Чым цябе ўразіць сёлетні кінафэст WATCH DOCS Belarus?

  • 26.11.2019
  • Аўтар: 34mag
  • 7263

З 5 па 13 снежня на беларускія экраны вяртаецца WATCH DOCS Belarus – фестываль дакументалак, у цэнтры ўвагі якога – правы чалавека і ўсё, што баліць сучаснаму грамадству. «Імпартаваны» з Варшавы фэст ладзіцца ў Беларусі ўжо пяты раз. Распавядаем, чым табе мае запомніцца юбілейная эдыцыя.

 

 Пакажуць дакументалку, спрадзюсаваную Ды Капрыа 

 

 

Усім, хто цікавіцца экалогіяй, Леанарда Ды Капрыа вядомы не толькі як шматразовы намінант на «Оскар» (і аднаразовы яго вінер), але і як абаронца дзікай прыроды. У 1998 годзе ён стварыў фонд Leonardo DiCaprio Foundation, што данэйціць шалёныя грошы на праекты ў сферы абароны навакольнага асяроддзя. На WATCH DOCS Belarus пакажуць кіно, якое актор спрадзюсаваў разам з NatGeo.

«Мора ценяў» распавядае пра місію энтузіястаў, якія ратуюць апошніх каліфарнійскіх марскіх свіней з рызыкай для свайго жыцця. Рэч у тым, што жывёлы гінуць з-за браканьерскай дзейнасці мексіканскіх і кітайскіх наркагандляроў, якія палююць на рэдкую рыбу татааба і знішчаюць усю марскую фаўну ў рэгіёне. Па напале «Мора ценяў» цягне амаль на трылер, пераварочваючы стэрэатыпныя ўяўленні пра мернасць і медытатыўнасць фільмаў на экалагічную тэматыку.

 

 

 Будуць круціць актуальнае кіно пра нас і наш час 

Агулам у праграму WATCH DOCS Belarus 2019 трапіла 25 стужак. Наш суб’ектыўны сціплы топчык атрымаўся такім.

 

«Працэс» (2019)

Рэжысёр: Аскольд Кураў

 

 

Гэта хроніка палітычна матываванага судовага працэсу над Алегам Сянцовым, за якім пільна сачыла ўся неабыякавая планета. Украінскі рэжысёр у сумна памятным 2014 годзе апынуўся за кратамі ў Расіі, быў прыгавораны да 20 гадоў турмы, прайшоў праз катаванні, абвяшчаў галадоўку і стаў сімвалам барацьбы за вызваленне палітычных вязняў па ўсім свеце. У пачатку верасня Алег выйшаў на волю ў межах абмену вязнямі паміж Расіяй і Украінай, але гэта не значыць, што на гэтую гісторыю можна забыцца.

 

 

«Сустрэча выпускнікоў» (2013)

Рэжысёрка: Анна Адэл

 

 

Гэтая гісторыя рэзаніруе кожнаму(-ай), хто сутыкаўся з булінгам ці хаця б неразуменнем з боку аднакласнікаў. Анну не запрасілі на вечар сустрэчы выпускнікоў школы, і помста яе была бязлітасна-мастацкай: рэжысёрка зняла фільм пра тое, наколькі эксцэнтрычнай гэтая сустрэча магла б стацца, калі б Адэл усё ж яе наведала і зрабіла б усё, чаго яе аднакласнікі імкнуліся пазбегнуць, а потым яна паказала свой фільм аднакласнікам – глядзець яго, як ты разумееш, ім было няпроста.

 

 

«Атам» (2015)

Рэжысёр: Марк Казінс

 

 

Беларусам блізкая тэма «мірнага» атама, таму рэкамендуем не прапусціць гэтую стужку, якая была з захапленнем успрынятая як шараговым гледачом тэлеканала BBC, так і кінаэкспертамі. Каб з усіх бакоў даследаваць «атамную» спадчыну і будучыню, рэжысёр выкарыстоўвае архіўныя кадры кінахронікі і антыядзерных дэманстрацый, кадры часоў Халоднай вайны і катастроф на ЧАЭС і Фукушыме, камбінуючы ўсё гэта са здымкамі даследаванняў уласцівасцяў рэнтгена. Асобны кайф – саўндтрэк, над якім працавалі построкеры Mogwai.

 

 

«Хартум па-за гульнёй» (2019)

Рэжысёрка: Марва Зейн

 

 

«Пры дзейсным у Судане ісламскім ваенным і палітычным рэжыме жанчынам не дазваляецца гуляць у футбол, а нам не дазваляецца здымаць фільмы, але…» Стужка пачынаецца з гэтай красамоўнай фразы, у якой канцэнтруецца ўсё. У цэнтры аповеду – актыўная суданка Сара, якая марыць пра футбольную каманду, што аднойчы будзе гуляць на фіфашных спаборніцтвах, і разам з сяброўкамі-аднадумкамі кідае выклік грамадскім нормам і стэрэатыпным уяўленням пра сваю краіну.

 

 

 Упершыню прадставяць беларускую конкурсную праграму 

Беларускае дакументальнае кіно з кожным годам падсыпае гледачу ўсё больш сапраўдных брыльянтаў. Мы пісалі пра «Дэбют», што вылучаюць на «Оскара», і заўсёды агітуем глядзець дакументальную праграму «Лістапада» (дарэчы, яшчэ паспяваеш глянуць кіно пра ЖЭС-арт у пракаце).

Сёлетні WATCH DOCS Belarus прапануе табе ацаніць пяць дакументалак беларускіх аўтарак і аўтараў ды выбраць лепшую. У конкурснай праграме – «Мая Германія», «Подых балот», «Добрых дзяўчынак не б'юць», «Месца кахання», «Стрыптыз і Вайна».

Пераможца атрымае не проста порцыю эндарфінаў, але і 2250 рублёў. Сродкі на гэты прыз і іншыя прыемнасці збіраюць талакою, так што можаш пачысціць карму: набыць квіткі на беларускую праграму ці ўзяць сімпотны мерч – і табе кайф, і крохкую кветачку айчыннага сінематографа падсілкуеш.

 

 Падтрымаць 

 


 Зладзяць традыцыйную кінаноч 

 

 

У зімовую пятнічную ноч 6 снежня можна сагрэцца ў «Корпусе» за праглядам чатырох стужак: пра жанчыну-імама; пра апошніх жывых сведак амерыканскіх ядзерных выпрабаванняў 50-х гадоў; пра незвычайную жанчыну з Афганістана, якая здолела атрымаць рэжысёрскую адукацыю і адкрыла інвацыйны цэнтр дапамогі нарказалежным (што афіцыйнай уладзе вельмі не даспадобы); і пра тое, як былы рухавік дэмакратыі можа загразнуць у кансерватыўным цемрашальстве.

 

 

 Прывязуць знакамітага ірландскага драматурга 

Адукацыйныя івэнты WATCH DOCS Belarus і сустрэчы з дзеячамі культуры будуць карысныя не толькі нубам, што пачынаюць свой шлях да прызоў на еўрапейскіх кінафэстах, але ўсім, хто працуе не з мовай Станіслаўскага, а з мовай праўды і нефільтраванай рэальнасці.

 

Зоркай гасцявога лайнапа стане Лоўрэнс МакКёўн – ірландскі пісьменнік, драматург, сцэнарыст, былы добраахвотнік Часовай Ірландскай рэспубліканскай арміі. Праз апошнюю ідэнтычнасць ён і пакутаваў: у 1977 годзе быў асуджаны на пажыццёвае зняволенне ў турме Мэйз, дзе актыўна псаваў турэмшчыкам кроў пратэстамі і галадоўкамі. Памілавалі МакКёўна толькі ў 1992-м. Па матывах свайго жыцця за кратамі Лоўрэнс выдаў некалькі кніжак, ствараў п’есы і сцэнары. Цяпер ён працуе спецыялістам па пытаннях развіцця ў грамадскай арганізацыі Coiste na n-Iarchimí, якая аб’ядноўвае былых зняволеных удзельнікаў ІРА. Карацей, асоба найцікавейшая.