Экстрэмальны кантрыбутар 34mag Ivan час ад часу здзяйсняе дзёрзкія трыпы, выпрабоўваючы свой характар і розум. У 2014-м аўтар распавёў пра вопыт зімавання сярод манахаў, схімнікаў і пустэльнікаў на загадкавым рускім востраве Валаам. (Гэты артыкул – з залатой скарбонкі 34mag, упершыню ён быў апублікаваны ў нашым часопісе 26 чэрвеня 2014 года.)
Пралог: загадкавы манастыр
Таямнічы Валаамскі архіпелаг на Ладажскім возеры. А на ім ужо некалькі стагоддзяў стаіць і квітнее Валаамскі стаўрапігіяльны мужчынскі манастыр – месца містычнае і суровае.
Неяк узімку выдаўся нечаканы адпачынак, і я адразу пачаў думаць, куды б падацца. Спыніўся на Піцеры. З сабой узяў толькі заплечнік, спальнік, дыванок і 100 баксаў. Дзе кінуць косткі на начлег, я пакуль што не ведаў. На другой жа папутцы пашанцавала дабрацца адразу да паўночнай сталіцы. Кіроўца калісьці жыў і працаваў у Валаамскім манастыры, таму падкінуў мяне да самага піцерскага падворка – гэта нешта накшталт філіяла манастыра – і параіў: «Паспрабуй папрасіцца на начлег».
Мяне пусцілі. Правёў там тры дні. Завідна блукаў па горадзе. На Каляды ўсю ноч мыў посуд – канец посту ўсё ж такі, ежы дахалеры, ёсць над чым папрацаваць.
У келлі людзі з затоеным дыханнем шапталіся пра казачны востраў Валаам як пра штосьці сакральнае і таямнічае, пра што і ўслых казаць непажадана. Натуральна, мяне гэта заінтрыгавала. Што за дзівосны востраў, цудоўнае месца пасярод велізарнага возера? А яшчэ дабрыня тамтэйшых людзей, іх нечаканая дапамога падарожніку абудзілі ўва мне жаданне ўцарквіцца. Хутка я не на жарт загарэўся ідэяй пажыць на Валааме.
«На Каляды ўсю ноч мыў посуд – канец паста ўсё ж такі, ежы дахалеры, ёсць над чым папрацаваць»
Прыбыццё на Валаам
Верасень таго ж года.
– Кажуць, карабель адменяць – надвор’е дрэннае, – шэпчацца нехта за маёй спінай.
Наша валанцёрская група з сарака чалавек мнецца на палубе. З Прыазерска мы мусім адправіцца на двух старэнькіх катарах на Валаам. Сыра і туманна. Капітан прымае рашэнне, і мы ўсё ж адплываем, спярша выслухаўшы заліхвацкі мат маракоў за павольнае перамяшчэнне целаў і няправільную пагрузку багажу ў трум.
Вакол – злавесная прыгажосць. Дождж, туман, хвалі ліхіх цёмна-металічных адценняў. Я пагойдваючыся стаю на палубе і адчуваю сябе вікінгам. Праўда, хутка гэта пачуццё змяняецца нудой: ісці да вострава чатыры гадзіны, а без сякеры і барады які з мяне вікінг?
У цеснай кабіне няўтульна. Ад гайданкі нядобра муціць. На палубе лягчэй, але ледзяны вецер прабірае да костак. Сяк-так прымасціўшыся да сцяны, спрабую прыкархнуць – і ванітаваць не цягне, і час забіць можна.
Валаам аблюбаваны турыстамі. Летам за дзень тут праходзяць дзясяткі караблікаў. Ёсць гасцініцы для прыезджых, экскурсаводы, гандляры сувенірамі і падушкамі з ядлоўцам. Прама з Піцера сюды шныпараць «Метэоры» – хуткія катары.
Перад адпраўкай на востраў я ўяўляў сабе драўляныя зрубы, жыццё без электрычнасці і аўтамабіляў, чытанне пры свечках. Надзеі рухнулі – тут ёсць дызельная падстанцыя, па дне Ладагі цягнецца электракабель, заўважаю аўтамабілі, снегаходы, у наяўнасці мабільная сувязь ды іншыя даброты цывілізацыі.
Нас размяшчаюць на паддахавым паверсе вялікага дома, пабудаванага яшчэ ў ХІХ стагоддзі з чырвонай цэглы. Да гэтага часу ён носіць старое імя – Працоўны дом. Дзве келлі для жанчын – налева ад лесвіцы, дзве келлі для мужчынаў – направа. На першым і другім паверхах размяшчаюцца камуналкі для жыхароў, у пад’ездзе змрочна і смярдзіць кацінай мачой. Але пляваць, я ж прыехаў сюды, каб бязвыплатна дапамагчы манастыру і падладавацца духоўна.
Манаскі запаведнік
Дзявятая гадзіна раніцы. Усеагульны збор. Аграном Мікалай Ільіч размяркоўвае, каму куды. У асноўным валанцёры тут займаюцца чарнавой працай, але могуць праяўляць і прафесійныя навыкі – вазіцца з сантэхнікай, пісаць фрэскі, кіраваць грузавікамі. Для астатніх выбар невялікі: летам – збор сена, восенню – кармавых буракоў, капусты і бульбы. Вось на яе, радзімую, мы, дарэчы, і трапляем.
Каля двух тыдняў збіраем бульбачку і адвозім на ферму. На складзе ўтвараецца проста гіганцкая гара гародніны тонаў на восемдзесят. Нават мне, бульбашу, у навіну назіраць такі бульбяны адвал. Там жа яе сартуем, потым адвозім у падвалы для захоўвання.
Спачатку праца ідзе весела. Збіраецца выдатная група – музыкі, журналісты, ёсць нават замежнікі. Але заезд доўжыцца ўсяго тры тыдні, і склад каманды часта мяняецца. Пачынаюць трапляцца пад руку і фанатыкі, зацыкленыя, замкнёныя людзі. Пасля працоўнага дня мы гуляем па выспе, адзначаем дні народзінаў, палім вялікія вогнішчы, спяваем песні. Адчуваецца амаль першабытная атмасфера калектыву, нешта падобнае на стасункі ў старадаўняй абшчыне. Вельмі цікавае пачуццё.
«Перад адпраўкай на востраў я ўяўляў сабе драўляныя зрубы, жыццё без электрычнасці і аўтамабіляў, чытанне пры свечках»
У верасні для мужчынаў прадугледжаныя незвычайныя дзяжурствы. Па начох мы вартуем капусныя і бураковыя палі ад ласёў. На выспах іх процьма, Валаам – запаведнік, і паляванне тут забароненае. Позняй восенню, калі народу на востраве застаецца мала – толькі мясцовыя жыхары, працоўныя, ды манахі, – звычайны страх перад людзьмі ў ласёў кудысьці знікае, яны пачынаюць ладзіць дастаткова нахабныя групавыя вылазкі на палі па жратву і пасуцца ва ўсіх навідавоку, быццам зусім не паляцца.
На архіпелагу ёсць на што паглядзець – скалістыя берагі, неверагодна прыгожыя бухты, унутранае возера, рэшткі фінскіх ваенных умацаванняў, скіты і, вядома, старая буйная сасна, якую адлюстраваў на сваім палатне мастак Шышкін. У нядзелю праводзяцца экскурсіі на астраўныя скіты і званіцу, адкуль адкрываецца выдатны від на акругу. У сераду адчыняе дзверы «нядзельная школа» – тут праходзяць гутаркі з багасловам, кожны можа задаць пытанне. Здараюцца і камічныя сітуацыі: напрыклад, адну жанчыну турбавала, што яна аб’ядаецца ў пост здобнай выпечкай, не можа сябе спыніць і адчувае віну перад Госпадам. Жанчына пыталася, якой малітвай можна загладзіць віну.
Некаторым выпадае праца на скітах, дзе валанцёры выкарыстоўваюць магчымасць пагутарыць з манахамі. Манахі – таксама людзі, я сказаў бы, што ад нас нічым не адрозніваюцца. Гаваркія і панурыя, вясёлыя і хмурныя, бескарыслівыя і сварлівыя, адкрытыя і замкнёныя, альтруісты і кар’ерысты.
Здаралася бачыць такую карціну: ідзе манах у чорным уборы з доўгай цёмнай барадой у кампаніі шчабятух-дзяўчатак у хустачках і ўсміхаецца на ўсе трыццаць два зубы. Пра што ён думае ў гэты момант? Мабыць, розум з целам уціхамірвае? Дарэчы, дзяўчатам тут забаронена насіць кароткія спадніцы, але сярод турыстак бываюць і непакорлівыя. Уяўляю маладога манаха, які і так гоніць свае думкі прэч, старанна моліцца, гасіць поклічы прыроды. А тут яна. Гармоны ж б’юць па галаве, відаць, не горш за молат.
Часцяком ездзім на ферму. Там ёсць магчымасць паабедаць разам з манахамі і паслушнікамі. Прыём ежы пачынаецца з малітвы: усе сядаюць, а адзін працягвае чытаць Евангелле. Пры гэтым атмасфера складваецца загадкавая, містычная. Наогул, мужчыны могуць абедаць з манахамі кожную нядзелю на галоўнай сядзібе. Кормяць манахаў вельмі добра. Нават калі ўзгадаць трапезу ў Вялікі пост – не кожная сям’я ў міру зможа дазволіць сабе такую разнастайную і здаровую ежу. А пра святочны стол ужо лепей прамаўчу.
Ферма займае асаблівае значэнне на востраве. Яна не толькі забяспечвае жыхароў малаком, мясам і яйкамі, але і прымае на перавыхаванне людзей, залежных ад наркаты і алкаголю. Мусіць, спецыяльна так зроблена, бо праца тут не з прыемных. У праваслаўі адзін з галоўных прынцыпаў веры – пакора. Вось і прыбіраюць хлопцы каровіны бліны ў дзённых і начных дзяжурствах. Драяць куратнікі, дзе дыхаць немагчыма праз камбікорм і памёт. Не ўсе могуць уціхамірыць свой гонар, шмат хто сыходзіць. Але ёсць такія, што жывуць тут месяцамі або нават гадамі.
«Дзяўчатам тут забаронена насіць кароткія спадніцы, але сярод турыстак бываюць і непакорлівыя»
Вось айцец Агапій. Прыехаў сюды зусім маладым, з трывалым іракезам на галаве, бунтаваў спачатку. Нічога, змірыўся. Цяпер і ён займае месца ў бюракратычнай праваслаўнай іерархіі. А калі разнарадкі дае, атрымлівае сапраўднае задавальненне. Па вачох відаць.
Іншых сюды заносіць смерць сваяка, няшчаснае каханне, нават праблемы з законам. Але асноўная прычына – алкагалізм. Вельмі многія так і жывуць: прыедуць у надзеі, што асаблівая атмасфера, малітвы і пах ладану дапамогуць пазбавіцца ад «зялёнага змія». Могуць пражыць тут не адзін год. Потым вяртаюцца на «вялікую зямлю» і прыпадаюць да рыльца паціху. І зноў – сюды на лячэнне. Такі вось кругазварот надзеі і безнадзейнасці на Валааме.
Калі ёсць жаданне, ты можаш застацца тут назаўжды. Пры засяленні нас сустрэў у келлі айцец Андрэй з цыгарэтай у зубах. Дакладней, проста Андрэй – айцом ён быў у «белым манастве», на службе ў гарадской царкве. На Валааме ён жыве даўно. І калі іншыя старажылы сыходзяць у розныя сферы манастырскага жыцця (хто ў паслушнікі, хто працаваць за заробак), то ён так і застаўся валанцёрам. Гэтаму ёсць прычына – Андрэй закладвае за каўнер. Вельмі добры, спагадлівы чалавек. І парадай дапаможа, і не толькі.
Піць на востраве нельга – выганяць. Але, вядома, гэта ўсё ўмоўнасці. Каля галоўнага храма стаіць крама, пасля закрыцця можна лёгка прыкупіць алкаголь у спекулянтаў, праўда ўтрая даражэйшы. Ды чаго ўжо граху таіць, і гашыш тут прадаюць без праблем, бо на востраве жывуць не толькі манахі, але і звычайныя мясцовыя жыхары, якія, дарэчы, падаюцца манастырскаму начальству стрэмкай. Праўдамі і няпраўдамі царкоўныя паступова выцясняюць цывільных, хочуць усю зямельку сабе забраць. Тады Валаам канчаткова ператворыцца ў манаскі запаведнік.
У славу Божую
У гісторыкаў няма адзінага меркавання пра дату заснавання Валаамскага манастыра. Адны звязваюць яе з часам Хрышчэння Русі, іншыя адносяць да XII–XIV стагоддзяў. Не раз падчас нашэсцяў шведаў манастыр перажываў спусташэнне на доўгія дзесяцігоддзі.
Паводле легенды, у 1371 годзе валаамскія манахі выратавалі шведскага караля Магнуса II, выкінутага ладажскімі водамі на бераг выспы – моцная бура ў шчэпкі разбіла яго карабель. Ён прыняў праваслаўе і зрабіўся манахам, але неўзабаве памёр. Цяпер пра яго пахаванне сведчыць маленькі каменьчык.
Паводле іншай легенды, грозны цар Іван Васільевіч, калі адчуў набліжэнне скону, моцна бедаваў аб нявінных ахвярах свайго гневу і адправіў на Валаам сінодзік для вечнага памінання людзей, якія пацярпелі ў гады яго кіравання. Як велікадушна.
Да 1811 года на Валааме драўляных будынкаў ужо не было, будаўніцтва вялося з цэглы. Цагліны вырабляліся прама тут, на востраве. Дагэтуль можна знайсці цэлую ці бітую цагліну з гравіроўкай «В.М.» і годам вытворчасці. Многія забіраюць іх дадому на сувеніры.
Пасля Кастрычніцкага перавароту ў 1917 годзе Фінляндыя атрымала незалежнасць – і Валаам застаўся на яе тэрыторыі. Ваеннае камандаванне разглядала архіпелаг як прыгранічны фарпост дзяржавы на Ладажскім возеры. На выспах вяліся інтэнсіўныя фартыфікацыйныя работы.
«Праходзіш міма па лесе, натыкаешся на дзядзькаў з аўтаматамі. Пагаворваюць, што гэта рэзідэнцыя Пуціна і Патрыярха»
У 1939-м пачалася савецка-фінская вайна. Валаамскі архіпелаг не быў месцам ваенных дзеянняў, але манастыр не раз бамбавалі. У сакавіку 1940 года была падпісаная мірная дамова, паводле якой Карэлія адыходзіла да СССР. Жыхарам далі некалькі дзён для пераезду з выспаў у Фінляндыю.
На працягу 32 гадоў – з 1952-га да 1984-га – тут быў дом-інтэрнат для інвалідаў вайны і састарэлых. Пасля Вялікай Айчыннай савецкія гарады былі запоўненыя калекамі-франтавікамі, што засталіся без сваякоў і жытла. Мудрая кампартыя прыняла рашэнне перасяліць усіх інвалідаў падалей ад людскіх вачэй. Вось тут і скончылася жыццё шматлікіх вялікіх ваяроў Жукава, якія здолелі зламаць фашысцкую машыну. Могілкі, дзе пахаваныя ветэраны, у жудасным стане. Простыя людзі, што жывуць тут, – дзеці і ўнукі тых старых і персаналу, які іх абслугоўваў.
Канец 1980-х быў першым этапам у аднаўленні манастыра. У пачатку XX стагоддзя пры ім існавалі трынаццаць скітаў, адзінаццаць з іх аднавілі. Ёсць тут і Уладзімірскі скіт – ён старанна ахоўваецца. Праходзіш міма па лесе, натыкаешся на дзядзькаў з аўтаматамі. Пагаворваюць, што гэта рэзідэнцыя Пуціна і Патрыярха. Яны час ад часу прылятаюць сюды на верталётах, іх сустракае абслуга на джыпах.
Але цесна гаспадарам на дачы – давялося мне разгружаць бярвёны для пабудовы новай рэзідэнцыі Патрыярха на асобным востраве. Прыплыў карабель з матэрыялам. Прывезлі нас, рабоў Божых. Выгрузка адбывалася так: група з дзесяці чалавек выкочвала бервяно пры дапамозе вяроўкі, пры гэтым мужыкам даводзілася вельмі хутка бегчы, бо 500-кілаграмовы магутны ствол каціўся за імі па пятах. Я з жахам назіраў за пяткамі апошняга: невялікая замінка – і яго ўкатала б у зямлю па вушы. Далей дрэвы закочвалі ў агульны стос пры дапамозе лома. Вельмі цяжкая, катаржная праца. Але ў славу Божую.
Прамерзлая зямля
Зіма – асаблівы перыяд у жыцці Валаама. Яна доўгая і суворая. Вакол пахне дымком з печаў, няма летняй турыстычнай мітусні. Манахам лягчэй наведваць адзін аднаго, ідучы напрасткі, а некаторыя ганяюць на снегаходах. Заснежаныя дарогі на востраве нічым не пасыпаюць, таму бруду і слоты тут не знойдзеш, усё гарманічна і першародна. Лес, старыя будынкі, купалы, дарогі і людзі.
Часам мы колем дровы. Гэта і яшчэ паездкі на ферму – сапраўдныя аддушыны для нас, бо асноўны занятак валанцёраў зімой – перабіраць бульбу ў склепе. Нас засталося чацвёра: я, трыццацігадовы хлопец Мікола, айцец Андрэй ды Ілля. Новыя валанцёры не прыязджаюць, бо рух па вадзе заканчваецца ў лістападзе–снежні.
Келлю я дзялю з Іллём, хлопцам з Кіева. Дома ён ужывае ўсё, што льецца, гарыць і колецца. Маці выслала яго сюды на год у надзеі, што сын зменіцца. Думаю, марна – хлопец чакае жніўня, як дэмбелю, і пастаянна шукае нішцякі. Ну і, вядома, знаходзіць.
Часам зімнія заданні для нашай брыгады набываюць проста-такі здзеклівы характар. Пасля ўборкі капусты ў канцы кастрычніка карані даводзіцца выкалупваць з мёрзлай зямлі. Фінскі экскаватар стаяў каля двух тыдняў нікому не патрэбны (фіны на востраве робяць меліярацыю), але як толькі градуснік споўз за мінус, нам даручаюць ачысціць яго гусеніцы ламамі і рыдлёўкамі ад зледзянелага бруду. Яшчэ мы высякаем хмызняк з канавы, боўтаючыся па калена ў снезе. Карацей, цярпіце, браты, скарайцеся.
«Маці выслала сына сюды на год у надзеі, што ён зменіцца. Думаю, марна – хлопец чакае жніўня, як дэмбелю, і пастаянна шукае нішцякі. Ну і, вядома, знаходзіць»
Трактарыст Віталь, просты рускі хлопец невысокага росту з грубым камандным голасам, шукае партнёра на вёслы: «Сетку ставіць, рыбу лавіць». Так мы і ходзім па вадзе праз кожныя два дні, пакуль дазваляе надвор’е. Мне цікава паплаваць па Ладазе. Віталь смачна лаецца і на дзіва спрытна ловіць раўнавагу. Я ўтрымліваю лодку на хвалях паралельна сетцы і іду ўздоўж яе – у гэты час трактарыст, стоячы на нагах, выцягвае рыбу і шпурляе яе на дно пасудзіны.
З прыходам маразоў нам даручаюць перацягнуць лодку з берага на галоўную сядзібу. На колы трактара намотваем ланцугі. Вада яшчэ свабодная, але камяністы бераг ужо застыглы. Віталь заганяе прычэп у ваду, я зацягваю лодку ў прычэп – валёнкі намакаюць і тут жа пакрываюцца ледзяной скарынкай. Трактарыст дае газу, раве матор, хвошчуць іскры. Наперад-назад, наперад-назад – і мы павольна выбіраемся на бераг. Лодку – на пастой, сеткі працягнутыя пад лёдам ва ўнутраным возеры. Мы гатовыя зімаваць.
У марозны час сувязь з мацерыком забяспечваюць катары на паветраных падушках і вялікія ўсюдыходы «ТРЭКОЛ». Пры перасячэнні змерзлай Ладагі падушкі часам захрасаюць у таросах, і мы разгойдваем іх туды-сюды, а ледзяны вецер прадзімае нас да костак. Ва ўсюдыходах прыходзіцца ездзіць, седзячы на мяшках з цэментам. Ад трасяніны адбіваю галаву, плечы і локці аб мяшкі і барты. Машына быццам бы ідзе па добра ўтаптанай каляіне, і тут – бац! – пачынаецца чорт ведае што. Вада, лёд і снег уперамешку. Рухавік напружваецца, кіроўца шалёна круціць стырно, але заўсёды выязджаем. Баяцца няма чаго, усюдыходы не тонуць і нават у вадзе могуць перасоўвацца за кошт вярчэння колаў.
Апошні карабель прыходзіць 31 снежня. Лёд ужо стаіць, але яшчэ слабаваты. Да адзінаццатай гадзіны вечара мы разгружаем трум. Новы год – свята свецкае, для вернікаў не значнае.
Эпілог: перамагчы сябе
У канцы траўня я канчаткова вырашаю з’язджаць з Валаама. Шлях ляжыць праз Піцер. Чакаю прысутнасці ў кабінеце ўпаўнаважанага айца, пытаюся, ці магу спыніцца на пару начэй на піцерскім падворку. Адказвае, што месцаў няма. Але я ўсё роўна еду туды, каб самому ў гэтым упэўніцца. Пакуль чакаю сваёй адмовы на прапускным пункце, чую гучны голас новага начальніка аховы філіяла. Ён раздае распараджэнні, што купіць, якім чынам будаваць ахову тэрыторыі. Адчуваецца прафесійны падыход. Падворак ператвараецца ў непрыступную крэпасць. Навошта? Што хоча схаваць ад людскіх вачэй сучаснае манаства?
Ёсць сярод іх і асаблівыя людзі. Схімнікі, пустэльнікі. Жывуць ізалявана, часам па вялікіх святах наведваюць службы ў галоўным храме. У іхніх вачах чытаецца вялікая мудрасць, сіла, пустата. Іх жыццё – сапраўдны іспыт. «Іншых перамагаць лёгка, паспрабуй сябе перамагчы», – казаў манах, якому давялося паваяваць у Афгане. Цяпер ён вядзе пустэльны лад жыцця. Знайшоў сябе.
«“Іншых перамагаць лёгка, паспрабуй сябе перамагчы”, – казаў манах, якому давялося паваяваць у Афгане»
Прыроду чалавека не змяніць. Асобныя словы і дзеянні могуць выглядаць прывабна і рамантычна, але на іх аснове ствараецца чарговая сістэма. І як мы можам бачыць, унутры любой сістэмы ўзнікаюць супярэчнасці. Часта яны прыводзяць да таго, што сістэма пажырае саму сябе.
Я прыехаў на Валаам па адно, а ўбачыў іншае. Важна тое, што гэта зрабілася часткай майго ўласнага неацэннага вопыту. Важна тое, куды гэты вопыт мяне прывядзе.
Тэкст by Ivan
Дата арыгінальный публікацыі 26 чэрвеня 2014 года
34mag спусціўся ў падземны пераход на Якуба Коласа, каб пагандляваць сваім мерчам ды пазбіраць гісторыі людзей, якія зарабляюць там на жыццё.
Анатолий Ульянов – о том, кто на самом деле убил Михаила Пищевского и почему это касается каждого из нас.
Кантрыбутарку 34mag звязалі і падвесілі пад столлю ў аўтамайстэрні непадалёк ад Плошчы Перамогі.
У гадавіну трагедыі на станцыі метро «Кастрычніцкая» мы папрасілі нашых сяброў і знаёмых распавесці, чым ім запомнілася 11 красавіка 2011 года.
«Каб больш уважліва ставіцца да навакольнага асяроддзя».
Псіхадэлічная музыка з глыбокай лірыкай.
Паменшыць шкоду, падвысіць карысць.
Тэматычныя медыя і першыя лэйблы.