12 яскравых падзей снежня
- 28.11.2019
- 7050
У раскладзе снежаньскіх канцэртаў дзеецца нейкая чахарда: новы праект Скрыптаніта да Менска не даедзе, а замест Энрыке Іглесіяса нам прапануюць схадзіць на Славу КПСС. Добра хоць, «Петля Пристрастия» стабільна радуе вялікім канцэртам, які падсумоўвае прамежкавыя вынікі. Ніжэй знойдзеш яшчэ 12 спосабаў атрымаць задавальненне ад першага месяца зімы. Як заўсёды, адабралі самае незвычайнае і актуальнае.
Калі: 1 снежня, 18:00.
Дзе: Hide (вул. Кастрычніцкая, 19).
Кошт: 15 BYN – загадзя, 25 BYN – на ўваходзе.
«Басота» кліча на чарговы агляд неапераных талентаў. Там будуць і нашы любімчыкі Kakora, Lastend, Zlata Mai, і больш загадкавыя імёны, і талковы хэдлайн-прывоз – екацярынбуржац з тэхнічным і энергічным флоў Нетры. Пасля асноўнай праграмы запуляць вечарыну, так што можна будзе флексіць з ранняга вечара да першага цягніка метро.
Калі: 5 снежня, 19:00.
Дзе: Prime Hall (пр-т Пераможцаў, 65).
Кошт: ад 78 да 118 BYN.
Noize MC прыязджае ў Беларусь часта, але толькі ў гэтым снежні ён зробіць гэта з аркестрам рускіх народных інструментаў. Ідэя незвычайнага перформансу спантанна нарадзілася ў рэпера разам з яго выкладчыкам гітары ў школьныя гады: той прапанаваў Івану выступіць на сцэне Белгарадскай філармоніі з музыкамі-«народнікамі». І панеслася. Такога рэпу ты дакладна яшчэ не чуў(-ла).
Калі: 5–13 снежня.
Дзе: кінатэатр «Мір», культ. цэнтр «Корпус», хаб «Ок16».
Кошт: клацай па праграме.
Фестываль дакументалак WATCH DOCS Belarus ласкава прадаставіць табе стос нямлявых тэм для кухонных гутарак з сябрамі-сяброўкамі: атамныя апакаліпісісы, правы жанчын, булінг, легалайз, цяжкі лёс каліфарнійскіх марскіх свіней, дзяржаўнае абмежаванне дзетараджэння ў Кітаі etc. Сёлетняя навінка – конкурсная праграма белкіно. Можаш уляпіць сабе тлусты плюс у карму і падтрымаць гэтую справу на «Талацэ». А суб’ектыўныя хайлайты фэсту мы падсвяцілі вось тут.
Калі: 7 снежня, 14:00–18:00.
Дзе: хаб «Ок16» (вул. Кастрычніцкая, 16).
Кошт: 40–80 BYN.
У назве гэтай канферэнцыі нам падабаецца кожнае слова, але «women» – асабліва. У свеце, дзе ўсё яшчэ могуць сабраць круглы стол па пытаннях абортаў або раку грудзей, паклікаўшы экспертамі выключна мужчын, івэнты, дзе мікрафонам валодаюць толькі жанчыны, – самыя патрэбныя івэнты. Канферэнцыя будзе складацца з дзвюх частак: трансляцыі TEDWomen2019 Bold + Brilliant са Штатаў і беларускага блока з пяццю крутымі спікеркамі.
Калі: 7–8 снежня, 10:00–16:00.
Дзе: прастора «Вокны» (вул. Кастрычніцкая, 16).
Кошт: 89 BYN.
Двухдзённы інтэнсіў ад каманды 34mag і 34travel дапаможа табе дасягаць мэтаў праз тэксты, нікога не абражаць словамі, стылёва раскрываць героя ў інтэрв’ю і жывенька пісаць пра тое, пра што іншыя пішуць так, быццам з’елі на сняданак томік Паўстоўскага замест аўсянкі. Месцаў на інтэнсіве ўсяго трыццаць, спяшайся заняць сваё крэслейка.
Калі: 12 снежня, 20:00–23:00.
Дзе: музей-майстэрня З.І. Азгура (вул. Азгура, 8).
Кошт: 10 BYN.
Забранзавелыя беларускія класікі і савецкія палітыкі, а таксама 80 рабят з плоці і крыві апынуцца пад адным дахам, каб пагрузіцца ў глыбокія вібрацыі dubtechno. Лэйбл spclnch арганізуе першае мерапрыемства такога роду, так што зірнуць як мінімум цікава. Тыя, хто палянуецца выходзіць з дома, змогуць паглядзець, як усё прайшло, на відэа ад кам’юніці «Сфера».
Калі: 14 снежня, 19:00.
Дзе: РТБД (вул. Крапоткіна, 44).
Кошт: 17–18 BYN.
Бачым у афішы «рэжысёр Яўген Карняг» – тэрмінова набываем квіткі і прасуем пінжак для выхаду ў тэатр. Менавіта гэты цудоўны чалавек зрабіў той самы пластычны «Бетон», дзе музыка і целы лепш за любыя словы распавядаюць пра адзіноту, боль і страту. Новы спектакль «Шлюб з ветрам» пазіцыянуецца як «спроба ўз’яднання са сваімі каранямі», і мы ўпэўненыя, што пастаноўка ўзрушыць унутры гледачоў нястрымны мікс пачуццяў.
Калі: 14 снежня, 20:00.
Дзе: Hide (вул. Кастрычніцкая, 19).
Кошт: пакуль 15 BYN, будзе падаражанне.
Менскія тэхнаблюзмэны ладзяць адзіную вялікую прэзентацыю плыткі «Renovatio». Жывыя духавыя, сплеценыя з электронікай, – гэта будзе самае тое, што трэба зімовым вечарам на экватары снежня. У якасці падрыхтоўкі да івэнту зацані свежы кліп «Forest Live», візуал да якога стварылі ў лесе, а музыку пісалі на стужку, а таксама паслухай сінгл «OUTLAW».
Калі: 14 снежня, 19:00.
Дзе: «Графіці» (вул. Калініна, 16).
Кошт: 27–50 BYN.
Рэпер з Масквы Андрэй Канавалаў выпусціў першую іпішку пад псеўданімам Illumate яшчэ ў 2015-м, але ў Менск яго дагэтуль не прывозілі ані разу. Калі гэтае імя нейкім чынам цябе мінула, паслухай свежы альбом «Sync» і чытні, напрыклад, гэтую в’юху.
Калі: 15 снежня, 11:45–19:00.
Дзе: галерэя «Ў» (вул. Кастрычніцкая, 19).
Кошт: free, рэгістрацыя тут.
Мэта канферэнцыі Цэнтра новых ідэй сфармуляваная так: «Незалежнай Беларусі неўзабаве споўніцца 30 гадоў, але свята ў грамадстве не адчуваецца. Мы сутыкнуліся з масавай эміграцыяй і дэпапуляцыяй рэгіёнаў, а веры, што новае пакаленне зменіць краіну, не так і шмат. Але мы хочам, каб Беларусь дасягнула поспеху, таму мусім зразумець, як павярнуць ход гульні ў іншы бок». Калі гэты мэсэдж рэзаніруе з тым, што табе баліць, то прыходзь – праграма насычаная і сапраўды цікавая.
Калі: 19 снежня, 19:00.
Дзе: Prime Hall (вул. Азгура, 8).
Кошт: free, рэгістрацыя тут.
Папулярная паліталагіня і публіцыстка Кацярына Шульман, абапіраючыся на непрадузятую статыстыку, раскажа, як зменіцца свет у агляднай будучыні. Калі ты бачыў(-ла) хоць якія відосы з канала спікеркі, ты дакладна ведаеш, што прамова будзе яскравай. Менская гутарка закруціцца вакол рынку працы будучыні: даведаешся, што футуролагі думаюць наконт таго, якія напрамкі загнуцца, а якія расквітнеюць; што трэба ўмець, каб заўсёды быць патрэбным(-ай); як трансфармуюцца грамадскія інстытуты і чаму зараз вучыць дзяцей, каб яны потым удзячна адвесілі табе зямны паклон.
Калі: 28 снежня, 20:00.
Дзе: «Менск-Арэна» (пр-т Пераможцаў, 111).
Кошт: ад 26 BYN (сектары) да 41 BYN (фан-зона).
20 гадоў гісторыі, 7 альбомаў, абойма хітоў для спеваў у аўто і ў душы – трэба і меру ведаць. У красавіку менская група «Без Билета» абвясціла аб развітальным канцэрце, і вось час прыйшоў. Паўтарай тэксты любімых трэкаў і прыганяй на «Менск-Арэну». Заяўляюць грандыёзнае шоу з некалькімі складамі групы. Віталік Артыст абяцаў нам, што ўсё будзе прыгожа, а не верыць гэтаму хлопцу проста немагчыма.
Менск – горад жывы. Кожны дзень тут здараецца штось карыснае, цікавае ды прыгожае. Каб не прапусціць самы тлушч – тэрмінова джойн наш тэлеграм-канал Lost in Minsk.