Юрый Стыльскі – пра сваё затрыманне і сітуацыю ў Берасці
- 19.08.2020
- 5641
Гэтым беларускім летам адным з самых мітынгуючых гарадоў стала Берасце, а яго галоўным актывістам – лідар панк-гурта «Дай Дарогу!» Юрый Стыльскі. Пасля акцыі, якая праходзіла ў горадзе 15 жніўня, Юру затрымалі, але ўжо на наступны дзень музыка быў на волі. Мы заканспектавалі стрым, які Юрый правёў пасля вызвалення, і перакінуліся парай фраз з музыкам асабіста – не толькі аб затрыманні, але і аб сітуацыі ў Берасці.
15 жніўня ў Берасці праходзіла маштабная акцыя салідарнасці, у якой узялі ўдзел каля 30 тысяч чалавек. Усё пачалося з плошчы Леніна, якую ачапіў АМАП, каб не прапусціць туды мітынгоўцаў. Людзі стаялі за агароджай, аднак у Юрыя Стыльскага з некалькімі аднадумцамі атрымалася пратачыцца на плошчу з велізарным нацыянальным сцягам. Так рабяты апынуліся акружаныя міліцыяй.
Пазней музыку ўдалося вырвацца з ачаплення і прайсціся па вуліцах Брэста са здаравенным сцягам, сабраўшы за сабой велічэзную калону берасцейцаў. Акцыю музыка стрыміў у Instagram. Увечары пасля гэтага свята Юрыя затрымалі людзі ў цывільным.
Стыльскі правёў у Ленінскім РУУС Берасця крыху менш за суткі: ноч і палову наступнага дня. У пратаколе, складзеным на Юру, правапарушэннем значыцца ўдзел у несанкцыянаваным мітынгу.
17 жніўня, у свой дзень нараджэння, Стыльскі запусціў у Instagram прамы эфір, дзе падрабязна распавёў пра сваё затрыманне і падзеі таго дня. Мы заканспектавалі самае важнае.
«Пакуль мы стаялі на плошчы са сцягам, да нас ніхто не падышоў і не сказаў: "Рабяты, ідзіце адсюль". Калі міма прабягалі амапаўцы, мы думалі, што ўсё – зараз будуць "прасаваць". Але ніхто не падышоў. Як быццам іх начальнікі не разабраліся паміж сабой і думалі, што так і трэба, што мы там стаім».
«Калі мы вырваліся з акружэння з гэтым сцягам, амапаўцы наогул не зразумелі, што адбылося. Яны проста падумалі, што мы ўжо з кімсьці дамовіліся».
«Пасля акцыі мы нават паспелі выпіць піва. А ўвечары, калі з сябрамі праходзілі па цёмным завулку, да нас раптам падышлі спераду і ззаду: “Добры вечар. Вашы дакументы"».
«Калі мяне прынялі, я думаў, аб тым, што я ў ізалятары, ніхто не даведаецца. Бо са мной былі два сябры, і я падумаў, што іх проста ў іншай машыне павезлі. А аказалася, што іх адпусцілі – і яны тут жа апавясцілі ўсіх, дзе Юрый Стыльскі».
«Па дарозе ў РУУС казалі: “Мы ўсё разумеем, Юрый Іванавіч, але ў кожнага свая праца. Цяпер нічога страшнага не будзе, паразмаўляюць з вамі, а ўвечары паедзеце дадому"».
«Калі прыехалі ў РУУС, я прэс не расслабляў. Стаяў і чакаў, калі мяне пачнуць біць».
«У ізалятары сядзеў з вельмі класным чэлам – Санем Сцепанюком. Ён сказаў, што наша камера – проста віп. Нават святло ёсць».
«Раніцой паклікалі ў кабінет, там былі два следчыя. Я ім адразу сказаў, што ў іх іншы лагер – і ён для мяне чорны, а праўда на маім баку».
«Я спытаў у следчых: "Чаму, калі 9 жніўня на Савецкай людзі сабраліся звычайныя – моладзь, хтосьці з дзецьмі, – ніхто з рупарам не выйшаў і не сказаў, што гэта несанкцыянаваны мітынг – ідзіце дадому, а то трапіце ў аўтазак? Чаму папярэджання не было?” А яны, маўляў, ну гэта ж было зразумела, людзі самі павінны былі ведаць, куды выходзяць. Вось такая ху*ня».
«Я кажу: “А якое ваша апраўданне за збітых, за людзей у Акрэсціна?" А яны мне: "Ну няўжо незразумела, што гэта ўсё няпраўда і лухта? Усе сінякі ж намаляваныя"».
«Сказалі, што ні суда, ні штрафу мне не будзе. Маўляў, мэр горада Рагачук за мяне "прытапіў". І я тады зразумеў, што там, на волі, нешта заварушылася».
«Пальцам мяне ніхто не чапаў».
«Следчы спытаў: "Юра, вам усё спадабалася ў нас у ізалятары?" – "Так, нармальна". – "Вас ніхто не чапаў?" – "Ды не". – "Дык, можа, вы запішаце відэа на ютуб, што ў нас тут нармальна?”»
«Я думаю, што дзякуючы нашай калоне, якая прайшла па горадзе, на наступны дзень адкрылі плошчу і адбылася доўгачаканая размова з Рагачуком. Перапаўняюць пачуцці ад думкі, што я паўплываў на ход падзей"».
Патэлефанавалі Юрыю, каб задаць пару пытанняў па сітуацыі.
– Улічваючы вашу актыўную грамадзянскую пазіцыю ўсе гэтыя гады, вы чакалі, што калісьці могуць затрымаць?
– Я чакаў, вядома. Тым больш пасля такога нумара – гэта была канкрэтная акцыя. Мы не хаваліся, і вылічыць нас было вельмі лёгка. У следчых на фотаздымках былі таксама жанчыны, якія былі з намі. Сказалі, іх таксама затрымаюць.
– А яшчэ да выбараў, калі вы выпусцілі кліп «Баю-бай», вам ніякіх пагроз не паступала?
– Не-не. Наогул ніякіх. Я спытаў сам у міліцыянтаў: «Вы не бачылі кліп "Баю-бай"?» Яны сказалі, што не. Я нават здзівіўся і падумаў: «Чаму?»
– Ваша група ніколі не ўваходзіла ў спіс забароненых у Беларусі?
– У 2014 годзе нібы праз песню «Саня» нам забараняў канцэрты гарадскі аддзел ідэалогіі берасцейскага выканкама. Але нейкіх глабальных забаронаў ніколі не было.
– Калі ўжо пачаліся «хапуны» перад выбарамі, на адкрытай пляцоўцы Dvor праходзіў канцэрт «Дай Дарогу!». Не было адчування, што пасля канцэрта могуць пачаць «прымаць» у аўтазакі?
– Я памятаю гэта, так. Але цяпер жа пры любой колькасці людзей могуць стаяць аўтазакі.
«Нельга жыць па законах, у якіх няма месца годнасці і чалавечнасці. Калі не цяпер, то калі?»
– Тое, што з берасцейскай турмы вызвалілі затрыманых, – гэта ўжо перамога?
– Я вельмі рады, што гэта адбылося! І вельмі рады, што я сам удзельнічаў у акцыях для гэтага вызвалення. Наша салідарнасць дапамагла. Думаю, у мэра Берасця ўжо няма выхаду. Пара ўключаць і чалавека, і сумленне.
– За забастоўкамі на заводах сочыце?
– Сачу, вядома. Я веру, што дырэктары заводаў не пабаяцца выступіць разам з рабочымі, яны павінны гэта зрабіць. Таму што, калі народ устане і скажа, што па-іншаму ніяк, – выбару не будзе. Усё залежыць цяпер ад людзей, якія працуюць на месцах. Мне здаецца, ужо ўсе з'ядналіся – і па-іншаму ніяк.
– Як не губляць сілу духу на фоне ўсіх падзей, якія адбываюцца?
– Я разумею, што ўсім цяжка. Але цяпер нам трэба як ніколі быць разам. Бо праўда на нашым баку. Нельга жыць па законах, у якіх няма месца годнасці і чалавечнасці. Калі не цяпер, то калі? Калі мы ўсё гэта адсунем на пазней і ўсё затухне – другі раз такога ўжо не здарыцца.