Надоечы намеснік міністра спорту і турызму Міхаіл Партны на сваёй старонцы ў Facebook прасіў распавесці пра вопыт рэгістрацыі замежнікаў у Беларусі. Добра, што чыноўнікі задаюць такія пытанні, але пакуль жорны ўлады закруцяцца ў правільным кірунку, «Рыскі гайз» яшчэ некалькі разоў праедуць вакол Беларусі. У тлумачальнай рубрыцы «Працэс» распавядаем, што ўвогуле трэба зрабіць замежніку, каб бесклапотна патусіць на абшарах Сінявокай.
Кароткачасовая віза С у Беларусь афармляецца на 30 дзён. Мэта візы ў дадзеным выпадку – прыватная. Каб атрымаць яе, тваім сябрам неабходна звярнуцца ў консульства ці пасольства Беларусі ў краіне, дзе яны знаходзяцца, і падрыхтаваць наступныя дакументы:
- пашпарт;
- візавую анкету;
- фота;
- дакументы візавай падтрымкі, напрыклад запрашэнне ці заяву ад цябе;
- страхоўку;
- квітанцыю пра аплату консульскага збору.
Папярэдзь сяброў, што ў консульстве могуць запатрабаваць і іншыя дакументы.
Калі твой сябар(-оўка) з краіны Еўразвязу не плануе гасціць у Беларусі больш за 30 дзён, запрашэнне рабіць не абавязкова.
Для віз на 90 дзён, а таксама для віз грамадзянам «нядобранадзейных краінаў» (патэнцыйных крыніц нелегальнай міграцыі) трэба абавязкова падрыхтаваць запрашэнне, аформленае аддзелам па грамадзянстве і міграцыі Міністэрства ўнутраных спраў. Спіс аддзелаў па Менску і кантакты шукай на сайце.
Каб зрабіць такое запрашэнне, табе давядзецца запоўніць заяву-анкету. Загадзя даведайся ў сяброў прозвішча, імя, год і месца нараджэння, грамадзянства, нумар нацыянальнага пашпарта, адрас, месца працы і пасаду.
Калі твой сябра з «нядобранадзейнай краіны», табе давядзецца падрыхтаваць яшчэ і дакумент, які пацвердзіць наяўнасць сродкаў на ўвесь час знаходжання замежніка тут. Дарэчы, «чорны спіс» такіх краінаў – не публічны, таму пра адпаведны статус твайго госця табе можа паведаміць толькі непасрэдна супрацоўнік аддзела па міграцыі.
За афармленне запрашэння трэба заплаціць адну-паўтары базавых у залежнасці ад хуткасці (ад 5 да 10 дзён).
Звярні ўвагу, што консульства запатрабуе арыгінал, таму давядзецца запарыцца з паштовай перасылкай.
Для большасці краін свету кароткачасовая віза С каштуе € 50-60, для грамадзян Літвы, Латвіі, Польшчы і Эстоніі – € 25, для ўладальнікаў амерыканскага пашпарта – $ 75. Усе стаўкі глядзі тут або на афіцыйных старонках беларускіх консульстваў у адпаведных краінах.
Тэрміновае афармленне візы цягам двух дзён звычайна падвышае тарыф у два разы.
Не забудзь нагадаць замежным сябрам пра міграцыйную карту, якую ім павінны выдаць сцюард(-эса), праваднік(-ца) ці кіроўца аўтобуса. Можаш загадзя растлумачыць ім незразумелыя пункты – як вядома, беларускія памежнікі не валодаюць замежнымі мовамі.
Міграцыйную карту неабходна захоўваць да канца паездкі і здаць памежнікам на выездзе.
Таксама памежнікі могуць запатрабаваць страхоўку і спраўдзіць наяўнасць грашовых сродкаў – не менш за дзве базавых велічыні на кожны дзень (каля € 20).
Калі твой госць завітаў больш чым на пяць дзён, давядзецца прайсці яшчэ адну працэдуру – рэгістрацыю ў органах Міністэрства ўнутраных спраў. Дарэчы, нядзеля і святочныя дні не ўваходзяць у гэтыя пяць дзён.
Для рэгістрацыі табе трэба запоўніць яшчэ адну заяву і аплаціць палову базавай велічыні. Пры сабе замежніку(-цы) трэба мець міграцыйную карту, пашпарт і страхоўку. Штамп пра рэгістрацыю ставіцца ў міграцыйную карту.
Афармленне віз замежнікам для наведвання Беларусі
Скінь замежным сябрам гайд па Менску, а для сумесных паездак па рэгіёнах глядзі нашыя гайды ў «Правінцыі».
Ілюстрацыя by Sheeborshee
Расказваем, што за монстр такі – размеркаванне, і як арганізавана суровая сістэма адпрацоўкі.
Падвойнае грамадзянства, пашпарт серыі РР – разбіраемся, як аформіць свае стасункі з нашай краінай, калі ты ўжо адной нагой за мяжой.
«Выйдзі і зайдзі нармальна».
Каб зрабіць упрыгожанне на ялінку ці звязаць шопер.
І не забываем перадаваць веды новым пакаленням.
Росквіт размаітасці і крызісны заняпад.
КАМЕНТАРЫ (6)
Спадарства, аднавіце, калі ласка, з інфармацыяй наконт 5ці дзён. Ці ў 2 бакі да Мінскага аэрапарта ці ў 1 можна і гд.
Запрашэнне для грамадзян краінаў Езразвязу неабавязковае але насамрэч у кожнай краіне свае правілы. У Польшчы залежыць у якім пасольстве падавацца - трэба ці запрашэнне ад рукі і скан пашпарта ці толькі скан пашпарта. У Германіі не патрэба нічога, у Партугаліі патрабаюць афіцыйнае, зарэгістраванае запрашэнне... то ў бок - на сайце адно але лепш не пакідаць на апошнюю хвіліну ўсяго і даведацца перад гжтым як пайсці ў кансульства падавацца на візу
Яшчэ наконт рэгістрацыі ў МУСе. Трэба абавязкова рэгістравацца цягам першых 5 працоўных дзён з моманту прыбыцця.
Падзялюся сваім досведам, ехалі на чэмпіянат па хакеі, то бок без візы. Прыехалі 9 траўня (здаецца, выходны па дзярж календары). Потым субота і нядзеля, здаецца, таксама выходныя. Потым мой муж (замежнік) захварэў, блага было, што ня мог ісці ў міліцыю. Дайшлі туды толькі ў сераду і нас ужо не хацелі рэгістраваць. Раўлі, што быццам "з-за вашага чэмпіянату" мы тут і 9 мая і на выходных сядзелі, у нас працоўныя дні. а што ў іншых не працоўныя, нам да лямпачкі. Стрэсу было ого-го. Але прыгразіўшы паскардзіцца на такую ветліваць ды гасціннасць, усё зрабілі.
Не разумею, хто да нас захоча паехаць, калі такія нечалавечыя ўмовы і стаўленне да замежніка, як да злачынца
Дзякуй за артыкул!
Ці можаце пракаментаваць наконт страхоўкі? Я ехала разам з замежнікам, і страхоўка была набытая загадзя і мелі яе пры сабе, але нягледзяцы на гэта ў аэрапорце нас прамусілі набыць страхоўку ад Белгосстрах?
Гэта нармальная практыка?
Дзякуй! Здаецца, яшчэ ў аэрапорце можна зрабіць візу. Але як быць упэўненым, што госця дакладна ўпусцяць?
Можна! Дакуметы пры гэтым госцю трэба падаць не пазней як за 5 дзён праз пасрэдніка (напрыклад агенцтва). Гарантый, канешне, ніякіх няма. http://airport.by/tourism/visa-support http://mfa.gov.by/visa/vjezd/info/df9a3e95a4afe260.html