Юрый Сямашка: «Калі быць змрочнымі было б нацыянальнай асаблівасцю беларусаў, то я быў бы самым папулярным рэжысёрам»
- Рубрыка: ІНТЭРВ'Ю
- 15.11.2024
- 1011
У беларускім конкурсе сёлетняга «Паўночнага ззяння» сярод іншага можна паглядзець 11-хвілінную анімацыю пра супрацьстаянне сціплага ахоўніка супермаркета і нахабнага «крымінальнага элемента». Pulp animation «Кроў і караоке» Юрыя Сямашкі можна ўбачыць анлайн 16 і 19 лістапада. Аматары кінафэсту напэўна знаёмыя з папярэднімі працамі аўтара. Адна з іх – «Смеццевая галава» – прынесла Юрыю дзве ўзнагароды: прэміі беларускіх кінакрытыкаў «Чырвоны верас». 34mag пагутарыў з рэжысёрам-самавукам пра значнасць (і нязначнасць) прызоў, галоўную мару кінатворцы, пошукі ідэй і хэпі-энды на тле змрочнай рэчаіснасці.
«Кроў і караоке» і першы поўны метр
– Па сюжэце «Кроў і караоке» нясмелы ахоўнік супермаркета ўступае ў фатальны канфлікт з шумным суседам. Скажы, цябе даставалі гопнікі зверху?
– Ні разу. Гэта мой самы не аўтабіяграфічны фільм, і ў гэтай гісторыі няма мяне як персанажа. Але калі выбіраць, то я на баку ахоўніка і бліжэй да яго, чым да гопніка. Хаця як паглядзець. Часам мне здаецца, што гэта адзін чалавек, толькі ў дзвюх крайнасцях: адзін – вельмі ўпэўнены, другі – абсалютна няўпэўнены. І абодва яны ў гэтым карыкатурныя.
– Чаму ты так бязлітасна ставішся да ціхоні-ахоўніка?
– Я і да сябе стаўлюся бязлітасна. Гэтага героя я ствараў ад эмоцыі, што ён не на сваім месцы. Ён працуе дзеля грошай, але не пачуваецца ў гэтай прафесіі і максімальна для яе не падыходзіць. Пры гэтым ён не дастаткова ўпэўнены ў сабе, каб яе кінуць. Ён трывае, трывае, трывае – і гэта назапашваецца. Такое пачуццё, думаю, знаёмае многім. Раней я сам працаваў у офісах, дзе адчуваў сябе абсалютна не на сваім месцы.
– Цяпер ты на сваім месцы?
– Цяжка сказаць, бо я пераехаў [у Польшчу. – заўв. 34.], а любы пераезд азначае, што ты пачынаеш сваю прафесійную дзейнасць амаль з нуля. Так што ў нейкім сэнсе я зноў адчуваю сябе на месцы гэтага ахоўніка. Але ўжо ў іншай краіне, у іншых абставінах, маючы працу для грошай.
«Я і да сябе стаўлюся бязлітасна»
– Але яна хаця б звязаная з відэа?
– Не. Але да гэтага я паўгода займаўся толькі фільмам. Паўгода так, паўгода – яшчэ нешта. Гэта поўнаметражны фільм. «Лебядзіная песня Фёдара Озерава». Я ўдзельнічаў у конкурсе сцэнароў Belarusian Filmmakers Network. Падаў заяўку, у рамках іх інкубатара мікрабюджэтнага кіно напісаў сцэнар і выйграў. Былі два фільмы-пераможцы, якія атрымалі гранты. Невялікія, але гэтага было дастаткова, каб пару месяцаў у Варшаве здымаць і нават нейкія мінімальныя грошы здымачнай групе заплаціць. Галоўную ролю выканаў Вячаслаў Кміт, аператар-пастаноўшчык – Сяргей Кавалёў. Цяпер мы шукаем крыніцы для постпрадакшана.
– Па сюжэце там, наколькі ведаю, нейкі перад-Апакаліпсіс...
– Так, але трэба разумець, што фільм малабюджэтны. На фоне маячыць магчымасць Трэцяй сусветнай вайны, якая па сутнасці канец свету, але галоўны герой заклапочаны толькі тым, каб знайсці страчаны швэдар, у якім ён пісаў песні. У гэтым швэдры да яго прыходзіць натхненне, і ён апантаны пошукамі.
Мы цяпер усё жывём у сітуацыі, калі ніколі не ведаеш, што будзе заўтра, а пры гэтым хтосьці песні піша, я вось фільмы здымаю. Хацелася паіранізаваць з гэтай сітуацыі. У наступным годзе ўбачым, што з гэтага атрымалася.
«Былі два фільмы-пераможцы, якія атрымалі гранты. Гэтага было дастаткова, каб пару месяцаў у Варшаве здымаць»
– Ну швэдар, мяркуючы па кадрах, атрымаўся на славу.
– Мастачка па касцюмах Насця Рабава зрабіла яго адмыслова для фільма. Нядаўна ў нас быў сазвон перад пітчынгам фільма ў Котбусе, і жанчына з арганізатараў вельмі смяялася, сказала, што гэта самы выродлівы швэдар, які яна бачыла ў жыцці. Але я з ёй нязгодны: швэдар выдатны, я ім любуюся.
– Ён табе натхненне прыносіць?
– Я супраць канцэпцыі натхнення і збольшага таму ў фільме гэта даследаваў. Мой творчы працэс на 80–90% складаецца з пракрастынацыі і намаганняў, то-бок валявога рашэння нешта зрабіць. Часам з'яўляецца нешта падобнае на натхненне, але гэта ўжо падчас працы, калі ўсе механізмы запушчаныя і ты думаеш пра гэта ўвесь час – тады да цябе нешта «прыходзіць».
«Смеццевая галава» і дыплом інжынера
– А першапачаткова ідэі дзе чэрпаеш? Адкуль, напрыклад, узялася постаць з пап'е-машэ ў «Смеццевай галаве»?
– Усё пачалося з таго, што я ўбачыў відэа з лялькамі-чэрававяшчальнікамі і падумаў, што хачу зрабіць сабе такую. Знайшоў на ютубе ўрок.
Калі я рабіў ляльку, я ўжо разумеў, што недзе яе выкарыстаю, бо яна вельмі цікава выглядае. У той час я часта браў да сябе сабаку Прохара, вось і падумаў, чаму б не зняць фільм з трыма персанажамі: я, Прохар, фігура з пап'е-машэ. «Смеццевая галава» стала апагеем маёй сольнай творчасці, таму што на яе здымках я наогул не звяртаўся па дапамогу іншых людзей у кадры.
– Ці слушна я разумею, што ты самавук і нідзе на рэжысёра не вучыўся?
– Я вучыўся, здымаючы свае кароткаметражныя фільмы. Мне ў прынцыпе падабаецца вучыцца на практыцы, а пасля пяці гадоў ва ўніверы я не вельмі веру ў адукацыю. Паказчыкам для рэжысёра мусіць быць колькасць фільмаў і іх якасць, а не наяўнасць той ці іншай адукацыі. Хаця, само сабой, адсутнасць адукацыі адбіваецца на працы: калі я падаюся на якую-небудзь стыпендыяльную праграму, то шанцаў у мяне як у інжынера з адукацыі вельмі мала. Гэта адзінае, аб чым я шкадую: што я пяць гадоў змарнаваў на вывучэнне законаў, якія мне ўвогуле не спатрэбіліся ў жыцці. Лепей было б пяць гадоў патраціць на тое, каб даведацца пра кіно.
– Цябе не мучыць сіндром самазванца?
– Спачатку, калі я рабіў свае кароткаметражкі на тэлефон і яшчэ вывучаў працэс, мае працы называлі ў прыніжальным сэнсе «аматарскімі». Але я ўвогуле лічу дзіўным дзяліць кіно на аматарскае і прафесійнае. Што робіць кіно прафесійным? Наяўнасць суперскай камеры і дзесяці чалавек на пляцоўцы? А калі ты на кухні зняў добры фільм, хай не ідэальны па карцінцы, але досыць добры, каб вока не рэзала, то чаму яго адразу – у «ніжэйшую катэгорыю»? Ёсць добрае кіно, ёсць не вельмі. І нават гэта суб'ектыўна.
«Шкадую, што я пяць гадоў змарнаваў на вывучэнне законаў, якія мне ўвогуле не спатрэбіліся ў жыцці»
Галоўнае жаданне
– Вяртаючыся да «Смеццевай галавы». Там у твайго героя таксама несупадзенне: ён працуе зборшчыкам смецця, але марыць здымаць кіно. Чаму, калі магічная галава прапануе выканаць любое яго жаданне, ён не просіць у яе стаць паспяховым рэжысёрам?
– Як рэжысёр і як апавядальнік ён ужо разумее, што ўсе гісторыі пра жаданні нічым добрым не заканчваюцца. У ранніх варыянтах сцэнара ён нават казаў нешта накшталт «ведаю я гэтыя вашы жаданні!». Тут ён проста адмаўляецца, бо які сэнс у тым, каб стаць вядомым рэжысёрам не заслужана? Гэта ж не тое, што ты хочаш атрымаць вокамгненна. Ты хочаш гэтага дабіцца сам.
– А якое тваё галоўнае жаданне як рэжысёра Юрыя Сямашкі? Грошы, слава, Netflix?
– Я хацеў бы проста мець магчымасць здымаць кіно, не адцягваючыся на нейкія непатрэбныя справы. Хачу, каб мая творчасць прыносіла мне дастаткова грошай, каб не працаваць на працах, дзе працаваць я не хачу. Але гэта не жаданне, а мэта. Я да гэтага імкнуся, і калі на ранніх этапах мае фільмы нічога мне не прыносілі, то вось цяпер на поўнаметражны фільм я атрымаў бюджэт. Бачу, што ёсць цікавасць да таго, што я раблю, і, магчыма, праз пару фільмаў я нарэшце звольнюся з усіх прац. Ці хаця б нешта каля кіно буду рабіць, працаваць з відэанаратывам.
«Хачу, каб мая творчасць прыносіла мне дастаткова грошай, каб не працаваць на працах, дзе працаваць я не хачу»
– Фестывалі даюць табе буст?
– Цікавасць фестывалю дае табе нейкі зарад, а пасля фестывалю часта з'яўляюцца розныя магчымасці рабіць нешта далей. І ўвогуле больш людзей бачаць твой фільм. У мяне няма сіл і цікавасці займацца прамоўшанам, а фестываль бярэ на сябе гэтую працу і прадае фільм шырэйшай аўдыторыі.
– У цябе быў досвед прагляду тваіх фільмаў у вялікай аўдыторыі? Якія адчуванні?
– Сюррэалістычныя. Самы незвычайны досвед быў летась. У маленькім нямецкім горадзе Оберхаўзен ладзяць адзін з найбуйнейшых у Еўропе фестываляў кароткага метра, і я ездзіў туды са «Смеццевай галавой». Зала чалавек на 500, і ўсё глядзяць «Смеццевую галаву». Я на экране такі буйны, пап'е-машэ, Прохар. Зала смяецца, пляскае. Мне заўсёды здавалася, што нейкія нюансы немагчыма перадаць міжнароднай аўдыторыі нават з добрым перакладам, але людзі пасля паказу падыходзілі да мяне, пазнавалі: «Garbage head? Cool!» Мяне моцна натхніла, я адчуў, што ўсё не дарма. Пасля фестывалю гэта, канешне, прайшло. Але потым нехта купляў правы на стрымінг іншых маіх фільмаў, пачалі невялікія грошы прыходзіць. Дарэчы, «Смеццевая галава» – мой першы фільм, які акупіў сябе цалкам.
«Агулам няважна, колькі ты выйграў узнагарод, – грошы на праекты ў цябе не з'яўляюцца»
Прызы і змрок
– У цябе ўсе працы з гумарам, але ўсё роўна адчуваецца нейкая безнадзейнасць.
– Трагікамедыя – мой любімы жанр. Здымаць чыстую камедыю ў мяне б не атрымалася, бо гэта не зусім шчыра, на мой погляд. Мне падабаецца, калі ў гісторыі ёсць драма, ёсць сур'ёзныя стаўкі.
Бывае, глядзіш які-небудзь фільм – і такі: «Вось гэта крута!» Можа быць крута, таму што вельмі смешна, можа быць крута, таму што ярка, можа быць крута, таму што вельмі драматычна. Часам ты нават не можаш растлумачыць, чаму гэта крута. Гэта не якасная характарыстыка. Калі я атрымліваю такія эмоцыі ад фільма – гэта найлепшае, што можа быць. І калі я раблю свае фільмы, то правяраю сябе адчуваннем «ці дастаткова гэтае рашэнне крутое?».
– Падаецца, ты любімчык беларускіх кінакрытыкаў. Вось прэміямі цябе адорваюць.
– Аднак я сябе любімчыкам не адчуваю. На «Чырвоным верасе» быў непрыемны момант з узнагародай у намінацыі «Адкрыццё года». Я ўдзельнічаю ў фестывалях беларускага кіно далёка не першы год, кінакрытыкі мае фільмы ўжо бачылі, а некаторыя з іх – нават узнагароджвалі. І калі я атрымаў намінацыю «Адкрыццё года» ў 2023-м, гэта было дзіўна. Калі ты здымаеш сёмы фільм, а табе даюць «Адкрыццё года», быццам гэта твой дэбют, то адчуваецца непавага да папярэдніх прац. Але з-за таго, што ў журы было зашмат кінакрытыкаў і многія з іх, напэўна, не вельмі сачылі за беларускім кіно, «Смеццевая галава» для кагосьці стала адкрыццём, і неяк матэматычна выйшла так, што я перамог у намінацыі.
Агулам няважна, колькі ты выйграў узнагарод, – грошы на праекты ў цябе не з'яўляюцца. А калі не з'яўляюцца магчымасці, то і толку ніякага. Я на гэта вельмі крытычна гляджу, хоць пацешыць самалюбства таксама няблага.
– Персанаж з «Калі я быў генерал», здаецца, самы мэтанакіраваны ў тваім сусвеце. Хто яго ролевая мадэль?
– Я б не сказаў, што ён мэтанакіраваны. Ён дзякуючы выпадку выруліў на хэпі-энд. Насамрэч, як нехта казаў, хэпі-эндаў і не бывае – бывае толькі гісторыя, якую скончылі на добрым моманце. У «Калі я быў генерал» ёсць вельмі змрочны працяг. Толькі я ніколі яго не здыму, ён застанецца ў маёй галаве.
– Гэтая цяга да змрачняку робіць цябе беларускім аўтарам? Можаш увогуле вызначыць, што ў тваёй творчасці беларускага?
– Калі быць змрочнымі было б нацыянальнай асаблівасцю беларусаў, то я быў бы самым папулярным і паспяховым рэжысёрам, а не ў андэграўндзе, як цяпер. Насамрэч я не лічу, што ўсё так змрочна і безвыходна, імкнуся глядзець у больш яркіх фарбах на тое, што адбываецца ў маіх фільмах. Там ёсць месца ўсяму. І іроніі, і мэтанакіраванасці.
– Калі чалавек увогуле не знаёмы з тваёй творчасцю, якую працу ты б паказаў яму першай?
– З тых, што ёсць на ютубе, я б паказваў два апошнія фільмы: «Смеццевая галава» і «Калі я быў генерал». Калі спадабаюцца, то людзі самі зойдуць далей, дзе па хардкоры.
– Але ты ўсімі працамі задаволены і пераглядаеш іх без крынжу?
– Не, я ўсе працы пераглядаю з крынжом!
Фота: Аляксандра Канончанка