Як сабраць валанцёраў пад сваю справу?
- 02.07.2020
- 6345
Наста Лойка, праваабаронца з каманды Human Constanta і трэнерка па валанцёрскім менеджменце, на вэбінары «How-to курсу для актывістаў і актывістак» распавяла, як зрабіць моцную каманду падтрымкі з валанцёраў і валанцёрак. 34mag занатаваў план дзеянняў.
Закон не патрэбны?
У Беларусі пакуль няма асобнага закона аб валанцёрстве. Магчыма, на шчасце. З аднаго боку, закон можа зрабіць так, каб валанцёрская дзейнасць пайшла ў стаж працы ці каб даваліся мінімальныя сацыяльныя гарантыі. З іншага боку, ёсць асцярога, што ў законе будзе даволі шмат абмежаванняў для арганізацый, якія працуюць з валанцёрамі. Напрыклад, ліцэнзіі або складаныя дагаворныя абавязкі, што будзе цяжка выконваць. Чым больш бюракратычных перашкод, тым горш.
Напрыклад, пад Другія Еўрапейскія гульні былі зробленыя папраўкі ў Закон «Аб фізічнай культуры і спорце» ад 9 студзеня 2018 года. Ужо там ідзе размова пра дагавор, заключаны з арганізатарам спартыўнага мерапрыемства, і закладзена абмежаванне, што валанцёрам не можа быць чалавек, які быў раней судзімы.
Варта развіваць юрыдычнае афармлення валанцёрскай дапамогі ў тым выглядзе, як гэтага хочуць самі грамадскія арганізацыі. Так, валанцёрская служба Human Constanta ў рамках сваёй дзейнасці распрацавала палажэнне аб валанцёрскай дапамозе, тыпавы дагавор і пасведчанне. Гэта можа спатрэбіцца, у тым ліку калі валанцёр(-ка) працуе з дзяржаўнымі органамі і неабходны нейкія дакументы.
7 тэзісаў для валанцёрскага менеджменту:
1. Твая задача – стварыць валанцёрам пазітыўны вопыт і каштоўнасны падыход. Дэманструй у камунікацыі агульныя каштоўнасці, якіх прытрымліваецца твая арганізацыя: экалагічныя, дэмакратычныя ці іншыя ў залежнасці ад кірунку працы.
2. Стаў сябе на месца валанцёра ці валанцёркі. Табе даўно ўсё па працы зразумела, а ў новых рабят могуць быць пытанні.
3. Паказвай ім усю карціну і тлумач, навошта яны робяць асобныя часткі. Своечасова давай зваротную сувязь – будзе больш матывацыі.
4. Валанцёры і валанцёркі – твая лепшая падтрымка.
5. Уся каманда павінна разумець, навошта ім валанцёр(-ка), і ўключацца ў камунікацыю па магчымасці. Аднаму чалавеку цяжка выцягнуць увесь напрамак працы з валанцёрамі.
6. Работа з валанцёрамі і валанцёркамі – гэта праца. Трэба планаваць свой час.
7. Калі патрэбная ўстойлівасць, важна будаваць супольнасць паміж валанцёрамі і валанцёркамі, ствараць гарызантальныя сувязі.
Мадэлі працы з валанцёрамі і валанцёркамі:
Памочнікі і памочніцы.
Гэта адна з самых распаўсюджаных мадэляў. Калі ў арганізацыі ёсць канкрэтныя задачы, з якімі патрэбная дапамога. Людзі прыходзяць і выконваюць іх, потым сыходзяць. Яны арыентаваныя толькі на пэўныя дзеянні.
Даванне паслуг.
Па падобнай мадэлі працуе Чырвоны крыж. Напрыклад, для валанцёраў і валанцёрак праводзяць трэнінг, як дапамагаць пажылым людзям. А потым яны ўжо самі аказваюць гэтую паслугу.
Супрацоўнікі і супрацоўніцы.
Людзі робяць тое ж самае, што супрацоўнік ці супрацоўніца, але бясплатна і над імі вісіць менш адказнасці. Гэта магчыма, калі патрэбна дапамога з аднатыпнымі нескладанымі задачамі.
Актывісты і актывісткі.
Людзі, якія падзяляюць каштоўнасці і хочуць рабіць нешта па тэме. Гэта не іх асноўны занятак, але яны могуць прыходзіць і вырашаць, што хочуць зрабіць у рамках арганізацыі. То-бок не ім спускаюць задачы, а яны самі ініцыююць.
Гняздо.
Гэта варыянт Human Constanta. Стварай прастору, дзе людзям добра, бяспечна, дзе яны разумеюць, што адбываецца. Ад гэтага яны гатовыя нешта рабіць далей: не прынцыпова што – сама іх прысутнасць у прасторы ўжо важная.
Чэк-ліст: з чаго варта пачаць працу з валанцёр(к)амі
Адшукай разам з камандай час для абмеркавання валанцёрскага кірунку.
Адкажыце на пытанне, навошта яны вам, і напішыце папярэдні спіс задач.
Апішыце партрэт валанцёра ці валанцёркі – хто гэтыя людзі?
Прадумайце ўвесь цыкл валанцёрства:
– зразумелы пункт уваходу (анкета, мэйл, званок і г.д.);
– уключэнне (перапіска, званок, асабістая сустрэча, знаёмства з іншымі валанцёрамі);
– месца камунікацыі, дзе можна атрымаць задачу (рассылка, калектыўныя сустрэчы і інш).;
– збор зваротнай сувязі. Валанцёры і валанцёркі могуць знікнуць на нейкі час – гэта іх права. Добра будзе на старце абмеркаваць, што гэта нармальна, але, напрыклад, трэба кагосьці папярэдзіць.
Напішыце спіс матывацый і бонусаў ад вас (мерч, паездкі, печыва, вопыт).
Размяркуйце ролі і задачы ў камандзе наконт валанцёрскай дзейнасці.
Рэфлексуйце, дзяліцеся вынікамі і пераглядайце падыходы пры неабходнасці.
Поўная версія вэбінару:
«How-to курс для актывістаў і актывістак» ладзіць ініцыятыва «СалідарныЯ».
Фота: pexels.com