яна экспертка ў сваім жыцці. І яна ўмее прымаць рашэнні альбо менавіта цяпер вучыцца рабіць гэта нанова.

Вера ў тое, што жанчына падверглася гвалту, вельмі важная ў працэсе “выздараўлення”. Гвалт – гэта працэс, у якім з самага пачатку хтосьці нам не верыць. Спачатку агрэсар не верыць, што мы чагосьці хочам альбо не хочам. Потым нашыя знаёмыя ці міліцыя не вераць, што менавіта з намі адбыліся канкрэтныя падзеі. Калі справа даходзіць да суда, то пракурор ставіць пад сумнеў, што мы не маглі паўплываць на тое, што адбылося. Верыць вельмі важна, бо пацярпелая часта будзе шукаць віну менавіта ў сабе, будзе думаць аб тым, што яна магла б зрабіць інакш, каб пазбегнуць гвалту. У гвалце заўсёды вінаваты агрэсар, тут не можа быць ніякіх сумненняў.

Памаўчы (калі яна цябе не просіць казаць) і дай выказацца пацярпелай. Альбо памаўчыце разам, калі яна нічога не хоча гаварыць. Калі мы маўчым, павялічваюцца шанцы, што мы не скажам нічога, што нанясе чарговую траўму.

Помні, што, нават калі ў цябе ёсць такі вопыт, гэта не твая сітуацыя. Жанчына, якую ты падтрымліваеш, можа хацець чагосьці іншага, чым ты. Падтрымка кагосьці – гэта не наша тэрапія і не сітуацыя, у якой ты хочаш справіцца са сваёй траўмай.

Даведвайся і цікаўся. На жаль, разумная падтрымка – гэта не прыроджаны навык, і ўменне падтрымаць не залежыць ад таго, наколькі добра ты ведаеш пацярпелую. Чытай кнігі, хадзі на лекцыі, разбірайся. І памятай, ты не абавязаны(-ая) ведаць усё. Можна звярнуцца па дапамогу ў арганізацыю, якая парэкамендуе, што рабіць канкрэтна ў тваёй сітуацыі альбо сітуацыі тваёй сяброўкі. У Мінску з тэмай хатняга гвалту працуе, напрыклад, ГА «Радзіслава» (кругласутачны тэлефон экстраннай дапамогі для пацярпелых ад гвалту: +375296108355).

 

 

 ПЫТАННЕ: А можна нікуды не ездзіць і 

 проста зрабіць ахвяраванне? 

 ПАДКАЗКА:  Адсачыць, на што менавіта сыходзяць твае падаткі, у нашай дзяржаве складана. Таму ты можаш самастойна выбраць праект, якому давяраеш, – і дапамагаць яму.

 

Вольга Каскевіч

інжынер-эколаг і каардынатарка прыродаахоўных праектаў «Багны»:

«У Беларусі культура ахвяраванняў толькі пачынае развівацца. За той час, што я працую ў прыродаахоўнай дзейнасці, зарадзілася некалькі платформаў для краўндфандынгу, такіх як “Вулей” і “Талака”. Яшчэ ў 2013 годзе, калі мы толькі пачыналі працаваць, у мяне самой было вельмі скептычнае пачуццё, калі на нашы праекты людзі хацелі нешта ахвяраваць. Пакутаваў мой гонар. Пазней, калі мы пачалі больш шчыльна супрацоўнічаць з аналагічнымі прыродаахоўнымі арганізацыямі за мяжой, я ўбачыла зусім іншае стаўленне: ахвяраванне – гэта свайго роду галасаванне, вылучэнне гэтага праекта або ідэі з усіх астатніх, наданне тэме значнасці. Ты часта не можаш, да прыкладу, дапамагчы фізічна праекту, кампаніі, людзям, якія працуюць над вельмі важнай тэмай, таму хочаш унесці хаця б матэрыяльны ўклад у тое, што цябе сапраўды хвалюе. Фінансы пералічваюць не асабіста камусьці ў арганізацыі, а на патрэбы праекта, каб яго ажыццявіць.

Жывучы ў дзяржаве, як буйной узаемазлучанай сістэме, якая спрабуе ўрэгуляваць незлічоную колькасць пытанняў і праблем, сёння нельга адсачыць, на што менавіта ідзе падатак, які мы аплачваем. У нашай краіне ўсе падаткі зліваюцца ў адзін бюджэт і не мы прымаем рашэнне, у якую галіну гэтыя сумы будуць сыходзіць. Для прыкладу распавяду аб сваёй сферы дзейнасці: раней у Мінпрыроды быў мэтавы фонд, з якога фінансаваліся прыродаахоўныя мерапрыемствы. Грошы ў фонд паступалі са штрафаў, падаткаў, кампенсацыйных мерапрыемстваў. Але сёння гэтага фонду не існуе, і, паколькі экалогія не з'яўляецца прыярытэтным напрамкам, на яе фактычна дзяржаўнага бюджэту не вылучаецца. Не кажучы ўжо пра фінансаванне дробных лакальных праектаў, за развіццё якіх ты б хацеў(-ла) прагаласаваць.

Таму, калі цябе турбуе лёс нейкіх пытанняў, ёсць шэраг некамерцыйных арганізацый, якія можна падтрымаць. “Цэнтр экалагічных рашэнняў”, “Ахова птушак Бацькаўшчыны”, “Багна”, “Экадом”– гэта тыя арганізацыі, якія вядуць пастаянную дзейнасць па пытаннях аховы прыроды. І можна аказаць ім матэрыяльную дапамогу, пачынаючы ад набыцця камер і ўладкавання гнёздаў да аднаўлення месцаў рассялення важных відаў і арганізацыі прыродаахоўных лагераў».