Метро 2011
- Рубрыка: GOLDEN COLLECTION
- 11.04.2019
- 21016
Роўна восем год таму на станцыі метро «Кастрычніцкая» прагрымеў выбух. Дагэтуль цяжка зразумець, што адбылося. Не там у метро, а з кожным з нас. У гадавіну трагедыі мы папрасілі нашых сяброў і знаёмых распавесці, чым ім запомнілася 11 красавіка 2011 года. Мы не правяралі фактаў і не заўсёды ведаем дакладны час гэтых успышак памяці, але спрабуем падаць гісторыі ў выглядзе храналагічнай стужкі. Матэрыял не прэтэндуе на нейкі глыбокі аналіз, гэта проста пазл.
Для стварэння атмасферы раім уключыць мікс-калаж «Біт Менска: Метро» ад беларускага аўдыямастака Антона Сарокіна, які праз гук пераасэнсоўвае тую трагічную красавіцкую падзею.
8:00
Даша Бубен,
фатограф
Мы з сябрамі ў Мумбаі, вырашаем наведаць легендарнае Leopold Café. На ўваходзе нас правяраюць на прадмет выбухоўкі (у гэтым рэстаране ў 2008 годзе адбыўся тэракт). Мы сядаем за столік і праз нейкі час да нас падыходзіць мужчына – англічанін ці немец – і паказвае на вялікую варонку пад нашым сталом, якая з нейкай незразумелай прычыны засталася тут пасля рамонту.
9:00
Ілля Чарапко,
музыка
Мы з «Касіяпеяй» у цягніку. Вяртаемся з гастроляў. Займаемся звычайнымі цягніковымі справамі: раскладваем бялізну, абмяркоўваем канцэрт і, вядома, выпіваем алкаголь.
10:00
Віталь Броўка,
прамоўтар
Мы з Noize МС у музычнай краме ў Віцебску. Учора быў канцэрт, і цяпер на ўсе сабраныя «бабкі ў шапку» мы набываем усялякія медыятары, барабанныя палачкі ды іншыя штучкі. Троху пазней я саджаю іх на бус, яны накіроўваюцца ў Магілёў.
11:00
Іван Панамароў,
creative group head
Я чытаю лекцыю ў ЕГУ для студэнтаў трэцяга курса. Тэма – нестандартныя медыя-носьбіты. Шукаем са студэнтамі незвычайныя рашэнні, штурмуем ідэі. Распрацоўваем варыянты для месцаў вялікага збору людзей: прыпынкі, запраўкі, метро.
12:00
Кацярына Іванаўна, сястра міласэрнасці
Я на сваім працоўным месцы ў пераходзе на «Кастрычніцкай». Усё як звычайна, але мяне здзіўляе, што зніклі галубы, якіх я звычайна падкормліваю. Прадавачка кніг, якая працуе побач, выказвае меркаванне пра санзачыстку. Кажа, птушак тут больш не будзе. Насамрэч птушкі з’явяцца, але толькі праз пару дзён.
13:00
Ірына Злобіна,
прадпрымальніца
Я ў новай краме кветак, каля майго дома. Надвор’е вельмі сонечнае, настрой рамантычны. Я купляю сабе вялікі букет кветак. Гіяцынты, прымулы і бягоніі. Абслугоўваюць вельмі прыемныя дзяўчаты, фларысты маіх мараў. Прыгожа афармляюць кветкі, робяць зніжкі і жадаюць цудоўнага дня.
14:00
Анастасія Александровіч,
журналістка
У мяне двухмесячны шчанюк Чэстэр. Мы шпацыруем па двары, вяртаемся дамоў. Дзень сонечны, у акенца прыпякае. Пад пасопванне майго гадаванца мяне таксама зрубае. Ціхі час.
15:30
Марыйка Мартысевіч,
пісьменніца
Еду ў маршрутцы з Усходу, праспект перакрыты і даводзіцца чакаць. Вадзіла жартуе: «Відаць, гэты Коленьку з садка едзе забіраць!»
17:40
Маша Васільева,
кансультант па прасоўванні
Я пасварылася з мамай і спяшаюся на дзелавую сустрэчу на плошчу Перамогі. У гэты момант у мяне сядае тэлефон. Пераходжу з «Купалаўскай» на «Кастрычніцкую». Яшчэ гадзіну мама не зможа да мяне датэлефанавацца.
17:50
Таццяна Заміроўская,
журналістка
Сёння ў мяне дзень народзінаў. Мы пачалі адзначаць яшчэ 10-га ўвечары, таму ўвесь дзень мяне нудзіць. З-за гэтага я не магу зайсці ў метро – мне раптам робіцца дрэнна, і мы з сябрамі ідзем у кафэ «Абрыкос» есці суп.
Антаніна Курдзя,
маркетолаг
Я еду ў метро на курсы польскай мовы з Уручча ў цэнтр. Засяроджана чытаю падручнік. На «Маскоўскай» цягнік затрымліваецца крыху даўжэй, чым звычайна, і я выходжу. Гэта нейкі зусім неадэкватны ўчынак, бо, па-першае, ехаць трэба да «Кастрычніцкай», па-другое, я звычайна так не раблю. Проста раптам успамінаю параду маці, якая жыве і працуе ў Маскве: пачуеш нешта падазронае ў метро – выходзь. Наверсе я сядаю ў «сотку». Калі ў салоне пачынаюць прымаць тэлефанаванні і агучваюць навіну пра выбух, я нават не здзіўляюся: гэта гучыць вельмі натуральна.
17:55
Надзея,
каардынатарка міжнародных праграм
Еду за пасылкай на вакзал. Спускаюся па эскалатары на «Кастрычніцкую». Мне тэлефануе малады чалавек, я кажу «алё» і тут жа раздаецца гучны выбух. Мяне аглушае. Некаторы час я нічога не чую, потым адразу – страшэнныя крыкі, стогны. Вакол так пыльна, што я прабіраюся навобмацак, прыкрываючы рот хусткай.
17:56
Валянціна Аксак,
журналістка
Я выходжу на «Кастрычніцкай» і рушу ў бок эскалатара, але на прыступкі ступіць не паспяваю – адбываецца выбух. Зверху пачынаюць сыпацца рэкламныя лісты, якія імгненна загараюцца. Паўсюдна дым, смурод. Спачатку думаю, што гэта нейкае кіно здымаюць і крыху перастараліся. Потым эскалатар спыняецца і гасне святло. Я ўсведамляю, што гэта ніякае не кіно. Рушу ў іншы бок. Бачу, як гарыць вопратка на людзях, чую, як крычаць параненыя. Даходжу да злучэння з «Купалаўскай» – тут ляжаць два нерухомыя целы. Праз іншы выхад трапляю на вуліцу, іду дамоў. Толькі ў кватэры разумею, чаму па дарозе ўсе так на мяне глядзелі – ад пылу і дыму я ўся чорная.
Яна Башлыкевiч,
студэнтка
Метро выбухае, калі я ўжо на прыступках эскалатара. Гук не як у кіно, а глухі, быццам нешта пад зямлёй прагрымела. Першая думка – няспраўнасці з цягніком. Адразу закладае вушы. Са сцен падаюць рэкламныя борды. Нічога не відаць ад пылу і дыму. Эскалатары працягваюць ехаць. Уверх і ўніз. Чую крыкі з платформы. Адзінае, чаго я баюся, – гэта тое, што можа адбыцца другі выбух. Выбягаю ў пераход і спыняюся. За мной з’яўляецца мужчына і крычыць: «Чаго стаіш?! Уцякай!»
18:00
Таццяна Гаўрыльчык, журналістка «Нашай Нівы»,
аўтарка нашумелага відэа
Мы на месцы тэракту. Адныя з першых. Ад пабачаных адарваных рук і ног мне робіцца млосна. Дэталі ўразаюцца ў памяць. Але я хутка бяру сябе ў рукі і пачынаю здымаць. Паступова праца робіцца даволі механічнай, і нават з'яўляецца адчуванне, што як журналісту мне вельмі «пашанцавала» – адной з першых асвятляць такую падзею. Я стараюся працаваць прафесійна, здымаю ўсё, што бачу, раблю буйныя планы. Раніцаю наступнага дня да мяне вяртаецца свядомасць і пачынаецца істэрыка.
18:05
Раман Рамашка, IT-спецыяліст
Я ў Піцеры ў камандзіроўцы. Спускаюся ў метро на станцыі «Площадь Восстания». На ўваходзе ў мяне першы раз за жыццё міліцыянты пытаюць дакументы. Глядзяць білет, пашпарт, лічаць, колькі дзён я ўжо ў Піцеры, аглядаюць заплечнік і адпускаюць.
18:10
Анна Іванова,
фатограф
Іду з басейна, бачу, як нясецца гучная чарга машын хуткай дапамогі. Спрацоўвае нейкі рэпарцёрскі інстынкт, і я рушу да метро. «Хуткіх» мала, лекары дапамагаюць толькі тым, хто моцна пацярпеў, астатніх носяць і супакойваюць простыя людзі. Фоціка няма, я здымаю на iPhone. Праз нейкі час выхад з метро ачапляе міліцыя. Іду ў «Кальянную №1», каб выкласці фоткі, але інтэрнэт перагружаны.
18:15
Мікіта Валадзько,
тэатральны рэжысёр
Мне тэлефануюць і кажуць, што на «Купалаўскай» выбух. Мы з сябрамі рушым да метро. Па дарозе спрабую звязацца з мамай. Не атрымліваецца. Вуліцы ачэпленыя, караванамі едуць «хуткія». Далей за ГУМ прайсці нельга, бачна, як з пераходу выносяць целы. Мы забягаем у ГУМ і глядзім экстраннае выданне навінаў. Акрываўленая жанчына дае інтэрв’ю, на ўваходзе ў метро, здаецца, раскіданыя нейкія кавалкі плоці, шмат хто накрыты прасцінамі.
18:20
Яўген Еляневіч, студэнт-сацыёлаг
Мы з сябрам забілі на пары. Пагулялі ў пул і едзем у метро. На «Купалаўскай» абсалютна пуста, сядзяць толькі два акрываўленыя чалавекі, якім хтосьці дапамагае. Цягнік не спыняецца. Вядома, мы моцна здзіўляемся. Вырашаем, што хтосьці кінуўся пад цягнік.
Каця Самсонава, радыёвядучая Unistar
Вяду перадачу «Дарожны час». Нечакана ў эфір пачынаюць паступаць паведамленні ад відавочцаў выбуху ў метро. Я тэрмінова змяняю наш бадзёры і вясёлы плэйліст на нешта больш спакойнае. Прымаю рашэнне даваць у эфір інфармацыйныя зводкі пра выбух. Раблю ўсё пад сваю адказнасць, спасылаюся на крыніцы, бо паступае шмат неправеранай інфармацыі.
18:30
Рома Бурносаў,
тэстар у EPAM
Я ў платнага стаматолага, чакаю, пакуль схопіцца замарозка. Сярод медперсаналу пачынаецца нейкі кіпіш. Я спрабую загрузіць старонку Tut.by, дакладнай інфы пакуль няма, толькі чуткі. Мне рвуць зуб мудрасці, пачынаю тэлефанаваць блізкім.
Андрэй Кабанаў,
ньюзмэйкер
Інтэрнэт выбухае. Хутка ў Facebook ствараецца суполка 11.04.2011. Інфа з’яўляецца штохвіліну. Хтосьці прапаноўвае транспарт, хтосьці абнаўляе спісы пацярпелых, выстаўляюцца навіны з іншых крыніцаў. Я на Панікоўцы, ад хвалявання трасуцца рукі. Слухаю рацыі АМАПа, дапамагаю нейкай бабулі датэлефанавацца да родных. Яна не разумее, што з ёй адбываецца. Твар у сажы, але раненняў не бачна.
18:40
Наталля, лекарка, хірург-інтэрн
Я ў дзіцячым хірургічным цэнтры першай клінічнай бальніцы. Абслугоўваю пацярпелых. Праца калегаў вельмі зладжаная. На месцы ўжо практычна ўвесь персанал: медсёстры, хірургі, анестэзіёлагі, адміністрацыя. Мы ведаем пра выбух. Людзей шмат, гэткі паток, свабоднай хвіліны амаль няма. Пераважна апрацоўваем раны, выдаляем аскепкі. Людзі ў шокавым стане. Самых цяжкіх пацыентаў адпраўляем у аперацыйную. Пужацца няма часу, галоўнае – дакладна выконваць працу, можа, толькі ў крыху больш паскораным тэмпе, чым звычайна.
18:50
Агата Картэль,
школьніца
Я вяртаюся з музычных заняткаў у школе. Дзень сонечны, я слухаю музыку. На выхадзе з метро шмат народу. Людзі распавядаюць пра ўспышку і выбух. Адна жанчына ідзе хістаючыся. Калі яна падыходзіць да «прэзідэнцкага будынку» і сядае проста на зямлю, чалавек у форме, які вартуе ўваход, нават не просіць яе адысці. Толькі паглядае на яе і не падыходзіць.
Філіп Чмыр,
лідар Drum Ecstasy
Мы ўсім складам стаім на сцэне ў Маскве, і ў нас тэлефоны, якія працуюць у рэжыме вібрацыі, пачынаюць проста разрывацца. Тэлефануюць з Беларусі, Грузіі, Украіны, Расіі. Потым прыходзіць SMS, з якога мы даведваемся пра тэракт. Спачатку не верым, думаем, што тэракт адбыўся ў Маскве і ўсе хвалююцца за нас.
19:00
Міця Аўчыннікаў,
музыка
Я ў калоніі. Мы з іншымі зняволенымі глядзім навіны па тэлевізары. Распавядаюць пра тэракт. У пакоі магільнае маўчанне.
Аляксандр Атрошчанкаў, журналіст,
былы палітвязень
Я ў турэмным каранціне ў пасёлку Віцьба. Усе бягуць да адзінай даступнай крыніцы інфармацыі – тэлевізара. Але замест спісаў загінулых і параненых, якіх усе чакаюць, дзяржтэлебачанне паказвае ў розных ракурсах Аляксандра Лукашэнку: на месцы трагедыі, на нарадзе з сілавікамі, седзячы, стоячы, справа, злева… Спіс паказваюць толькі позна ўвечары: некалькі дзясяткаў прозвішчаў праносяцца па экране літаральна за дзве–тры секунды. Прачытаць іх на такой хуткасці абсалютна нерэальна.
19:10
Сяргей Сахараў,
рэкламнік
Мой цёзка Сяргей Сахараў трапляе ў зводкі інфармацыйных сайтаў і пачынае даваць каменты, з якіх відавочна, што ён быў на месцы выбуху. За нейкі час я прымаю каля 30-ці тэлефанаванняў. Усе цікавяцца, ці ўсё са мною ў парадку і наогул, што адбылося на «Кастрычніцкай». Праз некалькі гадзін пачынаюць «аператыўна» тэлефанаваць знаёмыя журналісты. Будзённым тонам пытаюцца:«Гэта ты быў?». Кажу: «Не, не я». А яны: «Ну, шкада».
19:30
Віктар Марціновіч,
журналіст
Выходжу з аўтобуса Вільня – Менск каля «Пушкінскай». Я ўжо ведаю пра тэракт. У метро спускацца баюся, вырашаю ўзяць таксі. Першы вадзіла заломлівае 70 тысяч. Удвая больш, чым звычайна. На пытанне «Чаму так дорага?» адказвае:«Метро падарвалі, не чуў?» Наступны давёз за звычайную цану, сказаў, што і бясплатна паехаў бы, калі б у мяне не было грошай.
Інга Ліндарэнка,
медыя-спецыяліст
Я сяджу ў КЗ «Менск», чакаю пачатку камедыйнага спектакля, на які прыйшла з мамай. У зале ўвесь час тэлефануюць мабільныя тэлефоны, людзі даведваюцца падрабязнасці, супакойваюць сваіх блізкіх. Спектакль затрымліваюць ужо напаўгадзіны і здаецца, што яго адменяць. Нечакана акторы выходзяць на сцэну і пачынаюць граць у напружанай цішыні.
20:00
Макс Старцаў,
арт-дырэктар Re:public
Я на канцэрце Noize MC у Магілёве. Я вельмі п’яны, дазнаюся пра тэракт, і рэальнасць вакол мяне пачынае неяк утрыравацца. Я намагаюся не панікаваць, абтэлефаноўваю блізкіх. Канцэрт працягваецца. Людзі слэмяць.
21:00
Наста, архітэктар
Я дома сваруся са сваім маладым чалавекам, з якім да гэтага сустракалася пяць гадоў. Сёння я праязджала «Кастрычніцкую» ўсяго за сем хвілінаў да выбуху. У парыве гневу мой хлопец кажа: «Шкада, што ты не засталася ў метро». Гэта наша апошняя размова.
22:00
Сяргей Харытонаў,
эксперт у падборы кадраў
Я толькі што прыляцеў у Вільню з канферэнцыі ў Стакгольме. Спрабую трапіць на сайт «Нашай Нівы», але ён залочаны, як было 19 снежня.
Працуе толькі pda-версія. Не магу зразумець, што здарылася. Чытаю навіны на іншых рэсурсах і халадзею. Нічога сабе навіна нанач!
Наступнай раніцай
Мікіта Шароў, сувязіст метрапалітэну
Ранкам прыходжу на працу на «Кастрычніцкую». Вакол шмат засохлай крыві, абламаны мармур, пыл. Ніякіх асаблівых мераў засцярогі не бачу.
Шмат кадэбэшнікаў, якія патрабуюць наладзіць сувязь. Мы наладжваем. Усе хочуць паглядзець відэа з камер, але запісы канфіскавалі адразу і ніхто з працаўнікоў метро іх не ўбачыў.
Праз некалькі дзён
Леанід Пашкоўскі,
актор, МС
Я ва Украіне на рэтрыце па медытацыі. Гэта такі курс, калі 10 дзён ты не маеш кантактаў з астатнім светам і медытуеш па 16 гадзінаў на дзень. Калі здымаюць забарону, адна дзяўчына, таксама з Беларусі, тэлефануе сваім бацькам і даведваецца пра тэракт. Гэтую вестку немагчыма ўспрымаць як праўду. У постмедытатыўным стане, калі ты настроены на любоў да ўсяго і ўсіх, гэта проста не змяшчаецца ў галаве.
Дата арыгінальный публікацыі 11 красавiка 2012 года
КАМЕНТАРЫ (1)
около 7 вечера. я в вильнюсе, на уроке танцев, то ли слышу вибрацию смс, то ли просто подхожу к телефону в паузе и вижу сообщение от мамы: с нами все хорошо, к папе в больницу привозят раненных. я ничего не понимаю, начинает подтряхивать, подхожу к одной из девушек и рассказываю ей об смс, она реагирует как-то отстраненно, помню что меня поразила ее реакция.