Як зладзіць брэйншторм?

Цяпер як ніколі актуальныя новыя ідэі і новыя фарматы. Нейкія з іх, магчыма, народзяцца ў мендзялееўскім стылі – прыйдуць з цягучага, што нуга, сну, але ў цэлым на магію разлічваць не даводзіцца: трэба сесці, накідаць, дакруціць, прыдумаць. Пагаварылі з людзьмі, для якіх генерацыя ідэй – гэта частка прафесіі, і дзелімся з табой лайфхакамі для мазгавога штурму, з якога можа вырасці нешта вялікае.

 

Дар’я Герасіменка

кантэнт-прадзюсарка Skyeng, стваральніца і арганізатарка праекта «Креатон», куратарка ў школах «ИКРА» і Mads

Максім Леў

менеджар спецпраектаў краўдфандынг-пляцоўкі «Улей»

Марына Корж

моладзевая работніца, трэнерка праграм нефармальнай адукацыі

 

Марына Штрахава

сузаснавальніца Цэнтра «Жывая Бібліятэка»

Юлія Станкевіч

трэнерка нефармальнай адукацыі, менеджарка праграм Офіса еўрапейскай экспертызы і камунікацый

Юля Сымановіч

дызайнерка, аўтарка і вядучая трэнінгаў па крэатыўнасці і генерацыі ідэй, псіхалагіня

 

 

 

 Калі можа выручыць брэйншторм? 

   Калі ты ў ступары і гатовага вырашэння праблемы не бачыш.

   Калі трэба хутка і эфектыўна вынайсці нешта невідавочнае.

   Калі патрабуюцца знешнія імпульсы, каб мозг «разрадзіўся».

 

 

Максім Леў:

«Брэйншторм патрэбны для таго, каб выйсці за рамкі шораў, якія з'яўляюцца з-за працы ў штодзённым руцінным фармаце. Руціна – забойца смеласці рабіць нешта не па шаблонах, а брэйншторм можна лічыць імунітэтам да паўсядзённай цякучкі для дасягнення фінальнага ваў-выніку».

 

 

 

 Як падрыхтавацца да брэйншторму? 

   Сфармуляваць мэту. На адзін брэйншторм – адна мэта.

   Калі мэта маштабная – разбіць яе на маленькія канкрэтныя задачы.

   Пераканацца ў тым, што ўсе ўдзельнікі мазгавога штурму разумеюць кантэкст праблемы, з якой будуць разбірацца.

   Наладзіцца на творчую працу.

 

 

Юля Сымановіч:

«Мэта павінна быць выразнай, сумленнай і не ўтрымліваць нейкіх гатовых рашэнняў. Напрыклад, мэта "павялічыць удвая колькасць валанцёраў у НДА" – гэта ок, а "прасачыць за тым, каб супрацоўнікі ЖЭСа пераклалі плітку ў двары" – не: тут адразу навязваецца гатовае рашэнне».

 

Дар'я Герасіменка:

«Выдатна, калі фармулёўка будзе ў форме пытання. Пытанне драйвіць мозг у разы больш, чым сцверджанне. Напрыклад: “Як з дапамогай прыкметнага PR-праекта пераканаць усіх беларусаў, якія добра зарабляюць, ахвяраваць 7% даходу дабрачынным фондам?”».

 

Юлія Станкевіч:

«Калі прыходзяць людзі з некамерцыйных арганізацый з пытаннем "Як прыцягнуць людзей у арганізацыю?", мы мяняем яго на пытанне "Як прыцягнуць арганізацыю да людзей?”. Гэта просты прыём, які дазваляе змяніць фокус».

 

Марына Корж:

«Каб творча паглыбіцца ў тэму і знайсці з ёй эмацыйную сувязь, можна выкарыстоўваць метад "У свеце вобразаў". На экране з'яўляюцца карцінкі, якія мяняюцца. (Карцінак павінна быць шмат, і яны павінны быць вельмі рознымі.) Кожную карцінку суправаджае тэкст або музыка. Можна папрасіць людзей у групе запісаць свае думкі. Пасля гэтага – пераходзіць да працы з ідэямі».

 

 

 

 Дзе і калі лепш брэйншторміць? 

   Калі ты можаш думаць толькі пра ежу, то ты думаеш толькі пра ежу. Якія ідэі, калі недзе пякуць сакавітую піцу?

   Калі ты можаш думаць толькі пра адпачынак, то... Ну ты зразумеў(-ла).

   Абірай памяшканне, дзе няма людзей, якія будуць глядзець на тваю каманду як на рэйтынгавае відовішча: «шоу» замінае і камандзе, і незнаёмцам(-кам), якія зайшлі ў кавярню на латэ.

   Калі хочаце накідваць ідэі ва ўласным офісе, трэба мадыфікаваць прастору: новае асяроддзе – новыя думкі.

   Ва ўмовах, калі збірацца ў адной прасторы не пажадана ці не атрымліваецца, асвойваем Zoom або па-алдскульнаму канэкцімся ў Skype. Калі вы ніколі не брэйнштормілі ў анлайне, гэта падзейнічае як мадыфікацыя прасторы – на карысць.

 

 

 

 

 Як размяркоўваць ролі ў працоўнай групе? 

   Свядома і загадзя выбіраюць мадэратара – таго ці тую, хто прасочыць, каб усё працавала.

   Загадзя можна выбраць і «сакратара», які будзе запісваць ідэі.

   Свабодна разбіраюць наступныя ролі: крэатара (генератар ідэй), канцэптуалізатара (самы круты ў аналізе і абагульненні), рэалізатара (лепш за ўсіх ведае, «як там усё працуе»), крытыка (скептык без ружовага туману ў галаве), «дурня» («не, ты патлумач, я не разумею»).

   Добра было б запрасіць людзей з іншых сфер, каб знайсці свежыя думкі. Пры гэтым важна, каб яны былі ў кантэксце праблемы.

 

 

Юля Сымановіч:

«Бывае спакуса паставіць на ролю мадэратара дзейнага лідара – дырэктара, кіраўніка і да т.п., але гэта рэдка добрая ідэя. Такая сітуацыя правакуе статутнае дамінаванне: лідар групы цісне аўтарытэтам, гэта замінае працэсу і робіць яго бессэнсоўным. Пабочныя эфекты: блакаванне прадуктыўнасці – "ну што я буду казаць, ён(яна) ж сам(-а) усё лепш ведае", паразітаванне на групавой адказнасці – "ай, гэта ім трэба, не мне", самааддаванне ініцыятывы – "мая ідэя ўсё роўна нікому не спадабаецца, навошта тады і казаць"».

 

Дар'я Герасіменка:

«Мадэратару важна не ўключацца ў групу ў якасці генератара ідэй, а быць нейтральным і руліць працэсам. Усе астатнія – гэта адначасова стваральнікі ўласных ідэй і развівальнікі ідэй іншых удзельнікаў».

 

 

 

 Якіх правілаў прытрымлівацца? 

   Не крытыкаваць ідэі падчас генерацыі.

   Дазваляць сабе казаць усё, што прыходзіць у галаву.

   Ставіцца да астатніх ідэй як да сыравіны для сваіх, а не ў стылі «у-у-у, злосныя канкурэнты».

   Памятаць пра ўзаемавыгаду.

   Не перабіваць.

   Запісваць кожную ідэю.

   Трымаць папярэдне сфармуляваныя правілы перад вачыма.

 

 

Максім Леў:

«Дзяліцца ідэямі – працэс інтымны: ты дастаеш вонкі нешта з сябе і павінен гэта прыгожа аформіць у словах. Таму нават нешта нязначнае можа параніць і закрыць чалавека. Ад гэтага пацярпіць агульны вынік».

 

 

 

 Калі прыступаць да генерацыі ідэй? 

   Праблема: сфармуляваная і агучаная.

   Уступныя дадзеныя для каманды: ёсць.

   Мэта ці дзеля чаго ўсе сабраліся: заяўлена.

   Смеласць несці лухту: знойдзеная.

 

 

Юля Сымановіч:

«Нельга з парога сказаць: “Усе мы ведаем, навошта мы тут сабраліся! Паехалі, слухаю вашы ідэі". Тады атрымліваецца, што ідэі не генеруюць, а "ўспамінаюць". Трэба спачатку даць людзям магчымасць выкласці ўсё, што варыцца ў іх галаве па тэме. Гэты посуд трэба спустошыць да пачатку працэсу – зойме каля 20 хвілін. Калі "чаша ідэй" пустая, можна пачынаць брэйншторм».

 

Юлія Станкевіч:

«Брэйншторм – гэта пра новыя ідэі, якія могуць падацца смешнымі і дурнымі, а людзям некамфортна пачувацца смешнымі і дурнымі. Таму перад самім працэсам у мяне ідуць практыкаванні з імправізацыйнага тэатра, якія дапамагаюць даведацца адно аднаго і пачаць адно аднаму давяраць».

 

Марына Корж:

«Каб расслабіць людзей, можа правесці размінку "Сашчэпка": група атрымлівае інструкцыю – прыдумаць сто і больш спосабаў выкарыстання канцылярскай сашчэпкі, прычым ідэі не павінны паўтарацца і іх трэба агучваць хутка. Людзі становяцца ў круг і агучваюць ідэі па чарзе. Крытыкаваць нельга. Можна выкарыстоўваць невялікі мячык у якасці "мікрафона": у каго мячык, тая ці той кажа, мячык трэба перадаваць па кругу».

 

 

 

 Якімі тэхнікамі карыстацца? 

   Універсальнага рэцэпту па тэхніках няма, але можна падгледзець, хто чым карыстаецца.

   І памятай: чым дурней ідэі – тым лепш. Яны дазваляюць выйсці з рашэнняў, да якіх твая каманда прывыкла, і дацягнуцца да чагосьці новага.

 

 

Юля Сымановіч:

«Больш за ўсё люблю марфалагічную матрыцу: я часцей за ўсё працую з візуаламі, а яна дапамагае адразу думаць вобразамі. Люблю метад факальных аб'ектаў, якое ў мяне добра спрацоўвае для "дапаможных" задач – накшталт "дапамагчы турыстам знайсці ў Менску месцы з гісторыямі"».

 

Дар'я Герасіменка:

«Брэйнрайтынг – не гаворым, а пішам ідэі, скідаем усё на стол, выпадкова дастаём па адной і дакручваем іх на хаду. Брэйнпэйнтынг – не гаворым, а малюем, далей тая ж схема. Pop up agency – методыка, дзе ўсе спачатку генеруюць ідэі індывідуальна, затым выпісваюць іх на паперу (дзве хвіліны), а потым перадаюць сваю ідэю суседу, які яе дапісвае (дзве хвіліны) і перадае далей. Робіцца да таго часу, пакуль ідэя не вернецца да стваральніка – дакручаная ўсялякімі дзівацтвамі».

 

Юлія Станкевіч:

«Можна прыдумляць пытанні, якія дапамогуць паглядзець на сітуацыю з розных бакоў. А калі ў нас будзе неабмежаваная колькасць грошай? А калі – усяго адзін даляр? Што, калі гэта будзе адбывацца ў пустыні? І гэтак далей».

 

Марына Корж:

«Мы з каляжанкамі з "Фіяльты" напісалі мануал на гэтую тэму».

 

 

 

 Калі накідванне ідэй можна згортваць? 

   Калі ты думаеш: «Вось яно!», то не спыняйся і працягвай. «Тая самая» ідэя з'яўляецца на ⅔ працэсу, але, каб зразумець, што яна сапраўды «тая самая», трэба дайсці да канца.

   Добры брэйншторм доўжыцца ад 40 хвілін да 1,5 гадзін: калі больш – мозг не будзе працаваць; калі менш – не паспееце разагнацца.

 

 

 

 

 Як адабраць талковыя ідэі? 

  Прасачы, ці адпавядае ідэя задачам і мэце. Калі ў каманды знайшлося нешта крутое, але мэце яно не адпавядае, то так, вы вынайшлі нешта, але не тое.

  Падумай пра ўвасабленне: ці зможа каманда рэалізаваць ідэю сваімі рэсурсамі?

  Патурбуйся пра эканамічны складнік: выдаткаваныя рэсурсы павінны адпавядаць выніку – калі ў цябе хістаецца стол, можна прыкалоць паперку пад адну ножку замест таго, каб выклікаць цесляра і той падпілаваў тры астатнія.

 

 

Дар'я Герасіменка:

«На разбор кожнай ідэі варта траціць ад двух да пяці хвілін. Стаў перад камандай пытанне "Што можна палепшыць, каб гэтая ідэя працавала?”. Калі атрымліваецца выратаваць ідэю – яна застаецца, калі не – вылятае. На выпадак, калі пасля гэтай працэдуры ідэй усё роўна шмат, а трэба выбраць адну, дапамагаюць сфармуляваныя ў камандзе крытэрыі адбору. Напрыклад: "Ідэя падабаецца ўсёй камандзе? Яе лёгка растлумачыць? Яна арыгінальная і актуальная? Зразумелая ў рэалізацыі? Калі б яе прыдумаў нехта іншы, табе было б зайздросна?”».

 

Максім Леў:

«Вынікам мазгавога штурму павінна быць ранжыраванне ўсіх ідэй па прыярытэтнасці і магчымасці рэалізацыі. Ідэя сама па сабе можа быць геніяльнай, але нерэалізуемай на практыцы ў сілу пэўных прычын. Ці зваротная сітуацыя: рэалізуецца, але неабходнага водгуку не дасць і дасягнуць KPI не дазволіць».

 

Марына Штрахава:

«Каб выбраць, чым будзеш карыстацца, а што застанецца ў фармаце ідэй, можна арганізаваць галасоўку: напрыклад, трэба выбраць пяць ідэй і ў кожнага ёсць дзесяць галасоў. Перад галасаваннем лепш ацаніць ідэі на рэалістычнасць і актуальнасць па шкале: колькі ідэя патрабуе фінансавых рэсурсаў, колькі – чалавечых, колькі займае часу і ці ёсць у вас гэтыя рэсурсы».