Праз тры дні заканчваецца збор сродкаў на дакументальны спектакль пра тэракт у менскім метро 11 красавіка 2011 года. У цябе яшчэ ёсць шанец набыць квіток на яго. Мы сустрэліся з Лабараторыяй сацыяльнага тэатра і рэкурсіўна сабралі пяць кранальных гісторый удзельніц і ўдзельніка каманды пра тое, які след у іх жыцці пакінула гэтая трагедыя.

Лабараторыя сацыяльнага тэатра – тэатральная група, створаная на аснове канцэнтрацыі «Сучаснае мастацтва і тэатр» Еўрапейскага каледжа Liberal Arts у Беларусі.
Іх дакументальны спектакль «11 красавіка» – незалежны праект Лабараторыі, пастаноўка пра выбух у менскім метро 11 красавіка 2011 года.
Каманда адшукала людзей, якія пацярпелі падчас тэракту, і правяла з імі шматгадзінныя глыбінныя інтэрв'ю. На аснове гэтых матэрыялаў драматург Косця Сцешык склаў п'есу — яе публічная чытка адбылася 11 красавіка 2017 года пад кіраўніцтвам рэжысёркі Валянціны Мароз.
Удзельнікі(-цы) Лабараторыі сабралі групу актораў і акторак, распрацавалі сцэнаграфію і праект відэаафармлення спектакля, знайшлі памяшканне і пачалі рэпетыцыі.
Квіток за 10 BYN можна набыць, падтрымаўшы краўд-кампанію спектакля.
Прэм’ера адбудзецца 3 і 4 лютага ў арт-прасторы «ВЕРХ».
Ніжэй – асабістыя гісторыі рэжысёркі Валянцыны Мароз і тых, хто займаецца інтэрв'юіраваннем і прэзентацыяй тэксту.


Валянціна Мароз
рэжысёрка
Я працавала, калі 11-га красавіка здарыўся выбух. Мне патэлефанаваў прыяцель і спытаў, ці ўсё ў мяне ў парадку. «Так, а ў чым праблема?» – перапытала я. «Ну, тады ўсё добра», – сказаў ён і паклаў трубку. Праз пару хвілін зноў пачуўся званок ад дачкі з тым жа пытаннем. Я здзівілася: «Усё ў парадку, а што адбываецца?». «Выбух», – адказала яна.
Памятаю адчуванне поўнага здзіўлення і нават раздражнення: мы знаходзімся на такой тэрыторыі, што ў нас не можа быць выбухаў, каму мы патрэбныя? Прыкладна праз гадзіну з'явілася інфармацыя пра падзеі. Былі праблемы з сувяззю, датэлефанавацца было немагчыма.
Увечары мы з сям'ёй чыталі навіны ў інтэрнэце. Атмасфера ў той перыяд была напружаная, здарыўся эканамічны спад. Паўсталі думкі, што камусьці гэта было патрэбна. Казалі, што ў дварах Кастрычніцкай ужо стаялі машыны, хутка прыехалі і развезлі людзей. Дыяпазон пачуццяў і эмоцый быў велізарны: і здзіўленне, і крыўда, і раздражненне.
На наступны дзень пасля тэракту мы прывезлі кветкі на месца падзей. Калі пазней я спускалася ў метро, то спрабавала рэканструяваць карціну, адчувала трывожнасць. Пасля на станцыі замянілі пліткі, але доўга не замянялі плафоны: там заставаліся праломы, лямпачкі былі аголеныя. Я заўсёды туды глядзела і фіксавала на іх увагу. Але потым я зразумела, што выцесніла гэта, заблакавала.


Іра Аверына
У 2011 годзе я вучылася ва ўніверсітэце. Была пара па педагогіцы, і нас адпусцілі крыху пазней. Калі мы спусціліся ў метро, аказалася, што цягнікі не ходзяць і метро зусім не працуе. Мы з аднагрупнікамі вырашылі прайсці да Купалаўскай. Было цёпла. Тады ад званка сябра і даведаліся, што адбыўся выбух.
Я патэлефанавала ўсім родным і блізкім, даведалася, што з імі ўсё ў парадку. Мне патэлефанавалі сваякі, якія жывуць не ў Менску. Хваля спала. Я не памятаю, што было далей у той вечар. Калі трагедыя не тычыцца цябе асабіста, глыбокую рэфлексію ты забываеш хутка.
На наступны дзень мы з аднагрупнікамі з'ездзілі на месца трагедыі ўскласці кветкі і жахнуліся таго, што адбываецца. Некалькі дзён цягнікі не спыняліся на станцыі, праязджалі міма. Першы час я не ездзіла на метро.
Праз некаторы час пасля тэракту я апынулася на станцыі і зразумела, што там катастрафічна мала людзей. Мне здавалася, што колькасць людзей у метро зменшылася ў разы. Людзей у пераходзе паміж Кастрычніцкай і Купалаўскай было так мала, нібы ўвесь горад вырашыў «заблакаваць» гэты шлях і не ездзіць у метро.



Ганна Казакова
Я праходзіла практыку ў кампаніі, чый офіс знаходзіўся ў будынку старога музея гісторыі Вялікай Айчыннай вайны на Кастрычніцкай плошчы. Мы павінны былі працаваць да 6 гадзін вечара, але сышлі крыху раней. Я была дома, рыхтавалася да пар і раптам пачула гукі сірэн. Патэлефанавала маме і даведалася, што здарыўся выбух.
У той вечар мне трэба было ехаць у горад, але было страшна, і я засталася дома. На наступны дзень мы хацелі з'ездзіць з кветкамі на Кастрычніцкую, але кветкі было няпроста набыць: іх нідзе не было.
Мне трэба было карыстацца метро ў любым выпадку, бо я працавала на Кастрычніцкай плошчы. Як толькі стала можна, адразу пачала карыстацца. Памятаю, як памянялі лавачкі. Раней яны былі з адкрытым нізам, а сталі з закрытым. Пачала звяртаць увагу на людзей з вялікімі торбамі. Прыходзілася ўвесь час абсякаць сябе: «Не, гэта проста чалавек з вялікай торбай».
Мяне кранула гісторыя пра чалавека, які займаўся танцамі. Пры выбуху аскепкі моцна паранілі яму ногі. Ногі – яго інструмент, і ўсё яго прафесійнае жыццё ў гэты момант змянілася. Я часта ўзгадвала гэтага чалавека.


Павал Андрэеў
У 2011-м я жыў у Магілёве. Калі спрабую ўзгадаць, што рабіў 11-га красавіка, да галавы адразу прыходзіць гісторыя, якая адбылася з айчымам. Увечары 11-га красавіка ён разліў на руку кіпень і на наступны дзень пайшоў у траўмапункт. Яму наклалі павязку, але бальнічны ён не ўзяў. Увечары да яго на працу прыйшлі два міліцыянеры, запрасілі ў аддзяленне і «адкаталі пальцы» у сувязі з тэрактам. Патлумачылі, што гэтая працэдура – простая фармальнасць. Нават мяне ў Магілёве нейкім чынам закранула трагедыя.
У кагосьці гэты вечар быў найгоршы, у мяне – звычайны. Я нікому не тэлефанаваў. Мне ніхто не тэлефанаваў. Не было грамадскай панікі. Па сутнасці, у нас у горадзе засталася «стабільная Беларусь». Я чытаў, што на наступны дзень актыўна правяралі машыны на трасах Гомельскай, Магілёўскай і Віцебскай абласцей.
Калі я пачаў жыць у Менску, пра трагедыю ў метро не думаў. Станцыя была для мяне проста станцыяй. Потым я пачаў браць інтэрв'ю, і гэтая гісторыя стала мне бліжэй. У тэксце спектакля ёсць момант, дзе Яраслаў, адзін з герояў, стаіць у слухаўках перад дзвярыма. Ён спрабуе апісаць перажыванне выбуху так: «Усё вжжж! Я такі ааа! Проста хачу крычаць». Я думаю: «Калі б зараз здарыўся выбух, гэта адбылося б з маім целам, кавалак мармуру адляцеў бы ў мяне ...» Гэта выклікае трывогу, месца напаўняецца іншай энергіяй, і ты пачынаеш ставіцца да яго інакш. Такое адкладзенае перажыванне.


Кацярына Чакатоўская
У той дзень я была ў офісе на працы, і ў нас не было інтэрнэту. Мая маці была дома, але яна таксама не фанат інтэрнэту і тэлевізару, таму пра тое, што адбылося, наша сям’я даведалася ўжо ўвечары даволі позна. Я вярнулася дадому, павячэрала, парабіла справы і адкрыла інтэрнэт. З камп'ютара на нас абвалілася цэлая лавіна інфармацыі. Пачалася лёгкая паніка і здзіўленне, што зараз у горадзе адбываюцца нестандартныя рэчы, а я сяджу дома і нічога не ведаю. Было адчуванне капсульнасці і замкнёнасці ў гэтым свеце.
У мяне тады ўзнікла аналогія са снежаньскай Плошчай 2010-га. Я там была, потым прыйшла дадому і ўсю ноч чытала абнаўленні пра тое, што там адбываецца. У мяне быў прыблізна той жа стан трывогі: я ў бяспецы, а дзесьці адбываецца тое, дзе я магла быць. Тое ж самае адчуванне, што я пазбегла нейкай страшнай гісторыі. Гэта можна назваць маленькім посттраўматычным сіндромам: я ўсё адно прапускала гэта праз сябе. Я ўяўляла сябе на месцы ахвяраў, прыдумляла хады на выпадак, калі нешта раптам здарыцца са мной.
Пасля з’явілася шмат міліцыянтаў на ўваходзе ў метро, і ўсіх адразу пачалі правяраць. Тады я працавала ў тыпаграфіі, і ў мяне звычайна былі з сабой вялікія сумкі з рознымі ўзорамі, нейкімі паперамі. Іх увесь час шманалі, і гэта выклікала раздражненне.
Доўгі час я не ездзіла на метро. Я планавала маршруты такім чынам, каб пазбегнуць гэтай перасадкі. Не памятаю, як патрапіла першы раз на Кастрычніцкую пасля тэракту. Гэта адбылося неяк выпадкова, калі ўжо свядомасць адпусціла і неяк жыццё пайшло далей.

Усе розныя, усе роўныя. Каманда культурніцкага праекту DOTYK прэзентуе на старонках 34mag серыю паштовак супраць гамафобіі.
Малады прадакшан збірае грошы на стылёвае кіно.
Галоўную ролю выканала выхаванка магілёўскай SOS-вёскі.
Пераадольваем прымхі і шукаем сваіх.
Жыццесвярджальная песня пра эмансіпацыю.
Калыханка пераплятаецца з даб-тэхна.