Што рабіць са згубленымі і знойдзенымі жывёламі?
- Рубрыка: ПРАЦЭС
- 14.08.2024
- 8665
Паведамленні пра знойдзеных ці згубленых жывёлаў мы ледзь не штодзень бачым у сацсетках, месенджарах ці ліхтарных слупах, але ад паўсядзённасці такога ліха сэрца не чарсцвее. Калі ты ў чарговы раз адчуеш прыліў эмпатыі і прагу дапамагаць хвосцікам і іх людзям, мануал 34mag падкажа, як рабіць гэта найбольш эфектыўна.
Упэўніцца, ці сапраўды звярок згубіўся. Недзе побач можа быць уладальнік ці ўладальніца, які(-ая) проста спусціў(-ла) свайго сябра з павадка.
Калі ты знайшоў(-ла) жывёліну ў двары, паспрабуй хуценька размясціць фатаграфію і інфармацыю пра яе ў чаце суседзяў альбо папрасіць аб такой ласцы кагосьці з жыхароў бліжэйшых будынкаў. З вялікай доляй імавернасці згублены звярок (асабліва калі гэта кот) не паспеў адбегчы далёка ад дома.
Калі папярэднія два пункты не твой выпадак, паспрабуй асцярожна злавіць жывёліну. Май на ўвазе, што знайдзён можа адрэагаваць насцярожана, укусіць, падрапаць. Апрані вопратку з трывалай тканіны, шчыльныя пальчаткі і захапі ласункі. Размаўляй з жывёлай спакойным голасам, не рабі рэзкіх рухаў.
Адвязі злоўленага небараку ў ветэрынарную клініку. Нават калі жывёла выглядае здаровай, лепей усё ж паказаць яе лекару(-цы), бо праблемы могуць хавацца глыбока ўнутры. Ветэрынар(-ка) высветліць пароду і ўзрост звярка, выканае неабходную праверку на інфекцыі, апрацуе жывёлу ад блох і іншых паразітаў, правядзе вакцынацыю. На месцы зможаш вырашыць таксама пытанне наконт будучай стэрылізацыі жывёлы. З візітам у ветэрынарку ёсць шанс і на вялікую ўдачу: пошукі ўладальніка(-цы) скончацца хутчэй, калі ў ката або сабакі ёсць імплантаваны чып з інфармацыяй пра яго чалавека.
Цяпер час падумаць пра ператрымку. Ні пры якіх абставінах не вязі небараку ў «Фаўну горада»! Гэта не прытулак, а пункт часовай ператрымкі, у якім жывёле адводзіцца толькі некалькі сутак на пошукі гаспадара – пасля яе забіваюць.
Калі ты не можаш размясціць гадаванца ў сябе, звярніся да валанцёраў ці арганізуй платную ператрымку праз сайты Petsitters, Bypet або Kufar.
Хаця б на некалькі тыдняў засцеражы звярка ад кантактаў з іншымі хатнімі жывёламі. Нават зробленая ў ветэрынарцы прышчэпка не з’яўляецца гарантам незаражэння, таму важна заставацца пільным(-ай).
Калі ты прытуліў(-ла) знайдзёна ў сябе, паклапаціся пра яго гігіену: вымый з шампунем супраць блох, падстрыжы, паспрабуй прывучыць да латка, калі малюк яшчэ не навучыўся. З узніклымі складанасцямі не бойся звяртацца да валанцёраў ці ветэрынараў – яны змогуць пракансультаваць цябе, а мо і справай дапамогуць.
Вельмі важна аднаўляць у гадаванца веру ў чалавецтва – на жаль, на вуліцы са звярком маглі адбывацца рэчы, якія яе пахіснулі. Паклапаціся пра спакой жывёліны. Натуральна, даверныя адносіны ў імгненне не ўсталююцца, але прыязны тон і ненавязлівае ўзаемадзеянне – гэта база.
Займіся аб’явамі. Сфатаграфуй жывёліну і размясці фота і апісанне на спецыяльных сайтах, форумах і ў групах зааабарончых арганізацый. Выкарыстай сацыяльны капітал на максімум – падзяліся інфармацыяй у інтэрнэце паўсюль, куды дацягнешся, папрасі аб рэпосце сяброў і сябровак.
Практыка паказвае, што папяровыя аб’явы таксама маюць высокую эфектыўнасць. Надрукуй наклад улётак (цудоўна, калі яны будуць з фатаграфіяй знайдзёна) і расклей іх побач з месцам, дзе адбылася ваша першая сустрэча. Не абмінай і іншыя людныя месцы: прымацуй аб’явы побач з супермаркетамі, рынкамі, ветклінікамі, прыпынкамі грамадскага транспарту.
Калі нехта адгукнецца на тваю абвестку і гэта не былыя ўладальнікі жывёлы – захоўвай галаву халоднай. Важна сапраўды ацаніць патэнцыйных уладальнікаў, правесці невялічкае сумоўе. Даведайся, дзе яны жывуць, дзе працуюць, ці маюць іншых гадаванцаў, ці здольныя забяспечыць звярка ўсім неабходным. Зладзь пробную сустрэчу і паназірай, як сябе паводзяць магчымыя гаспадары. Добрай ідэяй будзе захаваць іх кантакт ці сацсеткі. Калі ўсё прайшло добра – віншуем: твая місія выкананая.
У пункце часовага ўтрымання «Фаўна горада» жывёлы знаходзяцца ў бедных умовах і іх усыпляюць праз некалькі дзён пасля адлову. Таму заклінаем: не аддавай знайдзёна на Гурскага, 42! Лепш забяры адтуль гадаванца, які спадабаўся.
Праз тое, што сітуацыя з бяздомнымі жывёламі вельмі сумная, усё болей і болей неабыякавых людзей распачынаюць уласныя ініцыятывы, каб хоць трохі палепшыць становішча. Людзі на грамадскіх пачатках лечаць, займаюцца адаптацыяй і ўладкаваннем гадаванцаў у новыя дамы. У Менску гэта прытулкі «Суперкот», «Домик спасённых душ», «Дом собачьей надежды», «Старый кот»; у Гомелі – аб’яднанне аховы жывёлаў «Доброта», «Лапки»; «Уголок надежды», у Магілёве – аб’яднанне аховы жывёлаў «Доброе сердце», ператрымка-прытулак «Верба»; у Горадні – домік для жывёлаў «Преданное сердце»; у Віцебску – прытулак «Добрик»; у Берасці – прытулак «Доброта». Гэта далёка не поўны спіс.
Куратары(-кі) такіх ініцыятыў – звычайныя людзі, якія дабрачынна ахвяроўваюць свае матэрыяльныя і эмацыйныя рэсурсы на тое, каб дапамагчы слабейшым. Часцей за ўсё ў валанцёраў ёсць сталая праца, сям’я і наогул іншае жыццё па-за добрай справай. Тым не менш яны абіраюць удзяляць той час, які могуць, звяркам у бядзе. Адпаведна, такое кам’юніці чакае ад тых, хто хоча далучыцца, адказнасці, павагі і разумення некамерцыйнасці такой працы.
Узяць сабаку або котку на ператрымку – значыць забраць жывёлу з прытулку, у валанцёраў або з вуліцы і ўтрымліваць у сябе, пакуль для звярка не знойдуцца сталыя гаспадары альбо да наступнай ператрымкі. Так, гэта часовая мера, але яна дае жывёлам шанцы на добрае далейшае жыццё. Хвасты знаходзяцца ў бяспецы, атрымліваюць эстэтычны і медыцынскі догляд, сацыялізуюцца і вучацца жыць з людзьмі. Таму калі ты не можаш забраць вулічную жывёлу назаўжды, ты ўсё роўна можаш ёй дапамагчы.
Калі ты бярэш жывёлу на ператрымку, ты можаш разлічваць на інфармацыйную падтрымку з боку валанцёраў. Куратар(-ка), замацаваны(-ая) за канкрэтнай жывёлай, дапаможа вырашыць усе пытанні. Пашукаць адказы самастойна таксама можна – на спецыялізаваных форумах і ў групах. Гэта вельмі спагадлівыя кам’юніці.
Часта магчымая фінансавая падтрымка – ініцыятывы забяспечваюць жывёлу кормам, напаўняльнікам, лекамі, шукаюць грошы на кастрацыю/стэрылізацыю і іншыя медыцынскія маніпуляцыі. Але ўсё гэта трэба абмяркоўваць загадзя: не забывайся, што арганізацыі па абароне жывёлаў дабрачынныя. Чым больш нагрузкі ты з іх здымеш – тым лепш.
Асноўныя абавязкі падчас ператрымкі:
карміць і выгульваць падапечнага;
турбавацца пра бяспеку – не дапускаць уцёкаў і боек з іншымі гадаванцамі;
выконваць рэкамендацый ветэрынара(-кі) і куратара(-кі) – часта жывёле рэкамендаваны спакой або адмысловая дыета.
Дзе ўзяць беспрытульную жывёлу?
Берасце:
Пункт временного содержания безнадзорных животных г. Бреста
Віцебск:
«Витебск. Волонтерская помощь бездомным животным»
Гомель:
Горадня:
Пункт временного содержания безнадзорных животных г. Гродно
Магілёў:
Менск:
«Эгида»
«ЗООшанс»
«Суперкот»
Шукай прытулкі і іншыя валанцёрскія арганізацыі ў сваім горадзе і наваколлі праз Google. Яны дакладна ёсць, і тамтэйшыя супрацоўнікі(-цы) таксама будуць удзячныя, калі ты зможаш узяць кагосьці з гадаванцаў на ператрымку.
Як яшчэ я магу дапамагчы бяздомным жывёлам?
Галоўнае правіла – браць адказнасць на сябе. Убачыць жывёлу і патэлефанаваць валанцёрам, каб назваць адрас і перакінуць з адной галавы на іншую (у якой да халеры задач), – дрэнная ідэя. Падумай, што можаш зрабіць ты сам(-а). Але бяры на сябе столькі, колькі здолееш вынесці.
Найлепшая дапамога – забраць хваста са складаным лёсам да сябе назаўжды. Такім чынам ты і слот у прытулку вызваліш, і жывёлу выратуеш, і новага сябра здабудзеш.
Можна наўпрост падтрымаць арганізацыю, якая блізкая табе па каштоўнасцях. Звычайна ў сацсетках такіх устаноў ёсць падрабязная інфармацыя, якая дапамога патрэбная найперш, а таксама нумары банкаўскіх рахункаў, куды можна перавесці грошы і падтрымаць прытулак фінансава (гэта заўсёды на карысць).
Можна стаць валанцёрам(-кай) і аказваць дапамогу рознага калібру – фатаграфаваць жывёл, падкормліваць, даглядаць іх, браць на ператрымку, вазіць на машыне ў ветэрынарку і гэтак далей. Можна ўзяць коціка на фінансавае ўтрыманне, пакінуўшы яго ў прытулку, і часам наведваць, каб пагуляцца ці паразмаўляць.
Варта не заплюшчваць вочы на існаванне праблемы. Каб атрымаць «эфект Нідэрландаў», дзе ўсе жывёлы маюць свой дом, трэба прыкладаць намаганні. Калі няма грошай дапамагаць са стэрылізацыяй ці хатніх умоў для ператрымкі, можна ўзяць на сябе асветніцкую функцыю: распавядаць пра сітуацыю, шляхі вырашэння, файныя практыкі ў свеце і магчымасці дапамагаць.
Што рабіць, калі згубіў(-ла) сабаку?
Па-першае, адсунуць эмоцыі на другі план. Хаця гэта можа быць вельмі складана, важна трымаць сябе ў руках, каб праца ішла больш хутка і эфектыўна.
Пачынай пошукі адразу. Спачатку даследуй мясцовасць побач з кропкай, дзе ты бачыў(-ла) сабаку ў апошні раз. Калі вырашыш прасоўвацца далей і аглядаць іншыя тэрыторыі, усё адно пакінь кагосьці з сяброў на «зыходным пункце» – ёсць верагоднасць, што твой гадаванец вернецца туды.
Працягвай пошукі побач з вашым жытлом і ў добра знаёмых сабаку месцах (напрыклад парк, у якім вы звычайна гуляеце).
Гучна кліч сабаку, апытвай суседзяў і мінакоў. Пакідай ім свае кантакты, інфармацыю пра жывёлу, паказвай фота – магчыма, яны пабачаць звярка пасля сустрэчы з табою. Прапаноўвай узнагароду за любую карысную інфармацыю.
Прыцягні да пошукаў як мага болей людзей – сяброў, сваякоў, знаёмых. Пакідай «паставых» на кожным пункце маршрута – так шанец не размінуцца з чатырохлапым сябрам будзе вышэйшы.
Прайшло некалькі дзён, а сабака дагэтуль не знайшоўся. Што рабіць?
Не журыцца, а працягваць пошукі. Хутчэй за ўсё, сабака не сышоў вельмі далёка ад дома, але ж тэрыторыю пошуку варта пашырыць.
Абавязкова патэлефануй у дзяржарганізацыю якая займаецца адловам жывёлаў у тваім горадзе. У пунктах часовай ператрымкі знаходзяцца звяркі, якіх схапілі супрацоўнікі адлову альбо якіх туды здалі недасведчаныя гараджане. На жаль, у мэтах барацьбы з вялікай колькасцю бяздомных жывёлаў каты і сабакі там падвяргаюцца эўтаназіі праз некалькі дзён знаходжання ў пункце.
Вось кантактныя нумары адловаў у абласных гарадах Беларусі:
Берасце +375(162) 95-81-30
Віцебск +375 (212) 22-76-21
Гомель +375 (232) 55 79 74
Горадня +375 (152) 963 487
Магілёў +375 (222) 60 35 06
Менск +375 (17) 388 13 33
Каб звязацца з адловам у тваім горадзе, забі ў пошукавік назву бліжэйшага раённага цэнтра разам з фармулёўкай «адлоў жывёлаў». Звычайна гэтымі пытаннямі займаюцца камунальныя службы, таму можаш проста тэлефанаваць у дыспетчарскую такой установы.
Размясці інфармацыю пра жывёлу ў спецыялізваных групах (у Facebook, Instagram, VKontakte), на сайтах і форумах. Дарэчы, звярні ўвагу і на допісы, апублікаваныя іншымі людзьмі раней. Магчыма, нехта ўжо знайшоў твайго небараку і чакае, калі гаспадар ці гаспадыня выйдзе на сувязь.
Падключы папяровыя аб’явы. Гэта дасюль вельмі дзейсны метад, бо так ты ахопіш і ўзроставую аўдыторыю – самых пільных назіральнікаў за падзеямі ў двары і не толькі.
Звяжыся з ветэрынарнымі клінікамі недалёка ад месца знікнення. Ёсць шанц, што сабаку знайшлі і звярнуліся па кансультацыю са спецыялістам(-кай). Персанал ветклінікі мог запомніць сваіх нядаўніх наведвальнікаў і так ці інакш дапаможа ў пошуках.
А як быць, калі ў мяне прапаў кот?
Пільна аглядзі кватэру, і калі высветліцца, што гадаванец дакладна апынуўся за межам хаты, адразу ж пачынай пошукі. Хутчэй за ўсё, звярок не адбег далёка, а, наадварот, схаваўся ў найбліжэйшым бяспечным месцы – у падвале, пад’ездзе, на дрэве, пад машынай. Захапі з сабою ліхтарык – нават днём у цёмным сутарэнні ці пад’едзе можна выпадкова не заўважыць уцекача.
Хутчэй за ўсё, жывёла напалоханая і не будзе рэагаваць на гучныя воклікі. Таму лепей моцна не павышаць голас і выкарыстаць любімыя ласункі як прынаду. Можна паспрабаваць задзейнічаць нават звыклы шоргат корму ў пакеце – так котка зразумее, што выйсці са схованкі бяспечна.
Працягваць пошукі лепей з самага рання ці ўвечары, ноччу. У гэты час на вуліцы менш шуму і гадаванец з большай імавернасцю выйдзе са свайго сховішча. Таксама не забудзься размясціць аб'явы аб зніклым катафеі ў наваколлі свайго дома, на спецыяльных сайтах, форумах і ў групах.
Важна звязацца з установай, якая займаецца адловам у тваім горадзе (спіс глядзі вышэй), – зніклыя коткі і каты часта трапляюць у тамтэйшыя клеткі.
Як скласці аб’яву пра пошук гадаванца?
Твая аб'ява павінна быць яркай, лёгка чытэльнай, пачынацца з фразы «прапала сабака/кошка», надрукаванай буйным шрыфтам і ўтрымліваць наступную інфармацыю:
- парода жывёлы (або пазнаку «падобная да...» такой пароды);
- колер поўсці/скуры (у тым ліку дробныя асаблівасці);
- мянушка;
- узрост;
- пол;
- адметныя прыкметы (кульгавасць, шнар або радзімка);
- наяўнасць жэтона з адрасам;
- наяўнасць чыпа;
- наяўнасць кляйма;
- інфармацыя аб ашыйніку (матэрыял, колер і іншае);
- звесткі аб тым, дзе і калі жывёла прапала, дзе яе бачылі апошні раз;
- абяцанне ўзнагароды.
Зрабі ўпор на размяшчэнне пастоў у сацсетках і на профільных парталах. Як паказвае практыка, гэта вельмі дзейсны інструмент.
Таксама раздрукуй як мінімум 200 аб'яваў, размясці іх у ваколіцах месца, дзе згубіўся гадаванец, на аўтобусных прыпынках і сценах крамаў.
Павесь аб'явы ва ўсіх бліжэйшых ветклініках і ветаптэках (апавясціўшы аб гэтым персанал), перадай некалькі ўлётак у прытулкі і пункт часовага ўтрымання твайго горада.
Калі ты не атрымаў(-ла) ніякага фідбэку па сваіх аб'явах, неабходна асабіста наведаць ветэрынарныя клінікі і прытулкі не пазней за трэці дзень пошуку.
Дарэчы, калі ты згубіў(-ла) сабаку, раздавай аб'явы ўладальнікам сабак, якія табе сустракаюцца, – гэта менавіта тыя людзі, на якіх варта спадзявацца ў першую чаргу.
Тэкст напісаны з выкарыстаннем парадаў Rondo, занатаваных у 2018 годзе.
Калі табе ёсць чым дапоўніць матэрыял (напрыклад, табе дапамог метад пошуку жывёлы, тут не апісаны, або ты ведаеш спосабы дапамогі прытулкам, пра якія мы не пазначылі), пішы на пошту 34editors@gmail.com.
Iлюстрацыя by Sheeborshee