10 беларускіх мастачак і мастакоў, чые працы хочацца мець дома
- 21.06.2024
- 3456
Сучаснае беларускае мастацтва дынамічнае і разнастайнае, яно прапануе шматлікія творы, якія могуць стаць скарбам у любой калекцыі. Калі хочаш знайсці нешта асаблівае, каб упрыгожыць свой дом або падарыць сябру ці сяброўцы, гэты спіс з дзесяці (а па факце трынаццаці) таленавітых творцаў стане выдатным арыенцірам. Мы адмыслова падабралі працы, якія не патрабуюць вялікіх выдаткаў і не займаюць шмат месца, каб можна было ўсур’ёз планаваць пакупку або прынамсі падпісацца на прыгожыя інстаграмы.
Сяргей Савіч
Менскі мастак Савіч Сяргей стварае работы, якія немагчыма зблытаць з нічыімі іншымі.
Яго малюнкі – гэта калейдаскоп вобразаў: ад знакамітага флейтыста ў пераходзе на Плошчы Перамогі да жырафы на абцасах ды баговак з каровіным вымем. Кошт вар'іруецца, але ў сярэднім, працу Сяргея можна набыць за € 50–150
А яшчэ з-пад яго пэндзля выходзяць цудоўныя каты – абавязкова звярні на іх увагу!
Лілія Бусарава
Лілія Бусарава – самабытная мастачка, чые працы кранаюць душу: праз свае ілюстрацыі яна перадае тонкія, знаёмыя кожнаму моманты. Работы Ліліі да кніг неаднаразова атрымлiвалi ўзнагароды ва ўсім свеце. І свая, беларуская Прэмія Цёткі таксама не абмінула яе ўвагай: у 2022 годзе мастачка атрымала прыз за афармленне выдання «Мой рыжы Бім».
Працы Ліліі Бусаравай прасякнутыя цеплынёй і пяшчотай, яны ствараюць сапраўды ўтульную атмасферу. Лілія выдатна перадае эмоцыі і пачуцці праз мяккія колеры і лініі. Сачыць за яе творчасцю раім наўпрост праз інсту, а калі малюнак западзе ў душу і патрапіць у захаваныя – не саромейся напісаць Ліліі ў асабоўку.
Лера Дубіцкая
Лера Дубіцкая скончыла варшаўскую Акадэмію мастацтваў, жыве ў Варшаве і стварае невялічкія працы на паперы (сярэдні памер – 10 на 15 см), выкарыстоўваючы каляровыя алоўкі і алейныя фарбы. Яе працы напоўненыя рассеяным святлом, а галоўныя героі тут – незвычайныя істоты, якія нібы абдымаюць цябе мяккімі лапамі.
Лера эксперыментуе з тэкстурамі і колерамі, ствараючы ілюстрацыі, якія быццам падсвечаныя знутры. Яе працы выклікаюць пачуццё спакою і адначасова хвалявання, пагружаючы ў свет фантазій і мрояў.
Валерый Славук
Валерый Славук – графік, педагог і прафесар, чые працы па беларускай і славянскай міфалогіі захоўваюцца ў Нацыянальным мастацкім музеі і прыватных калекцыях па ўсім свеце.
Яго творчасць адрозніваецца глыбінёй і сімвалічнасцю, мастак па-майстэрску выкарыстоўвае афортную тэхніку. У работах Славука прасочваецца любоў да роднай культуры і гісторыі, ён стварае метафарычны і казачны свет, населены дзіўнымі істотамі і пачварамі. У гэтыя творы можна ўглядацца бясконца.
Афорты Славука можна набыць за € 500 і больш тут.
Аляксандра Вялічка
Аляксандра Вялічка даследуе эміграцыю, постпраўду і калектыўную памяць. Маючы ступень магістаркі ў галіне радыёфізікі, яна працуе з фатаграфіяй і праграмаваннем, ствараючы міждысцыплінарныя праекты.
Яе наробак дзівіць інтэлектуальнай глыбінёй і наватарскім падыходам. Аляксандра смела эксперыментуе з рознымі медыя, стварае даволі правакацыйныя работы. Нядаўна яе працы выстаўляліся ў нацыянальнай галерэі мастацтва Zachęta ў Варшаве.
Дар'я Часлаўская
Тут завострым увагу на серыі «Вялікі маленькі чалавек», у якой мастачка Дар'я Часлаўская паказвае паўсядзённае жыццё работнікаў гарадскіх службаў. Яе працы прыцягваюць увагу да тых, каго часта ігнаруюць, і адкрываюць за сцяной стэрэатыпаў дзіўныя і кранальныя гісторыі. Дар'я падымае важныя сацыяльныя тэмы, раскрываючы складаныя і шматгранныя вобразы «простых» людзей. Яе творчасць вылучаецца ўвагай да дэталяў, праз якую работы атрымліваюцца вельмі выразнымі і пранікнёнымі.
Яўген Атцецкі
Яўген Атцецкі – фатограф, які развівае беларускую фотасупольнасць праз платформу ФШ1, пераможца конкурсу праектнай фатаграфіі Prafota 2020 у катэгорыі «Doc». Разам з Кацярынай Кузьмічовай робіць падкаст пра беларускую фатаграфію «Далягляд» (раім паслухаць).
Фатаграфіі Яўгена – пра асэнсаванне месца і часу. Ён умела перадае атмасферу і дух Менска, захоўваючы яго моманты і пейзажы. Працы Атцецкага – гэта свайго роду візуальны дзённік, які дапамагае захаваць успаміны і эмоцыі. Набыць фота можна ад € 100.
Дзмітрый Чужакоў (DSNT87)
Дзмітрый Чужакоў – беларускі мастак і скульптар, які стварае чыстыя мінімалістычныя працы ў стылі япанізму і анімэ. Яго работы паспелі атрымаць прызнанне на міжнародных выставах у Менску, Ерэване і Сан-Паўлу.
Творчы псеўданім DSNT87 адлюстроўвае персанальны стыль, у якім спалучаюцца элементы ўсходняй культуры і сучаснага мастацтва. Дзмітрый смела эксперыментуе з формай і матэрыяламі, ствараючы працы, якія прыцягваюць увагу арыгінальнасцю і выразнасцю.
Ніка Ганчар
Мастачка, ілюстратарка і аніматарка з Горадні Ніка Ганчар стварае яркія і дынамічныя працы, што чапляюць сваёй стылістыкай і арыгінальнымі вобразамі. Ніка працуе ў розных жанрах і тэхніках, ад ілюстрацый да анімацыі, і гэта робіць яе творчасць асабліва разнастайнай і цікавай. Яе працы напоўненыя жыццёвай энергіяй і фантазіяй. Уяві, як крута будзе глядзецца такі твор у вялікай раме на сцяне!
Shklatar: collective of artists
Навошта завяршаць падборку адным імем, калі можна расказаць пра аб’яднанне артыстаў? Знаёмся: Shklatar https://www.instagram.com/shklatar/?hl=en – мастацкі калектыў Андрэя Анро, Васілісы Паліянінай і Аляксандра Адамава.
Андрэй Анро даследуе тэмы калектыўнай памяці і гістарычнай спадчыны, ствараючы працы, якія прымушаюць задумацца пра мінулае і сучаснасць. Васіліса Паліяніна працуе з тэмамі сэксуальнай ідэнтычнасці і гендару, выкарыстоўваючы міфалагічныя вобразы для перадачы сваіх ідэй. Аляксандр Адамаў вывучае праблемы межаў і значэнняў: ягоныя работы запрашаюць гледача да разважанняў пра асабістае і грамадскае.
Тыя, хто цяпер у Варшаве, маюць магчымасць завітаць да іх на выставу па 3 ліпеня.