Як правільна збіраць грошы на дабрачыннасць?
- 10.07.2020
- 4218
Збіраць грошы на дабрачыннасць могуць і некамерцыйныя арганізацыі, і фізічныя асобы. Як рабіць гэта правільна і як мінімізаваць падаткі – расказала Вольга Смалянка, юрыстка, дырэктарка Цэнтра прававой трансфармацыі (Lawtrend). 34mag завітаў на вэбінар з цыклу «How-to курсу для актывістаў і актывістак» і зрабіў даступную прававую памятку для ўсіх.
Чалавек – чалавеку
Фізічная асоба можа збіраць сродкі на любыя мэты, у тым ліку дабрачынныя. Для гэтага можна:
адкрыць дабрачынны рахунак у банку (звычайна для такіх рахункаў банкі прапануюць нават лепшыя ўмовы, чым для бягучых);
выкарыстоўваць сваю пластыкавую картку.
Трэба памятаць: нават калі ты перадаў(-ла) грошы кудысьці далей, падаткавікі ўсё роўна лічаць гэтыя сродкі тваім даходам. А значыць, хочаш не хочаш, трэба плаціць падаходны падатак 13%.
Абставіны, якія могуць ад падатку вызваліць:
калі чалавек прыцягвае сродкі па даручэнні некамерцыйнай арганізацыі. Даручэнне перадаць сродкі некамерцыйнай арганізацыі можа быць таксама дадзена ахвярадаўцам. Аднак ёсць розніца ў тым, што прапісана ў Падатковым кодэксе і як яно працуе ў рэале. На практыцы Вольгі толькі адзін раз атрымалася запэўніць падатковыя органы, што даход не падаткаабкладаемы, і асоба была вызваленая. У іншых давялося плаціць.
Калі сума, якую падарыла іншая фізічная асоба, менш за 7003 рублі. Лічба мяняецца амаль штогод, але трэба памятаць, што выніковыя сем тысяч складаюцца з усіх крыніц на працягу года. Напрыклад, калі на вяселле табе падарылі шмат канвертаў – яны таксама ідуць у залік. Адзінае выключэнне – грошы ад блізкіх сваякоў.
Паколькі заканадаўства не прадугледжвае парадак збору сродкаў фізічнай асобай, то ніякай справаздачы ад яе не патрабуюць. Аднак людзі павінны ведаць, на што ідуць іх грошы, таму збіраць чэкі і дакументы – карысная звычка, якая абароніць цябе ад патэнцыйных абвінавачанняў у махлярстве. Увогуле справаздача – гэта проста добры тон.
Чалавек – НКА
Для НКА вельмі важна, хто дае сродкі:
Калі гэта грамадзянін ці грамадзянка, які або якая пастаянна пражывае па-за межамі Беларусі, то любую суму, нават адзін долар, трэба рэгістраваць у дэпартаменце па гуманітарнай дзейнасці Кіраўніцтва справамі Прэзідэнта. Потым прымаецца рашэнне, вызваляюцца гэтыя сродкі ад падаткаў ці не. Каб вызваліць іх ад падаткаў нават часткова, неабходна заключэнне кампетэнтнага органа (у залежнасці ад мэты выкарыстання і памеру сумы, што рэгіструецца), які напіша, што гэтая дапамога адпавядае нацыянальным інтарэсам Беларусі, і папросіць вызваліць суму ад падаткаў.
Калі грошы паступілі ад грамадзян і грамадзянак, якія пастаянна пражываюць у Беларусі, яны нідзе не рэгіструюцца. Гэтыя ахвяраванні вызваляюцца ад падатку на прыбытак і ад узносаў па спрошчанай сістэме падаткаабкладання. Але трэба абавязкова прапісаць мэтавае прызначэнне сродкаў і выкарыстаць іх менавіта на гэта. Калі мэтавае прызначэнне не вызначанае, то яны павінны ісці на рэалізацыю ўстаўных задач НКА.
Збор сродкаў ад юрыдычных асоб ды ІП рэгулюе Указ «Аб бязвыплатнай (спонсарскай) дапамозе». У ім прапісаны вузкі пералік мэт, на якія можа ісці такая дапамога. Для ўсіх НКА незалежна ад характару іх дзейнасці можа выкарыстоўвацца такая мэта, як умацаванне матэрыяльна-тэхнічнай базы, але што гэта такое – у заканадаўстве дакладна не прапісана. Паміж асобамі абавязкова заключаецца пісьмовы дагавор, дзе мэта прапісваецца такім жа чынам, як ва ўказе. Добрая навіна: такая дапамога вызваляецца ад падаткаў.
Механізмы, якія можна выкарыстоўваць НКА:
Людзі кладуць грошы на рахунак праз банк.
Краўдфандынг.
Збор наяўных. Усе сродкі, якія прыходзяць у НКА, павінны быць зафіксаваныя ў прыходным касавым ордары ці ў ведамасці. Туды заносіцца, ад каго колькі грошай прыйшло і на якую мэту. Самае важнае патрабаванне заканадаўства – грошам трэба забяспечваць захаванасць, то-бок у арганізацыі павінен быць сейф. Плюс правільнае афармленне дакументаў, для чаго патрэбны касір ці бухгалтар.
Кнопка на сайце. Праз яе можна абраць суму, якую хочаш ахвяраваць арганізацыі аднаразова, ці аформіць падпіску – і аўтаматычна штомесяц ахвяраваць з карткі. Каб завесці такое на сайце, трэба заключыць дагавор з банкам. Цяпер гэта робяць менш за палову банкаў Беларусі, яшчэ менш з іх гатовы працаваць з НКА, а з тых, хто застаўся, літаральна некалькі даюць паслугу па падпісцы на ахвяраванні. Ёсць спецыяльныя агрэгатары, якія дапамагаюць гэтую паслугу знайсці і самі заключаюць дагавор з банкам. Але і банк, і агрэгатар будзе браць нейкую камісію.
АІС «Разлік». У ім ёсць раздзел «Дабрачыннасць». Гэта хутка, і тут на камісію пойдзе менш выдаткаў, чым праз кнопку. Адзіны мінус: з-за таго што шмат НКА хочуць карыстацца паслугай, складана дамовіцца пра спецыфічную фармуліроўку мэты, на якую ідуць ахвяраванні.
Збор сродкаў у скрыні для ахвяраванняў. Наша заканадаўства практычна не рэгулюе гэтае пытанне, але спатрэбяцца пэўныя дакументы: НКА павінна выдаць прыказ, у якім прапіша, дзе ўсталёўваецца скрыня, на які тэрмін, парадак ускрыцця. Для таго каб выняць грошы, ствараецца спецыяльная камісія, якая падпісвае адпаведны акт. На скрыні трэба напісаць, хто і на якую мэту збірае.
Глядзець вэбінар цалкам:
Матэрыял створаны ў партнёрстве з грамадзянскай ініцыятывай «СалідарныЯ», якая ладзіла серыю вэбінараў «How-to». Таксама мы занатавалі лекцыі Уладзіміра Кавалкіна пра петыцыі, Марыны Напрушкінай пра арт-актывізм і Насты Лойкі пра валанцёрскі менеджмент. Усе вэбінары можна паглядзець на YouTube.
Фота: pexels.com