На прапанову зрабіць матэрыял пра скульптара я пагаджаюся адразу. Пра Мікіту Макляцова раней я не чула: асабіста знаёмая толькі са скульптарамі-канцэптуалістамі. Мне заўсёды падавалася, што павінна быць нейкае моцнае, хоць і ледзь улоўнае адрозненне паміж тымі, хто творыць у рэалістычнай манеры, і канцэптуалістамі. Гэтую розніцу мне і хацелася злавіць, каб зразумець усё пра «сучарт» і заадно даведацца, як жывецца маладым скульптарам, якія не з’ехалі рэалізоўвацца на кітайскі ці еўрапейскі арт-рынак.
Студыя Мікіты змяшчаецца ў прасторнай трохпакаёўцы звычайнага менскага дзевяціпавярховіка. Класічнага, крыху савецкага стылю майстэрня, застаўленая скульптурамі, кніжнымі полкамі і стэлажамі з інструментамі, не вызывае пачуцця студыі, а больш нагадвае крыху захламленую залу савецкіх інтэлігентаў, якія з галавой акунуліся ў мастацтва. Нават балкон паўсюль цясняць гіпсавыя скульптуры і формы для адліўкі. З узвышша ў пакоі на мяне, сур’ёзна насупіўшы брэжнеўскія бровы, глядзіць бюст Леанарда да Вінчы, якога Мікіта вылепіў у падарунак, а са стала свае тонкія пластылінавыя ручкі да мяне цягне мадэль наступнай скульптуры.
«Мікеланджэла пачынаў з таго, што выдаваў свае працы за антыкварыят, каб прадаць іх, а Радэн падпісваў свае працы імёнамі знакамітых у той час майстроў. І зараз трэба круціцца, падпрацоўваць»
Мы сустракаем яго ў самым распале падрыхтоўкі да выставы «Случай», якая адкрылася на наступны дзень пасля нашай сустрэчы. Ён дэманструе свае работы, ужо падрыхтаваныя да перавозкі ў галерэю. Паказваючы працу «Асяроддзе», скульптар жартуе, што і ён не ўсцярогся ад усеагульнай ліхаманкі і зрабіў канцэптуальную рэч. У гэтым творы ажно два матэрыялы ўказваюць на бязлітаснасць асяроддзя: вострыя металічныя пруткі, што абхапілі асобу, і недаўгавечны воск, які праз сваю пластычнасць і мяккасць быццам прарочыць хуткую гібель васковаму хлопцу. Спецыфічны царкоўны пах таксама не абяцае хэпі-энду. Я разглядаю скульптуры і заўважаю бронзавага льва, што здолеў бы ўпрыгожыць камінную паліцу ў якім-небудзь асабняку. Цікаўлюся ў Мікіты, як прадаюцца скульптуры.
«Даволі складана, бо мы ўсё ж такі жывем у правінцыі. Канешне, зарабляць творчасцю нялёгка, але не трэба абвінавачваць сістэму. Так было заўсёды. Калі ў кагосьці захоўваюцца ілюзіі наконт забяспечанасці мастакоў, трэба ўважліва чытаць біяграфіі творцаў: напрыклад, Мікеланджэла пачынаў з таго, што выдаваў свае працы за антыкварыят, каб прадаць іх, а Радэн падпісваў свае работы імёнамі знакамітых у той час майстроў. І зараз трэба круціцца, падпрацоўваць», – кажа скульптар. Дарэчы, брат бронзавага льва ўсё ж такі знайшоў пакупніка. «Замовы здараюцца, але іх у партфоліа не пакладзеш, так што ў вольны час раблю сваё, творчае. “Адсутнасць замоваў – гэта добра, толькі тады і ствараецца сапраўднае мастацтва”», – прыгадвае Мікіта словы Уладзіміра Цэслера.
«Зараз адбываецца культурны “рэнесансік” у свеце мастацтва, – ён звязвае хвалю адраджэння з доступам да міжнароднага вопыту ў мастацтве. – Зараз ніякіх перашкодаў, каб убачыць, што робяць мастакі па ўсім свеце, даведацца, што цяпер у трэндзе, гэта дае новыя ідэі і натхненне – змяняе арт-прастору. Тым больш што сёння амаль адсутнічае дзяржзамова на мастацтва, а гэта дае свабоду тэм і вобразаў. Я не асуджаю працу па замове, мне нават падаецца, што, калі б савецкая сістэма захавалася, я б выконваў яе заданні, таму добра, што зараз яе не існуе».
Мікіта хоць і прытрымліваецца рэалізму, але кажа, што нельга падзяляць мастацкія стылі на добрыя і дрэнныя, бо галоўнае – сэнс, які перадае мастак, і тое, як ён працуе з матэрыялам. Няма добрых ці благіх напрамкаў, што заўгодна можа быць выдатна зроблена. А можа быць і храновы рэалізм і храновы канцэптуалізм.
«На мой погляд, сучаснае мастацтва абмяжоўвае само сябе ў пагоні за арыгінальнасцю. Кожны так хоча быць ні да каго не падобным, што паўтарае адное і тое ж. Асабліва гэта бачна, калі гартаеш каталог якой-небудзь выставы. Таксама існуе нейкая дыскрымінацыя тых, хто працуе ў неканцэптуальным напрамку, – галерэям нецікава іх выстаўляць. Але страшней за гэта, калі мастакоў-фармалістаў вымушаюць прыдумляць канцэпцыю да сваіх твораў, каб было што напісаць у эксплікацыі», – кажа скульптар.
Суплёт псіхааналізу і мастацтва – адзін з важнейшых напрамкаў яго творчасці. Гэта вяжа Мікіту з мастакамі 1920-40-х, якія ў сваіх работах візуалізавалі эксперыментальныя ідэі навукі, якая толькі ўзнікла. Каля вакна стаіць вялікая зялёная скульптура «Нараджэнне лёсаў», дыпломная праца Макляцова. Падаецца, яна нясе выключна эстэтычную функцыю, але высвятляецца, што гэта візуалізацыя асноўнага пастулата псіхааналізу: мы ўсё жыццё разграбаем праблемы, якія былі «падораны» нам бацькамі. Нягледзячы на тэматычную блізкасць з аўтарамі пачатку мінулага стагоддзя, стылістычнага падабенства з мадэрністамі я не заўважыла: Мікіта ў асноўным працуе ў рэалістычнай манеры, транслюе свае ідэі праз лёгка пазнавальныя вобразы. «У рэалізме вельмі важная пазіцыя аўтара, чым болей рэальнасці ты праз сябе прагоніш, тым лепей», – тлумачыць ён.
«Добра, калі чалавек памыляецца ў тым, што ягонае прызванне – мастацтва, бо ў мастацтве можна зламаць толькі сваё жыццё. Горш, калі такое адбываецца з дактарамі ці выкладчыкамі»
Праз некаторы час Мікіта выбачаецца за нязручнасці і прымаецца за васкаванне сваёй працы «Нябачныя дзеці», не спыняючы гутаркі са мной. Працэс васкавання даволі ўражвальны: моцнае блакітнае полымя з газавай гарэлкі растоплівае наліты на скульптуру воск, і ёсць толькі некалькі секунд, каб пэндзлем размеркаваць яго па паверхні і захаваць паціну.
«У мастацтве ты большасць часу робіш нешта складанае і не вельмі цікавае. Гэта ўвогуле гемарой – займацца творчасцю, але калі гэта тваё – не займацца мастацтвам яшчэ больш цяжка, – адзначае Макляцоў. – Часта кажуць, што талент не мае значэння і добры твор – гэта 1% таленту і 99% працы. Я не згодны: ёсць у кожнага свае схільнасці, і трэба іх развіваць, а не дзяўбсціся лбом у тое, што ты вызначаў як вернае для сябе. Добра, калі чалавек памыляецца ў тым, што ягонае прызванне – мастацтва, бо ў мастацтве можна зламаць толькі сваё жыццё. Горш, калі такое адбываецца з дактарамі ці выкладчыкамі».
Фота by Каця Ігнашэвіч
Гутарым з куратаркай выставы Non-fashion Дзінай Даніловіч пра спалучэнне індустрыі моды з мастацтвам.
Стваральнік мультыплікацыйных кліпаў «Мумий Тролля», кібердызайнер і мастак Андрэй Касай расказвае пра сваю выставу «Дыскамфорт», што адкрываецца ў Менску 29 красавіка.
Заходні свет фатаграфіі ўжо колькі гадоў калоціць ад «архіўнай ліхаманкі». Навошта варушыць старыя здымкі – чытай у нашым даследаванні трэнду.
«Выйдзі і зайдзі нармальна».
Каб зрабіць упрыгожанне на ялінку ці звязаць шопер.
І не забываем перадаваць веды новым пакаленням.
Росквіт размаітасці і крызісны заняпад.