Балючая тэма: як жыць медыя ў 2019-м?
- 18.12.2018
- 3870
Напярэдадні суда над галоўнай рэдактаркай Tut.by Марынай Золатавай і неўзабаве пасля гарачых спрэчак пра новыя папраўкі ў закон аб СМІ кіраўнік 34mag Антон Кашлікаў сустрэўся з адвакатам Сяргеем Зікрацкім, каб пагаварыць пра тое, як медыя, блогерам і проста актыўным карыстальнікам сацсетак паводзіць сябе ў 2019 годзе, каб выпадкова чаго-небудзь не парушыць.
Сяргей Зікрацкі, адвакат, 40 гадоў. Больш за 17 гадоў працуе з беларускімі медыя, фатографамі, рэкламным і інтэрнэт-бізнэсам. Сярод кліентаў – Onliner.by, Citydog.by, Kyky.org, БелаПАН, 34mag.net і іншыя беларускія медыя, рэкламныя агенцтвы, дызайнерскія студыі. Карыстальніцкія пагадненні для сайтаў, адказы незадаволеным чытачам, водгукі на іскі да медыя, прэтэнзіі ды іскі аб абароне аўтарскіх правоў, кансультацыі па рэкламным заканадаўстве, дамовы аб правядзенні фотасесіі – гэта толькі частка пытанняў, з якімі Сяргей працуе кожны дзень.
«Быццам бы ідэнтыфікацыю ўвялі, але па сутнасці ўсё засталося так жа, як і было»
– 12 лютага пачынаецца суд над Марынай Золатавай. Якія вашы прагнозы?
– Я бачу толькі адну частку гісторыі – знешнюю, публічную. Я не ведаю ўсяго кейса, таму для юрыста не зусім правільна рабіць падобныя прагнозы. Тым больш уся сітуацыя з Марынай Золатавай – гэта пытанне больш палітычнага плану, з прагнозамі тут у прынцыпе складана. Узяць хаця б тое, што ўсіх фігурантаў «справы БелТА» вызвалілі ад адказнасці, суд будзе над Марынай Золатавай – адзінай, на думку следства, хто ўласна закрытую паролем частку «БелТА» не чытаў. Але зыходзячы з той публічнай інфармацыі, якая ёсць, мне бачыцца, што няма там таго складу злачынства, які ставіцца Золатавай, – «бяздзейнасці службовай асобы». Мая пазіцыя па першапачатковым артыкуле ў тым, што ў дачыненні да тых, хто карыстаўся паролямі, не было складу злачынства. А раз не было складу злачынства, то, адпаведна, не можа быць і «бяздзейнасці службовай асобы». Паколькі бяздзейнасць – гэта ў першую чаргу папушчальніцтва ў здзяйсненні злачынства.
Я ўжо адзначаў неяк, што само па сабе прад'яўленне абвінавачванняў на стадыі следства іншым фігурантам «справы БелТА», а потым вызваленне іх ад адказнасці, у справе Золатавай не павінна разглядацца як усталяваны факт. Боку абвінавачвання ў судзе трэба даказаць, што ў дзеяннях журналістаў было злачынства. Але нават калі гэта будзе даказана, то я лічу, што на лаве падсудных павінна сядзець не Золатава. Тут у першую чаргу трэба даваць ацэнку дзеянням службовых асобаў «БелТА» і рэдакцый, якім былі перададзеныя паролі. Наколькі я разумею, паролі ніхто не падбіраў і не краў. Журналісты дзяржСМІ дзяліліся паролямі са сваімі калегамі з іншых выданняў. А вось гэта якраз адбылося з-за бяздзейнасці з боку службовых асоб «БелТА» і рэдакцый дзяржСМІ. Цікава, ці разглядалася справа з гэтага ракурсу на стадыі следства?
Балючая тэма
– У канцы мінулага года вельмі актыўна абмяркоўваліся папраўкі да закона аб СМІ, якія ўступілі ў сілу з 1 снежня 2018-га. Асноўны ажыятаж быў вакол каментароў на сайтах. Беглы агляд асноўных медыя паказаў, што многія фактычна працягнулі працаваць гэтак жа, як і раней.
– На сёння мне пакуль невядома пра якую-небудзь правапрымяняльную практыку па каментарах. Я бачу, што некаторыя СМІ закрылі каментары наогул. Іншыя паспрабавалі перабудавацца і ўвесці аўтарызацыю – некаторыя з нумарам тэлефона, некаторыя з выкарыстаннем іншых механізмаў: сацсетак, электроннай пошты.
Мне незразумела, навошта гэтая норма была ўведзена. Калі абгрунтоўвалі яе неабходнасць, казалі пра тое, што карыстальнік, які пакідае свой каментар, павінен несці адказнасць і ўсведамляць, што ён можа быць да гэтай адказнасці прыцягнуты. Але ж калі гаварыць па шчырасці, магчымасць знайсці карыстальнікаў існавала і раней, і ўвядзенне абавязковай ідэнтыфікацыі праблему ніяк не вырашае.
У нас было нямала рэальных выпадкаў, калі праваахоўныя органы прыходзілі да карыстальнікаў, якія распаўсюджвалі нейкія звесткі ў інтэрнэце. Ёсць IP-шнікі, па якіх гэтыя звесткі распаўсюджваюцца, і гэтыя IP-шнікі лёгка дастаюцца: правайдары паведамляюць на запыты, каму гэтыя IP-шнікі належалі ў дадзены канкрэтны момант, і праваахоўныя органы прыходзяць да гэтых асоб. Тэхналогія была цалкам адпрацаваная – навошта ўвялі гэтую новую ідэнтыфікацыю, мне незразумела.
Першапачаткова казалі, што ідэнтыфікацыя будзе толькі з дапамогай нумара тэлефона. Але ў пастанове Савета міністраў аб парадку ідэнтыфікацыі не сказана, што гэта павінен быць абаненцкі нумар менавіта беларускага аператара: адпаведна, гэта можа быць любы аператар, і норма з прывязкай да пашпарта такім чынам абыходзіцца. Больш за тое, ёсць сэрвісы, якія могуць імітаваць нумар мабільнага тэлефона і дазваляюць прымаць SMS.
Таксама ў пастанове прадугледзелі, што магчыма выкарыстанне «іншых ідэнтыфікацыйных дадзеных», якія дазваляюць усталяваць асобу карыстальнікаў: што гэта за «іншыя» ідэнтыфікацыйныя дадзеныя, асабіста мне як юрысту незразумела. Але дзякуючы таму, што Міністэрства інфармацыі літаральна адразу ж пасля з'яўлення гэтай пастановы Саўміна адкаментавала, што магчымая ідэнтыфікацыя праз сацсеткі, усе за гэта ўхапіліся. Таму так і атрымалася: быццам бы ідэнтыфікацыю ўвялі, але па сутнасці ўсё засталося так жа, як і было. Цяпер, улічваючы патрабаванне Савета міністраў аб фіксацыі IP-адраса, які быў у карыстальніка ў момант ідэнтыфікацыі, мы ўсё роўна вяртаемся да таго ж IP-шніка, па якім у выніку і будуць шукаць канкрэтнага аўтара каментара. Гэта значыць як знаходзілі па IP-адрасах, так і цяпер па іх будуць знаходзіць.
«Да youtube-блогераў з палітычным кантэнтам у нас часам узнікаюць пытанні»
– Другі момант, які ўсхваляваў медыя, – аб статусе сеткавага выдання. Першымі зарэгістраваліся Sb.by, крыху пазней і Tut.by рушыў услед гэтаму прыкладу. Чым гэты статус можа быць карысны, а чым не?
– Я аналізаваў законы, глядзеў на тыя нормы, якія датычацца прававога статусу сеткавых выданняў і звычайных інтэрнэт-рэсурсаў, і прынцыповых адрозненняў не знайшоў. На сеціўныя СМІ распаўсюджваюцца ўсе патрабаванні закона аб правах і абавязках журналіста: гэта акрэдытацыя, доступ да інфармацыі, права на невыдаванне крыніцы – вось такія нязначныя бонусы. Мы пакуль не ведаем, якім чынам будуць рэагаваць дзяржаўныя органы на інтэрнэт-рэсурсы, якія не зарэгістраваныя ў якасці СМІ. Раней, да гэтага закона, на многія мерапрыемствы дзяржорганы акрэдытоўвалі журналістаў інтэрнэт-выданняў гэтак жа, як і з зарэгістраваных СМІ.
– Коратка падвядзіце вынікі за апошнія пару гадоў сваёй практыкі: на чым часцей за ўсё трапляліся беларускія СМІ?
– Асноўнае – гэта няўменне працаваць з крыніцамі інфармацыі, як следства – распаўсюджванне недакладнай інфармацыі. Іскі аб абароне гонару і годнасці – досыць папулярная штука. Часцяком, працуючы з такімі іскамі, бачыш, што журналісты самі былі вінаватыя: не праверылі інфармацыю і аднабакова яе прадставілі. Я заўсёды рэкамендую звярнуцца да іншага боку канфлікту, каб атрымаць дадатковую інфармацыю: з аднаго боку, мы атрымліваем каментар, а з другога – правяраем тыя доказы, якія ў нас ёсць.
Яшчэ ёсць няправільнае стаўленне да выказвання свайго меркавання. Такое права гарантавана канстытуцыяй, але часцяком гэта ўспрымаецца няправільна. Лічаць, раз я напісаў у пачатку нататкі «Я лічу...», то далей можна пісаць, у прынцыпе, што заўгодна. Хоць далей можа ісці сцвярджэнне факта, якое абавязкова павінна правярацца і пацвярджацца доказамі. Таму тут таксама здараецца нямала праколаў і прыходзяць іскі аб абароне гонару і годнасці.
Не ўзгадаю, каб у нас былі нейкія рэальныя іскі аб абароне прыватнага жыцця, хоць часцяком журналісты ўмешваюцца ў прыватную сферу, публікуючы персанальныя дадзеныя герояў сваіх матэрыялаў у тых сітуацыях, калі гэта зусім не патрабуецца. Напрыклад, у публікацыях пра медыцынскія пытанні часам усплываюць прозвішчы вядомых людзей. У сямейных канфліктах апісваюць пункт гледжання аднаго боку – нават калі гэтая інфармацыя адпавядае рэчаіснасці, яна тычыцца таямніцы асабістага жыцця, паколькі закранае два бакі. Бывае, што прыводзяць перапіску, хоць перапіска таксама ахоўваецца правам на прыватнае жыццё.
Аўтарскае права – асобная балючая тэма. Больш уважліва пачынаюць да яе ставіцца, але да гэтага часу кучу памылак тут робяць: не разумеюць, калі могуць перадрукаваць матэрыял цалкам, а сцягнуць фатаграфію з інтэрнэту і паставіць яе сабе лічыцца абсалютна нармальным.
«Кантралюючыя рабяты пакуль не ўсведамляюць таго ахопу, які маюць альтэрнатыўныя крыніцы»
Як вырашаюцца канфлiкты?
– Год таму вы абвясцілі ў сябе ў фэйсбуку акцыю «Год аўтарскага права» і за сімвалічны рубель прапаноўвалі кансультацыі і падрыхтоўку іскаў па гэтых пытаннях. Якія вынікі?
– Я абяцаў правесці чатыры кейсы, цяпер рэальна завершаны два. У адным выпадку гэта быў пісьменнік, чый матэрыял без яго ведама выкарыстоўвалі: перарабілі і апублікавалі ў газеце. У тым выпадку аўтар не патрабаваў ніякай матэрыяльнай кампенсацыі, а проста прасіў выбачэнняў і прызнання яго аўтарства. Мы звярнуліся з прэтэнзіяй да выдаўца газеты, і ён яе задаволіў, афіцыйна апублікаваўшы ў газеце заяву аб тым, што яны перадрукавалі, сказілі тэкст і прыносяць прабачэнні.
Пра другую гісторыю досыць шмат пісалі. Гэта быў выпадак з фатографам, калі адна вядомая сетка крам выкарыстала здымак гэтага аўтара ў сваёй рэкламе – і на сайце, і ў сацыяльных сетках, і ў плакатах, улётках. Мы прад'явілі прэтэнзію, яны яе задавальняць адмовіліся, і мы пайшлі ў суд. У выніку выйгралі – патрабаванні былі задаволены часткова, не ўсе спосабы выкарыстання мы змаглі даказаць, але я лічу гэта поспехам, там нядрэнная сума была спагнаная на карысць фатографа.
Гэтыя два кейсы былі даведзены да канца. Яшчэ па адным эпізодзе мы накіравалі прэтэнзію і пакуль чакаем на яе адказ і, магчыма, калі не атрымаем задавальнення па гэтай прэтэнзіі, будзем звяртацца ў суд.
– Прэтэнзія – гэта перадсудовы ліст?
– Так, прэтэнзія – гэта пісьмовы выклад нашых патрабаванняў, якія мы накіроўваем да парушальніка і просім выканаць гэтыя патрабаванні добраахвотна. Мы агучваем тое, што ёсць у законе аб аўтарскім праве: калі прадугледжана выплата кампенсацыі за парушэнне маёмасных правоў, мы патрабуем выплаціць кампенсацыю. За парушэнне немаёмасных правоў патрабуем выплаціць кампенсацыю маральнай шкоды, вызначаем нейкую суму і накіроўваем гэта парушальніку. Далей пытанне перамоў: калі другі бок ідзе насустрач, гатовы прызнаць парушэнне і размаўляць пра суму, то тут ужо ўсё залежыць ад таго, ці пагодзіцца мой кліент на тую суму, якую прапануе другі бок.
Калі ў нас спрэчка паміж дзвюма юрыдычнымі асобамі, дасыланне прэтэнзіі з'яўляецца абавязковым. Калі адным з бакоў канфлікту з'яўляецца фізічная асоба, то накіраванне прэтэнзіі не абавязковае, можна адразу пайсці ў суд, але я прыхільнік таго, што лепш адправіць прэтэнзію: мы заўсёды спадзяемся на тое, што другі бок зразумее сваю памылку і будзе гатовы выправіцца.
– Многія СМІ публікуюць у сябе на сайце правілы выкарыстання і перадрукі матэрыялаў. Наколькі гэта важны фактар пры ўзнікненні канфліктаў?
– У гэтых правілах ёсць сэнс, каб пазначыць, як, што і ў якім аб'ёме можна выкарыстоўваць. Парадак перадруку таксама мае значэнне. Таксама мы гэтымі правіламі можам прапісаць забарону на рэпублікацыю ўсіх або нейкіх пэўных матэрыялаў выдання.
Але калі правілаў на сайце не будзе, мы будзем кіравацца выключна законам аб аўтарскім праве і сумежных правах. Калі ёсць парушэнне, мы патрабуем абароны, і адповедзі «а ў вас на сайце не напісана, як выкарыстоўваць» не спрацуюць.
Блогеры, свабода и «парог прыкметнасцi»
– Ёсць стэрэатып пра тое, што ўмоўныя блогеры маюць свабоды і магчымасці выказвацца быццам бы больш, чым у журналісты. Ці так гэта?
– З тэарэтычнага пункту гледжання розніцы тут няма ніякай: блогер ад звычайнага інтэрнэт-рэсурсу не адрозніваецца, і ўсё, што тычыцца распаўсюджвання інфармацыі, абсалютна аднолькава павінна працаваць у дачыненні да інтэрнэт-рэсурсаў, СМІ і блогераў. Я больш працую з медыя, зарэгістраванымі як юрыдычныя асобы, або індывідуальнымі прадпрымальнікамі, таму мне невядома нічога з нагоды блогераў як фізічных асоб, і я не ўспомню зараз, каб глабальныя прэтэнзіі да блогераў як фізічных асоб прад'яўляліся. Хоць да youtube-блогераў з палітычным кантэнтам у нас часам узнікаюць пытанні.
– Ці ёсць, як вам здаецца, нейкі парог прыкметнасці з пункту гледжання ўлады? Умоўна кажучы, у полі зроку чыноўнікаў да гэтага часу будзе знаходзіцца газета з накладам у некалькі тысяч асобнікаў, ёй будуць выносіцца нейкія папярэджанні, а пры гэтым якой-небудзь тэлеграм-канал з вялікім уплывам і ахопам застаецца ў «шэрай зоне».
– Магчыма, так. Кантралюючыя органы пакуль працуюць па-старому і глядзяць на тое, што яны прывыклі маніторыць: усе друкаваныя выданні ў абавязковым парадку накіроўваюць свае асобнікі па спісе дзяржорганам, у тым ліку і ў Мінінфарм. Ёсць папулярныя інтэрнэт-сайты – туды можна зайсці, іх можна чытаць і глядзець, а што тычыцца супольнасцяў і каналаў, то туды складаней дабрацца: трэба спачатку зарэгістравацца ў сацсетцы, завесці тэлеграм і гэтак далей, а потым ужо пачынаць маніторыць. Магчыма, гэта звязана яшчэ і з тым, што кантралюючыя рабяты пакуль не ўсведамляюць таго ахопу, які маюць альтэрнатыўныя крыніцы.
«Рэпост і лайкі разглядаюцца як распаўсюд парнаграфічных матэрыялаў, таму мы ў сацсетках не посцім і не лайкаем»
Порнапомста i аптымiзм
– Гады два-тры таму ў Беларусі паднялася хваля, звязаная з крымінальнымі справамі аб распаўсюдзе парнаграфіі. Як правіла, яны былі звязаныя з лайкам або рэпостам пад карцінкай або відэа ў сацсетках. Што цяпер з гэтай тэмай? Здаецца, быццам яна пайшла на змяншэнне.
– Мне здаецца, што самі карыстальнікі сталі больш уважліва да гэтага ставіцца. Практыка ж не змянілася, рэпост і лайкі разглядаюцца як распаўсюд парнаграфічных матэрыялаў, таму мы ў сацсетках не посцім і не лайкаем. Іншае пытанне ў тым, што, прыцягваючы чалавека да адказнасці за распаўсюд парнаграфічных матэрыялаў, следчым трэба давесці не толькі распаўсюджванне, але і наяўнасць саміх парнаграфічных матэрыялаў. Для таго каб справа была перададзена ў суд, абавязкова павінна быць экспертнае заключэнне: можа быць, на стадыі ўзбуджэння справы ім гэтае заключэнне і не спатрэбіцца, але ўжо ў судзе яно будзе абавязковым.
– У некаторых заходніх краінах з'яўляюцца ледзь не асобныя артыкулы ў крымінальным кодэксе, датычныя «порнапомсты». Як такія парушэнні рэгулююцца ў Беларусі?
– Тут будзе два склады: прыватнае жыццё і распаўсюд парнаграфіі. У любым выпадку, калі справа будзе разглядацца, той факт, што гэта было зроблена ў дачыненні да блізкага чалавека, можа лічыцца абцяжарвальным момантам.
– Летась вы чыталі лекцыю для медыйшчыкаў у прасторы «Пункт». Слухачы пасля яе выходзілі даволі ашаломленыя, усвядоміўшы, якую колькасць парушэнняў патэнцыйна можна знайсці ў іх працы. Давайце, калі атрымаецца, усё-такі дадамо нотку аптымізму. Якія ў вас прагнозы на 2019 год?
– Я заўсёды імкнуся глядзець з аптымізмам. Бачыце, закон прынялі, пра каментары пашумелі, але ўсё роўна працягнулі каментаваць. З рэгістрацыяй у якасці інтэрнэт-рэсурсаў таксама паабураліся, але нічога асабліва не памянялася. Я спадзяюся, што гэты закон глабальна не паўплывае на стаўленне да медыя і на існаванне медыя ў Беларусі. Сёння медыябізнэс функцыянуе, і функцыянуе нармальна: нейкія грошы зарабляюцца, велізарных штрафных санкцый ні на каго не накладаюць, таму казаць пра тое, што ўсё дрэнна, я б не стаў.
Фота с асабiстага архiва Сяргея Зiкрацкага