Anastasia Rydlevskaya выпусціла альбом «Snake Charmer»

«Snake Charmer» – трэці лонгплэй беларускай мастачкі і музыкі Анастасіі Рыдлеўскай. У яго ўвайшло 11 песень-заклёнаў, з дапамогай якіх аўтарка прымае сябе і складанасці навакольнага свету. Альбом гучыць на трох мовах: беларускай, англійскай, французскай.
«Гэты альбом – спроба пазбавіцца ад комплексаў, страхаў, болю і траўмаў, якія я назапасіла за жыццё, – распавядае Анастасія. – Яны нібы халодныя змеі прыліпалі да цела і хаваліся ўнутры. У альбоме я шчыра расказваю пра страх быць сабой, жаданне быць зручнай, падабацца ўсім, жыць ціха і акуратна, каб не патрывожыць гэтых змей. Але я зразумела: яны ўсё роўна ўкусяць, а жыццё пройдзе.
Гэты альбом – не пра барацьбу з імі, а пра іншы шлях. Пра тое, як праз музыку, каханне, прыняцце сваёй сэксуальнасці і сапраўдных жаданняў можна паступова прыручыць сваіх унутраных змей. Пра смеласць быць сабой, нават калі гэтая версія няёмкая для іншых. І тады змеі, якіх ты баялася, якіх баяліся іншыя, становяцца тваімі сябрамі. Бо калі ты разумееш, навошта яны тут, яны перастаюць быць атрутнымі».
«Snake Charmer» на ўсіх стрымінгах
***
Анлайн-прэм’ера альбома адбылася на YouTube апоўначы, можна паглядзець запіс хатняй артыстычнай тусовачкі і адчуць атмасферу:
Паслухаць новы альбом Anastasia Rydlevskaya ў лайве можна будзе 12 красавіка на фестывалі Sea You Music Showcase у Гданьску і 20 красавіка ў варшаўскім клубе Hydrozagadka.
Сачыць за навінамі ад артысткі можна ў інстаграме і фэйсбуку.