Музычныя вынікі 2025-га

Не намагаемся ахапіць неахопнае, як мора Герадота. Усяго толькі падсвятляем тое, што будзем слухаць і прыгадваць нават пасля таго, як даямо аліўе.

 

Настрой года – Сяргей Краўчанка ў менскім трамваі

Маем на ўвазе кліп «Остановка» гурта Polyn. Тэкст гэтай песні быў напісаны, калі на Менск абрынуўся цыклон Хаўер – у 2013-м. «З таго часу адчуванне, што “свет больш не будзе ранейшым”, з кожным годам толькі ўзмацняецца, – кажа Сяргей. – Варонка цыклону зацягне кожнага, і мо не будзе аднаго на ўсіх апакаліпсісу, але будуць мільярды маленькіх. І гэта міне».

 

 

 

Развітанне года – «Пятля прыхільнасці»

Пасля 20 з лішкам гадоў існавання распаўся постпанк-гурт «Пятля прыхільнасці», які шмат для каго быў самым менскім калектывам ever. Нязменны лідар «Пятлі» Ілля Чарапко-Самахвалаў вырашыў «рухацца далей і перайсці на новы ўзровень» з іншымі праектамі, таму падчас восеньскага туру людзі ў слэмах не толькі пацелі, але і плакалі. Прапануем паглядзець фотарэпартаж з апошняга варшаўскага канцэрта па спасылцы, уключыўшы трэк «Дэдлайн» (відэа зробленае год таму):

 

 

 

Узлёт года – пазнякс

«К сожалению, это рэп» – заяўлена ў шапцы інстапрофілю гэтага фрэшмэна. Улетку Дзіма з Горадні літаральна прачнуўся зоркай: зайшоў у Сеціва і пабачыў, што запампаваны ўвечары тыкток пад «Отдыхаем» праглядзелі 300 тысяч разоў. Далей панесліся калаба за калабай, прапановы ад лэйблаў, а на мінулым тыдні ў пазнякса выйшаў LP – сумесны з xxxsanek.

 

 

 

Арэна года – ≈ 60 000 на канцэрце Макса Каржа

9 жніўня рэпер з Лунінца сабраў Stadion Narodowy ў Варшаве. Мерапрыемства было азмрочанае двухгадзіннай затрымкай праз асабліва гарачых фанаў, якія пералазілі агароджы, і агулам за рознага кшталту хуліганства тады былі затрыманыя больш за сотню чалавек (кагосьці нават дэпартавалі). Але галоўнае, што запомніцца: найвялікшую пляцоўку польскай сталіцы ўпершыню сабраў артыст з Беларусі.

 

 

Фестываль года – Varušniak

Гэты фэст ладзіцца двойчы на год у Варшаве і з’явіўся не сёлета, але хочацца адзначыць, з якой энэргіяй Varušniak харашэе ды набірае абароты. На сёння гэта самы стылёвы і канцэптуальна выбудаваны беларускі фэст у замежжы. «Камандай СДУГ-шнікаў мы на ўласнай ініцыятыве робім такі маштабны праект!» – кажа сузаснавальнік фэсту Ян Папкоў. Зычым сілаў на ўсе задумы.

 

 

Секта года – беларускі постпанк

Феномен беларускага постпанку не згасае. Пакуль Molchat Doma ўсё бліжэй падступаюцца да прэміі Grammy (іх сёлета вылучалі як прэтэндэнтаў на намінацыі «Найлепшы альтэрнатыўны альбом» і «Найлепшае альтэрнатыўнае выкананне»), больш сціплыя артысты збіраюцца разам, каб яднаць сваю публіку і даносіць свае сумныя мелодыі да большай колькасці вушэй.

Сёлета ў Варшаве ўпершыню прайшоў фестываль Ludzie wschodu: на зімовым канцэрце выступілі Kowelskie Psy, Serbskiy Nozh, Sož і Prorva, на летнім – Syndrom Samazvanca, Podonki, Lubber louie і зноў жа Kowelskie Psy. Калі ў цябе ёсць «шэнген» і жаданне ўляцець на постпанк-месу ў новым годзе, тваёй увазе – канцэрт у Вільні višniovy tort і Vapna разам з літоўцамі Pusto.

 

 

Лайв года – Molchat Doma ў Высокіх Татрах

Molchat Doma прэзентавалі трэкі «Toska», «Sudno» і «Сhornye Cvety» на фоне славацкага гатэля Panorama, выява якога ўпрыгожыла вокладку альбома «Этажи» 2018 года.

 

 

 

Магія года – кліпы Анастасіі Рыдлеўскай

Пакуль у нас няма сваіх Ары Астара («Сонцастаянне») і Дарыя Арджэнта («Суспірыя»), але каманда Насці Рыдлеўскай плённа звяртаецца да эстэтыкі псіхалагічных хорараў ды трылераў, ствараючы для меламанаў густоўныя кінематаграфічныя кліпы. Артыстка стартавала год з прасякнутага эратызмам «Petit Oiseau», на Купалле ў яе выйшла гісторыя пра тое, як страх пераўтвараецца ў сілу, – «Isolde (Не магу больш без цябе)», потым быў псіхатэрапеўтычны «Rainbow Serpent», а на днях выйшла гісторыя пра пустэчу, якую пакідаюць пасля сябе людзі, – трывожны сон «Limerence»:

 

 

 

Лірыка года – песні на вершы ідышамоўных паэтаў

У стварэнні зборніка «Yiddish Veršes» узялі ўдзел Palina, Tok Rukoo, KOOB, WTBSK, Syndrom Samazvanca, Лайтовы і Anastasia Rydlevskaya. Кожны ў сваім стылі пераасэнсаваў творы габрэйскіх паэтаў першай паловы ХХ стагоддзя, якія стваралі лірыку на ідышы: Лейба Найдуса, Мойшэ Кульбака, Ізі Харыка і Абрама Рэйзена. У складанцы прыемна суседнічаюць даб, электроніка, рэп і арт-рок.

 

 

 

Фрэш-шоў года – Perfect Music Live

Героем першага (і пакуль адзінага) выпуску з серыі праграм «на стыку душэўных інтэрв’ю і жывога выканання» стаў гарадзенскі музыка Точка К. З паўгадзінкі ён распавядае пра творчы працэс, адзіноту, шчырасць, а таксама выконвае два трэкі: «Приём Феникса» и «Мой дом = дом твой».

 

 

 

Персанаж года – Фёдар Возераў

Гэта прыдуманы артыст, уцелаўлёны музыкам Вячаславам Кмітам у фільме Юрыя Сямашкі «Лебядзіная песня Фёдара Возерава». Стужка трапіла сёлета ў праграму Берлінале, праехалася па іншых фестывалях, дзе была даволі цёпла прынятая публікай і крытыкамі. Па сюжэце свет на парозе таго, каб зрынуцца ў прорву, а небарака Фёдар Возераў шукае ўлюбёны швэдар, які натхняе яго на новыя песні. Кіно ставіць пытанне пра тое, чым мусіць займацца творца ў цяжкія часы. І дае на яго даволі яскравы адказ.

 

 

Памяць года – голас легендарнага імправізатара

На стрымінгах выйшаў «HAUNTOLOGЎ» – апошні рэліз эксперыментальнага трыа Buben Naruszewicz Baisan, на якім прысутнічаюць вакалізы Леаніда Нарушэвіча, які раптоўна пайшоў з жыцця ў 2019 годзе.

 

 

 

Альбомы года (у выпадковым парадку):

 

«Whisper» – port mone

 

«Karabli» – Palina

 

«Krok» – SOYUZ

 

«In Between» – Dlina Volny

«Лайтовы Курс – гэта шлях, а не мэта»

«Amal» – Vapna

 

«Биполярная звезда» – «Кассиопея»

«В конце всё будет хорошо» – Passive Voice

«Бо кругом свінарнік, а ты прэкрасней усех» – «РСП»

 

«Snake Charmer» – Anastasia Rydlevskaya

«Mahajba» – Syndrom Samazvanca

 

«большие дети» – пазнякс, xxxsanek

 

Фота: Johnny Cosmic

Прэзентацыя кліпа: The Yankees of Moor

Прэзентацыя кліпа: The Yankees of Moor

Зін-панкаўскае відэа – у дэбютным кліпе менскіх рок-н-рольшчыкаў The Yankees of Moor.

34 Mixes #1: T-Trider

34 Mixes #1: T-Trider

Вяртаем міксы ад сяброў у самае сэрца «Першака». Шампанскае адкаркоўвае T-Trider бадзёрым гета-фанкам. Святкуем разам!

Как создаются хиты в 2017 году?

Как создаются хиты в 2017 году?

Справедливость стриминга: как плейлисты в Spotify и Apple Music в одночасье превращают начинающих ноунеймов в мегазвезд.

Как собрать музыкальную студию за $500, $1000 и $1500?

Как собрать музыкальную студию за $500, $1000 и $1500?

Изучаем бюджетные варианты домашней «Эбби Роуд».

Беларускія музычныя лэйблы

Беларускія музычныя лэйблы

Каталог дзейных беларускіх анлайн-пляцовак, якія выдаюць і прамоўцяць музыку.

Блэки с Банги и Бангалор

Блэки с Банги и Бангалор

Минский рэпер показывает знаковые места своего района.

Музыка улиц: что прохожие слушают в наушниках?

Музыка улиц: что прохожие слушают в наушниках?

В новой рубрике «Музыка улиц» изучаем, что играет в наушниках у прохожих.

New kids from the block (BY, EN)

New kids from the block (BY, EN)

Як прадаваць сваю музыку сусветным брэндам? Размаўляем з Рэнатам Хорватам, адным з заснавальнікаў венгерскай ліцэнзійнай кампаніі Eastaste.