Наш кантрыбутар Алег Гарус знайшоў у Канадзе сляды свайго родзіча, які знік пасля Другой сусветнай вайны, і адразу выправіўся ў іншую частку свету, каб на ўласныя вочы пабачыць, як жывуць ягоныя новыя сваякі ў адной з самых шчаслівых краінаў свету. Далей чытай гісторыю пошуку і ўз’яднання, рэпартаж-вэстэрн, які пачнецца ў Заходняй Беларусі, працягнецца ў Сібіры, Егіпце і пашуковіку Google, а скончыцца ў канадскай прэрыі.
«Вось ты і дома, тата»
Я стаю на польскіх могілках сярод прэрыяў у горадзе Вініпег, сталіцы канадскай правінцыі Манітоба. Вакол мяне на помніках тысячы славянскіх прозвішчаў жаўнераў Войска польскага, якія ваявалі ў часы Другой сусветнай ды так і не здолелі вярнуцца на радзіму: іхняя Польшча чарговы раз была падзеленая паміж пераможцамі і дасталася не самаму адэкватнаму з іх.
Мы дастаем з багажніка машыны маленькі пакунак з зямлёю, якую я прывёз з беларускай вёскі на заходнім Палессі – малой радзімы маёй бацькоўскай лініі. Олівэр, мой канадскі стрыечны дзядзька, з якім я першы раз сустрэўся некалькі дзён таму, робіць рукою невялічкую ямку перад помнікам, і мы разам высыпаем у яе змесціва пакунка.
«Вось ты і дома, тата… – кажа Олівэр шморгаючы носам, з-пад яго трэндзі «Рэйбанаў» выкочваецца сляза. – Мы зрабілі гэта, Алег. Ты гэта зрабіў».
«Я памятаю, як нас везлі ў Сібір у перапоўненых вагонах»
У 1939 годзе Саветы і Гітлер падпісалі таемную дамову, пасля чаго фашысты напалі на Польшчу, а бальшавікі адшчапілі Заходнюю Украіну і Заходнюю Беларусь, якія тады таксама былі польскія. Мой дзед паспеў павучыцца ў польскай школе і памятаў мову Міцкевіча да самай смерці, хаця і быў савецкім салдатам, уціхамірваў «лясных братоў» у Прыбалтыцы і ніколі на гэтай мове не размаўляў.
Дзедавага брата Міхася напаткаў зусім іншы лёс – пасля прыходу Саўка ў іхнюю вёску ён быў рэпрэсаваны. Паводле сямейнага падання, яго забралі за тое, што, выправіўшыся па грыбы, ён з сябрамі зрэзаў кавалак дроту, які тырчаў з-пад зямлі, – маўляў, спатрэбіцца ў гаспадарцы. Іх хтосьці заўважыў і, вядома ж, заклаў – прыкмета часу. А той звычайны дрот аказаўся сродкам сувязі ледзьве не паміж немцамі і савецкімі спецамі, і праз некалькі дзён з вёскі вывезлі ажно дзевяць чалавек. Усіх, натуральна, у Сібір.
Такім чынам, брат майго дзеда апынуўся сярод арыштаваных палякаў (жыхароў Заходняй Беларусі лічылі палякамі), сярод якіх было шмат і звычайных сялян, як ён, і вельмі заможных польскіх сем’яў, з якіх паходзіла ягоная жонка, і, вядома ж, польскіх афіцэраў (трагедыя ў Катыні яшчэ не адбылася). Паводле звестак даследчыкаў, у першыя гады пасля далучэння Заходняй Беларусі і Заходняй Украіны да СССР на ўсход адправілі каля 1,25 мільёна чалавек.
«Калі цябе не кормяць тыднямі, хутка перастаеш думаць пра сорам»
«Я памятаю, як нас везлі ў Сібір у перапоўненых вагонах. Людзі паміралі ад голаду і холаду, а пасярэдзіне вагона была велізарная дзірка ў падлозе, куды мы мусілі хадзіць у прыбіральню. Першым часам усе крыху саромеліся спраўляць натуральныя патрэбы на вачах усяго вагона і нават прыкрываліся тканінай, але, калі цябе не кормяць тыднямі, хутка перастаеш думаць пра сорам. Каля дзіркі ляжаў кавалак саломы, які мы выкарыстоўвалі як анучу», – успамінае жонка дзеда Міхася Ірэна Пасанджыеўска, усю сям’ю якой вывезлі ў Сібір з Заходняй Украіны.
Цяпер ёй 85, але яна добра памятае і жыццё сярод рэпрэсаваных у Расеі, і свае наступныя прыгоды ў лагерах для ўцекачоў у Афрыцы ды Індыі, а таксама пасляваенную Францыю, адкуль яе забраў у Канаду Міхась.
Польскі ўрад пасля 1939 года быў у выгнанні ў Лондане. Нягледзячы на цяжкія адносіны з Саветамі, ён пайшоў на падпісанне дамовы аб супрацоўніцтве, і бальшавікі дазволілі фармаваць на сваёй тэрыторыі польскае войска з ліку зняволеных палякаў. Кожнаму рэпрэсаванаму трэба было напісаць фармальны ліст-заяву, каб яго прынялі ў жаўнеры, і прайсці такі ж фармальны медагляд. Гэткім чынам Лонданскі ўрад выратаваў частку сваіх грамадзянаў, бо пасля мабілізацыі іх хутка перакінулі на Блізкі Усход, які кантраляваўся брытанцамі, то бок вялікую частку зняволеных палякаў наогул вывезлі з тэрыторыі СССР.
Карацей, калі можна назваць удачай змену турмы на вайну, то дзеду Мішу пашанцавала. Разам з тысячамі жаўнераў Другога Польскага корпуса, або так званай Арміі Андэрса, ён ваяваў у раёне Каіра і егіпецкіх пірамідаў, потым трапіў у Італію, дзе ў 1944 годзе браў удзел у самай важнай, з пункту гледжання ўнёску палякаў у Другую сусветную, бітве пад Монтэ-Касіна. А пасля заканчэння вайны на Міжземным моры ягоны корпус транспартавалі ў Брытанію і там распусцілі па дамах.
«Увёўшы Michael Garus, я натыкнуўся на некралог, у якім пісалі, што "любімы муж і бацька памёр у канадскім горадзе Вініпег"»
Пасля Сібіры і вайны дзед Міхась разумеў, што вяртацца на роднае Палессе было як мінімум небяспечна. Некаторыя з сяброў зрабілі гэта і былі зноў арыштаваныя, а іншыя з падробленымі дакументамі шпарка з’язджалі на Захад, разумеючы, што зрабіла з іх краінай вайна і што пачынаюць рабіць камуністы. З Лондана, дзе Міхась застаўся пасля вайны, ён напісаў сваякам некалькі лістоў, у якіх падрабязна намаляваў свой шлях у Англію праз Сібір, Егіпет ды Італію. Але праз некаторы час да прабабкі прыйшлі людзі з НКУС і паабяцалі вывезці ўсю сям’ю, калі яны не кінуць ліставацца з капіталістычнаю краінаю – нехта стукануў на пошце. Прабабка так напалохалася, што спаліла ўсе лісты ад Міхася, і сувязь з ім абарвалася. А ў часы перамоглага сацыялізму вясковая сям’я і сваякі, што з’язджалі ў горад, увогуле імкнуліся замоўчваць, што ў іх недзе на Захадзе жыве блізкі сваяк – з такім фактам у біяграфіі ты як мінімум не мог разлічваць на добрую кар’еру, а як максімум – зразумела што.
«Ён выйшаў на пенсію і цяпер можа дазволіць сабе жыццё рок-зоркі»
Гісторыю дзеда Міхася расказаў мне бацька некалькі гадоў таму. Я імкнуўся знайсці яго сярод беларускай дыяспары ў Лондане, але ніякіх вынікаў не было. Лонданскія беларусы шукалі яго сярод старых эмігрантаў, але нікога з такім прозвішчам сярод іх не знайшлося. Нават тыя беларусы, што ваявалі пад Монтэ-Касіна і дагэтуль жывуць у брытанскай сталіцы, не чулі пра дзеда Міхася.
Кінуўшы ліставанне з Лонданам, я пачаў папросту гугліць, выкарыстоўваючы разнамоўныя варыянты імя Міхась. Увёўшы Michael Garus, я натыкнуўся на некралог, у якім пісалі, што «любімы муж і бацька памёр у канадскім горадзе Вініпег». Далей прыводзілася кароткая біяграфія, якая супадала з тым, што мне было вядома пра дзеда Міхася. Напрыканцы дадавалася, што ён пераехаў у Канаду ў 1952 годзе, але самае галоўнае – я дазнаўся, што цяпер у Канадзе жыве ягоныя жонка Ірэна і сын Олівэр. Асабліва не разважаючы, я зайшоў на Facebook, набіў у пошуку Oliver Garus, і на маніторы адразу з’явіўся твар чалавека, вельмі падобнага на мяне, але старэйшага гадоў на 40. Хіба гэта не цуд?
Я напісаў Олівэру вялікі ліст, у якім тлумачыў, хто я і што самая вялікая загадка нашай сям’і, здаецца, раскрытая, пасля чаго мы стэлефанаваліся па скайпе і праз год Олівэр прыслаў мне квіток на самалёт да Вініпега.
Высветлілася, што пасля вайны дзед Міхась выбіраў паміж Аўстраліяй, ЗША і Канадай – хацелася спакойнага жыцця. У самы буйны горад канадскіх прэрыяў ён трапіў дзякуючы таму, што ўрад хакейнай радзімы адразу пасля перамогі над Германіяй адкрыў іміграцыйную праграму для польскіх афіцэраў – яны запрашаліся для працы ў сельскай гаспадарцы. Хтосьці з армейскіх сяброў дзеда Міхася напісаў яму ліст з Вініпега, у якім вельмі хваліў Манітобу і ўмовы для працы ў Канадзе, і да таго ж там была вялікая польская супольнасць былых жаўнераў з Арміі Андэрса. Дзед Міхась з’ездзіў у Вініпег паглядзець на ўсё на ўласныя вочы, але потым вярнуўся ў Еўропу, каб забраць з сабою красуню-польку Ірэну і ейную сям’ю. Праз некалькі гадоў пасля пераезду ў Новы Свет у іх нарадзіўся Олівэр.
«Бацька прыехаў у Канаду з адной лыжкай у заплечніку. Уяўляеш, з адной лыжкай! І паглядзі, што ён пасля сябе пакінуў, – Олівэр паказвае з акна машыны велізарны надзел зямлі ў 127 акраў, які дастаўся яму ад Міхася. – Ён набыў зямлю праз некалькі гадоў пасля эміграцыі, бо гэтая частка Манітобы гістарычна засялялася ўкраінцамі і палякамі. Цяпер тут амаль ніхто не жыве, але за 100 кіламетраў на поўдзень у Штатах знайшлося вялікае радовішча нафты. Мы вельмі ўзрушаныя». Олівэр спыняе машыну ля драўлянай праваслаўнай царквы канца XIX стагоддзя і помніка першым украінскім эмігрантам, але засцерагае мяне ад прагулкі, бо тутэйшыя канадцы не вельмі любяць чужынцаў і могуць спакойна дастаць стрэльбу, калі ім штосьці не спадабаецца.
«Ведаеш, тата быў чалавекам вельмі выразных маральных установак. Не тое каб ён быў святым, не. Але ён быццам бы дакладна ведаў, як яно мусіць быць у жыцці, і проста рабіў гэта не задумваючыся», – палохаючы сваёй раптоўнай сур’ёзнасцю выдае Олівэр, калі мы прыязджаем у ягоны двухпавярховы дом у ціхім раёне Вініпега і раскурваем джойнт, гледзячы шоу Дэвіда Лэтэрмана.
«Год таму ён выйшаў на пенсію і цяпер можа дазволіць сабе жыццё рок-зоркі»
Цяпер Олівэру 58 гадоў. З дзяцінства бацькі прывучалі яго працаваць, таму першыя грошы ён зарабіў яшчэ малым, разносячы газеты па сваім аднапавярховым раёне. Потым ён доўгі час інспектаваў мясцовыя паркі, адказваючы за тое, каб дрэвы былі здаровыя і дагледжаныя, каб ніхто не крыўдзіў звяркоў і не псаваў экалогію. Карацей, быў кімсьці накшталт лесніка. Год таму ён выйшаў на пенсію і цяпер можа дазволіць сабе жыццё рок-зоркі: шмат падарожнічае, паліць траўку, якая яго ўжо зусім не бярэ, і ходзіць на канцэрты любімых гуртоў. Ён тыповы прадстаўнік пасляваенных дзяцей, на долю якіх прыйшліся самы росквіт рок-н-ролу, сексуальная рэвалюцыя і розныя наркатычныя бумы. Усё жыццё ён збіраў старыя радыёпрымачы і вінілавыя кружэлкі, вялізную калекцыю якіх распрадаў некалькі гадоў таму, зарабіўшы на гэтым не адну штуку даляраў.
«Бацькі ў хаце звычайна размаўлялі па-польску, але сам я памятаю толькі асобныя словы, і тое толькі ўвесь гэты найсмачнейшы кулінарны стаф: боршч, перогі, бігас. Якія тут бургеры? Я вырас на польскай ежы», – распавядае Олівэр, седзячы за стырном на паркінгу ля аднаго са шматлікіх «МакДоналдсаў» на транскантынентальным хайвэі, што злучае ўсход Канады з захадам.
«Так, я шчаслівы чалавек, бо ў свеце застаецца ўсё меней месцаў, дзе можна мірна жыць і працаваць. Паглядзі, што робіцца навокал. Дзякуй Богу, што Канада не мае патрэбы штосьці пастаянна даказваць, дэманстраваць свае мускулы – у нас ёсць каралева Элізабэт і Брытанія – гэта сусветная ціхая моц, якая ўсё кантралюе і пачуваецца выдатна. А яшчэ ў адрозненне ад амерыканцаў нам ёсць крыху больш справы да таго, што адбываецца ў Паўночнай Амерыцы і наогул у свеце. Мы не жывем межамі свайго штата або невялічкага горада», – слухаю я разважанні Олівэра, а ў галаве мімаволі ўсплываюць здзеклівыя скетчы пра канадцаў з «Саўз Парку» – абарончая рэакцыя занадта паспяховых суседзяў.
«У нас не было ніякага эканамічнага крызісу, бо нашыя палітыкі – людзі з найлепшай адукацыяй у свеце. Зірні, самая вялікая праблема Вініпега – гэта індзейцы, якія не хочуць інтэгравацца ў канадскае грамадства, хаця дзяржава дае ім грашовую дапамогу, вялікія зніжкі на адукацыю і падтрымлівае пры нараджэнні дзяцей. На жаль, у іх няма супрацьалкагольнага імунітэту, таму яны адразу ўсё прапіваюць або трацяць на цяжкія наркотыкі. Яны нараджаюць як мага больш дзяцей, каб атрымаць больш грошай, і іх прапіваюць. Але ведаеш што? Калі б мы вырашылі гэтую праблему, то болей праблемаў у нас не засталося б», – мы праязджаем праз даўнтаўн Вініпега, які з заканчэннем працоўнага дня ў офісных планктонаў ператвараецца ў гнездзішча зомбі з добрым налётам распухлых ад таннага алкаголю і наркотыкаў індзейцаў.
«Хай мяне грае Джэк Нікалсан»
Вініпег называюць месцам, дзе пачынаецца захад Канады. Беларусь – цяперашні пачатак усходу Еўропы. За тры тыдні мы з Олівэрам праязджаем на ягоным «Доджы» амаль усю заходнюю частку краіны кляновага ліста, жывем у матэлях, бачым касмічна прыгожыя Скалістыя горы, дарогу праз якія будавалі ваеннапалонныя пасля сусветных войнаў, фатаграфуемся на фоне ледавікоў і чысцюткіх азёраў ды раз-пораз сустракаем якую-небудзь дзікую жывёліну, што самотна брыдзе ўздоўж хайвэя. Мы праводзім гэты час у размовах, быццам ведаем адзін аднаго ўсё жыццё. Пазней, калі мы раз’едземся, з’явіцца адчуванне складзенага пазла – свет зробіцца яшчэ больш шырокім і адначасова маленькім.
«Пазней, калі мы раз’едземся, з’явіцца адчуванне складзенага пазла»
Канада – гэта краіна добрых, адкрытых і разумных людзей, якія любяць і вельмі цэняць мірнае жыццё. Адчуванне большай расслабленасці і шчасця ў параўнанні з еўрапейцамі кідаецца ў вочы адразу ў аэрапорце. Фенаменальна, што людзі з розных частак свету сабраліся ў адным месцы і дамовіліся мірна суіснаваць не перашкаджаючы, а хутчэй дапамагаючы адзін аднаму.
Шчыра кажучы, я і дагэтуль, вярнуўшыся ў Беларусь, не зусім усведамляю тое, што са мной адбылося. Гэта насамрэч неверагодна, што недзе на іншым канцы Зямлі жыве чалавек, з якім у вас аднолькавыя хада, міміка, агульныя інтарэсы ў музыцы, аднолькавыя жыццёвыя прынцыпы і рысы характару, толькі ён больш чым удвая старэйшы за цябе. Другая сусветная дагэтуль аказвае ўплыў на лёсы людзей, і не вядома, колькі падобных сем’яў ужо ніколі не ўз’яднаюцца.
Мой дзядзька спыняе машыну каля аэрапорта. Пачынаецца моцны дождж. Мы развітваемся імкліва, бо абодва не любім доўгіх праводзін. «Напэўна, бацька перажыў нешта страшнае, – раптоўна прызнаецца Олівэр. – Бо, пераехаўшы ў Канаду, ён нам ніколі не расказваў пра сваю сям’ю ў Еўропе, пра вайну і пра тое, што быў рэпрэсаваны. Ведаеш што – уся гэтая гісторыя сапраўды вартая цэлага фільма! Калі што, хай мяне грае Джэк Нікалсан. Давай абнімемся, Алег».
Дата арыгінальнай публікацыі – 13 жніўня 2013 года
Сямейныя каштоўнасці, адсутнасць феміністак і салдацікі на школьных дыскатэках. Рэпартаж з адзінай у краіне жаночай гімназіі (якая ўжо не існуе).
Як наша аўтарка ў якасці перакладчыцы амаль тыдзень пратусіла з легендай – спадаром Эніё Марыконэ.
Гісторыя беларускай транссексуалкі Кіры, якая зрабіла аперацыю для змены полу.
Кантрыбутарку 34mag звязалі і падвесілі пад столлю ў аўтамайстэрні непадалёк ад Плошчы Перамогі.
Каб зрабіць упрыгожанне на ялінку ці звязаць шопер.
І не забываем перадаваць веды новым пакаленням.
Росквіт размаітасці і крызісны заняпад.
Адсочвай маніфлоў, адкладай на мару, пампуй добрыя звычкі.
Пра дом, пра памяць, пра боль, у якім усе роўныя.